Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Краязнаўчая старонка: „Ведай свой край!“

З дазволу краязнаўцы, настаўніка роднай мовы і літаратуры Любанскай СШ, настаўніка-ветэрана, этнографа, паэта і пісьменніка, журналіста Сцяпана Паўлавіча Нефідовіча, размяшчаем яго цікавы краязнаўчы матэрыял, які быў надрукаваны ў газеце „Информ-Прогулка“ ад 26 лютага 2015 года, пазней выданы асобнай брашурай. Ад чытачоў і нас асабіста выказваем Сцяпану Паўлавічу шчыры дзякуй і самыя найлепшыя пажаданні ў яго высокароднай справе на ніве нашага Лунінецкага краязнаўства!

Назвы Зямлi Лунiнецкай

В. Любань. Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч 27.02.2015 / 09:00

Кожны з нас мае сваю маленькую радзіму — месца, дзе нарадзіўся, дзе прайшлі дзіцячыя ці і пазнейшыя гады. І куды ні закіне нас лёс, як ні складзецца жыццё, а ў памяці як нешта святое і светлае застаюцца нашы родныя горад і вуліца, ці вёска з навакольнымі ўрочышчамі, палямі і сенажацямі, блізкая рэчка або лес. І ў кожнага з пералічаных геаграфічных аб’ектаў маецца назва. Яна — народная, гэта значыць дадзена людзьмі мінулых пакаленняў. Некаторыя найменні прыдуманы нашымі даўнімі продкамі, што жылі тысячы гадоў таму.

Але назвы не ўзніклі без дай прычыны, яны абавязкова адлюстроўваюць нейкія асаблівасці прыроднага асяроддзя ці ўмоў вытворчай дзейнасці людзей таго часу, калі ўзнікла назва. Найбольш бывае, што ўжо даўно знікла першапачатковая аснова, а найменьне сведчыць, што тое было. Напрыклад, Рудня, Смалярня. Сотні гадоў ўжо там не здабываюць ці не плавяць руду, не „кураць“ смалу, а назвы не зніклі. Ці ўрочышча Дубіч. Раслі там дубы, а зараз чыстае поле, але назва захавалася. Гавораць самі за сябе назвы Пяскі, Серадзібор’е, Міжлессе, Вострава, Падбалоцце, Залессе і г.д. Каля Перунова знаходзіцца невялікі пасёлак Пцічнік. У 1960-х гадах там месціліся калгасныя куратнікі, яны даўно расфарміраваны, а назва гучыць. А крыху раней (у 50-х гадах) каля Чэрабасаўкі вырошчвалі сярэднеазіяцкую расліну кок-сагыз, і месца іменавалі „Каксагызішча“. Выраслі новыя пакаленні людзей, назва забылася, і ўрочышча застаецца безыменным.

Ёсць аб’екты, пра якія маюцца дакладныя звесткі, ад чаго пайшла назва і нават дата ўзнікнення (напрыклад, пасёлак Палескі, Барсукова, Чэрабасава і размешчаныя між імі вёскі).

Пра некаторыя назвы мы даведваемся з легендаў ці паданняў. Так вядома, што ў даўнія часы рака Лахва валодала загадкавай з’явай — вампірызмам, за што святары праклялі яе і далі назву Смерць. Пазней назва трансфармавалася ў Смердзь. Ды і найменне балота Сваха асноўваецца на паданні: у час нейкага нашэсця ворагаў людзі з Багданаўкі і Бастыні схаваліся ў балотным абшары. Пакуль там жылі, яны не толькі пазнаёміліся, але і парадніліся — былі сасватаны дзве ці тры пары. Мясціну тую і назвалі „Свахай“.

Ёсць шмат выпадкаў, калі на месцы нейкіх урочышчаў узнікае новы аб’ект, што паглынае дзясяткі найменняў. Не кожны ведае, што на месцы РУП „Граніт“, кар’ера і порта знаходзіліся сітніцкія ўрочышчы „Прэсніц, Чэрэпаха, Корыцішчэ, Подлесье, Крыва Ніва, Бозок, Целюстка, Заплесье, Горовата, Конюхоў Лес і Зады“. Такі ж лёс напаткаў сотні ўрочышчаў, што трапілі пад меліярацыйныя і польдэрныя плошчы.

Шмат хутароў, сенажацяў, водных аб’ектаў, што ў дасавецкі час належалі ўласнікам (а іх даўно ўжо няма ў жывых), назвамі напамінаюць пра тых людзей: Панасаў Бераг, Гараськаў хутар, Базылёва ямка, Сінкевічы, Мікашэівчы і г.д. Адлюстравана ў тапонімах і водгулле гісторыі: Татарскія брады, Шведская магіла, Відуш-гара, Маяковыя горы…

Багата таямніц хаваюць у сабе найменні гарадоў і вёсак Лунінеччыны. Варта толькі ўнікнуць у іх, і можна глыбей спазнаць сваё мінулае. Прапанаваны тапанімічны слоўнік дапаможа разабрацца з гісторыямі ўзнікнення родных вам назваў.

1. Азярніца (Езерніца). На старонках дакументаў упершыню паселішча згадваецца ў 1588 годзе. Па сэнсе назва паходзіць ад слова „возера“. Магчыма, і быў у даўнія часы такі вадаём, які з цягам часу ў мясцовым рэльефе згладзіўся. Але верагодней, у аснову назвы лягло слова мінулых часоў „зярніца“, што значыць — урадлівая хлебная ніва. Ды і спрадвек жыхароў вёскі называлі не азярнічанін і азярнічанка, як калі-нікалі называюць і сёння, а зярнюк, зярнічанка або ласкава — зярнючка. Першы ўспамін вёскі — 1588 г.

2. Багданаўка (Багданіўка). У аснове назвы вёскі ляжыць імя Багдан — першапасяленец, род якога заснаваў тут паселішча і імя яго ўславіў на вякі. Бытуе і паданне, што нейкія ўцекачы, ратуючыся ад ворагаў ці ад пана, брылі па лесе, і раптам адкрылася ніўка: Бог даў ніўку. І заснавалі Багданіўку. Першы ўспамін вёскі — 1800 г.

3. Баравікі. Вёска заселена на грыбным месцы ляснога (баравога) масіву. Першы ўспамін вёскі — 1785 г.

4. Бараўцы. У аснове назвы ляжыць слова “бор”. Першапачатковае найменне паселішча м Бароўня, у дакументах за 1800 год — Бараўня (8 хат). Першы ўспамін вёскі — 1795 г.

5. Барсукова. Названа па прозвішчы агранома-каморніка В.Барсукова, які ў 1906—1907 гадах праводзіў тут разбіўку банкаўскай зямлі на хутары. Першы ўспамін вёскі — 1908 г.

6. Бастынь (Бастыня). У аснове тапоніма ўстарэлы тэрмін “самавольнае пасяленне” ці “самавольны захоп зямлі”.П. У. — 1450 г.

7. Белае Возера. Вёска аднайменна назве воднага аб’екта, на беразе якога месцілася. Знішчана фашыстамі 19 студзеня 1944 года. Не адноўлена пасля вайны. Першы ўспамін вёскі — 1835 г. Спалена фашысцкімі захопнікамі ў 1944 годзе. Сёння там знаходзіцца лагер адпачынка дзяцей школьнага ўзросту і любімае месца адпачынку насельніцтва Лунінеччыны.

8. Бродніца. Паселішча на беразе рэчкі Бродніца. А назва рэчкі — ад слоў „броды, пераброды“. Першы ўспамін вёскі — 1604 г.

9. Велута (Во(а,я)лу(ю)та). У аснове назвы — устарэлыя словы „велет, велітэнь“, што азначала „сілач, волат“. У канцы XVIII стагоддзя назва была напісана ў дакументах „Велюта“, што азначала “веліч(ыня)”. Першы ўспамін вёскі — 1580 г.

10. Вільча (Вельча). У Радзівілаўскія часы — порт, фальварак; у друкаваных крыніцах і на картах паселішча сустракаецца ў двух найменнях. Больш верагодная назва Вільча, што значыць „звілістая“ — вёска на заломах ракі, на Случы, як і Вілейка, і Вільня (Вільнюс) на Віліі. Падыходзіць і другі варыянт стараславянскае „віліч“ — высокі (бераг, як і вільчык хаты). Зараз вёска месціцца на другім беразе, у Жыткавіцкім раёне. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

11. Вічын (канец XVII ст. — Віцына, 1800 год — Вечына). Назва не разгадана, крыецца недзе ў глыбіні вякоў. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

12. Вострава (русcкое Острово). Азначае поле паміж лугамі; узвышанае месца сярод балот ці воднай прасторы.

13. Вулька 1 (раней Волька, Волька Лунінецкая). (Воля — слабода — свобода, вызваленне ад некіх подацяў). Пасяленне, жыхары якога вызваляліся ад некаторых павіннасцей, напрыклад, майстры, што выраблялі прадметы для пана. Вулька — гэта польская форма слова. Нумар 1, як і Вульцы 2, прысвоена ў пасляваенны час. Першы ўспамін вёскі — 1595 г.

14. Вулька 2 (у XVI ст. — Воля, у XVII ст. — пас. Волец, пазней — Вулька Бродніцкая). Спачатку паселішча з вольнапасяленцамі. Першы ўспамін вёскі — 1613 г.

15. Галы Бор. Першапасяленцы вёскі засяліліся на голай (чыстай) прасторы сярод бору, лесу.

16. Града. У аснову назвы ўзята слова „града“, што азначае высокі грудок, узвышша або прадаўгаваты ўзгорак сярод балота. Першы ўспамін вёскі — 1909 г.

17. Дварэц. Па версіі, у аснову назвы лягло паняцце „панскі двор з прыгожым будынкам“, але з даўніх дакументаў вынікае, што сяло належала памешчыкам Кішкам, іменне якіх было ў Кажан-Гарадку, а тут ні панскіх сядзіб, ні памесцяў не мелася. Першы ўспамін вёскі — 1558 г.

18. Добрая Воля. Назва ўзнікла на аснове добраахвотнага пасялення людзей на асваенне новых зямель.

19. Дрэбск. Ад слова „дрэбы“, у даўнія часы так называліся сухія дрэвы; як доказ, і зараз маюцца водгукі тых слоў: драбіны, драбінкі, драбцы ў возе. Першы ўспамін вёскі — 1613 г.

20. Дубаўка. У аснове тапоніма — назва дрэва „дуб“. Што ў тым месцы меліся дубровы, сведчаць недалёкія ўрочышчы Дубрава і в. Дубнавічы ў Пінскім раёне. Першы ўспамін вёскі — 1800 г.

21. Дзятлавічы (Дзяцелавічы). Ва ўсіх даўніх друкаваных крыніцах прасочваецца назва Дзяцелавічы. Верагодна, што яна ўтворана ад слова „дзяцелавіна“ (дзяцеліна) — дзікай белай канюшыны, якая і зараз тут расце паўсюдна. Назва з цягам часу трансфармавалася ў Дзятлавічы. Першы ўспамін вёскі — 1566 г.

22. Дзятлавічы (чыгуначная станцыя Першы ўспамін вёскі — 1880 23. Замошша (Бастынскія хутары пачатак ХХ стагоддзя.

24. Зановіна (Бастынскія хутары) пачатак ХХ стагоддзя.

25. Запроссе. Паселішча ўзнікла ў часы заснавання фальварка ў Вільчы за прасянішчамі (палямі, дзе сеялі проса) пачатак ХХ стагоддзя.

26. Засценак (Засценак Волянскі). Невялікае паселішча ў некалькі хат. Пры трохполлі кожнае з трох сялянскіх палёў мела свае дакладныя межы, так званыя „сцены“. Усе землі сяла, што ляжалі за межамі гэтых сцен, называліся засценкавымі або засценкам.

27. Кажан-Гарадок (да 1599 года — Гарадзец). Назва, відаць, звязана з промыслам пашыву скураных вырабаў: кожанак і паўшубкаў-кожанаў, што мелі шырокую вядомасць. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

28. Кормуж (Кормыж). У 1493 годзе — урочышча, дзе нарыхтоўваўся корм для панскай жывёлы. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

29. Красная (Чырвоная) Воля. Паселішча, жыхары якога вызваляліся ад панскіх павіннасцей, бо заняты былі промысламі. „Красная“ ў народнай мове раней абазначала нешта вельмі добрае, светлае ці цудоўнае. Напрыклад: „каса-краса“, „красна дзеўчына“… Першы ўспамін вёскі — 1626 г.

30. Купаўцы (у 1800 годзе — Купавіск). Ад „купа“ — узвышанае месца, аголенае ад лесу. А магчыма — купленая зямля ці нават людзі, што купілі ўчасткі зямлі (С.Н.). Першы ўспамін вёскі — 1800 г.

31. Лахаўка (Малая Лахаўка). У радзівілаўскія часы мела зручнае транспартнае распалажэнне, месца набыло статус другой Лахвы. З даўніх часоў і да 1795 года іменавалася Малой Лахаўкай. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

32. Лахва. Тапонім утвораны па назве старажытнага племені Lahija (Лахія). І рака Смердзь у даўнасці звалася Лахвай. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

33. Лобча (Лобчэ). Ад тэрміну „лобнэ місцэ“ — узвышанасць, роўнае месца. Першы ўспамін вёскі — 1492 г.

34. Лоўча, станцыя. Месца, дзе вяліся ловы звяроў, паляванне: “лоўчэ місцэ” прыкладна з 1884 года, з пабудовай чыгункі.

35. Лугі. Вёска, размешчаная на абшары лугоў, вакол якіх былі балоты. Першы ўспамін вёскі — 1830 г.

36. Лунін (Лулін). Упершыню ў дакументах вёска згадаваецца ў 1432 годзе як Лулін, і толькі праз 130 гадоў, у 1563 годзе, — Лунін. Калі браць за аснову -лун-, дык даследчыкі вылучаюць некалькі версій: ад назвы птушкі лунь; ад імя Луня; і, што самае верагоднае, — ад стараславянскага „лунь“ (акно ў балоце) ці мясцовага „лунка“ (палонка ў лёдзе). Калі браць „Лулін“, то ў паўднёвых славян „лула“ — люлька для курэння, а што значыла „луля“ ў нашых продкаў, не даследавана. Першы ўспамін вёскі — 1430 г.

37. Лунінец (Лулінец). Названы па прыналежнасці да месца жыхарства першапасяленца ў гэтай мясціне, ураджэнца в. Лунін/Лулін — Лунінца/Лулінца. Першы ўспамін вёскі — 1449 г.

38. Лутавень. Частка в. Сінкевічы, якая ў апошнія дзесяцігоддзі пазначана як самастойна адміністратыўная адзінка. У аснове назвы — слова „лут(а)“ — лыка маладой ліпы. (В.А. Жучкевіч „Краткий топонимический словарь“, ст.213.)

39. Любажэрдзе(і). Назва хутара сведчыць сама за сябе: тут раслі (і растуць) гонкія дрэвы, з якіх можна выбраць „любое(ыя) жэрдзе(і)“. Першы ўспамін вёскі — 1620 г.

40. Любань (спрадвек было Любонне). У аснове назвы ляжыць паняцце „аблюбаванае месца“, „любімае“. У паданні пра Любань гаворыцца, што князь, бываючы ў гэтай мясціне, захапляўся красой: “Любо мне тут!” Першы ўспамін вёскі — 1588 г.

41. Любачын (па народнаму Любачына). У аснову назвы ўкладзены паняцці „люба“ (хораша, прыемна) і „чынна“ (як трэба) — прыгожае, прыстойнае месца. Першы ўспамін вёскі — 1589 г.

42. Люшча (як чыгуначная станцыя). У аснове тапоніма — махавое балота з куп’ем і вокнамі, непраходнае балота. Першы ўспамін вёскі — 1884 г.

43. Манасеева. Вёска названа па прозвішчы агранома-каморніка Ю. Манасеева, упарадкавальніка хутароў. Першы ўспамін вёскі — 1907 г.

44. Мелясніца. У аснову назвы ляглі паняцці „дробны, мелкі“ (можа быць — пясок); „малая прастора“ сярод лесу. Першы ўспамін вёскі — 1618 г.

45. Міжлессе. Паселішча, заснаванае на прасторы між лесу. Першы ўспамін вёскі — 1901 г.

46. Мікашэвічы. Населены пункт названы па імені ці мянушцы Мікаш — першапасяленца тут, а можа, заснавальніка рудні — прадпрыемства, дзе плавілі руду. Першы ўспамін вёскі — 1785 г.

47. Мокрава (Мокраць). Верагодна, у часы зараджэння паселішча разлівы вод Прыпяці і Лані затаплялі гэтыя мясціны; лішак вільгаці даваў падставу найменаваць Мокравам. Першы ўспамін вёскі — 1803 г.

48. Маршчынавічы. Пра назву звестак няма. Першы ўспамін вёскі — 1785 г.

49. Навасёлкі. (Назва ад Новае сяло). Першыя навасёлы засялілся тут у канцы XIX стагоддзя на асушаных балотах. Хвалі засяленняў узнікалі перыядамі: у сувязі з продажам зямельных участкаў (1907—1910 гады); бежанцы (з 1914 года); з Польшчы — асаднікі (1920—30-я гады). Да першых пасяленцаў тут быў фалварак князя Францішка Друцка-Любецкага (1878—1944гг.), (сына Цэзарыя і Ядвігі Радзівіл), пагэтаму першы ўспамін можна аднесці да 1886—1990 гг.

50. Намакрава. З’явілася на развілцы дарогі: адзін кірунак быў на Крупу (на Прыпяць), другі — на Мокрава. Першыя насельнікі засяліліся тут у — 1908 г.

51. Обруб. З сярэдзіны XIX стагоддзя да 1890 года тут фарміраваліся плыты для сплаву. У гэтым месцы праводзіўся „обруб“ бярвенняў. Першы ўспамін вёскі — 1908 г.

52. Перадзел — урочышча (Чучавіцкі с/савет) Першы ўспамін вёскі — 1897г.

53. Перу(ы)нова. Вёска названа па прозвішчы агранома-каморніка П. Перунова, які адводзіў хутары ў гэтых кварталах. Першы ўспамін вёскі — 1908 г.

54. Палескі (да 1969 года – Крэстунова — Красцінова). У 1918 годзе лунінскі князь Францішак Друцкі-Любецкі ўзвёў сядзібу з дворыкам каля скрыжавання дарог, пры якім стаяў новы крыж (крэст), таму ўрочышча называлася Крэстунова. Любецкі назваў сваё іменне гэтак сама. У пасляваенны час тут была адкрыта Палеская вопытная балотная станцыя, сфарміравался вёска, якая перарасла ў пасёлак, названы Палескім. Першы ўспамін вёскі — 1897 г.

55. Пясчанікі. Пасяленне адбылося на пясках, на неўрадлівай глебе. (хутар) Мікашэвіцкі гарсавет. Пачатак ХХ стагоддзя.

56. Ракітна. Паселішча ўзнікла на месцы, дзе расло кустаў’ё ракітніку. Першы ўспамін вёскі — 1613 г.

57. Рэдзігерава. Вёска названа ў гонар вядомага вучонага агранома-меліяратара Уладзіміра Рыдзігера, які ў 1906—1912 гадах узначальваў кампанію па падзеле хутароў і ўзвёў доследную балотную станцыю. У 1999 годзе наш зямляк, лунінчанін, генерал-маёр Вярэніч Г.У., у Маскве сустракаўся з патрыярхам Усяе Русі Алексіем ІІ (у міру, Аляксеем Міхайлавічам Рыдзігерам, прамым нашчадкам знакамітага вучонага. У час наведвання г. Пінск, яму была падаравана кніга „Памяць. Лунінецкі раён“, з нарысам аб ягоным знакамітым дзеду). Дарэчы, пасля вайны 1941—45 гг. школьнікі Рэдзігіраўскай школы вялі інтэнсіўную перапіску з самім вучоным. П.І.)

58. Сасноўка. Вёска ўзнікла на месцы сасновага лесу. Першы ўспамін вёскі — 1908 г.

59. Сінкевічы. Назва вёскі паходзіць ад прозвішча першага пасяленца гэтага месца — Сінкевіч. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

60. Сітніца. У аснове тапоніма — назва травы-сітніку. Першы ўспамін вёскі — 1493 г.

61. Сітніцкі Двор. Населены пункт размешчаны на месцы жывёлагадоўчых фермаў радзівілаўскага фальварка Сітніца. Першы ўспамін вёскі — 1921 г.

62. Флярова. Вёска названа ў гонар вучонага агранома, землямера А. Флярова, упарадкавальніка хутароў. Першы ўспамін вёскі — 1907 г.

63. Хобат. Хутар Сінкевіцкага с/савета (знікаючая вёска) месціцца на вузкай паласе ўздоўж ракі Лань, якая падобная на хобат жывёлы.

64. Цна — паходзіць ад назвы рэчкі, на беразе якой і стаіць вёска. Ад стараславянскага слова „тсна, тцна — цесна — вузкая“. Першы ўспамін вёскі — 1613 г.

65. Чучавічы Вялікія. Магчыма, ад даўняга слова „чучава”, што азначае нешта (наспех, часова, неахайна) зробленае. Першы ўспамін вёскі — 1577 г.

66. Чучавічы Mалыя — Першы ўспамін вёскі — 1785 г.

67. Чэрабасава. Вёска носіць прозвішча Р.Чэрабасава — воднага тэхніка-меліяратара і ўпарадкавальніка зямель. Яго імем названы і канал Грычын — Прыпяць. Першы ўспамін вёскі — 1908 г.

68. Яжаўкі. Паходзіць ад балцкага eze — мяжа, градка. Першы ўспамін вёскі — 30.08.1756 г.

69. Язвінкі (Язаўка). У аснову назвы ляглі старажытныя словы: “езва” — водмель ракі або пясчаны нанос; “езвішча” — водны заліў; “еза” — запруда ў вадзе; “язвы — гнілыя мясціны”. Ёсць меркаванне, што ў даўнія часы, да пракладкі чыгункі, сюды разліваліся воды вясновых паводак з Прыпяці. Першы ўспамін вёскі — 1613 г.

Акрамя вышэйнадрукаваных вёсак і мясцін ёсць яшчэ некалькі невялікіх пасяленняў на тэрыторыі нашага Лунінецкага раёнам:

70. Бабы (хутар)

71. Баркі (Дварэцкія)

72. Баркі (Бастынскія хутары)

73. Вострава

74. Вышні (Бастынскі хутар)

75. Добрая Воля (вёска).

76. Крывеч (Бастынскі хутар)

77. Падзіна (хутар Дварэцкага с\савета)

78. Падмарочнае (Кажан-Горадокскі с\савет)

79. Поле (Дварэцкі с\савет)

80. Сяродбор’е (хутар Дварэцкага с\савета)

81. Тожава (хутар в. Бастынь)

82. Яварова (урочышча Дварэцкі с\савет)

Назад | Далей