Пасляслоўе

Закончыў свой яшчэ адзін зборнік аб невялікай палескай вёсачцы, якой афіцыйна трохі больш за 100 гадоў. У зборніку размешчаны ўспаміны многіх, хаця і не ўсіх, ураджэнцаў Навасёлак. Упэўнены, што ў кожнага чытача спрацуе магічная патрэба ўспомніць сваіх продкаў, свае карані. I не толькі ўспомніць, але і расказаць гэта сваім дзецям і ўнукам, бо акрамя вас няма каму аб гэтым расказаць. Няхай памяць аб тых, хто жыў да нас, не пойдзе ў небыццё разам з намі. Многіх жыхароў гэтай вёсачкі я ведаў і ведаю асабіста. Вёска незвычайная тым, што жылі і жывуць тут людзі, дзяды і бацькі якіх прыехалі ў пачату ХХ стагоддзя сюды з шасці, а мо і болей, губерній былой царскай Расіі. Усіх іх аб’яднала адна мара, як пісаў наш паважаны народны паэт і пісьменнік Беларусі Якуб Колас, “... набыць зямлю і мець свой кут, каб з панскіх выпутацца пут!” Аднак, так бывала не заўсёды. Выпутваліся з адных путаў, траплялі ў другія... Пацверджанне гэтаму мы бачым на прыкладзе лёсаў 10 сем’яў навасёлкаўцаў, некаторых членаў іх сямей, якія так і не вярнуліся на радзіму. Іх некалькі разоў рэабілітавалі: у 60-ыя і ў 1989 і 1992 гадах, але самі яны так і засталіся ў чужой зямлі без імя і прозвішча: хто растраляны, хто памёр. Яны так і не зразумелі, у чым заключалася іх віна. Іх унукі і праўнукі, якія жывуць цяпер, маюць на руках дакументы аб іх шматпакутных лёсах. Нават гэта стала даступным толькі гадоў 20-25 таму. І яны таксама не разумеюць: за што вывозілі іх дзядуляў з бабулямі і з малымі дзецьмі ў далёкія ад радзімы месцы?..

Вельмі хацелася б, каб гэта былі апошнія ахвяры, каб падобнае не паўтаралася ніколі з нашымі сучаснікамі. Добра, што многія ўнукі берагуць памяць пра сваіх родных і блізкіх. Нядаўна прачытаў у адным з нумараў газеты “Культура” за верасень 2013 года радкі, якія мне хочацца змясціць: “Мы жывем у дзіўным свеце. Не ведаем, хто і адкуль нашы прабацькі і куды мы ідзем, з якога роду-племені наша Familie — сям’я, гэтыя пытанні ў савецкія часы не задаваліся. Усё, што было да кастрычніка 1917 года, — не “нашанскае”. Напэўна, маральнае падзенне грамадства пачалося з забыцця каранёў сваіх, з абязлічання ўсяго і ўсіх. Здаецца, не прайшло і стагоддзя, а краіна ў масе сваёй ужо ператварылася ў інтэрнэт “Іванаў, якія не памятаюць роднасці”, і таму людзі нічога не шануюць і не жадаюць ведаць пра сваю гісторыю ды тую багатую нацыянальную культуру, што мы страцілі”.

Маю надзею, што з вашай дапамогай пры стварэнні гэтага невялічкага зборніка вашы дзеці і ўнукі хоць крышачку больш будуць ведаць, адкуль “растуць” карані іх сямейнага дрэва... А можа некаму з іх захочацца глыбей даведацца аб радаслоўным дрэве іх продкаў, напісаць больш падрабязную кнігу... Яны, у адрозненне ад нас, маюць сёння ўнікальную магчымасць паглыбіць свае зацікаўленнасці і інтарэсы з дапамогай самых сучасных сродкаў, з якіх пакуль што з’яўляецца “яго вялікасць інтэрнэт”.

Калі вы прачыталі ўспаміны вашых аднавяскоўцаў, родзічаў і крышачку сталі самі для сябе ўнутры багацей, калі змяніўся ваш погляд на некаторыя з’явы ў жыцці і вы можаце сабе сказаць, што жыццё каштуе таго, каб іншы раз дапамагчы сваім родным і блізкім, як і сябрам сваім, і падзяліцца з імі не толькі сваёй радасцю, але раздзяліць з імі і гора, то я магу быць упэўнены, што зборнік гэты выканаў сваю галоўную мэту, а я гэтаму буду толькі шчыра рады...

P.S. Думаў, што гэтыя словы будуць апошнімі ў зборніку. І вось Ларыса Канстанцінаўна падае мне кнігу, якую яна закончыла чытаць на апошняй старонцы. Гэта кніга знакамітага расійскага пісьменніка, пражыўшага вельмі складанае жыццё. Ён былы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў. Да майго сораму, я вельмі мала што ведаў аб ім. Пісьменнік гэты — Віктар Пятровіч Астафьеў. Вось два апошнія абзацы з яго аповесці “Зрячий посох”.

“Книгу эту мне почему-то хочется закончить словами летописца Игумена Сильвестра, собравшего и написавшего “Повесть пламенных лет”: “... а кто читает книгу сию — помяни меня”.

И не столько меня — автора — помяни, но прежде всего тех, кого нет уже с нами и кто достоин наших добрых слёз, светлых воспоминаний и неугасимой памяти”.

Залатыя словы, лепш сказаць немагчыма...

Са шчырай павагай і найлепшымі пажаданнямі да ўсіх тых, хто прачытаў гэты зборнік — аўтар-складальнік, былы настаўнік Вялуцкай СШ, ветэран педагагічнай працы І.А. Панасюк.

Літаратура:

“Беларусь у вайне 1812 года” кніга Л.М. Несцерчук Брэст, “Паліграфіка”, 2012 год стар. 146.

“Велута”, кніга Панасюк І.А. Пінск. 2006 год.

“Гарады і вёскі Беларусі”, Брэсцкая вобласць, кніга II, старонка 237. Энцыклапедыя. А.І. Лакотка і другія. Мінск, БЭ, 2007.

“Геаграфія Брэсцкай вобласці”. С.В. Арцёменка, А.У. Грыбко. Мінск, БДУ, 2002 год.

“Геаграфія Рэспублікі Беларусь”. Л.В. Казлоўская, М.М. Курловіч і другія. Мінск, БЭ, 1992 год.

“Начало мелиорации Полесья” — “Краткое обозрение Полесья и его канализации”, генерал-лейтенант Жилинский, 10 августа 1892 года, издание Санкт-Петербург, типография В.С. Балашова, Екатерининский канал, 80, 1892 г. печатано с разрешения г. Министра Государственных Имуществ.

Карты окрестностей д. Новосёлки (царская 1908-10 годов), польская (1928-30 годов) и советская — (1980-90 годов).

“История белорусской железной дороги. Из века ХIХ в век ХХI” — книга. Авторский коллектив, руководитель — кандидат исторических наук Валентина Яновская, Минск, “Мастацкая літаратура”, 2012 год.

“Памяць. Лунінец і Лунінецкі раён”, (старонкі: 61; 79; 247; 251; 254; 257; 258; 270; 294; 337; 426).

“Памяць. Ганцавічы і Ганцавіцкі раён”.

“Памяць. Ляхавічы і Ляхавіцкі раён”.

”Чалавек з легенды”, Ражко І. (І.С. Барысаў). Мастацкая літаратура, Мінск. 1976 год.

“Красная книга Беларуси”. Минск, 1993 год.

“Красная книга РБ”, 1, 2-ой тома. Минск БЭ, 2004, 2005.

“Чырвоны сшытак Лунінецкага раёна”. Панасюк Л.К., Пінск, 2002 год.

Личные беседы с жителями и уроженцами д. Новосёлки.

Лунінецкія сшыткі Лунінец № 3-4; 2004 года, № 8 2008 года і №№ 9, 10 2010 года.

Материалы исследований сотрудниками НАН РБ.

Материалы Новосёлковского лесничества и Лунинецкого лесхоза.

Материалы о водохранилище.

“Особо охраняемые территории Брестской области”.

“Палессе маё Лунінецкае” кніга.

По страницам Красной книги” 1, 2 тома. Минск БСЭ 1987.

Падшыўкі газет (раённых, абласных рэспубліканскіх і другіх).

“Полесская опытная станция”, брошюра.

“Прыродаахоўныя тэрыторыі Лунінецкага раёна”. Кніга.

“Радиационная обстановка в лесах раёна” — карта.

“Чырвоны сшытак Лунінецкага раёна” Панасюк Л.К., Пінск 2002 г.

“Урочышча вакол в. Валута” Пінск 2012 год. Кніга.