Галоўная

 Кнігі
Памяць
Вялута
Палессе
Навасёлкі лунінецкія
Интернат ты наш
Палессе маё Лунінецкае
Заказнікі прыроды
Кажан-Гарадок 500-гадовы
Письма командиров
Гонар і памяць Зямлі Лунінецкай

Клуб Лунінецкая Муза

Назвы зямлi лунiнецкай

Лунінец

Мікашэвічы

Вёскі раёна

Расклад руху аўтобусаў

luninetsm@tut.by
luninetsm@tut.by

Iван Панасюк

Письма командиров

Для навучальных установах гарадоў Лунінеца і Мікашэвіч, а таксама для школа раёна ў 2006 годазе была распрацавана

Праграма спецкурса “Лунінеччыназнаўства”

Аўтары:
Ніна Барысаўна Трэгубава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ліцэя г. Лунінца;
Вадзім Вітальевіч Жылко, гісторык, журналіст.

Праграма была прэзентавана ў час рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Краязнаўчая адукацыя і грамадзянскае выхаванне” ў Белдзяржпедуніверсітэце імя М. Танка (г. Мінск, 26 красавіка 2006 года).

Тлумачальная запіска

Сёння гаварыць пра выхаванне грамадзяніна і патрыёта Рэспублікі Беларусь, свядомага прадстаўніка нацыі — значыць дбаць пра будучыню краю, Бацькаўшчыны.

Важны сродак фармиравання нацыянальнай самасвядомасці — далучэнне моладзі да культурна-гістарычнай спадчыны сваёй Радзімы, і ў першую чаргу — таго кутка, дзе жывеш.

Дбаючы пра будучыню Бацькаўшчыны, народ пакінуў нам, сваім нашчадкам, багатую духоўную і матэрыяльную спадчыну. Ведаць, зберагаць, памнажаць яе — пачэсны абавязак моладзі.

Праграма курса “Лунінеччыназнаўства” ахоплівае тэмы гісторыі, культуры, прыроды рэгіёна.

Мэта курса — далучэнне вучняў да багатай культурна-гістарычнай спадчыны раёна шляхам комплекснага краязнаўчага вывучэння Лунінеччыны.

Задачы курса:

развіццё пазнавальных інтарэсаў вучняў праз вывучэнне роднага краю на розных этапах гісторыі;

выхаванне нацыянальнай самасвядомасці праз вывучэнне духоўнай спадчыны Лунінеччыны;

абуджэнне цікавасці да роднага краю;

фарміраванне грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў, беражлівых адносін да прыроды, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей роднага кутка; развіццё творчых здольнасцей вучняў; фармаванне пошукава-даследчых навыкаў.

Праграмны матэрыял пададзены ў трох раздзелах, якія падзелены на тэмы. Пасля кожнай з іх прапануюцца практычныя заняткі ў розных формах: экскурсіі, сустрэчы, інтэрв’ю і інш., плануюцца пасадка дрэў, збор насення рэдкіх раслін, рэкамендуецца напісанне рэфератаў, сачыненняў, падрыхтоўка паведамленняў, складанне карт і турыстычных маршрутаў, віктарын і крыжаванак, стварэнне слоўнікаў і інш.

Тэарэтычны матэрыял можа падавацца ў форме лекцый настаўніка, дакладаў вучняў.

Цікавы і змястоўны матэрыял, удала падабраны настаўнікам, у канчатковым выніку падвядзе школьнікаў да высновы, што яны — жыхары цудоўнага краю, у якім многа незабыўных куточкаў, што гэты куток Беларусі мае таленавітых людзей, якіх натхняе на стварэнне выдатных твораў, што родныя краявіды — гэта частка Радзімы.

Такі агульны кірунак краязнаўчай працы — мэтанакіраванае далучэнне моладзі да гісторыі, роднай мовы, прыроды, фальклору будзе садзейнічаць фармираванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, дапаможа спазнаць родны край, яго мінулае і сучаснае, усвядоміць сябе паўнапраўнымі беларусамі.

Пашпарт Лунінеччыны

Лунінецкі раён размешчаны на ўсходзе Брэсцкай вобласці. Створаны ў студзені 1940 года, у сучасных межах з 1979 года. Плошча складае 2700 км2, на якіх размешчаны 81 населены пункт, у тым ліку гарады Лунінец і Мікашэвічы. Насельніцтва раёна на 1 кастрычніка 2011 года складала 73200 чалавек, з іх гарадское — 36576.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Працякаюць рака Прыпяць з прытокамі (Случ, Лань, Цна, Смердзь, Бобрык), шэраг меліярацыйных каналаў. Найвялікшыя азёры — Белае, Чорнае, Вулька 2; водасховішчы — “Велута”, “Собельскае”. Лясы, пераважна хвойныя, займаюць 40% тэрыторыі раёна, балоты — каля 15% (звыш 78 тысяч гектараў асушаны). Найвялікшы балотны масіў — Грычын. На тэрыторыі раёна поўнасцю ці часткова размешчаны заказнікі “Лунінскі”, “Борскі” і “Сярэдняя Прыпяць”. Запаведнае Белае возера вызначаецца не толькі чысцінёй вады, але і ўнікальнамі раслінамі — лабеліяй Дортмана (на тэрыторыі Беларусі сустракаецца толькі тут і ў возеры Свіцязь), палушнікам азёрным. Карысныя выкапні на тэрыторыі раёна — граніт, торф, пясок, гліна, сапрапель.

Праз раён прахозяць чыгуначныя лініі на Брэст, Гомель, Сарны, Баранавічы, аўтамабільныя дарогі: Брэст-Гомель, Лунінец-Пінск, Лунінец-Ганцавічы, Мікашэвічы-Салігорск.

На тэрыторыі Лунінеччыны археолагамі выяўлены рэшткі шэрагу паселішчаў, пачынаючы з часоў неаліту. Сярод назваў археалагічных помнікаў — Гарбарава гара, Татарская магіла і інш. Раскопкі праводзіліся на гарадзішчы каля в. Кажан-Гарадок. Нямала і палеанталагічных знаходак, асабліва каля Мікашэвіч.

У сярэднявеччы шэраг населеных пунктаў Лунінеччыны належаў некалькім вядомым феадальным дынастыям ВКЛ, у тым ліку Радзівілам, Давойнам, Шчытам, Кішкам, Друцка-Любецкім і інш. У в. Дзятлавічы звыш за 200 гадоў існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр. Пры ім была досыць буйная бібліятэка, вёўся рукапісны сінодзік (памінальная кніга). Буйнымі мястэчкамі з’яўляліся Кажан-Гарадок і Лахва (у 1655 годзе спаленыя маскоўскімі войскамі). Шмат цікавых фактаў на тэму “Радзівілы ў Лахве” сабраў у наш час лунінецкі краязнаўца С.П. Нефідовіч. Род Друцка-Любецкіх каля чатырох стагоддзяў валодаў вёскай Лунін, тут існавала палацава-паркавая сядзіба з унікальнай бібліятэкай, нейкі час працавалі мастак Міхал Кулеша, этнограф Рамуальд Зянькевіч (аўтар працы аб урочышчах і звычаях Пінска — Лунінецкага рэгіёну). У Кажан-Гарадку памешчыкі Шчыты таксама пабудавалі прыгожую сядзібу з палацам. На жаль, у цяперашнім Лунінецкім раёне не захавалася ніводная сядзіба з раней існаваўшых (звесткі аб іх утрымліваюцца ў кнігах Л. Несцярчука і А. Федарука). Зніклі многія храмы, і не толькі праваслаўныя, але і касцёлы, сінагогі (а некалі ж існавалі і кальвінісцкія храмы). З ацалелых да пабудоў архітэктуры XVIII-XIX стагоддзяў адносяцца праваслаўныя храмы: ў Сінкевічах (Георгіеўская царква, 1723), Кажан-Гарадку (Свята-Мікалаеўская, 1818), Вялікіх Чучавічах (Пакроўская, 1846-51), Лахве (Прачысценская), пачатку ХХ стагоддзя — у Лунінцы (Свята-Крыжаўзвіжанская царква, 1912-21), Язвінках (Спаса-Праабражэнская, 1910), будынак былой лазні у пас. Палескі (былы маёнтак Крэстунова, 1905). Шэраг разбураных цэркваў у апошнія гады быў адбудаваны. Частка абразоў з храмаў Лунінеччыны цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску.

Лунінец вядомы з 1449 г. як Малы Лулін, Лулінец. У 1588 годзе тут налічвалася 75 двароў, 484 жыхары. У 1620-1842 гады сяло належала Дзятлавіцкаму праваслаўнаму мужчынскаму манастыру. Пасля будаўніцтва Палескіх чыгунак у 1884-1886 гады паскорылася эканамічнае развіццё краю. У 1897 г. у Лунінцы было 855 двароў, 3167 жыхароў. Павялічылася і паселішча Мікашэвічы (вядома з 1785 года), дзе з’явіліся лесаапрацоўчыя прадпрыемствы.

У XVII стагоддзі праз Лунінеччыну праязджаў продак Лермантава Джордж Лермант, у XVIII — вядомы расійскі навуковец і дзяржаўны дзеяч Васіль Тацішчаў і знакамітая “лекарка”, аўтарка мемуараў аб сваіх авантурных прыгодах Саламея Русецкая (Пільштынова), у XIX — рэвалюцыйны дэмакрат і публіцыст Франц Савіч, знакаміты пісьменнік Юзаф Крашэўскі, літаратар Казімір Кантрым. Уладзіслаў Сыракомля ўвасобіў у вершах паданне “Авідзій на Палессі” — Відуш-гару пад Кажан-Гарадком у паданнях называюць магілай славутага рымляніна. Праваслаўны святар з Луніна — Платон Ціхановіч стварыў на мясцовым матэрыяле даследванне “Беларуская граматыка”. У пачатку ХХ стагоддзя на Лунінеччыне збіралі матэрыялы вядомы лінгвіст-акадэмік Яўхім Карскі, этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, яго калега Ісаак Сербаў (у 2005 годзе з дапамогай ураджэнцаў Лунінеччыны была перавыдадзена яго кніга “Вічынскія паляне” аб адной з мясцовасцяў Лунінецкага краю; упершыню яна была надрукавана ў 1928 годзе).

У пачатку ХХ стагоддзя на Лунінеччыне вяліся меліярацыйныя работы, узнік шэраг новых паселішчаў, названых у гонар меліяратараў, у тым ліку вядомых навукоўцаў У.Р. Рыдзігера і А.Ф. Флярова, што працавалі тут. У 1904 годзе праз Лунінец праязджаў імператар Мікалай II, аб чым ёсць запіс у яго дзённіку.

У 1911-12 гадах у Лунінцы жыў і працаваў настаўнікам Якуб Колас, які стварыў тут шэраг сваіх твораў, частку паэмы “Сымон-музыка”. У 1947 годзе народны пясняр пабываў у Сінкевічах і Мікашэвічах у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета. Аб гэтых фактах з жыцця паэта нагадваюць некалькі мемарыяльных дошак; ў 2005 годзе ў Лунінцы адкрыты яму помнік. Штогод ладзяцца літаратурныя святы — “Каласавіны”, “Лунінская восень»” У час жыцця ў Лунінцы Якуб Колас быў знаёмы з жонкай мясцовага святара Соф’яй Прорвіч. Пазней яна стала праваслаўнай пісьменніцай і шмат друкавалася ў рэлігійных выданнях Польшчы. Біяграфію зямлячкі ў наш час аднавіў краязнавец Васіль Туміловіч, а ў 2004 годзе ў Мінску быў выдадзены зборнік яе твораў “Любили отцы наши Бога”.

У 1916-17 годзе на Піншчыне і Лунінеччыне, у прыфрантавой зоне першай сусветнай вайны, служыў у інжынерна-будаўнічай дружыне знакаміты рускі паэт Аляксандр Блок, у гэты час край наведаў і пісьменнік Аляксей Талстой. На Лунінеччыне штогод адзначаюць гадавіны смерці Блока і даследчыка яго “Палескага перыяду” жыцця, аўтара кнігі “Палескія дні Аляксандра Блока” (1985), лунінецкага пісьменніка і гісторыка Мікалая Калінковіча. У гонар Блока ёсць мемарыяльныя дошкі ў Лунінцы і на станцыі Лоўча, а М. Калінковічу ў Лунінцы пастаўлены помнік работы вядомага беларускага скульптара Мікалая Кандрацьева. Алег Лойка ў свой час напісаў верш “Блок у Лунінцы”. У час першай сусветнай у Лунінцы бываў і будучы вядомы савецкі дзеяч Міхаіл Фрунзе; захаваўся дом, дзе ён жыў. У 1918-20 гадах у Лунінцы працаваў настаўнікам будучы знакаміты авіяканструктар Павел Сухой (у 2005 годзе адкрыты помнік у Лунінцы).

Пасля падзей рэвалюцыі 1917 года і савецка-польскай вайны край у складзе Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы. Стаяць яшчэ будынкі, дзе некалі месціліся Лунінецкі рэўком і штаб Палескага паўстання супраць кайзераўскіх войск. Крыху пазней на Лунінеччыне супраць польскіх улад дзейнічалі партызаны Кірыла Арлоўскага. У 1921 годзе Лунінец атрымаў статус горада і стаў цэнтрам аднайменнага павета Палескага ваяводства, налічваў у 1920-30-я гады каля 8 тысяч жыхароў. У многіх краінах Еўропы была вядома прадукцыя мікашэвіцкіх дрэваапрацоўчых фірмаў. Лунінецкі край вабіў не толькі турыстаў, але і польскіх этнографаў, фатографаў, напрыклад, Юзэфа Абрэмбскага.

Фатаграфаваннем жыцця палешукоў і, навогул перыяду 20-40 гадоў ХХ стагоддзя займалася мала нам вядомая ўражэнка Парахонска, прадстаўніца двух знакамітых родаў — Друцка-Любецкіх і Радзівілаў — Зоф’я Хаментоўска. Фотавыставу яе 3 соцен цудоўных фотаздымкаў можна было ўбачыць у канцы студзеня 2011 года ў гістарычным музеі г. Пінска, у будынку калегіўма, а месяцам раней у гістарычным музеі горада Мінска. Усе фотаздымкі выкананы з вялікай любоў’ю і з добрым густам. Кожны здымак нясе сваю мэтанакіраванасць. Гэта 80-гадовая гісторыя нашага Пінска-Лунінецка-Столінскага Палесся. Глядзіш і не верыш, што гэтыя падзеі і людзі з таго даваеннага часу… Нарадзілася і жыла Зоф’я Хаментоўская ў в. Парахонск ў 1902 годзе, дзе пражывала да 1936 года, затым пераехала ў Варшаву і жыла там да 1947 года, у канцы 1948 выехала ў Англію, адкуль у канцы таго ж года пераехала у Аргенціну, у горад Буйнас-Айрэс, забраўшы з сабой каробку з калекцыяй негатываў, якіх у яе была ўжо не адна сотня, а за ўсё жыццё іх было каля пяці тысяч. На іх былі здымкі горада Пінска і роднай вёскі Парахонск, прадстаўнікоў роду Друцка-Любецкіх; рыбакі і прачкі, сялянкі за працай дома і ў полі; дамашнія жывёлы. Асабліва ўдаваліся ёй здымкі дзяцей, іх гульні; мужчын і жанчын. Сюжэты, выдатна “падгледжаныя”, па іх можна “чытаць” многае… Не адзін з іх не быў падрыхтаваны, проста былі “выхаплены” тыя кароткія “імгненні” з жыцця, якія і прывабліваюць сваёй непаўторнасцю, дакументальнасцю і гістарычнасцю. У большасці сваёй, людзі не ведалі яшчэ, што іх усіх чакае — 1 верасня 1939 года — пачатак 2-й Сусветнай вайны, 17 верасня 1939 года, 22 чэрвеня 1941 года і пераможнае 9 мая 1945 года. Усё яшчэ было наперадзе… А пакуль яны жывуць сваімі клопатамі, працай, нараджаюць дзяцей, апрацоўваюць зямлю і сеюць жыта, святкуюць і адпачываюць. Ідзе размернае мірнае жыццё. Артыкул у “СБ” называўся: “Паміж прошлым і будучым”, узяты, як вядома, радок песні “именно он называется жизнь…”.

Фотаздымкі І. Сербава, Юзефа Абрэмбскага і другіх фатографаў праз шмат гадоў былі аб’яднаны ў альбоме “Палессе”, выдадзеным у Варшаве. Адзін выдатны альбом пад рэдакцыяй доктара філалагічных навук Ганны Энгелькінг быў падараваны Лунінецкаму музею, дзе ён і знаходзіцца сёння, ён называецца “Палессе, якога мы не ведаем”. У прыватнасці, там адлюстраваныя не толькі праца і побыт палешукоў, але і цікавы выгляд могілак у Лунінецкім павеце таго часу, фотаздымкаў шмат і добрай якасці.

У міжваенны перыяд у Мікашэвічах нарадзіўся будучы польскі празаік Багдан Мадэй, у Лунінцы прайшло дзяцінства польскай пісьменніцы Марыі Тавяньскай-Міхальскай. Лунінец — радзіма польскага гісторыка Мечыслава Юхневіча. Тут нейкі час выкладаў Раман Гарашкевіч, заснавальнік музейнай і краязнаўчай справы на Пінскім Палессі. Выкладчык Лунінецкага рускага вучылішча Мікалай Анцукевіч пазней працаваў у Вільні, пераклаў “Слова аб палку Ігаравым”. Дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі ў той перыяд прысвечана кніга ўспамінаў ураджэнкі Лунінца Аляксандры Лабачэўскай-Каратышэўскай “Абпаленыя крылы”.

З 15 студзеня 1940 г. Лунінец — цэнтр раёна ў складзе Пінскай (з 1954 г. — Брэсцкай) вобласці. З даваеннага часу (а Лунінец быў вельмі разбураны ў гады Вялікай Айчыннай) захаваліся ўжо згаданая Свята-Крыжаўздвіжанская царква, касцёл святога Іосіфа (1935), частка вуліц Прывакзальнай, Гагарына і Фрунзе, у тым ліку будынкі былой польскай казармы (1939), друкарні, узведзены ў 1929 годзе дом, дзе цяпер месціцца раённы музей, будынак былой гімназіі, а цяпер чыгуначнай бальніцы (1908). Былі разбураны ў час вайны чыгуначны вакзал, многія іншыя будынкі. Не засталося згадак аб садзе адпачынку ля чыгункі, змяніўся выгляд прывакзальнага сквера, дзе некалі стаяў помнік кіраўніку Польшчы Пілсудскаму. Трэба адзначыць, што ў Мікашэвічах даваенная забудова захавалася значна лепей.

З ліпеня 1941 г. па ліпень 1944 г. раён акупіраваны фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі звыш 19 тысяч чалавек, звыш 2 тысяч вывезлі на прымусовую працу ў Германію. У райцэнтры ў дзвюх брацкіх магілах пахавана звыш 8 тысяч чалавек. Акупантамі быў знішчаны шэраг вёсак раёна, у тым ліку Белае Возера (не аднавілася пасля вайны), Сітніцкі Двор, Вулька 1, Мелясніца, Лугі, Ракітна, Дзятлавічы, расстраляны вязні гета ў Лахве (дзе ў час знішчэння ўспыхнула паўстанне вязняў), Лунінцы, Кажан-Гарадку, Мікашэвічах і інш. З дапамогай землякоў, што цяпер жывуць у Ізраілі і ЗША, адноўлены і рэканструяваны помнікі ахвярам гета. Аб жыцці яўрэйскіх абшчын Лунінца і Кажан-Гарадка, Лахвы, іх трагічным лёсе распавядае шэраг кніг, выдадзеных пазней у Ізраілі (на іўрыце), у тым ліку Даган Бен-Цыёва “Мы — из восставшей Лахвы”. Былы лунінчанін Шымон Гарадзецкі — паэт, аўтар кнігі “Ехиэль-герой», а Шлома Ахітуў (Хвацюк) з Лунінца стаў у Ізраілі прафесарам гісторыі і паліталогіі. Дзмітрый Аркадзін (Вадзім Онгейберг) — аўтар некалькіх аповесцяў, напісаных у Ізраілі, у тым ліку кнігі “Адкрыты ўрок”. У 1999 годзе ў Літве выдадзена кніга “Пад бел-чырвона-белым. Memento patriam” дзеяча беларускай эміграцыі ў Аўстраліі Алеся Апанасавіча Алехніка, ураджэнца в. Перунова.

На тэрыторыі Лунінеччыны дзейнічала Пінскае партызанскае злучэнне на чале з В.З. Каржом, у тым ліку атрад (пазней брыгада) імя Кірава; існаваў шэраг падпольных арганізацый, у тым ліку Сінкевіцкае камсамольскае падполле. Сярод буйных партызанскіх аперацый — разгром у 1942 годзе гарнізона ў вёсцы Сінкевічы. У Мікашэвічах падпольшчык-кінамеханік Іван Канапацкі ў 1942 годзе падарваў кінатэатр з фашысцкміі карнікамі. У ліпені 1944 года Лунінеччына была вызвалена войскамі 61-й арміі 1-га Беларускага фронта. Сямі вайсковым часцям былі прысвоены ганаровыя званні “Лунінецкія”. Аб падзеях вайны распавядаюць мемуары былых партызан (В. Літвінчук, М. Клеўжыц) і франтавікоў, шматлікія помнікі і мемарыяльныя дошкі, назвы вуліц (у Лунінцы — Арцюховіча, Бажэнавай, Вінакурава, Кулакевіча, Любімава, Панцялеева, Савіцкага, Шмыглёва і інш., у Мікашэвічах — братоў Цубы, Гразноўскага). Лунінец — радзіма генерал-палкоўніка, Героя Савецкага Саюза А.В. Петрушэўскага. Тут пахаваны Героі Савецкага Саюза М.С. Давыдаў, І.В. Пяцяры, П.В. Багданаў. У Лунінцы пасля вайны жыў поўны кавалер ордэна Славы В.І. Вараб’ёў. Тут нарадзілася Герой Сацыялістычнай Працы А.Д. Панькова. Такую ж узнагароду меў шматгадовы кіраўнік калгаса “Новае Палессе” у в. Любань Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка (сябар Андрэя Макаёнка, які працаваў тут над п’есай “Таблетку пад язык”; на Любанскім СДК ёсць мемарыяльная дошка ў іх гонар).

У пасляваенны час Лунінеччыну не абмінулі такія працэсы, як аднаўленне разбуранага вайной, калектывізацыя, меліярацыя (адным з яе навуковых цэнтраў стала Палеская доследная станцыя). У 1970-я гады былі пабудаваны буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў Лунінцы і Мікашэвічах, значна вырасла колькасць жыхароў гэтых гарадоў, з’явіліся новыя жылыя мікрараёны. Лунінецкі раён пацярпеў ад чарнобыльскай навалы, частка яго забруджана радыянуклідамі. Дзевяць жыццяў лунінчан забрала вайна ў Афганістане, у 2003 годзе адкрыты помнік ім ў райцэнтры. Да не зусім звычайных помнікаў можна аднесці самалёт МіГ-17, устаноўлены на пастамент у памяць пра лётчыка — Героя СССР Мікалая Давыдава, паравоз ТЭ-2099 ля лакаматыўнага дэпо (а на Прывакзальнай плошчы ў 2005 годзе адкрыты помнік да 120-годдзя Палескіх чыгунак у выглядзе мадэлі паравоза). Ля чыгуначнага вакзала неўзабаве пасля палёта Гагарына ўстаноўлены помнік у гонар асваення космасу.

У 1999 г. былі прынятыя гербы Лунінца і Мікашэвіч, а ў 2001 г. — іх сцягі.

Цяпер у Лунінцы пражывае болей 23 тысяч чалавек. Буйныя прадпрыемствы — „Палессеэлектрамаш”, рамонтна-механічны завод, малочны завод, “Лунінецлес», лакаматыўнае дэпо. У 2002 годзе Лунінец быў газіфікававаны. Дзейнічаюць прафесійна-технічны каледж, палітэхнічны каледж, 4 школы, спартыўная школа па зімовых відах спорту “Алімп–2011”, ліцэй, дзіцячая школа мастацтваў і спецыялізіраваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву, 2 Дамы культуры, музей і інш.

У Мікашэвічах жыве каля 13 тысяч чалавек, буйнейшыя прадпрыемствы — “Граніт” (з вялікім кар’ерам па здабычы каменю), “Спецжалезабетон”. Існуюць тры школы і гімназія, вялікі Палац культуры і інш.

Усяго ў раёне налічваецца 14 прамысловых прадпрыемстваў, шэраг транспартны і будаўнічых арганізацый. У сельскай гаспадарцы занята звыш 6 тысяч чалавек. У 1990-х гадах існавала каля 20 калектыўных гаспадарак, цяпер іх колькасць зменшылася ў выніку рэфармавання, узбуйнення і г.д. Раён спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (сярод буйных свінакоплексаў — “Дварэцкі”), вытворчасці зерневых і бульбы. Агульная плошча сельгасугоддзяў — 76500 гектараў, з якіх звыш 59 тысяч га. — асушаныя землі. Дастаткова вядома прадукцыя рыбгаса “Лахва”, дзе гадоўля рыбы пачалася яшчэ ў міжваенны час.

З Лунінеччынай звязаны старонкі жыцця многіх знакамітых у Беларусі людзей. Тут бывалі, у прыватнасці, Максім Танк і Максім Лужанін (у якасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета), Янка Брыль (аўтар нарыса пра мясцовага партызана Б. Цяльпука і дзённікавых запісаў аб пасляваенным Палессі), Уладзімір Караткевіч (які ў кнізе “Зямля пад белымі крыламі” называе лахвенскія мясціны сярод найпрыгажэйшых у Беларусі), Віталь Вольскі (раздзелы з кнігі “Палессе”), Яраслаў Пархута (раздзелы ў кнізе “Зямля бацькоў нашых”, аповесць “Адзінец”), многія іншыя літаратары. На Лунінеччыне ў розны час працавалі літаратары Мікола Федзюковіч і Аляксей Гардзіцкі, літаратуразнаўца Сцяпан Лаўшук, гісторык Казімір Равяка, Герой Савецкага Саюза і гісторык Аляксандр Андрэевіч Філімонаў, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Аляксей Трафімавіч Каўко, краязнаўцы Расціслаў і Анатоль Бензярукі. Ва Украіну і Расію з’ехалі паэты і геолагі Уладзімір Харкевіч (кандыдат навук) і Уладзімір Плавінскі, у Карэліі цяпер жыве літаратар Леанід Верцель з Мікашэвіч. Былы кіраўнік гаркама КПБ Мікалай Прасмыцкі выдаў шэраг паэтычных зборнікаў. З Лахвай звязаны ўкраінскі мастак Уладзімір Кіркевіч, туркменскі і беларускі пісьменнік Міхаіл Карпенка.

У Мікашэвічах рос пасля вайны будучы пісьменнік Уладзіслаў Нядзведскі, які пазней расказаў аб гэтым перыядзе ў аповесці “Хлопцы з другога корпуса”. У Лунінцы прайшло дзяцінства Анатоля Нятылькіна, педагога, кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і дэпутата парламента, а таксама заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Былінскай. У Лунінцы нарадзіліся генерал-маёр Георгій Вярэніч, супрацоўнік ракетна-касмічнай карпарацыі Яўген Кулін, мінскі оперны саліст Мікалай Качаноўскі, паэтэса Аксана Спрынчан, харэограф Наталля Парахневіч, цяперашні маскоўскі тэатральны дзеяч Вадзім Дубравіцкі і актрыса Таццяна Калашнікава, у в. Лахва — камбрыг часоў грамадзянскай вайны Іван Трусевіч, міністр воднай гаспадаркі БССР Адам Басюкевіч, ваенны аташэ ў Японіі палкоўнік Уладзімір Дамброўскі, у в. Любань — намеснік начальніка Ваеннай акадэміі палкоўнік Леанід Забабуха, заслужаная артыстка Беларусі Марыя Маршак (Дзенісеня), у в. Бастынь — віцэ-адмірал Мікалай Качановіч, генерал-маёр Іван Дырман, у в. Кажан-Гарадок — доктар сельгаснавук Сямён Кулеш, географ і палярнік Пётр Зіміч, прафесар Віцебскага медуніверсітэта Мікалай Луд, у в. Лунін — сябар Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Елянеўскі, у в. Багданаўка — гісторык, загадчык кафедры Брэсцкага дзяржуніверсітэта Аляксандр Савіч. Нейкі час працаваў у раёне будучы прафесар медыцыны Георгій Селюжыцкі. Дырэктарам Сінкевіцкай школы быў будучы знакаміты беларускі фалькларыст Анатоль Фядосік, а яго сын, доктар гістарычных навук Віктар Фядосік — ураджэнец Сінкевіч, як і паэт, бард Валерый Пазнякевіч. У Вічыне нарадзіліся старшыня Брэсцкага аблвыканкама (а раней міністр) Канстанцін Сумар, доктар філасофскіх навук Павел Паўловіч, дэкан мінскай ВНУ Іван Сумар, у в. Дубаўка — былы кіраўнік Дзяржкамдруку Беларусі, Саюза журналістаў і газеты “Звязда” Іван Макаловіч, у в. Ракітна — заслужаны настаўнік Беларусі, літаратар Васіль Туркевіч, у Кажан-Гарадку — літаратар Васіль Гусціновіч (пераехаў потым у Оршу), у Дрэбску – самадзейны паэт Павел Луд (жыве ў Жлобіне). Мемарыяльная дошка ў в. Дварэц (адкрыта ў 2005 годзе) нагадвае аб былым старшыні мясцовага калгаса і дэпутаце Вярхоўнага Савета Мікалаю Канюшыку. У Любачыне жыве вядомы за межамі Беларусі садавод Васіль Чэркас.

Сярод вядомых у розны час на Лунінеччыне калектываў мастацкай самадзейнасці — лунінецкі хор 1940-х гадоў, хор дэпо, аркестр педагогаў музычнай школы, хор ветэранаў “Спадчына” ГДК, фальклорныя калектывы “Світанак” (Дзятлавічы), “Жывіца” (Вулька1), “Надзея” (Кажан-Гарадок), “Лабчанка” (Лобча), дзіцячыя “Сунічка” (Вулька 1) і “Паляшуцкія музыкі” (Дварэц). Фалькларыст А. Ліс прысвяціў некалі асобных нарысаў народнай спявачцы Аўдоцці Клеўжыц з вёскі Сінкевічы. У Лобчы жыве самадзейная артыстка і фалькларыстка Настасся Якавец. Кажан-Гарадок — радзіма самадзейнага кампазітара Андрэя Гурбановіча, кіраўніка шэрагу ансамбляў Мікалая Вайцяхоўскага. У Лунінцы жылі і працавалі самадзейны кампазітар Яўген Якаўлевіч Куфайкін, хормайстар Барыс Іванавіч Шчур. У Багданаўцы жыве народны майстар (вырабы з гліны) Васіль Савіч, а калісьці яго аднавясковец Васіль Ільючык зрабіў знакаміты драўляны веласіпед, што экспануецца ў Пінскім музеі. У Дзятлавічах жыве сям’я майстроў і мастакоў Кацуба.

Шэраг кніг і брашур выдалі у Лунінцы (многія з іх — дзякуючы газеце “Лунінецкія навіны” і дзейнасці творчага клуба “Муза” на чале з Віктарам Карповічам) мясцовыя літаратары Віктар Філатаў, Вольга Грыдзюшка, Аляксандр Хаўдзееў, Сцяпан Нефідовіч, Галіна Гаргун, Рыгор Жук, Ірына Свібовіч, Таццяна Чумак, Анатоль Харламаў і інш.

Гаворачы аб спартыўнай гісторыі раёна, можна згадаць вядомага ў Польшчы ў 1930-я гады стаера Мікалая Адамчыка, вядомую лунінецкую мотабольную каманду “Лунінец” — удзельніцу Алімпійскіх гульняў 2000 года лёгкаатлетку, Ірыну Хлюставу, прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы сярод інвалідаў Сяргея Крывульца і Людмілу Грэбень.

У Лунінцы з 1978 года дзейнічае раённы краязнаўчы музей, які вядзе значную працу з краязнаўцамі, каардынуе выдавецкую дзейнасць, ладзіць краязнаўчыя чытанні. Сярод грамадскіх музеяў можна вылучыць музей вёскі Любань у мясцовай школе, музей гісторыі Мікашэвіч і літаратурны музей Уладзіміра Нядзведскага ў гімназіі г. Мікашэвічы, музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Бастынскай СШ, экспазіцыю Лунінскай СШ, музей Я. Коласа ў Сінкевіцкай СШ, экалагічны музей СШ № 1 г. Мікашэвічы.

Пэўную працу па вывучэнні роднай гісторыі вядзе і рэдакцыя газеты “Лунінецкія навіны”. Ля вытокаў краязнаўства стаяў у Лунінцы настаўнік Георгій Аляксандравіч Вайндрах (пазней — навуковец ў Брэсце). Немалы ўклад ўнеслі ў вывучэнне гісторыі роднага краю Мікола Калінковіч, Леў Коласаў (ён жа — адзін з кіраўнікоў Беларускага саюза філатэлістаў), Васіль Туміловіч, Сцяпан Нефідовіч, Іван і Ларыса Панасюкі, Таццяна Канапацкая, Ларыса Грамыка — аўтары шматлікіх публікацый і кніг аб Лунінеччыне. У 1995 годзе выйшла гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць. Лунінецкі раён”.

Тэматычнае планаванне

Уводзіны.
Раздзел 1. Лунінеччына ад старажытнасці і да нашых дзён
Тэма 1. Зямля нашых продкаў у старажытныя часы.
Тэма 2. У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Тэма 3. У складзе Расійскай імперыі.
Тэма 4. Лунінеччына ў 1905-20 гг.
Тэма 5. Жыццё на Лунінеччыне «пры Польшчы».
Тэма 6. Другая сусветная вайна на Лунінеччыне.
Тэма 7. Лунінеччына ў мірны час.

Раздзел 2. Культурнае багацце Лунінеччыны
Тэма 8. Сведкі мінуўшчыны і сучаснасці.
Тэма 9. Духоўная спадчына, яе захаванне і ўзбагачэнне сучаснікамі.
Тэма 10. Імі ганарыцца наш край.

Раздзел 3. Прырода Лунінеччыны
Тэма 11. Знаёмства з экасістэмамі краю.
Тэма 12. Разнастайнасць флоры і фауны Лунінеччыны.
Тэма 13. Прыродная гісторыка-культурная спадчына Лунінецкай зямлі.

Змест праграмы

Уводзіны.Краязнаўства і яго роля ў станаўленні ўсебакова развітай культурнай асобы.

Развіццё беларускага краязнаўства. Дзейнасць мясцовых краязнаўцаў (А. Фядосік, Г. Вайдрах, М. Калінковіч, Л. Коласаў, В. Туміловіч, С. Нефідовіч, І. Панасюк, В. Жылко і інш.)

Мэта, задачы і змест курса. Паняцце “Лунінеччыназнаўства”.

Формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці.

Тэрытарыяльна-геаграфічная, эканамічная характарыстыка раёна.

Практычныя заняткі:
1. Сустрэчы з мясцовымі краязнаўцамі.
2. Экскурсія ў краязнаўчы музей г. Лунінца.
3. Падрыхтоўка рэфератаў “Развіццё і сучасны стан краязнаўства ў Лунінецкім раёне”.

Раздзел 1.
Лунінеччына ад старажытнасці і да нашых дзён
Тэма 1. Зямля нашых продкаў у старажытныя часы.
Археалагічныя помнікі розных эпох (у в. Лахва, Кажан-Гарадок, ля в. Сінкевічы і г.д.). Землі сучаснай Лунінеччыны ў складзе Турава-Пінскага княства, хрышчэнне жыхароў. Вывучэнне тапанімікі раёна.
Практычныя заняткі:
1. Экскурсія па мясцінах, дзе захаваліся археалагічныя помнікі (гарадзішчы, курганы).
2. Падрыхтоўка паведамленняў “Жыццё нашых продкаў” паводле гістарычнай літаратуры.
3. Аналіз тапанімікі, гідранімікі раёна.

Тэма 2. У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Першае пісьмовае прыгадванне населеных пунктаў Лунінеччыны (Малы Лулін, Лахва і г.д.), версіі аб паходжанні назвы г. Лунінец. Род Радзівілаў, іншыя магнацкія дынастыі і Лунінеччына. Адміністратыўныя адзінкі і сістэма кіравання, веравызнанне, дзейнасць Лунінецкага брацтва. Войны на Лунінеччыне (паўстанне Налівайкі, вайна 1654-67гг., Паўночная вайна). Далучэнне да Расіі.
Практычныя заняткі:
1. Складанне карты Лунінеччыны згаданага перыяду з нанясеннем населеных пунктаў, храмаў.
2. Сустрэчы з жыхарамі в. Бастынь і Вічын, запіс успамінаў пра мясцовыя храмы, пабудаваныя ў 1750-я г.г. і разбураныя ў 1960-я.
3. Наведванне Георгіеўскай царквы (1723г.) у Сінкевічах.

Тэма 3. У складзе Расійскай імперыі.
Гаспадарчая дзейнасць. Чыгуначнае будаўніцтва і рост населеных пунктаў, будаўніцтва прадпрыемстваў, саматужныя промыслы. Асвета. Меліярацыя. Стварэнне пошты.
Практычныя заняткі:
1. Падрыхтоўка рэфератаў “Чыгуначная гісторыя Лунінца”, “Я. Карскі (А. Сержпутоўскі, Я. Колас, А. Блок, А. Талстой, І. Сербаў) і Лунінеччына.”
2. Экскурсія на пошту і тыпаграфію г. Лунінца.

Тэма 4. Лунінеччына ў 1905-1920 гадах.
Рэвалюцыя 1905 года. Першая сусветная вайна. Семнаццаты год. Грамадзянская вайна. Лунінеччына і Слуцкае паўстанне.
Практычныя заняткі:
1. Збіранне звестак пра лунінчан, якія прымалі ўдзел у першай сусветнай, грамадзянскай войнах.
2. Падрыхтоўка рэфератаў аб дзейнасці М.В. Фрунзе, П.В. Сухога ў Лунінцы.

Тэма 5. Жыццё на Лунінеччыне «пры Польшчы».
Змены ў адміністрацыйным статуце раёна. Дзейнасць партызанскіх атрадаў. Праект асушэння балот. 18 гадоў польскага панавання – супярэчлівы час (стварэнне прадпрыемстваў; умовы працы і забастоўкі; адукацыя і культура; ахова здароўя і турызм ). Праца польскіх этнографаў і фатографаў на Лунінеччыне (Ю. Абрэмбскі, С. Бохніг, Р. Гарашкевіч і інш.)
Практычныя заняткі:
1. Падрыхтоўка рэфератаў аб дзейнасці Лунінецкага падполля, КПЗБ.
2. Запісы ўспамінаў старажылаў пра жыццё пры Польшчы.

Тэма 6. Другая сусветная вайна на Лунінеччыне, 1939-1945 г.г.
Уз’яднанне з БССР і СССР. Стварэнне раённай газеты. Утварэнне Лунінецкага раёна, пачатак калектывізацыі, рэпрэсіі. Акупацыя. Паўстанне ў Лахвенскім гета. Карныя аперацыі. Партызанскі рух на Лунінеччыне. Падпольныя камсамольскія арганізацыі (Сінкевіцкая і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Экскурсія ў рэдакцыю раённай газеты “Лунінецкія навіны”, стварэнне летапісу газеты.
2. Напісанне біяграфій рэпрэсаваных землякоў, жыхароў, вывезеных у Германію паводле ўспамінаў старажылаў.
3. Наведванне помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны з далейшым выкананнем творчых прац (малюнкі, сачыненні і г.д.).
4. Сустрэчы-інтэрв’ю з ветэранамі вайны, удзельнікамі партызанскага руху або з іх роднымі.

Тэма 7. Лунінеччына ў мірны час.
Пасляваеннае аднаўленне. Ад пяцігодкі да пяцігодкі. Развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культуры, адукацыі, спорту. Меліярацыя. Лунінеччына і Чарнобыль. Гербы і сцягі гг. Лунінца і Мікашэвіч.
Практычныя заняткі:
1. Экскурсіі на Палескую доследную станцыю, буйныя прадпрыемствы горада.
2. Апісанне герба і сцяга Лунінца або Мікашэвіч, стварэнне герба сваёй вёскі.
3. Напісанне сачыненняў “Мая вёска (мой горад)”, “Прафесіі маіх землякоў”, складанне ўласнага радаводу, выкананне творчых прац іншага характару (малюнкі, вершы, нарысы і г.д.).
4. Складанне віктарыны або крыжаванкі па 1 раздзеле курса.

Раздзел 2.
Культурнае багацце Лунінеччыны
Тэма 8. Сведкі мінуўшчыны і сучаснасці.
Помнікі архітэктуры XVIII-XIX стст.: Георгіеўская царква (1723г.) у в. Сінкевічы, Свята-Мікалаеўская (1818) у Кажан-Гарадку, Барысаглебская (1824) у Луніне, Пакроўская (1845-51) у В. Чучавічах, Прачысценская (1870-я) у Лахве, Спаса-Праабражэнская (1910) у Язвінках, Свята-Крыжаўздзвіжанская (1912-21) у Лунінцы.
Сучасныя помнікі (Я. Коласу, П. Сухому, загінуўшым у Афганістане, у памяць пра М. Давыдава і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Складанне карты турыстычнага маршруту “Памятныя мясціны Лунінеччыны”.
2. Выпуск паштовак “Архітэктура Лунінеччыны” або падрыхтоўка фотаальбома ці буклета “Помнікі Лунінеччыны”.

Тэма 9. Духоўная спадчына Лунінеччыны, яе захаванне і ўзбагачэнне сучаснікамі.
Адметнасці фальклору раёна. Звычаі і абрады. Разнастайнасць строяў Лунінеччыны. Методыка збірання фальклору. Адметнасць мясцовага дыялекту. Дзейнасць Лунінецкай музычнай школы і калектываў мастацкай самадзейнасці.
Практычныя заняткі:
1. Запісы і пашпартызацыя фальклорных адзінак.
2. Стварэнне слоўнікаў дыялектаў сваёй вёскі.
3. Экскурсія ў музычную школу.
4. Сустрэчы з самадзейнымі артыстамі, кампазітарамі (Н.Якавец, А.Гурбановічам і інш.).
5. Малюнкі мясцовых строяў.

Тэма 10. Імі ганарыцца наш край.
Вядомыя землякі (С. Прорвіч, І. Макаловіч, І. Дырман, Г. Вярэніч, М. Качановіч, У. Сцепчанка, А. Фядосік, У. Нядзведскі, А. Спрынчан і інш.)
Знакамітыя імёны, звязаныя з Лунінеччынай (Ф. Савіч, У. Сыракомля, Ю. Крашэўскі, М. Кулеша, М. Танк, М. Лужанін, М. Федзюковіч, А. Макаёнак і інш.).
Лунінецкая “Муза”. Творчасць сучасных мясцовых літаратараў (В. Філатаў, В. Грыдзюшка, А. Хаўдзееў, С. Нефідовіч, М. Ільючык, Р. Жук, Т. Чумак і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Знаёмства з творамі Я. Брыля, У. Караткевіча, В. Вольскага, Я. Пархуты і іншых аўтараў пра Лунінеччыну.
2. Сустрэча з мясцовымі літаратарамі.
3. Складанне віктарыны або крыжаванкі па 2 раздзеле курса.

Раздзел 3.
Прырода Лунінеччыны
Тэма 11. Знаёмства з экасістэмамі краю.
Лес, луг, водная сістэма. Рэкі (Прыпяць, Бобрык, Цна, Смердзь і інш.), азёры (Белае, Чорнае і інш.), балоты (Грычын і інш.). Гісторыя балотнай гаспадаркі Рыдзігера. Крыніцы (в. Лахва, Любажэрдзі, Лунін і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Вандроўка-знаёмства з разнастайнымі экасістэмамі краю.
2. Пасадка дрэў, уборка смецця ў навакольных лясах.
3. Пашпартызацыя крыніц і апісанне прылеглай тэрыторыі.

Тэма 12. Разнастайнасць флоры і фауны Лунінеччыны.
“Чырвоны сшытак” Лунінеччыны. Запаведныя месцы (біялагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння “Борскі”, “Вусце Лані”, “Нізоўе Случы”, “Лунінскі”, гідралагічны заказнік “Ястрабель”). Векавыя дубы ў Кажан-Гарадку - помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Практычныя заняткі:
1. Экскурсіі ў прыроду - знаёмства з асобнымі кампанентамі прыроды; збор насення рэдкіх раслін.
2. Складанне ўласнага “Чырвонага сшытка” мясцовых рэдкіх раслін і жывёл.
3. Распрацоўка маршруту экалагічнай сцежкі.

Тэма 13. Прыродная гісторыка-культурная спадчына Лунінецкай зямлі.
Вывучэнне сядзібна-паркавых комплексаў (в. Лунін, Дварэц, Любачын, Кажан-Гарадок, Лахва, хутар Новы Двор).
Практычныя заняткі:
1. Экскурсіі ў сядзібна-паркавыя комплексы.
2. Напісанне навукова-даследчых работ.
3. Складанне крыжаванкі або віктарыны па 3 раздзеле курса.

Правілы лясной этыкі

Дарагія дзеці! Першае, на што вы, напэўна, адразу звярнулі ўвагу, — хараство навакольнай прыроды. Дзівосныя ландышы, прыгожыя матылькі і стракозы, спеў птушак. Цудоўны свет, багацце колераў, форм, адценняў. Хочам шчыра сказаць вам: радуйцеся, любуйцеся, дыхайце водарам кветак, натуйце запісы ў дзённік, пішыце вершы... Але памятайце пра тое, што вам жа належыць і зберагчы прыгажосць прыроды. I хоць вы стаміліся ад розных правілаў за доўгі навучальны год, прыміце колькі зычлівых правілаў-павучанняў з добрым сэрцам.

Першае. Слухайце цішыню! Не шуміце. Не ўключайце на ўсю моц прыёмнік. Ад вібрацыі паветра не могуць ўзляцець чмялі, пчолы, восы, жукі ды іншыя мошкі. Шум таксама палохае птушак.

Другое. Размаўляйце з кветкамі. I не рвіце іх вялікімі ахапкамі. Іх засталося не так шмат, паспрыяйце іх размнажэнню! Ці ведаеце, напрыклад, што, каб з семечка ландыша вырасла расліна, трэба 7—8 гадоў!

Трэцяе. Лясныя жывёлы, якіх вы сустрэлі, нарадзіліся тут, у лесе. I нельга іх прыручаць, асабліва калі не ведаеш, як іх пасля даглядаць. Лепш парадуйцеся шчаслівай сустрэчы, а свае назіранні запішыце ў дзённік.

Чацвёртае. Калі вы расклалі касцёр у лесе, не пакідайце гэтае месца, пакуль не патушыце кожны вугольчык. У наступны раз прыходзьце сюды зноў, каб не выпальваць траву ці лясную падсцілку. Дарэчы, з аднаго дрэва можна зрабіць мільён запалак, а адна запалка можа спаліць мільён дрэў.

Пятае. Смецце апошнім часам зрабілася ці не самай вялікай пагрозай лесу. Разбітае шкло можа стаць прычынай пажару, а поліэтыленавы мяшэчак, пакуль разбурыцца, праляжыць пасля вас 226 гадоў. Дый папера згніе толькі праз 2—3 гады.

Шостае. У Чырвоную кнігу Беларусі занесены белая лілея, гарлачык белы, вятроўніца лясная, купальніца еўрапейская, гарлачык малы, першацвет высокі, валяр’яна двухдомная, званочак рапунцэль і шмат іншых. Вывучайце іх, каб ахоўваць, — яны на мяжы знікнення.

Сёмае. У лесе сустракаюцца і ядавітыя расліны: блёкат, дурман, цыкута, мудранка, воўчае лыка. Будзьце асцярожныя!

Восьмае. Птушыныя спевы — сапраўдныя канцэрты, за якія мы нічога не плацім. А птушкі яшчэ — і крылатая ахова лесу (дарэчы, садоў і паркаў). Не чапайце птушыныя гнёзды, не разглядайце зблізку птушанят, не парушайце птушыны спакой. Назірайце іх ціха і непрыкметна. I вы ўбачыце куды больш.

Дзевятае. Калі вы аматар калекцый, то павінны ведаць, што з гэтага занятку выключаны насякомыя (сярод іх шмат чырвонакніжных відаў). Лепш прыдбайце фотаапарат — і калекцыя ваша!

Дзесятае. Мурашнікі — адно з упрыгожанняў лясных харомаў, не кажучы, што лесу не пражыць без мурашак. Не палянуйцеся, зрабіце для мурашніка агароджу, калі да вас не зрабілі.

Гэтыя правілы-падказкі далёка не поўныя. Аднак іх дастаткова на пачатак, калі з любоўю і ласкай глядзець на прыроду. Любоў да прыроды — гэта любоў да нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь!

Правілы былі сфармуляваны супрацоўнікамі БДПУ імя Максіма Танка Таісай Каленнікавай і Анжэлай Барысевіч і надрукаваны ў аўтарскай газеце Валерыя Дранчука «Белавежская пушча». № 1 (22). 2000 г.

Выніковыя заняткі

Напісанне сцэнарыю вуснага часопіса або стварэнне мультымедыйнага праекту (для правядзення навукова-практычнай канферэнцыі) “Мая Лунінеччына”, дзе ў якасці старонак часопіса будуць прапанаваны тэмы курса “Лунінеччыназнаўства”, якія могуць суправаджацца прэзентацыяй творчых і пошукава-даследчых прац вучняў.
Па гэтай праграме сёння паспяхова працуюць усе навучальныя установы гарадоў Лунінец і Мікашэвічы, а таксама ў школах раёна. Яна распрацавана на мясцовым матэрыяле.

Аднак кожная навучальная ўстанова ўносіць у праграму свае мясцовыя карэктывы і гэта правільна, таму што на месцах кіраўнікам лепш бачна ў якім напрамку ім працаваць! Вучні даведваюцца шмат новага аб гісторыіі нашага роднага Лунінецкага Палесся, непасрэдна аб сваіх родных вёсках, гарадах, аб навакольнай прыродзе нашага краю, аб яе этнаграфіі, культуры.

Настаўнікі, класныя кіраўнікі, выкладчыкі факультатываў, школьнікі і, наогул, чытачы знойдуць сабе таксама нешта цікавае.

Асабіста бачыў, як вучні зацікаўлены новым курсам, яны вывучаюць не далёкія краіны, кантыненты, а свой край — тое, што побач з родным домам, школай, і гэта вельмі важна. Чым раней дзеці будуць знаёміцца з гісторыяй сваёй малой радзімы, тым больш у іх будзе абуджацца і мацнець сапраўдная любоў да роднай мовы, роднага краю, зямлі сваіх бацькоў і дзядоў, матуль і бабуль, да таго месца, дзе яны нарадзіліся і выраслі.

Гэты курс могуць выкладаць не толькі настаўнікі гісторыі, але і настаўнікі роднай мовы і літаратуры, і геаграфіі і біялогіі, музейныя супрацоўнікі, а таксама тыя настаўнікі, якія аддаюць сябе поўнасцю любімай працы з вучнямі.

Прачытаў нядаўна цудоўны зборнік “Нямцэвічы”, матэрыял якога сабраны выкладчыкам Брэсцкага тэхнічнага універсітэта, доктарам тэхнічных навук — Анатолем Гладышчуком. І такіх апантаных дзівакоў у нашай роднай Беларусі шмат. 10 год у Мінску фондам культуры выдаецца цудоўная “Краязнаўчая газета”. Наклад яе крыху больш за 1100 экземпляраў, але яе роля ў выхаванні сапраўдных пачуццяў любові да нашай Радзімы вельмі значная. Шкада, што з ёй знаёмы не ўсе тыя настаўнікі, якія непасрэдна звязаны з выхаваннем падрастаючага пакалення. Дарэчы, у ёй друкуюцца і матэрыялы Лунінецкіх краяведаў.

Сёння слова “Краязнаўства” сугучна слову “Радзімазнаўства”, аб якім добра сказаў Рыгор Барадулін:

Радзімазнаўства — мудрая навука,
Яе адолець могуць дзівакі, якім з рукі
Ад сну прачнуць вякі...
Радзімазнаўства, як у забыцці
Ідзе, каб сцежку ісціне знайсці!

Назад | Далей