• Багданаўскі сельсавет
  • Бастынскі сельсавет
  • Вулькаўскі сельсавет
  • Гарадоцкі сельсавет
  • Дварэцкі сельсавет
  • Дзятлавіцкі сельсавет
  • Лахвенскі сельсавет
  • Лунінскі сельсавет
  • Мікашэвіцкі пассавет
  • Рэдзегіраўскі сельсавет
  • Сінкевіцкі сельсавет
  • Чучавіцкі сельсавет
  • г. Лунінец

  • Памяць
    Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

    Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

    Загінуўшыя мірныя жыхары

    Лунінскі Сельсавет

    Калгас "Авангард"
    Вёска Вулька 1

    6 чэрвеня 1942 г. нямецка-фашысцкія захопнікі ачапілі вёску, загналі ўсіх жыхароў і па спісу, складзенаму старастам, пачалі выклікаць савецкіх актывістаў. Усіх названых не аказалася, таму як заложнікаў каля чыгуначнага пераезда расстралялі і звычайных вяскоўцаў, якія да вайны займаліся пераважна сялянскай працай ва ўласнай гаспадарцы.

    Багданец Марыя, н. у 1900, дэпутат с/с.

    Багданец Раман Герасімавіч, н. у 1900, дэпутат с/с.

    Бондар Міхаіл Савіч, н. у 1890.

    Дараховіч Васіль Фёдаравіч, н. у 1914.

    Даўгун Мікалай Якаўлевіч, н. у 1912, дзесятнік.

    Дударга Андрэй Лявонавіч, н. у 1889, дэпутат с/с.

    Дударга Барыс Міхайлавіч, н. у 1891.

    Дударга Карней Максімавіч, н. у 1901.

    Дударга Соф'я.

    Дударга Трафім Піліпавіч, н. у 1903.

    Дунчык Фёдар Андрэевіч, н. у 1878.

    Дырман Самуіл Данілавіч, н. у 1899.

    Жук Ігнат Кірылавіч, н. у 1907.

    Жук Трафім Якаўлевіч, н. у 1891.

    Іванцоў Майсей Майсеевіч, н. у 1905.

    Калешка Архіп Раманавіч, н. у 1876.

    Калешкі, Сямён Захаравіч, н. у 1890, яго сыны Сцяпан, н. у 1915, Васіль, н. у 1915.

    Лабко Васіль Кандратавіч, н. у 1908.

    Лабко Павел Сямёнавіч, н. у 1905.

    Лабко Пётр Сямёнавіч, н. у 1902.

    Лазько Анісім Лявонавіч, н. у 1905.

    Лазько Апанас Лявонавіч, н. у 1896, цясляр.

    Лемяшэўскі Адам Васільевіч, н. у 1907.

    Лемяшэўскі Пётр Васільевіч, н. у 1903, савецкі актывіст.

    Мікуліч Сцяпан Адамавіч, н. у 1904, савецкі актывіст.

    Чуйко Іван Дзмітрыевіч, н. у 1902.

    Шыш-Дударга Якаў Мітрафанавіч, н. у 1900, ляснік.

    * * *
    Абравец Таццяна Дзянісаўна, н. у 1923.

    Багданец Аляксандр Данілавіч, н. у 1924.

    Багданец Васіль Рыторавіч, н. у 1925.

    Багданец Даміна Данілаўна, н. у 1919.

    Багданец Пётр Фёдаравіч, н. у 1918.

    Васюковіч Еўдакія Васільеўна.

    Дараховіч Уладзімір Кандратавіч, н. у 1934.

    Дударга Парасся Антонаўна, расстраляна ў 1943 за тое, што хавала савецкага афіцэра.

    Дударга Сцяпан Мітрафанавіч, н. у 1912.

    Дударга Уладзімір Васільевіч.

    Дударга Якаў Мітрафанавіч, н. у 1882.

    Дударгі, Зінаіда Васільеўна, н. у 1898, яе дачка Марыя Іосіфаўна, н. у 1928.

    Дунчык Васіль Антонавіч, н. у 1912, заколаты штыкамі летам 1944.

    Дунчык Васіль Максімавіч, н. у 1904.

    Дунчык Максім Якаўлевіч, н. у 1905.

    Дунчык Яўгенія Антонаўна, н. у 1923.

    Дырман Мацвей Сцяпанавіч, н. у 1870.

    Дырман Улас Сцяпанавіч, н. у 1876.

    Дырман Фёдар Паўлавіч, н. у 1916.

    Ефімовіч Кацярына, н. у 1901.

    Калешка Антон Навумавіч, н. у 1930.

    Калешка Антаніна Пятроўна, н. у 1920, загінула пры аблаве на вёску ў 1942.

    Калешка Ефрасіння, н. у 1877.

    Калешка Іван Іванавіч, н. у 1867.

    Кляўцэвіч Рыгор Сямёнавіч, н. у 1908.

    Кляўцэвіч Уладзімір Кірылавіч, н. у 1914.

    Кляўцэвічы, Павел Сямёнавіч, н. у 1980, яго жонка Ульяна Раманаўна, н. у 1892.

    Кош, Андрэй Емяльянавіч, н. у 1874, яго жонка Сафія, н. у 1875.

    Лабко Дзмітрый Мікалаевіч, н. у 1928.

    Лазько Настасся Міхайлаўна, н. у 1879.

    Лазько Сцяпан Дзям'янавіч.

    Мельянец Аляксандр Данілавіч, н. у 1920.

    Піліпчык Кацярына.

    Піліпчыкі, браты (Іванавічы): Андрэй і Даніла.

    Рыбчынскі Сцяпан Данілавіч, н. у 1906.

    Трухноў Ігнат Рыгоравіч, н. у 1920.

    Шыш Сцяпан Мітрафанавіч, н. у 1912.

    Шыш-Дударга Іван Максімавіч, н. у 1929.

    Яфімаў Андрэй Іванавіч, н. у 1901.

    Яфімаў Даніла Іванавіч, н. у 1880.

    Яфімаў Іван Ерамеевіч, н. у 1846.

    Яфімаў Мікалай Усцінавіч, н. у 1870.

    Яфімаў Мікалай Яфімавіч, н. у 1920.

    Вёска Мелясніца

    Мелясніца лічылася партызанскай вёскай. Размешчаная побач з лесам, яна і давала прытулак народным мсціўцам, і забяспечвала іх ежай і адзеннем. Нягледзячы на забарону акупацыйных улад, вяскоўцы перапраўлялі ў лес свіней і кароў. Зразумела, за дапамогу партызанам не чакалі ад фашыстаў літасці. Таму, калі восенню пайшлі чуткі пра карныя аперацыі захопнікаў, многія сем'і пачалі хадзіць у лес, начаваць у стагах сена, а ранкам вярталіся. Бяды ж прывыклі чакаць ноччу.

    Але ў апошні дзень верасня ішоў моцны дождж. Людзі капалі бульбу, вельмі вымаклі і многія вырашылі гэтую ноч правесці дома, абсохнуць.

    Знішчэнне вёскі пачалося ўранку, яшчэ зацемна, з хутароў. Ужо гінулі людзі, але вёска яшчэ нічога не ведала. Ноччу яе ачапілі фашысты і паліцаі, каб ніхто не змог прарвацца і папярэдзіць. Спрыяў карнікам ранішні густы туман. I толькі сабакі брахалі, як звяр'яцелыя. Яны і ўзнялі трывогу. Зразумела, мужчыны і юнакі думалі: за імі прыехалі, каб у Германію вывозіць. Вось і кінуліся першымі хавацца, дзе хто мог. Спадзяваліся: жанчын, старых і дзяцей не будуць чапаць. Гэта памылка каштавала жыццяў многіх людзей.

    Успамінае Міхаіл Агеевіч Канапацкі, які да выхаду на пенсію працаваў у пазаведамаснай ахове, жыхар в. Мелясніца:

    — Наша хата стаяла ў самым пачатку вёскі, на хутары. Трынаццацігадовы хлапчук, у той дзень я спаў, як кажуць, без задніх ног. Раніцай разбудзіла маці — трэба было выганяць карову. Яшчэ і паснедаць не паспелі, у хату ўвайшлі паліцаі, забралі пашпарты. Бацька паспрабаваў пацікавіцца: навошта? Яго аблаялі, загадалі ісці ў хату. Паліцаі проста ў плечы загналі ўсіх, хто быў на двары. Выстралілі — аўтаматная чарга прама па тварах. Усе пападалі на падлогу. Упаў і я, закаціўся пад ложак і схаваўся за бабулю: як яе забілі, яна спаўзла і быццам села каля ложка. Не паленаваліся паліцаі нагнуцца, падняць коўдру і заглянуць пад ложак: ці няма каго? Але мяне не заўважылі — надзейна прыкрыла бабуля. Адзіночнымі выстраламі дабівалі параненых. Даўжэй за ўсіх стагнаў швагер. Я сядзеў ціха. Асцярожна назіраў: паліцай, гад, у вакно глядзіць, ці не ўзнімецца хто... Праз некаторы час, калі на двары не было чутно галасоў, выбраўся з хаты і пабег у глінішчы. Бачу — і там паліцай. Я назад праз канаву, дайшоў да чыгуначнага пуці. Сам сябе ж не бачыў, а ўвесь у крыві быў, ледзь не падплыў жа ў хаце... А насустрач — немец-перакладчык з чыгункі. "Пойдзем са мной", — кажа. Дабром яго ўспамінаю, не вельмі прыставаў, неяк здолеў я адгаварыцца. Толькі пабег зноў, як з будкі, што на пуці, пачаў біць па мне кулямёт. Як я здагадаўся — не ведаю, але зрабіў выгляд, што назад у вёску вяртаюся. Стрэлы спыніліся, падумалі, відаць, што мне адтуль усё роўна жывым не выйсці. А мяне быццам віхрам падхапіла і ў лес панесла. З такой палёгкай уздыхнуў, быццам у хату ўскочыў. Але ішоў асцярожна. Зноў захаладзеў, калі ўбачыў двух мужчын. Але гэта былі свае вяскоўцы. Яны начавалі ў лесе, а зранку, пачуўшы стрэлы, не пайшлі ў вёску, з трывогай чакалі ў невядомасці, што там адбываецца. Я расказаў ім усё і ўпершыню заплакаў. Доўга не маглі мяне супакоіць... Потым туды падышоў партызан Павел Васільевіч Канапацкі, які тых, хто выратаваўся, перапраўляў у сямейны лагер.

    Акрамя мяне застаўся ў жывых толькі родны брат Дзмітрый, які быў вывезены ў Германію. Астатнія члены нашай сям'і загінулі.

    * * *

    Уявім Хатынскі мемарыял: на месцы кожнай хаты — пячная труба з выбітымі імёнамі і прозвішчамі тых, хто загінуў. Вось і ў памяць аб меляснянах будуць такія ж сімвалічныя дошкі, дзе агульная дата смерці: 1 кастрычніка 1943 года.

    Хутаране

    Дзве загінуўшыя сям'і з першай хаты.

    Канапацкія, Агей Трафімавіч, н. у 1898, яго жонка Надзея Фёдараўна, н. у 1900, іх шасцёра дзяцей: Даніла, н. у 1922, Антаніна, н. у 1928, Павел, н. у 1933, Мікалай, н. у 1935, Тарас, н. у 1938, Кацярына, н. у 1920, яе муж Дуньчык Васіль Паўлавіч, н. у 1920, іх сын Васіль, н. у 1941.
    З суседняй хаты Васіль Іванавіч Канапацкі на той час быў вывезены ў Германію, а пасля вайны застаўся ў Польшчы. Загінулі:
    Канапацкія, Трафім Саласцянавіч, н. у 1865, яго жонка Фядора, н. у 1869, іх сын Аляксей, н. у 1909, яго жонка Марыя Рыгораўна, н у 1908, іх двое дзяцей: Лідзія, н. у 1937, Уладзімір, н. у 1942, іх двое пляменнікаў (Іванавічы): Настасся, н. у 1925, Мікалай, н. у 1927.
    Гаспадара наступнай хаты — лесніка Юрыя Іванавіча Канапацкага вывезлі на поўнач яшчэ ў 1940-ым. Невядомы яго далейшы лёс. А вось з сям'і не засталося нікога:
    Канапацкія, Юлія Іванаўна, н. у 1890, яе сын Яфім Юр'евіч, н. у 1910, яго жонка Вера Ерамееўна, н. у 1913, іх трое дзяцей: Надзея, н. у 1937, Барыс, н. у 1939, Ганна, н. у 1940.
    Яшчэ з адной хаты нікога не засталося:
    Канапацкая Хадося, н. у 1881, яе дачка Вера Іванаўна, н. у 1915, яе муж Дабрынец Аляксандр Андрэевіч, н. у 1912, іх трое дзяцей: Аляксандр, н. у 1937, Надзея, н. у 1939, Васіль, н. у 1943.
    Не раз ва ўспамінах сустрэнецца непрывычная назва — глінішчы, месца, якое стала выратаваннем для многіх меляснян. Паблізу вёскі размяшчалася невялікая цагельная майстэрня, вакол якой зямля была ўзрыта ямамі, адкуль здабывалі гліну. Туды і беглі многія жыхары схавацца ад карнікаў.

    Жыве ў Лунінцы, да выхаду на пенсію працаваў сувязістам, Васіль Апанасавіч Канапацкі. Ён успамінае:

    — У той дзень збіраліся ісці малаціць жыта. Але зранку ўбачылі ачапленне. Сядзелі ўсе ў хаце і чакалі невядома чаго. Маці не вытрымала першай, забрала малодшых дзяцей і пайшла хавацца ў глінішчах. Я з бацькам Апанасам Іванавічам яшчэ пасядзеў некаторы час. Бачылі, як немцы кароў з хлявоў выганяць пачалі. Ну, думаем, цяпер да нас чарга дойдзе. Сталі і мы прабірацца ў глінішчы. Я яшчэ доўга бегаў па ямах, шукаў маці. Не знайшоў. Мы з бацькам схаваліся пад карчом. Нас не заўважылі. Паціху перабраліся ў лес, спадзяваліся, што сустрэнемся з роднымі. Потым ужо аднавяскоўцы расказвалі: карнікі выявілі маці з дзецьмі і забілі.

    Канапацкія, Параскева Рыгораўна, н. у 1906, яе шасцёра дзяцей (Апанасавічы): Ганна, н. у 1926, Марыя, н. у 1930, Ніна, н. у 1932, Наталля, н. у 1934, Алена, н. у 1936, Сярожа, н. у 1940.
    Былы чыгуначнік, Аляксандр Трафімавіч Канапацкі цяпер жыве ў г. Лунінец. У 1940 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнік фінскай кампаніі, Вялікай Айчыннай вайны. Ён успамінае:

    — Ужо потым даведаўся, што бацьку забілі раней, ён сена касіў на Прыпяці. Маці, брата і сястру — у вёсцы. Асабліва здзекаваліся над старэйшай сястрой Любай — яна двойчы вырывалася ад карнікаў, яе лавілі і кідалі ў полымя цагельні... Мне напісаў пра гэта аднавясковец. Атрымаў ліст, паказаў камандзіру. I потым усе байцы далі залп з вінтовак, а я — з гарматы. I клятву, што адпомсцім за бязвінныя ахвяры.

    Канапацкія, Трафім Іванавіч, н. у 1897, яго жонка Агаф'я Фёдараўна, н. у 1898, іх трое дзяцей: Любоў, н. у 1923, Валянціна, н. у 1931, Мікалай, н. у 1931.
    Наступны двор — тры сям'і — знішчаны поўнасцю.
    Канапацкія, Вольга Ульянаўна, н. у 1900, яе два сыны і дачка (Васільевічы): Міхаіл, н. у 1920, Іван, н. у 1924, яго жонка Надзея Кірылаўна, н. у 1920, іх дачка Вера, н. у 1942; Любоў, н. у 1921, яе муж Аляксей Аляксандравіч, н. у 1920.
    З успамінаў Паўла Васільевіча Канапацкага, які да пенсіі працаваў у калгасе "Авангард", жыхара в. Мелясніца:

    — З маёй сям'і ў восем душ засталося шасцёра. Старэйшых дзяцей мы з жонкай забралі і цераз акно выбраліся з хаты, схаваліся ў глінішчах. Сабачка маленькі за намі ўвязаўся, гаўкаць пачаў. Прыйшлося задавіць, каб брэхам не выдаў. Выратаваліся я, жонка Кацярына Якаўлеўна, дочкі Вольга, Лідзія і Яўгенія, сын Мікалай. А двое нашых дзетак, што спалі ў калысках, загінулі.

    Канапацкія (Паўлавічы): Васіль, н. у 1940, Вера, н. у 1942.
    Антон Мікалаевіч Канапацкі, жыхар в. Мелясніца, быў вывезены ў Германію. Вярнуўся пасля вайны, працаваў на раённым вузле сувязі. Успаміны аб гібелі сям'і пачынае з лёсу брата:

    — Аляксея ўзялі немцы ў палон як салдата польскай арміі ў 1939 годзе. Прыехаўшы ў водпуск, ён наладзіў сувязь з партызанамі. Але гэта выявілі і яго забілі. I пра гібель астатніх родных ведаю са слоў аднавяскоўцаў. Кажуць, ад лёсу не пойдзеш... Другі брат, Карней, жыў у сястры ў горадзе, трэба ж было яму на тую ноч да бацькі прыйсці...

    Канапацкія, Мікалай Кузьміч, н. у 1897, яго жонка Аляксандра, н. у 1897, іх трое дзяцей: Аляксей, н. у 1912, Карней, н. у 1919, Надзея, н. у 1925.
    Нікога не засталося з сям'і чырвонаармейца Дзям'яна Дзям'янавіча Канапацкага, удзельніка фінскай кампаніі, які прапаў без вестак у пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
    Канапацкія, Фама Фёдаравіч, н. у 1892, яго дзве пляменніцы (Дзям'янаўны): Ксенія, н. у 1924, Соф'я, н. у 1930.
    З аднолькавым прозвішчам у Мелясніцы было многа сем'яў. А вось імёны і імёны па бацьку супадалі толькі ў двух гаспадароў.

    З успамінаў былога аб'езчыка Лунінецкага лясгаса Паўла Васільевіча Канапацкага, жыхара г. Лунінец:

    — Сувязь з партызанамі падтрымліваў з пачатку партызанскага руху. Вясною 43-га ўсю сям'ю пасадзілі ў турму. Пасля збору подпісаў лунінчан у нашу абарону выпусцілі, але працягвалі сачыць. Таму ў чэрвені забраў жонку Веру Аляксандраўну і двух старэйшых сыноў — Васіля і Івана — і пайшлі ў атрад. А старую маці і трох маленькіх дочак пакінулі на Мелясніцы... Калі палілі вёску, стаяў у лесе побач. Хто выратаваўся, на мяне выходзілі, а я іх ужо у атрад перапраўляў.

    Канапацкія, Таццяна Яфімаўна, н. у 1885, яе трое ўнучак (Паўлаўны): Галіна, н. у 1935, Надзея, н. у 1937, Ганна, н. у 1939.
    На хутары жыў і Мікалай Міхайлавіч Звонка. Пасля вайны ён пераехаў у Драгічынскі раён. Яму пашчасціла залезці на гарышча, а адтуль скокнуць прама ў кусты, таму што хлеў стаяў на мяжы з лесам. Немцы не рабілі пагоню, баяліся ў лес сунуцца. А вось сям'я загінула.
    Звонка Ірына Іосіфаўна, н. у 1900, яе нявестка Аляксандра Фядасаўна, н. у 1920, яе сын Пётр, н. у 1943.
    Вяскоўцы

    Першай стаяла пустая хата Аніфераў — гаспадароў вывезлі ў 1940 г. на поўнач. А вось з наступнай застаўся толькі адзін чалавек. Ён не чакаў пакорна смерці, а смела шукаў выйсце са складанага становішча.

    Былы чыгуначнік Васіль Спірыдонавіч Канапацкі, жыхар г. Лунінец, дагэтуль працуе ў калгасе "Авангард". Ён успамінае:

    — Зранку залез на пакот, раздзвінуў страху, каб назіраць за наваколлем. Бачу: да адных суседзяў заходзяць, дзе жылі два чалавекі, — два выстралы і цішыня. I ўсё гэта паўтараецца ў кожным двары, толькі колькасць гукаў залежыць ад колькасці членаў сям'і. Хутка спусціўся ўніз: разбягайцеся. Усе разгубіліся: куды? Заўважыў я праз вакно: і на нашым двары ўжо фашысты з'явіліся, адзін там і застаўся, а другі — у хату ўвайшоў. Я і кінуўся на яго. Падаючы, ён спіною адчыніў дзверы ў сені. Тым часам бацька выскачыў і пабег, але яго застрэлілі. Мне ж неяк удалося вырвацца. Хаця моцна зачапілі дзве кулі — адна ў пазваночнік, другая — у калена, аднак пералез цераз чыгунку, дзе мяне ўжо не маглі дагнаць. Неяк выйшаў на хлопчыкаў, пасвіўшых кароў: перадайце брату, які жыве ў Лунінцы, што я ў бок Вулькі падаюся. Там, у адной сям'і мяне перавязалі, "узброілі" чапельнікам, і я схаваўся ў кустах ля вёскі. Назіраю за дарогай. Бачу: брат з немцам нейкім ходзяць, мяне клічуць. Ну, думаю, клямка мне. А сам жа крывёю сцякаю. Усё адно паміраць, вырашыў выйсці. Немец жа той добра па-руску размаўляў. Паглядзеў на мяне: адвязём у шпіталь, у лесе без медыцынскай дапамогі загінеш. А там скажаш, што паранілі цябе на такімсьці кіламетры чыгункі. Зрабілі мы так, як ён казаў. Дарэчы, ён мне і паперку даў, накшталт аўсвайса, дзе сведкі падпісаліся. Гэта было так пераканаўча, што калі праз тры дні, ужо ў шпіталі, мяне дапытвала гестапа, пасля азнаямлення з дакументам, пытанні былі вычарпаны.

    Лячыўся я амаль год. I яшчэ адна сустрэча была ў мяне з гэтым немцам. Ён на чыгунцы працаваў, запрасіў неяк да сябе ў будку, раскажы, маўляў, што адбылося на Мелясніцы. Я ўсё і выклаў... Ён доўга маўчаў, а потым сказаў: "I нас гэта не міне". Такія яны розныя, немцы...

    Канапацкія, Спірыдон Кірылавіч, н. у 1895, яго жонка Наталля Іванаўна, н. у 1893, іх двое дзяцей: Кацярына, н. у 1930, Надзея, н. у 1920, яе муж Нігацін Аляксандр Васільевіч, н. у 1915, іх сын Чэслаў, н. у 1942.
    Гаспадара наступнай хаты Фядоса Захаравіча Канапацкага карнікі заўважылі ў глінішчах, выцягнулі з ямы і павялі пад дулам аўтамата. Ён кінуў кажух на фашыста і пачаў пятляць па лесе. Так і выратаваўся.
    Канапацкія, Пелагея Іванаўна, н. у 1903, яе чацвёра сыноў (Фядосавічы): Мікалай, н. у 1927, Уладзімір, н. у 1930, Васіль, н. у 1933, Аляксей, н. у 1936.
    Вывезены ў Германію ў той час быў і Антон Аляксандравіч Канапацкі. Яго сястра Соф'я выратавалася разам з сяброўкамі (гл. ніжэй успаміны М.Д. Рыбчынскай). Абодва не жывуць цяпер на лунінецкай зямлі, якая стала магілай іх родных.
    Канапацкія, Даміна Максімаўна, н. у 1904, яе сын Мікалай Аляксандравіч, н. у 1928.
    У гэты дзень у вёску зайшоў жабрак з суседняй Вулькі 1, вельмі стары чалавек, які нават па ўзросту не ўяўляў ніякай небяспекі. I яго таксама знішчылі.
    Яфімаў, пад 90 год.
    З успамінаў Пятра Яўстаф'евіча Канапацкага, які да выхаду на пенсію працаваў на чыгунцы, жыхара г. Лунінец:

    — Мяне немцы прымусілі працаваць у лясніцтве. У час адной з аперацый пайшоў з партызанамі. Родныя загінулі...

    I брата майго, вывезенага ў Германію, чакала жудасная смерць. Мікалай — прыгожы, высокі, здаровы, нават мянушку яму далі "дзядзя Коля", быццам падкрэсліваючы дарослы выгляд. Калі даведаўся пра смерць сям'і, кінуўся да свайго баўэра. Забілі фашысты хлопца разам з сябрам-аднавяскоўцам.

    Канапацкія, Еўстафій Трафімавіч, н. у 1899, яго жонка Алена Ігнатаўна, н. у 1905, іх трое дзяцей: Мікалай, н. у 1925, Рыгор, н. у 1932, Ксенія, н. у 1934.
    Суседні двор — чатыры хаты. У адной жыла Вольга Андрэеўна Гнедзька, цяперашняя жыхарка Мелясніцы. На тую ноч яна пайшла да цёткі ў Лунінец. А вось маці засталася.
    Канапацкая Парасся Мікітаўна, н. у 1898.
    Пра выратаванне другой сям'і з гэтага двара ўспамінае Надзея Міхайлаўна Касач, жыхарка в. Мелясніца:

    — Наш бацька Міхаіл Кузьміч Канапацкі быў у лесе: прывыклі жыць у стане небяспекі. Маці — Сцепаніда Міхайлаўна — быццам прадчувала нешта, зранку скамандавала нам: давайце ўцякаць. Толькі куды? Кінуліся ў лес, а там цэпам карнікаў вёска ўжо акружана. Схаваліся ў глінішчах. Тут немцы пачалі страляць. Я, разгубіўшыся з перапалоху, зноў пабегла назад у вёску. Сяджу ў хаце і пісьмы ад сястры Веры трымаю — яе ў Германію вывезлі. Пакажу, думаю, у выпадку чаго. Чую, у суседзяў галосяць на розныя галасы і старыя, і малыя. А потым аўтаматная чарга — і цішыня. Я выскачыла ў агарод. Толькі ўбачыла, як у нашу хату гранату немцы кінулі і яна занялася агнём. Неяк удалося ў склеп залезці. Сядзелі ні жывыя, ні мёртвыя разам: мы з сястрой Любай і яшчэ адны Канапацкія: маці Зінаіда Іванаўна і яе дзеці Уладзімір, Міхаіл, Ганна. Адтуль чулі, што за свіннямі ды курамі немцы ганяліся. Пабралі ўсё, хто што хацеў, ды крыві людской яшчэ не досыць напіліся карнікі... Калі ўжо блізка пацягнула паленым, зразумела: трэба выбірацца. У мяне косы доўгія былі, думала, як паходня ўспыхну. Аднак выскачыла добра: ні валасы, ні адзенне не загарэліся. А вось астатнія вельмі моцна абгарэлі, доўга лячыліся потым у партызанскім сямейным лагеры.

    Вось пад гэты пажар уцяклі ў лес. Толькі на ўсё жыццё запомніла: такое цудоўнае празрыстае надвор'е стаяла тады, апошнія ласкавыя промні восеньскага сонейка, у небе ні воблачка. Ой, як цяжка было паміраць у такі прыгожы дзень...

    Былыя чыгуначнікі Міхаіл Міхайлавіч Канапацкі і яго сястра Ганна Міхайлаўна Сахацкая, цяпер пенсіянеры, жывуць у Лунінцы. У вёсцы навечна засталася сястра.

    Канапацкая Таццяна, н. у 1924.
    З успамінаў Марыі Дзянісаўны Рыбчынскай, якая да выхаду на пенсію працавала ў раённым вузле сувязі, жыхаркі г. Лунінец:

    — Наш бацька Дзяніс Васільевіч Канапацкі быў у лесе. Калі пачалася аблава, маці вырашыла, што будуць караць толькі сем'і партызан. Яна развяла дзяцей па розных хатах і сама схавалася ў склепе. Калі ж пачуліся стрэлы, не захацела заставацца ў невядомасці: пайду туды, дзе дзеці. Толькі выйшла, яе і забілі. Загінулі і мае брацік і сястра. А старэйшая сястра Усціння была вывезена ў Германію, вярнулася пасля вайны.

    Я схавалася ў склепе разам з сяброўкамі Раісай і Соф'яй Канапацкімі. Потым туды прывёў сваю сям'ю дзядзька па маці — Яфім. Ён, салдат польскай арміі, прыехаў у водпуск з нямецкага палону, спадзяваўся, што яго не крануць... Памыліўся: забілі і спалілі. А яго жонка Ніна Іванаўна з дзецьмі Іванам, Таццянай, Яфімам, Зінай выехалі за межы Лунінеччыны...

    Так, ім пашанцавала пераседзець гэтае ліхалецце, хаця і трэсліся ад страху, што малодшае дзіця, якому было толькі 6 тыдняў, заплача і выдасць сваім крыкам. Аднак абышлося. Нават калі фашыст даў чаргу з аўтамата, а потым кінуў гранату, адтуль не раздалося ні аднаго гука. А нас жа, трох дзяўчынак, параніла. На ўсё жыццё сляды ад куль засталіся! Сядзелі ў крыві, але маўчалі. А ноччу папаўзлі ў лес...

    Больш трагічная гісторыя адбылася з другім дзядзькам па маці — Васілём Захаравічам Канапацкім. Ён схаваў сям'ю ў ямцы з-пад бульбы, прысыпаўшы зверху клубнямі. Гэта бачылі паліцаі (а яны стаялі ў акружэнні з боку лесу, немцы ж — з боку чыгункі). Калі ж дзядзька заўважыў іх, падышоў і стаў прасіць, каб не выдавалі сям'ю немцам. Паліцаі патрабавалі сала. Ён вынес з хаты, а калі тыя кінуліся дзяліць харчы, выкарыстаў момант і пабег цераз поле. Паліцаі пачалі цэліцца, крычалі адзін аднаму: "Забіце яго абавязкова. Калі застанецца ў жывых, гэта будзе наш самы злосны вораг". Але дзядзька, пятляючы, схаваўся ў лесе. Яго жонка і двое дзяцей падзялілі долю меляснян: іх спалілі ў той жа яме, дзе яны спадзяваліся знайсці выратаванне.

    Даведаўшыся пра гэта, Васіль Захаравіч стаў сапраўды бязлітасным мсціўцам. Ён ваяваў у партызанах, потым — у дзеючай арміі. Казалі аднапалчане, што заўсёды выклікаўся на самыя небяспечныя аперацыі. Смерць спасцігла яго пры фарсіраванні Віслы. На месяц раней памёр ад тыфу мой бацька.

    Канапацкія, Усціння Захараўна, н. у 1903, яе двое дзяцей (Дзянісавічы): Варвара, н. у 1934, Міхаіл, н. у 1939.

    Канапацкія, Аляксандра Андрэеўна, н. у 1914, яе двое дзяцей (Васільевічы): Канстанцін, н. у 1932, Яўгенія, н. у 1936.

    Канапацкі Яфім Захаравіч, н. у 1907.

    Яшчэ адзін двор — і таксама дзве хаты. Адна сям'я загінула.
    Насковічы, Матрона, н. у 1906, яе дачка Марыя Рыгораўна, н. у 1933.
    Другая сям'я выратавалася літаральна цудам.

    Успамінае былы чыгуначнік Ігнат Ігнатавіч Васілеўскі, жыхар г. Лунінец:

    — Зранку ў вёсцы пачалася мітусня: ўбачылі, што акружаны немцамі. А я актывістам лічыўся. Вось жонка і кажа: ідзі, хавайся, пакуль каго возьмуць, дык цябе першага. Выпаўз праз агарод і закапаўся ў бацвінне. Страшна было: кулі так і лёталі, бо карнікі ж стралялі ў кожнага, хто кінуўся бегчы. Колькі разоў я ў думках развітваўся з жыццём!.. Потым прыпоўз сусед, Трафім Сямёнавіч Паўлюкевіч, які потым расказаў неверагодную гісторыю свайго выратавання.

    Ён таксама ляжаў у разоры паміж градкамі. Назіраў паціху, як нямецкі салдат на кані ездзіў па двары, давіў кур. Потым конь павярнуў на агарод... Падрыхтаваўшыся да смерці, мужык нават вочы заплюшчыў. Але конь не пайшоў на чалавека. Калі Трафім адкрыў вочы, то ўбачыў, што гэты немец сядзіць на лаўцы і плача...

    Праз паўгадзіны да нас прабраўся і брат суседа — Максім Сямёнавіч. Яго сям'ю забілі, самога цяжка паранілі, але здолеў адной рукой акапацца. Мы былі ўпэўнены, што і нашы сем'і спасціг такі ж лёс. Ляжалі, пакуль немцы не знялі ачапленне. Потым я зайшоў у хату, узяў махорку, у суседскай знайшоў кажух, і мы ўтраіх, хаваючыся, ускочылі ў лес.

    Далей працягвае жонка Ігната Ігнатавіча — Еўдакія Фёдараўна Васілеўская, якая перажыла больш страшныя імгненні:

    — Выбегла з дачкой у агарод (двух старэйшых дзяцей і маці забілі), ляжу ў разоры, прыціскаю да грудзей сваю Леначку — ёй два гады было — і толькі прашу: цішэй. Карнікі пабілі ўсіх, хаты пазапальвалі, а потым з'явіліся немцы, што чыгунку ахоўвалі, пачалі кур лавіць. Чую, гаргочуць побач, і думаю: гэта наша смерць. А тут Ленка ўзяла дый устала. Паднялася і я. Яны да нас. Бачу: глядзяць адзін на аднаго, а страляць адмаўляюцца. Тут нашу хату запалілі, а я стаю і хаця б слязінка ўпала... Павялі нас на варту. Далі паўбуханкі хлеба і адпусцілі. Іду той жа дарогай назад, праз карчы ў глінішчах. Бачу, жанчына грудзямі дзіця корміць. Прыгледзелася — мёртвыя абое... Яшчэ забітыя... Але не спынілася, ногі быццам самі неслі. Толькі калі ў лес ускочыла, сасняк пагушчэй знайшла, так і падкасілася. Там мяне і знайшлі аднавяскоўцы. Доўга нікога не пазнавала...

    Васілеўскія (Ігнатавічы): Надзея, н. у 1934, Георгій, н. у 1936.

    Канапацкая Матрона Сямёнаўна, н. у 1881.

    Паўлюкаўцы, Вольга Спірыдонаўна, н. у 1919, яе трое дзяцей (Максімавічы): Лявонцій, н. у 1938, Васіль, н. у 1940, Таццяна, н. у 1942.

    Жонка Трафіма Сямёнавіча — Дар'я схавалася ў глінішчах разам з дочкамі Аленай, Настассяй, Антанінай. Яшчэ двое іх дзяцей загінулі.
    Паўлюкаўцы (Трафімаўны): Марыя, н. у 1932, Кацярына, н. у 1939.
    Цяпер жыве ў Вульцы 1, працуе ў калгасе "Авангард" Аляксей Фядосавіч Канапацкі, які таксама быў на валасок ад смерці. Ён успамінае:

    — Ачапленне заўважыў яшчэ ноччу. Куфар з адзеннем быў закапаны ў мяне ў хляве. Забрахалі сабакі, я й выйшаў праверыць, што здарылася. Бачу — паліцаі навокал... У трывозе дачакаліся ранку. У мяне плот добры стаяў, але вырашыў зламаць яго і схавацца ў агародзе. Там і прыкрыліся ўсёй сям'ёй. Чуем стрэлы, плач, стогн. Потым паліцаі пайшлі з падводамі — колькі ж там было лунінецкіх вазоў! — і пачалі абіраць хаты. Нават бялізну выносілі. Калі крыху сціхла, жонка вазьмі і папрасі: схадзіў бы ты за коўдрай у хату, памерзнуць дзеці. Пайшоў — ледзь на немцаў не натыкнуўся. Схаваўся ў хляве. Пра астатняе расказалі людзі...

    Жонка не дачакалася, пайшла за мной. Тут і схапілі яе карнікі. Так плакала, так прасіла не чапаць дзетак малых... Забілі. Потым падпалілі. Дахі паўсюдна саламяныя, добра гарэлі... Пазбіраў костачкі сям'і, пахаваў, а сам у партызаны падаўся. I на фронце паваяваць давялося — вызваляў Латвію, Эстонію, Польшчу, вайну закончыў у Германіі.

    Канапацкія, Малання Мікалаеўна, н. у 1883, яе нявестка Варвара Андрэеўна, н. у 1917, яе трое дзяцей (Аляксеевічы): Аляксей, н. у 1937, Васіль, н. у 1939, Лідзія, н. у 1941.
    У паўкіламетры ад вёскі стаяла хата старых Нігаціных. Больш чым 80-гадовы гаспадар лічыўся ў Мелясніцы знаўцам тэкстаў Бібліі. I калі хто-небудзь выказваў сумненне ў перамозе над гітлераўцамі, ён пераканаўча заяўляў, святая кніга сцвярджае, што ў гэтай вайне Усход пераможа Захад, так што Чырвоная Армія абавязкова возьме Берлін. Відавочна, за гэтыя выказванні абодвух старых і схапілі гітлераўцы. Яны сядзелі ў турме, а потым былі расстраляны ў г. Лунінец.
    Нігаціны, Васіль Дзям'янавіч, н. у 1860, яго жонка Эмілія Тунінаўна, н. у 1865.

    Васілеўскі Піліп Міхайлавіч, н. у 1887, яго зяць Канапацкі Мікалай Сямёнавіч, н. у 1909.

    Нікога не засталося з сям'і суседзяў:
    Канапацкія: Карней Карпавіч, н. у 1891, яго жонка Вера Максімаўна, н. у 1899, іх дачка Вера, н. у 1924, яе муж Некрашэвіч Якаў, н. у 1920, іх сын Васіль, н. у 1942.
    З успамінаў Марыі Фёдараўны Канапацкай, жыхаркі в. Мелясніца:

    — Я схавалася ў дровах, а муж мой Міхаіл Емяльянавіч, хаця і быў паранены, здолеў збегчы ў лес. У хаце засталася толькі яго маці.

    Канапацкая Яфімія, н. у 1890.
    Трагічна закончылася жыццё Івана Якаўлевіча Канапацкага — 18-гадовага юнака, вывезенага ў Германію. Хтосьці з вяскоўцаў, каму пашчасціла застацца ў жывых, напісаў яму, што "ўся твая вялікая сям'я пайшла да дзеда" (меўся на ўвазе дзед, які памёр да вайны). У роспачы ён закалоў віламі гаспадара. З юнаком жорстка расправіліся фашысты. А потым з яго сябрам, аднавяскоўцам з такім жа прозвішчам, Мікалаем.

    А сям'я Івана сапраўды была вялікая і дружная. Асабліва памятаюць у вёсцы яго бацьку, вясёлага, музычнага мужчыну, пад ігру ў барабан якога любілі танцаваць пяцёра сыноў...

    Канапацкія, Якаў Іванавіч, н. у 1904, яго жонка Фядора Маркаўна, н. у 1906, іх пяцёра сыноў: Іван, н. у 1925, Мікалай, н. у 1928, Іосіф, н. у 1935, Міхаіл, н. у 1937, Канстанцін, н. у 1940.
    У Германію вывозілі яшчэ двух братоў — Аляксея і Уладзіміра Паўлюкаўцоў. Першы здолеў уцячы з цягніка і знайсці партызан, а другому давялося спаўна выпіць долю нявольніка. Цяпер Уладзімір Паўлавіч Паўлюкавец жыве ў Лунінцы, пенсіянер.
    Паўлюкаўцы, Павел Андрэевіч, н. у 1894, яго жонка Агаф'я, н. у 1898, іх трое дзяцей: Лідзія, н. у 1930, Надзея, н. у 1936, Мікалай, н. у 1942.
    Галава наступнай сям'і Васіль Ільіч Паўлюкавец быў на фронце (дзе і загінуў), а яго жонка Ганна Емяльянаўна і двое дзяцей — Валянціна і Васіль — жылі ў гушчыні лесу ў леснічоўцы.

    Пры знішчэнні яшчэ адной сям'і карнікі толькі паранілі гаспадара Івана Емяльянавіча Канапацкага, ён упаў на падлогу, а на яго — забітая жонка. Потым фашысты падпалілі хату, і з-за дыму бацька з трыма сынамі, якія хаваліся пад прыпечкам, непрыкметна збеглі ў лес. Згарэлі ў хаце жонка і маці, дачка і сястра.

    Канапацкія, Марыя Андрэеўна, н. у 1907, яе двое дзяцей (Іванавічы): Канстанцін, н. у 1938, Надзея, н. у 1942.
    Жук Раіса Кірылаўна, якая да пенсіі працавала кандытарам аб'яднання грамадскага харчавання, жыхарка г. Лунінец, з усёй вялікай сям'і засталася адна. Загінулі:
    Канапацкія, Кірыла Мікалаевіч, н. у 1893, яго двое дзяцей: Вера, н. у 1922, Кірыла, н. у 1913, яго жонка Васіліса Емяльянаўна, н. у 1910, іх трое дзяцей: Андрэй, н. у 1937, Сяргей, н. у 1940, Ганна, н. у 1942.
    Другі бок вёскі пачынаўся з хаты сям'і Канапацкіх, якія здолелі схавацца ў лесе да ачаплення вёскі: Юрый Ігнатавіч, яго жонка Антаніна, дзеці Віктар, Мікалай, Аляксей, а старэйшы з сыноў — Васіль — быў вывезены ў Германію.

    А вось суседзі іх амаль усе загінулі. Выратаваліся Кірыл Данілавіч Канапацкі (невядомы лёс яго брата Уладзіміра) і Сцяпан Навумавіч Калешка (потым ён загінуў на фронце), якія начавалі ў хляве, пачулі нямецкую гаворку і здолелі схавацца ў лесе, ды Якаў Андрэевіч Паўлюкавец паспеў выйсці да ачаплення, пакінуўшы жонку і прыёмных сыноў (а лёс яшчэ аднаго яго пляменніка Міхаіла Емяльянавіча Канапацкага не высветлены).

    Канапацкія, Праскоўя, н. у 1880, брат яе мужа Трафім Кірылавіч, н. у 1890, яе сын Георгій Данілавіч, н. у 1930, яе нявестка Антаніна Максімаўна, н. у 1916, з двума дзецьмі (Кірылавічамі): Ніна, н. у 1939, Мікалай, н. у 1942.

    Калешкі, Ганна Піліпаўна, н. у 1918, яе двое сыноў (Сцяпанавічы): Васіль, н. у 1936, Іван, н. у 1939, яе пляменніца Васілеўская Ганна Фёдараўна, н. у 1927.

    Паўлюкаўцы, Надзея Іванаўна, н. у 1905, яе чацвёра сыноў (Емяльянавічы) Васіль, н. у 1929, Аляксей, н. у 1932, Канстанцін, н. у 1935, Мікалай, н. у 1941.

    Сяргей Ерамеевіч Паўлюкавец, цяпер жыхар г. Пінска,у той час знаходзіўся ў палоне з 1939 г. як салдат польскай арміі. Загінулі яго бацькі.
    Паўлюкаўцы, Ерамей Лявонавіч, н. у 1880, яго жонка Пелагея Мікалаеўна, н. у 1880.
    З успамінаў Ульяны Сямёнаўны Васілеўскай, жыхаркі в. Мелясніца:

    — Мой муж, Павел Сямёнавіч, і муж сястры Андрэй Емяльянавіч Канапацкі, таксама былі ў палоне. Я з дочкамі Ганнай, Настассяй, Раісай і сынам Аляксеем схавалася ў глінішчах. Пашанцавала — не выявілі карнікі нас. А вось пляменніцу маю, што схавалася ў сене, знайшлі і расстралялі. I з суседняй хаты, дзе жыла сястра, усіх знішчылі. Яе ж муж пасля вайны застаўся ў Польшчы.

    Васілеўская Ганна Іванаўна, н. у 1927.

    Канапацкія, Тэкля Сямёнаўна, н. у 1916, яе двое дачок (Андрэеўны): Рая, н. у 1939, Ганна, н. у 1940.

    З успамінаў былой калгасніцы калгаса "Авангард" Васілісы Піліпаўны Канапацкай, жыхаркі г. Лунінец:

    — Мужык закрыў мяне з дзецьмі ў хляве, а сам схаваўся на пакоце ў хаце, дзе застаўся і Мой бацька. Сяджу ні жывая ні мёртвая. Заходзяць паліцаі, агледзеліся і рагочуць:

    "Нічога, як запалім, самі павылазяць". Адышлі яны, а я за дзяцей, ды ў склеп перабеглі. Вось толькі суседскі чатырохгадовы хлопчык вырваўся неяк і пабег, крычаў: мамку шукаць. Ну, што тут зробіш?.. Сядзелі мы ціхенька. Бачым: фурманак панаехала, дабро наша забіраць. Потым пабудовы пачалі гарэць. I тут такая страляніна пачалася — людзі са сховішчаў палезлі з агню... Калі сціхла, павяла дзяцей у лес. А пра мужыка суседзі расказалі. Ён з пакоту праз плот скочыў і так далёка ўжо адбег, амаль цераз усё поле, але дагнаў яго паліцай і застрэліў.

    Адроджаная Мелясніца значна меншая па памерах. На пачатку вёскі стаіць абеліск у памяць аб забітых і спаленых чорным днём 1 кастрычніка 1943 года.

    Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе "Хатынь".

    Калгас "Лунінскі"
    Вёска Лунін

    Абравец Іван Паўлавіч, н. у 1910.

    Абравец Міхаіл Мікалаевіч, н. у 1895.

    Багданаў Аляксей Фёдаравіч, н. у 1889, дэпутат Народнага Сходу Заходняй Беларусі.

    Багданец Антон Раманавіч, н. у 1902.

    Багданец Максім Раманавіч, н. у 1908.

    Багданец Мікалай Ігнатавіч, н. у 1918.

    Борыс Валянціна, н. у 1918.

    Дземянчук Апанас Іванавіч, н. у 1898.

    Дударга Аляксандр Сямёнавіч, н. у 1916.

    Дударга Васіль Іванавіч, н. у 1893.

    Дырман Мікалай Фёдаравіч, н. у 1916.

    Дырман Міхаіл Іванавіч, н. у 1914.

    Жук Васіль Ігнатавіч, н. у 1925, да вайны вучыўся ў гімназіі, быў выдатнікам.

    Жук Еўдакія Ігнатаўна.

    Жук Іван Дзмітрыевіч, н. у 1898.

    Зяленскі Францішак, наляк, арганіст касцёла.

    Ільючык Васіль Данілавіч, н. у 1916.

    Карпец Аляксандр Раманавіч, н. у 1915.

    Карпец Марыя Іванаўна, н. у 1916.

    Карпец Майсей Несцеравіч, н. у 1901.

    Карпец Пётр Данілавіч, н. у 1913.

    Карпец Раман Парфёнавіч, н. у 1886

    Карпец Яфім Данілавіч, н. у 1925.

    Карпуковіч Васіль Яфімавіч, н. у 1886.

    Карпуковіч Фёкла Антонаўна.

    Кезь Сцяпан Лаўрэнцьевіч, н. у 1897.

    Корчык Майсей Апанасавіч, н. у 1898, з лютага 1917 служыў у славяна-сербскім пп, з 1919 — у 52 сп РСЧА, кулямётчык станковага кулямёта, з 1939 — старшыня Лунінецкага с/с, у ліпені 1942 расстраляны гітлераўцамі як савецкі актывіст на месцы масавых расстрэлаў Баханова ў г. Лунінец.

    З успамінаў дачкі загінуўшага Надзеі Майсееўны Корчык, жыхаркі в. Лунін:

    — Майго бацьку заўсёды вызначала актыўная палітычная пазіцыя. Яшчэ пры Польшчы атрымліваў з Расіі газеты, займаўся падпольнай работай, быў арыштаваны польскай паліцыяй, але здолеў збегчы. З радасцю сустрэў уз'яднанне ў 1939 і пачаў заўзята працаваць на будаўніцтве новага жыцця.

    З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі садзейнічаў барацьбе з ворагам. Потым дапамагаў партызанам, удзельнічаў у сходах падпольшчыкаў у царкве вёскі Бастынь. Гэта не магло застацца не заўважаным. Адчуваючы небяспеку, бацька стаў на ноч хавацца ў лесе. Аднойчы раніцай маці прыбегла з папярэджаннем: пачаліся арышты падпольшчыкаў, не вяртайся ў вёску, перачакай у лесе. Але гэта яго быццам падштурхнула: "Не магу адчуваць сябе спакойна, калі схоплены мае хлопцы. Я павінен быць разам з імі". Як ні маліла маці, як ні прасіла не пакідаць сіротамі малых дзяцей, ён не паслухаўся, прыйшоў у вёску і здаўся немцам.

    Кажуць, што іх саміх прымусілі выкапаць сабе магілы. А потым расстрэльвалі па пяць чалавек.

    Корчык Рыгор Парфёнавіч, н. у 1910.

    Корчык Трафім Іванавіч, н. у 1903, член камісіі па раздзелу памешчыцкай зямлі, расстраляны як савецкі актывіст на месцы масавых расстрэлаў Баханова ў г. Лунінец.

    Лабко Іван Андрэевіч, н. у 1942.

    Лабко Міхаіл Іванавіч, н. у 1893.

    Лабко Надзея Ігнатаўна, н. у 1909.

    Лабко Ульяна Андрэеўна, н. у 1877.

    Мельянец Іван Антонавіч, н. у 1914.

    Мельянец Майсей Фёдаравіч, н. у 1898.

    Мяховіч Фёдар Раманавіч.

    Палуян Канстанцін Фаміч, н. у 1889.

    Парфёнчык Іван Мікалаевіч, н. у 1903.

    Пяскоўскі Міхаіл Данілавіч, н. у 1911.

    Рамановіч Ігнат, н. у 1890, вязень Лунінецкага канцлагера, загінуў пры пераводзе ў г. Ліду.

    Савіловіч Антон Адамавіч, н. у 1907.

    Саковіч Мікалай Іванавіч, н. у 1921.

    Сахвон Ігнат Андрэевіч.

    Сахвон Матрона Раманаўна, н. у 1894.

    Сахвон Самуіл Анісімавіч, н. у 1909.

    Сацкевіч Мікалай Паўлавіч, н. у 1897

    Сацкевіч Міхаіл Людвігавіч, н. у 1902.

    Селюжыцкая Настасся, н. у 1898.

    Селюжыцкі Аляксандр Клімавіч, н. у 1914.

    Сідаровіч Мітрафан Адамавіч, н. у 1906.

    Трухноў Аляксей Антонавіч.

    Трухноў Майсей Ануфрыевіч, н. у 1880.

    Трухноў Максім Майсеевіч.

    Трухноў Міхаіл Якаўлевіч, н. у 1912.

    Трухноў Піліп Якімавіч, н. у 1878.

    Трухноў Уладзімір Паўлавіч, н. у 1920.

    Трухноў Цімафей Барысавіч, н. у 1895.

    Труш Якаў Данілавіч, н. у 1891, яго жонка Домна Нічыпараўна, н. у 1888, іх двое дачок: Вольга, н. у 1929, Зося, н. у 1931, пасля вызвалення з Германіі войскамі саюзнікаў загінулі пры аварыі англійскай машыны, пахаваны ў г. Серб (Польшча).

    Хіц Валянцін Пятровіч.

    Хлуд Антон Адамавіч, н. у 1878, паляк.

    Хлуд Майсей Карпавіч, н. у 1893.

    Хлуд Максім Антонавіч, н. у 1907.

    Хлуд Сяргей Пятровіч, н. у 1920, вывезены ў Германіюў 1942.

    З успамінаў брата загінуўшага Івана Пятровіча Хлуда, жыхара в. Лунін:

    — Аднавяскоўцы, якіх вывозілі разам з братам, расказвалі, калі вярнуліся пасля вызвалення, што ў Сяргея былі дзве няўдалыя спробы ўцячы з канцлагера, а пры трэцяй — брата застрэлілі.

    Цімашэй Даніла Кліменцьевіч, н. у 1922.

    Цімашэй Пётр Іванавіч, н. у 1922.

    Цімашэй Рыгор Фаміч.

    Цімашэй Сцяпан Пятровіч, н. у 1924.

    Шановіч Сяргей Якаўлевіч.

    Шановіч Якаў Іванавіч, н. у 1899.

    Шымко Кліменцій Лявонцьевіч, н. у 1897.

    З успамінаў Генадзя Аляксандравіча Плешкі, жыхара в. Лунін:

    — Прыгожым сонечным днём, да таго ж у нейкае рэлігійнае свята, група моладзі гуляла па Луніну, калі заўважылі мітусню паліцэйскіх вакол былога польскага пастарунку, дзе ў час акупацыі размяшчалася нямецкая ўправа. Юнакі вырашылі паназіраць за развіццём падзей. Хутка з боку Багданаўкі паявіліся 10 эсэсаўцаў на адборных, белай масці, конях. На немцаў таксама было прыгожа паглядзець: аднолькавага высокага росту, у хромавых ботах і светла-зялёных мундзірах, на пілотках кукарда: чалавечы чэрап з перакрыжаванымі касцямі, такі ж знак — на пярсцёнках на руках. Іх камандзір добра ведаў польскую мову (казалі, што ён быў не стопрацэнтны арыец, а так званы фольксдойчэ: бацька — немец, маці — полька), насіў "Жалезны крыж". Відаць, гэтая група добра ведала сваю справу. Прывязаўшы коней ля агароджы ўправы, немцы разам з паліцэйскімі пачалі выганяць яўрэяў-мужчын і іх сыноў з хат і сагналі ў былую польскую школу. Потым на працягу 30 хвілін загадалі іх сем'ям прынесці ў якасці выкупу 250 грамаў залатых і 200 грамаў сярэбраных рэчаў. Відавочна, цалкам выканаць гэты ўльтыматум яўрэі былі не ў стане, але частку каштоўнасцей яны прынеслі.

    Амаль адразу ж пасля гэтага з'явілася другая група немцаў, ужо ў чорных мундзірах, на чорных конях. Першыя коннікі накіраваліся ў бок Лунінца, быццам выканаўшы сваю частку справы. А гэтыя новыя 10 салдат павялі гаротных яўрэяў у сад. Так у вёсцы называлі месца, дзе на тэрыторыі былога маёнтка лунінскага пана размяшчалася аранжарэя.

    Яўрэяў раздзялілі на тры групы і хутка абшукалі, забралі гадзіннікі, грошы, пярсцёнкі, дыхтоўнае адзенне. Знойдзеныя дакументы тут жа спалілі. Потым адвялі пад гару, усё далей ад вёскі, ударамі прымусілі легчы на зямлю тварам да яе і пачалі страляць у патыліцу.

    Упэўніўшыся, што ўсе ахвяры мёртвыя, карнікі селі на коней і накіраваліся той жа дарогай. У канцы вёскі ім на вочы трапіў стары яўрэй з малітоўнай кніжкай, якога забілі на хаду. Ніхто ў Луніне не ведаў, хто быў гэты чалавек і якім чынам ён тут аказаўся.

    Пасля ад'езду карнікаў асмялеўшыя юнакі бліжэй падабраліся да месца трагедыі. Забітыя ляжалі трыма радамі, бацькі і мёртвыя абдымалі сыноў, іншыя трымалі адзін аднаго за рукі. Некаторыя былі паўголымі, а адзенне валялася вакол. Пад наглядам паліцэйскага выпадкова затрыманыя людзі выкапалі яму, у якой пахавалі загінуўшых.

    Некаторы час аб гэтай магіле клапаціўся жыхар Лунінца Бромберг, чые бацька і дзядзька тут пахаваны.

    Бромберг, Сімка, яго два сыны Ідл і Блюме.

    Вельвель.

    Гіцельман Мошэ.

    Гульман Залман Аўрамавіч.

    Гульман Іешуа, яго два сыны Эфроім і Мошэ.

    Кішнер Ідл.

    Луцкі Невах.

    Мерын.

    Найман Лейзер.

    Рымар Ведзіамін Ашэравіч, яго сын Ашэр.

    Флаксман, Зорух, яго два сыны Іосеф і Арон.

    Шмігель Хаім.

    Імёны яшчэ чатырох чалавек невядомы.

    Калгас імя Фрунзе
    Вёска Дубаўка

    Гітлераўцы спалілі вёску Дубаўка ў 1943, а мірных жыхароў, абвінавачаных у садзейнічанні партызанскаму руху, расстралялі. На могілках, дзе пахаваны загінуўшыя, у 1991 узведзена стэла.

    Галяковіч Міхаіл Паўлавіч, н. у 1929.

    Драбовіч Андрэй Апанасавіч, н. у 1909.

    Драбовіч Мікалай Максімавіч, н. у 1927.

    Драбовіч Сцяпан Андрэевіч, н. у 1929.

    Драбовіч Уладзімір Андрэевіч, н. у 1930.

    Каліноўскі Дзмітрый Уладзіміравіч, н. у 1931.

    Каліноўскі Максім Яфімавіч, н. у 1907.

    Каховіч Якаў Сцяпанавіч, н. у 1900.

    Каховіч Яфім Аляксандравіч, н. у 1903.

    Кошэль Павел Іванавіч, н. у 1930.

    Макаловіч Іван Гаўрылавіч, н. у 1900.

    Макаловіч Майсей Харытонавіч, н. у 1884.

    Мацкевіч Марк Пятровіч, н. у 1906.

    Пятровіч Андрэй Гаўрылавіч, н. у 1874.

    Пятровіч Дзмітрый Андрэевіч, н. у 1927.

    Пятровіч Кандрат Андрэевіч, н. у 1904.

    Роен Войтэк Францавіч, н. у 1911, паляк.

    Сідарчук Антон Францавіч, н. у 1890.

    Сідарчук Дзмітрый Аляксеевіч, н. у 1900.

    Сідарчук Мікалай Дзмітрыевіч, н. у 1929.

    Труш Кацярына Сцяпанаўна, н. у 1909.

    Труш Павел Пятровіч, н. у 1880.

    Удовін Аляксандр Сямёнавіч, н. у 1912.

    Удовін Іван Савіч, н. у 1880.

    Удовін Іосіф Цітавіч, н. у 1931.

    Удовін Павел Адамавіч, н. у 1929.

    Ужыцкі Іван Пятровіч, н. у 1932, паляк.

    Юрко Сцяпан Іванавіч, н. у 1906.

    Юрко Якаў Піліпавіч, н. у 1922.

    Юрко Яфім Паўлавіч, н. у 1919.

    Вёска Лобча
    Антановіч Аляксандр Піліпавіч , н. у 1925.

    Антановіч Якаў Васільевіч, н. у 1926.

    Слушнік Трафім Мікалаевіч, н. у 1925.

    З успамінаў аднавяскоўцаў, запісаных вучнямі Лобчанскай СШ:

    — Да вайны ўсе трое займаліся сельскай гаспадаркай. З пачаткам нямецка-фашысцкай акупацыі прымусова працавалі на чыгунцы. У 1943 пасля партызанскай дыверсіі на чыгунцы расстраляны як заложнікі.

    Грыб Мацвей Дзмітрыевіч, н. у 1911.

    Грыб Міхаіл Іванавіч, н. у 1902.

    Кавалец Томаш Андрэевіч, н. у 1922.

    Кавалец Уладзімір Аляксеевіч, н. у 1924.

    Кавалец Фёдар Паўлавіч, н. у 1922.

    Калесніковіч Мікалай Паўлавіч, н. у 1926, загінуў у 1942, дапамагаючы партызанам пры мініраванні чыгункі.

    Корчык Уладзімір Ігнатавіч, н. у 1908.

    Макарэвіч Міхаіл Аляксеевіч, н. у 1907.

    Савіч Міхаіл Апанасавіч, н. у 1912.

    Савіч Пётр Апанасавіч, н. у 1906.

    Цонікі, Міхаіл Пятровіч, н. у 1923, вывезены на прымусовыя работы ў Германію ў 1943, памёр 15.10.1944 у рабочым лагеры Ватэнстэнд I камендатура АБГ (II) г. Нойтома (Германія), яго брат Рыгор Пятровіч, памёр 5.08.1945 у перасылачным лагеры Добін (Германія).

    Якавец Піліп Раманавіч, н. у 1911.

    Якавец Трафім Андрэевіч, н. у 1921.

    На верх старонкі



    А. Ф. Багданаў


    Помнік загінуўшым яўрэям у в. Лунін