Творчы клуб “Лунінецкая муза”
Праект Вадзіма Жылко

Лунінецкі сшытак № 8

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Краязнаўчы год — 2007...

Што новага за мінулы год? Даследчыкі лунінецкай гісторыі і прыроды, у тым ліку Леў Коласаў, Сцяпан Нефідовіч, Васіль Туміловіч, Мікола Ільючык, Таццяна Канапацкая, актыўна друкаваліся на старонках газет «Информ-прогулка», «Лунінецкія навіны», «Краязнаўчая газета» і інш. Іван і Ларыса Панасюкі сумесна з Уладзімірам Яраховічам выдалі кнігу «Палессе маё Лунінецкае» аб прыродзе нашага краю. Па матэрыялах канферэнцыі 2006 года памяці М. Калінковіча выйшаў зборнік «Лунінецкая памяць. Дадатак 2» (укладальнік Таццяна Канапацкая).

У траўні 2007 года адкрылася новая пастаянная экспазіцыя раённага музея. Адкрываліся музейныя куткі ў школах, нават дзіцячых садах (№ 1 у Лунінцы). Мультымедыйныя краязнаўчыя працы былі прадстаўлены школамі раёна на конкурс «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Плённа працаваў краязнаўчы гурток ЦДТ на базе прафліцэя — пад кіраўніцтвам Алены Ціхаміравай навучэнка Кацярына Смалякова перамагла з навуковым даследаваннем на абласным конкурсе і трапіла на міжнародны форум ў Полацк. У праграму школ уведзены спецкурс «Лунінеччыназнаўства».

У Луніне прайшоў IV літаратурна-краязнаўчы фестываль «Лунінская восень». Адбылася ў мінулым годзе і прэзентацыя аповесці М. Елянеўскага пра лунінскага святара і філолага П. Ціхановіча (у часопісе «Неман»).

У раёне працавалі навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытута праблем культуры (Алена Боганева, Таццяна Валодзіна, Ірына Мазюк), журналісты з турысцкага выдавецтва «РыфТур» (Сяргей Плыткевіч і Таццяна Хвагіна). Прафесар з Берасця Вера Ляшук сабрала шэраг матэрыялаў па літаратурнаму краязнаўству для абласнога даведніка. «Летапіс ТБШ» № 2(16) распавёў аб выніках экспедыцыі студэнтаў БДПУ імя М. Танка. Прыродазнаўствам займаліся сябры раённага аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Брэсцкая тэлепраграма «Край» (аўтар Мікола Пракаповіч) 15 кастрычніка і 3 снежня 2007 года распавяла на канале «Лад» пра лунінецкіх краязнаўцаў і літаратараў, серыю «Лунінецкія сшыткі». На гэтую ж тэму змешчаны артыкулы у газетах «Літаратура і мастацтва» (17.08.2007), «Вечерний Брест» (16.05.2007). Шэраг матэрыялаў выстаўлены на сайце таварыства «Загароддзе» (www.zagarodde.noka.ru).

Вадзім Жылко, укладальнік зборніка