Спампаваць абноўленую кнігу ў pdf з дадаткам

Ілюстрацыі для абноўленай кнігі

Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

„Вы раскрытую книгу природы
Разучились читать по складам
Эти рощи, поляны и воды
Пригляделись до устали вам.
………………………………………
 Возвратите себе, что когда-то
 Суетливая жизнь унесла
 И в победном пожаре заката
 Хоть на миг, но сгорите дотла...“
   Всеволод Рождественский


Светлай памяці нашай дарагой
дачкі Марыны прысвячаем

2018 год — год малой Радзімы ў Беларусі!
Брашура з’яўляецца дыпламантам міжнароднага конкурса імя В. В. Біянкі 2017 года ў намінацыі — публіцыстыка.
Нашу асабліваую ўдзячнасць і найлепшыя пажаданні выказваем Леаніду Яраслававічу Пракопчыку, Аляксандру Мікалаевічу Касцюку, Георгію Уладзіміравічу Курыловічу і Раману Леанідавічу Шабуня, а таксама А.П Пракапчуку — майстру лесу Лунінецкага лясніцтва, выкладчыцам беларускай мовы і літаратуры Лунінецкага дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці Л.П. Каховіч і СШ №2 г. Лунінца С.А. Гардзіевіч., а таксама паэту, краязнаўцу, ветэрану педагагічнай працы, журналісту і даследчыку “даўніны глыбокай” нашай Лунінеччыны — Сцяпану Паўлавічу Нефідовічу, якога прашу лічыць нашым суаўтарам.

Шчырую ўдзячнасць выказваем супрацоўнікам Лунінецкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за кансультацыі да брашуры-даведніка, а таксама ўсім тым, хто мае дачыненне да выдання гэтага даведніка.

Удзячны нашаму пастаяннаму дабраахвотнаму памочніку і нашаму вучню Сяргею Антонавічу Сахвону, за магчымасць чытаць вынікі нашай працы ў інтэрнэце.

Дызайн даведніка — Дз. М. Чарнавокі
Фотаздымкі Панасюка І. А., а таксама Дзмітрыя Чарнавокага і Сяргея Карпуковіча

Кароткая інфармацыя брашуры-даведніка можа быць выкарыстана выкладчыкамі навучальных устаноў Лунінеччыны на уроках, лекцыях; пры падрыхтоўцы пазакласных мерапрыемстваў, у часы факультатыўных заняткаў. Можа быць дапаможнікам у гуртковай рабоце з вучнямі школ і з навучэнцамі гімназій, ліцэяў і каледжаў гарадоў Лунінец і Мікашэвічы.

З найлепшымі пажаданнямі аўтары-складальнікі брашуры,
ветэраны педагагічнай працы — І. А. і Л. К. Панасюкі.

Людзі ў храмы ідуць спавядацца.
А я споведзь прыму
Перад белай бярозай,
Перад белай лілеяй,
Перад белым буслом,
Перад Белаю Руссю.

С. П. Нефідовіч, в. Любань

Кароткі даведнік аб прыродзе нашага роднага краю — гэта магчымасць яго аўтараў давесці да ведама зацікаўленых людзей вынікі сваіх шматгадовых назіранняў, знаёмства з пэўнай літаратурай, а дзе-небудзь і выказаць свае ўласныя думкі на конт узаемадзеяння прыроды і чалавека.

Даведнік не мае сваёй мэтай даць поўную характэрыстыку нашага раёна, ён хутчэй толькі дакранаецца да вельмі вялікай тэмы „Прырода Палесся“. Тэма гэта чакае свайго больш дасведчанага аўтара-даследчыка. Аднак мы спрабуем расказаць вам аб тым, якія рэчкі працякаюць каля нашых вёсак, што ўяўляе сабой наша лясная гаспадарка, асушаныя землі, балоты, якія яшчэ захаваліся. Чырвонай ніткай праз усе апісанні пройдзе тэма, якую аўтары лічаць вельмі важнай — гэта нашы прыродаахоўваемыя тэрыторыі: заказнікі і помнікі прыроды, якіх у нас з кастрычніка 2016 года ужо 6: 4 заказнікі і 2 помнікі прыроды.

Дарэчы, гэта не першая кніга, у якой пойдзе гаворка аб непаўторнай прыродзе нашага Лунінецкага краю. Так у папярэднія гады выйшлі з друку некалькі кніг і брашур, прысвечаных гэтай тэматыцы. Вось іх пералік:

“Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна”, Панасюкі І. А. і Л. К., Пінск; Мінск (1999, 2000, 2002) гг.;
„Лунінецкі раён: Чырвоны сшытак. Прырода і ахоўныя тэроыторыі“ Панасюк Л. К., Пінск 2002 г.;
„Kreis und Stadt Luninez”, Панасюк І. А. Шенефельд, ФРГ. (2001 г.);
„Чырвоны сшытак Лунінецкага раёна“, Панасюк Л.vК., Пінск 2002 г.;
„Велута“, Панасюк І. А., Пінск (2006 г.);
„Палессе маё Лунінецкае“, Панасюк І. А., Панасюк Л. К., Яраховіч У. І., Пінск (2007 г.);
Брашура-дадатак да зборніка „Велута“ — „Урочышчы і мясціны, блізкія і далёкія, вакол в. Валута“ Панасюк І. А., Пінск (31.08.2012 г.)
У Брэсцкай друкарні, снежні 2013 года выдадзены зборнік „Навасёлкі Лунінецкія“, Панасюк І. А.,
дзе таксама ёсць старонкі, прысвечаныя наваколлям вёскі і вадасховішчу „Велута“, вакол якога з кастрычніка 2016 года на дзяржаўным узроўні было вырашана аднавіць водна-балотны заказнік мясцовага значэння, які існаваў у 80-я гады ХХ стагоддзя. Цяпер яго роля і значэнне пашыраны і больш канкрэтызаваны: зберагчы невялікія тэрыторыі (больш за 2000 га.) балот, з іх фаўнай і флорай на тэрыторыі Навасёлкаўскага лясніцтва. Ён размяшчаецца паміж вёскамі Малькавічы і Ліпск Ганцавіцкага раёна, а таксма вёскамі Люшча, Навасёлкі і Велута Лунінецкага раёна.

У даведніку змешчаны кароткія гістарычныя звесткі аб пачатку меліярацыі Палесся канца XIX стагоддзя, а таксама аб працягу гэтых работ у 60-80 гады XX стагоддзя. Даведнік рэкамендаваны ў большай ступені вучням сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, класным кіраўнікам для правядзення гутарак на тэму: „Мой родны край...“ Ён можа зацікавіць і проста аматараў прыроды роднага краю. Ім змогуць карыстацца юныя краязнаўцы, сапраўдныя сябры прыроды з мэтай пашырэння сваіх ведаў аб малой Радзіме — Лунінеччыне. Мы чытаем кнігі, вывучаем у школе геаграфію, батаніку, заалогію, глядзім тэлеперадачы аб раслінным і жывёльным свеце далёкіх заморскіх краін, але вельмі часта не заўважаем хараства і прыгажосці нашага роднага краю, не ўсведамляем і не ведаем, што расце побач з нашым домам, школай, якія расліны і птушкі знаходзяцца з намі на адлегласці працягнутай рукі…

Даведнік не прэтэндуе на навуковае абгрунтаванне, але будзе карысны для тых, хто шчыра любіць свой край, хто дапамагае зберагчы яго прыроду непаўторнай на доўгія гады, хто хоча пакінуць хараство тым, хто будзе жыць у 3-м тысячагоддзі. Дэвіз даведніка — прачытай, раскажы малодшым, перадай іншым. Карыстаючыся дадзеным мне выпадкам, выказваю сваю шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы чарговай кнігі — Панасюк Ларысе Канстанцінаўне, ветэрану-педагагічнай працы, а таксама былому выпускніку школы № 2 г. Лунінца, эколагу завода „Палессеэлектрамаш“, Яраховічу Уладзіміру Іванавічу; нашым пастаянным добраахвотным памочнікам Аляксандру Паўлавічу Пракапчуку, фотамайстру Сяргею Карпуковічу, фотамайстру і дызайнеру Дзмітрыю Чарнавокаму.

Панасюк І. А., настаўнік-ветэран СШ № 2 г. Лунінца,
член ГА „Ахова птушак Бацькаўшчыны“.

Да чытачачоў

Паважаныя чытачы, не спяшайцеся абыякава адкласці маленькую брашуру, якую ўзялі ў рукі, уважліва прачытайце яе. Аўтары яе кіраваліся высакароднай мэтай звярнуць увагу нашых землякоў да таго, што знаходзіцца зусім блізка, не ў далёкіх экзатычных краінах. У кніжцы апісаны мясціны блізкія і знаёмыя. Блізкія не толькі па адлегласці, а блізкія сэрцам нашым. Тут жылі нашы продкі. Не разбэшчаныя сучаснымі навукамі, яны аднак ведалі, што на зямлі, якую яны апрацоўваюць, будуць жыць іх дзеці, унукі і праўнукі, і працавалі на ёй, зыходзячы з гэтай простай мудрасці. Яны пакінулі нам чыстую ваду, глебу, паветра і лес, а якімі ім быць у будучым, залежыць сёння ад нас. Хачу нагадаць, што ў нашым раёне пакуль ёсць краявіды далёкай мінуўшчыны. Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя Палессе адзначалася, як унікальны куток прыроды. Хто з нас не адчуваў пад нагамі ў лесе мяккую імшыстую посцілку, не схіляўся над кусцікам з чорнымі ягадамі буякоў, не ўдыхаў такі знаёмы з дзяцінства водар багуна?.. А наш позірк, кінуты ўдалячынь, лавіў знаёмыя сілуэты вольхі, бярозы, хвоі. Калі пералічваць расліны, якія сустракаюцца ў нас у сваім прыродным, а не паркавым выглядзе, чаму ж не згадаць каліну звычайную, парэчку чорную, крушыну ломкую, разнастайныя асокі, шабельнік, маннік, капытнік. Наогул, наш Палескі разназёл надзвычай багаты.

Можа, давайце перастанем захапляцца тым, што мы бачым там, на Захадзе, а навучымся ганарыцца сваім, што яшчэ не паспелі разбурыць, асушыць, высекчы і атруціць. Паспрабуем зберагчы гэта для нашчадкаў. Адчуем сябе гаспадарамі, возьмем на сябе вялікую адказнасць зберагчы тое, што можа з’яўляцца прадметам гонару нацыі — наша роднае Палессе, якое знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы. У прыродзе ўсё вельмі разумна павязана, нельга захаваць журавіны, калі знікнуць расліны, што акружаюць іх, так званыя хваёва-кусцікавыя і сфагнава-кусцікавыя супольнасці. Адвечныя спадарожнікі і клапатлівыя вартаўнікі журавін — багуновыя балоты, бярэзнікі ды саснякі-чарнічнікі.

Ад нас з вамі патрэбна толькі адно: не шкодзіць, ахоўваць прыродныя кладавыя ад саміх сябе, гаспадарыць з розумам. I тады лес, балота, поле будуць частаваць нас смачнай, духмянай, дыетычнай ягадай. Шаноўныя дарослыя, тое, якім паветрам мы дыхаем, якую ваду п’ем, якія рэчывы глытаем разам з вітамінамі капусты, морквы, бульбы і іншай гародніны, залежыць і ад вас. Са школьнай праграмы мы засвоілі, што экалогія — гэта навука аб узаемных адносінах чалавека і прыроды. Зыходзячы з гэтых адносін, навакольнае асяроддзе можа спрыяць нашаму здароўю або шкодзіць яму. Навакольнае асяроддзе ўключае ў сябе і тое, чым мы дыхаем, і тое, што мы п’ем, і тое, што скарыстоўваем у ежу.

Дапамажам прыродзе залячыць раны — невычэрпнага багацця наша родная прырода не мае!

Да увагі чытачоў! У канцы даведніка ёсць кароткі тлумачальны слоўнік.

Настаўніца біялогіі СШ № 2 г. Лунінца,
ветэран педагагічнай працы, Л. К. Панасюк

Далей