Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Спіс чырванакніжнікаў Лунінецкага раёна ў 2018 годзе,

з улікам вынясення трох прадстаўнікоў і ўнясення шасці другіх.

І. Клас Млекакормячыя

1. Арэшікавая Соня. Орешниковая соня. (Muscardinus avellanarius). Статус: ІIІ катэгорыя (VU). Рэдкi вiд. На Беларусi знаходзiцца на мяжы арэала, плошчы яго спецыфiчнай жыццёвай прасторы змяншаюцца, што можа прывесцi да знiкнення вiду.

2. Вячэрніца малая. Вечерница малая. (Nectalis leisleri). Статус ІІІ катэгорыя (VU). Сямейства рукакрылых. Зімуе ў заходняй і паўднёвай еўропе.

3. Гарнастай. Горностай. (Мustela erminea). Статус: ІІ катэгорыя (ІІІ). Унесены ў чацвёртае выданне Чырвонай Кнігі Беларусі 2015 года. Прыносіць вялікую карысць сельскай гаспадарцы — знішчае шкодных грызуноў. Колькасць папуляцыі рэзка зніжаецца ў параўнанні з 70-80 гадамі ХХ стагоддзя. У нашым раёне ёсць у большасці лясніцтв раёна. У зімовы перыяд поўсць мае белы колер, у астатнія тры пары года мае цагляна-карычневы. (З 2016 г.)-1.

4. Соня-палчок. Соня-полчок. (Myoxus glis). Статус ІІІ катэгорыя (VU). Пагрозу для віда на тэрыторыі раёна ўяўляе замена шыракалісцевых старых лясоў на штучныя лесапасадкі хваёвых парод, памяншэнне колькасці пладовых дрэў і кустоў у лісцёвых лясах.

ІІ. Клас Птушкі

5. Арлан-белахвост. Орлан-белохвост. (Haliaeetus albicilla). Статус ІІ катэгорыя (LR/NT) знаходзіцца пад крытычнай пагрозай знікнення.У Беларусі вельмі рэдкі на гнездаванні від. Зімой можа сустрэцца часцей. Часта можна пабачыць у час лоўлі ім рыбы на тэрыторыі новага заказника „Велута“

6. Барадатая кугаўка. Бородатая неясыть. (Striх nebulosa. Forster) Статус: ІІ катэгорыя (EN). Унесена ў трэцяе выданне Чырвонай кнігі Беларусі 2004 года. На тэрыторыі Лунінеччыны сустракаецца не часта. Былі выпадкі сустрэчы ў 2000 годзе, у Сасновым боры г. Лунінца, за гімназіяй. Сустракалася неясыць у Борскім, Чучавіцкім, Бастынскім, Навасёлкаўскім (дзе з кастрычніка 2016 года дзейнічае заказнік мясцовага значэння „Велута“), і другіх лясніцтвах. У наш час сустракаецца даволі рэдка (П.І.).

7. Беласпінны дзяцел. Белоспинный дятел. (Dendrokopos leucotos bechstein) Статус: IV катэгорыя (LR). У Беларусі распаўсюджаны крайне спарадычна. Унесены ў чацвёртую па ліку Чырвоную кнігу Беларусі, у 2015 годзе. Сустракаецца ў лясах нашага раёна, нават, часамі, залятае „ў госці“ да гараджан. (З 2016 г.)-2.

8. Белашчокая крачка (рыбачка). Крачка белощёкая (Cholidonias hybridus) (Pallas? 1811). Статус: IV катэгорыя (NT). Крыху буйней чорнай. Заўважана мною на працягу апошніх 4 год на штучным вадаёме ля аўтастанцыі г. Лунінца. Бывае тады, калі паўз бераг вырастае расліннасць. У мінулым 2018 годзе сфатаграфаваў здалёку. З якіх мясцін прылятае — не вядома, магчыма з-пад Прыпяці?.. (П.І.)

9. Блакітніца белая (белая сiнiца “князёк”). Лазоревка белая. (Parus cуanus). Статус: III катэгорыя (VU). Рэдкi вiд з абмежаваным пашырэннем. Назіраецца рыбакамі часцей ля Прыпяці, непадалёку ад Любані, Лахвы, Кажан-Гарадка і другіх вёсак Mікашэвічскага напрамку.

10. Бугай вялікі (чапля). Большая выпь. (Botaurus stellaris). Статус: III катэгорыя (VU). Рэдкi пералётны вiд, колькасць якога скарачаецца. Бугай вялікі заўважаны на тых жа месцінах як і малы бугай. Асабліва чутно яго ў часы вялікіх разліваў рэк і рэчак.

11. Бугай малы (Чапля лазанiк). Малая выпь. (Iхobrychus minutus). Статус: II катэгорыя (EN). Рэдкі пералётны від. Два гэтыя віды мелі пастаянныя месцы гнездавання ў Навасёлкаўскім, Чучавіцкім, Бастынскім, Дзятлавіцкім лясніцтвах у 1970-2000 гады ХХ стагоддзя. Было прыемна пачуць іх гукі вясноў, калі разлівалася рэчка Цна. Іх ні з чым нельга пераблытаць. Яны сапраўды падобныя на гукі „бугая“. Асабліва былі чутны з самага ранку, на досвітку, праплываючы на лодцы. Гук нібыта каціўся па вадзе з таго месца, адкуль раздаваўся. Адлегласць да птушкі магла дасягаць да 1,5-2 км. Гэта незвычайная птушка… Убачыць яе лічылася вялікім шчасцем (П.І.).

12. Бусел чорны. Аист чёрный. (Ciconia nigra). Статус III катэгорыя (VU). Рэдкi вiд, колькасць якога ў шэрагу раёнаў Беларусi стабiлiзавалася або ўзрасла. Занесены ў Чырвоную Кнiгу Беларусi.

13. Вараб’іны сыч(ык). Воробьиный сыч. (Glaucidium passerinum L.) Статус: IV катэгорыя (NT). Самая невялікая сава ў Беларусі. Птушка падобна на дамашняга сыча, трохі цямнейшага колеру. Унесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі ў 2015 годзе назіраўся ў заказніку мясцовага значэння „Велута“, у Бастынскім лясніцтве. Верагодна ёсць і ў другіх лясніцтвах. (З 2016 г.)-3.

14. Вяртлявая чаротаўка. Вертлявая камышовка. Статус: ІІ Катэгорыя (VU). Популяцыя ў Беларусі складае каля 12 тысяч пяючых самцоў, гэта складае 50 % сусветнай папуляцыі. Цэнтрам знаходжання ў Беларусі з’яўляецца палесская нізіна. Занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі ў 1993 годзе. (урочышча Тапіла (25.05.2012 г.), адзначаны і ў другіх урочышчах на Лунінеччыне)

15. Драч, (дзяргач). Коростель. (Crех, creх) Статус ІІІ (VU). Арэал распаўсюду па тэрыторыі не шырокі. Гняздуецца па сырых, густа зарослых расліннасцю мясцінах. Мною назіралася на працягу амаль апошніх 15 год недалёка ад города Лунінца. Слухаў голас драча зранку і пад вечар. Былі выпадкі, што яна знаходзілася паміж разорамі бульбянога поля. Убачыць давялося толькі 2 разы. Вельмі асцярожная і прыгожая птушка. Сфатаграфаваць не удалося. Маю надзею назіраць і ў гэтым годзе. У гэтым месцы ёсць некалькі рэдкіх птушак, у тым ліку удод, падворлік і пліска жотабрухая. (П.І.) Драч, её жа Коростел (русск.)

16. Жоўтагаловы дзяцел. Дятел трёхпалый. (Picoides tridastylus) Cтатуc: ІV катэгорыя (LR). Унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі ў 2015 годзе. Арэал распаўсюджання ў лясах рёна даволі шырокі. Бывалі выпадкі назірання гэтага дзятла нават у Лунінцы, на тых вуліцах, якія прымыкаюць да горада: Лясная, Багдановіча; у пасёлку СГТ.

17. Жаўрук-смяцюх, (чубаты жаваранак). Хохлатый жаворонок. (Galerida cristata). Статус: III катэгорыя (VU). Від падвержаны рызыцы вымірання ў перспектыве з-за асаблівасцей паводзін, якія робяць від уразлівым нават пры нязначных змяненнях навакольнага асяроддзя. Цудоўная і прыгожая птушка. Жыве нават у горадзе, селіцца па пустырах. Корміцца ля рынкаў, прадуктовых магазінаў, амаль не баіцца чалавека, ходзіць пад нагамі. Мне даводзілася фатаграфаваць з 4-5 метраў. Часцей бывае у вышэйназваных месцах у сакавіку, красавіку месяцы, асабліва пасля снежнай зімы (П.І.). (З 2016 г.)-4.

18. Змеяед (вужаед)-арол. Орёл-змееяд (Circaetus gallicus). Статус: катэгорыя. ІI (EN). Вельмi рэдкi вiд, колькасць скарачаецца. На свае вочы бачыў у Дзятлавіцкім лясніцтве, у час яго „трапезы“ у ягодніку; у Навасёлкаўскім лясніцтве — у час палёту з дабычай у дзюбе.

19. Зялёны дзяцел. Зелёный дятел. (Piсus viridis). Статус: III катэгорыя (VU). Гнездавальны i зiмуючы вiд. У наш час стаў вельмі рэдкім. У 80-90 гады прылятаў часта ў горад. Некалькі пар жылі ў Сасновым бары, ля пасёлка СГТ. Цяпер выпадкова можна сустрэць у глухіх, не вельмі даступных лясных масівах.

20. Кваква. Кваква. (Nycticorax nycticorax). Статус: IV катэгорыя (NT). Вельмi рэдкi, недастаткова вывучаны вiд. На Лунінеччыне зарэгістраваны пасля 1990 года. Была заўважаны непадалёку ад ракі Лань, а таксама ля вёскі Любань.

21. Кулік-сарока. Кулик-сорока. (Haematopus ostralegus). Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Рэдкi спарадычны гнездавальны вiд. Гэтую птушку можна бачыць ля Прыпяці. Назіраецца пастаянна рыбакамі.

22. Малы арлец. (Малый падворлік). Малый подорлик. (Aquila pomarina C.L.Br.). Cтатус: III катэгорыя (VU). У Чырвоную Кнігу Беларусі ўнесены ў 2004 годзе. Распаўсюджаны амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Прылятае на месцы гнездавання па вясне. Ён назіраўся ў нас і раней у Бастынскім лясніцтве, Дзятлавіцкім, Навасёлкаўскім, Чучавіцкім і другіх, аднак наш раён не быў унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

23. Пугач (філін). Филин. (Bubo bubo). Статус: ІІ катэгорыя (EN). Нешматлiкi аседлы вiд, якi знаходзiцца пад пагрозай знiкнення. Быў заўважаны ў Мікашэвіцкім лясніцтве, Бастынскім, Дварэцкім Навасёлкаўскім, Чучавіцкім, Лунінецкім і Дзятлавіцкім і ў некаторых другіх. Часта гіне ад сустрэч з электралініямі высокай напругі. Вельмі прыгожая птушка…

24. Сокал кабец (каршачок). Чеглок. (Falcо subbuteo L.) Cтатуc: IV катэгорыя (NT). У Беларусі сустракаецца па ўсей тэрыторыі. У Чырвоную кнігу Беларусі ўнесены ў 2004 годзе; з 2015 года ўнесены як чырвонакніжнік Лунінецкага раёна. (З 2016г.) -5.

Стан папуляцыі многіх жывых арганізмаў залежыць ад дзейнасці чалавека, а дзейнасць чалавека не заўсёды выступае ў якасці адмоўнага фактару. Бывае так, што яна садзейнічае захаванню папуляцыі нават тады, калі чалавек і не задаецца такой мэтай.

Так, усім вядомы белы бусел, больш абаронены ад драпежных птушак, калі будуе сваё гняздо разам з жытлом чалавек. Дарэчы, у зоне адсялення, пасля Чарнобыльскай катастрофы, белы бусел выцясняецца чорным буслом.

Вельмі вядомая ўсім сельскім жыхарам кнігаўка гняздзіцца на паплавах, дзе ідзе інтэнсіўны выпас жывёл.

Вяртлявая чаротаўка — жыхарка балот, селіцца на адкрытых балотах. Яе гняздо, звычайна, месціцца на зямлі, яна пазбягае дзялянак, заросшых хмызнякамі і трыснягом, пагэтаму штогадовае выкошванне травяністай расліннасці ў межах арэалу яе пражывання з’яўляецца неабходнай умовай захавання папуляцыі чаротаўкі на Беларусі.

ІІІ. Клас Паўзуны.

25. Чарапаха балотная. Болотная черепаха. (Emys orbicularis) Статус: IIІ катэгорыя (VU). Рэдкi вiд, колькасць якога скарачаецца. На тэрыторыі Лунінецкага раёна ёсць некалькі месц. Да пачатку меліярацыі 60-х гадоў ХХ стагоддзя ў нас балотных чарапах было проста многа… і сёння мы яшчэ маем магчымасць калі-нікалі бачыць гэты цуд прыроды у жывым выглядзе, нават на пляцоўцы пасадкі на аўтобус. (Маю прыгожы фотаздымак 2014 года П.І.). Ёсць здымкі майго былога вучня, які назіраў маленькіх чарапашак.

IV. Клас Насякомыя

26. Блакітніца чарнаватая. Голубянка черноватая. (Maculinea nausithous) Статус ІІІ катэгорыя. (VU). Від падлягае рызыцы вымірання ў перспектыве, з нагоды марфалагічных і паводзінскіх акалічнасцей, што робіць яго ўразлівым пры любых, нават нязначных зменах навакольнага асяроддзя. (З 2016г.)-6.

27. Жаўтушка тарфянікавая. Желтушка торфяниковая. (Golias palaeno L.) Статус ІІІ катэгорыя (VU). Асноўнымі фактарамі пагрозы для жыццядзейнасці гэтага віду з’яўляюцца: перасыханне балот, тарфяныя пажары, меліярацыя.

28. Жаўтушка ракітнікавая. Желтушка ракитниковая. (Colias Myrmidone Esp.). Статус: ІІ катэгорыя ((ЕN). У Чырвоную кнігу Беларусі ўнесена ў 2015 годзе. Можна сустрэць у некалькіх лясніцтвах нашага Лунінецкага раёна: Лунінецкім, Дварэцкім, Лунінскім, Навасёлкаўскім, Бастынскім. Прыгожы матылёк, амаль немагчыма сфатаграваць зблізку. (З 2016 г.)-7.

29. Жужаль акаймаваны. Жужелица окаймлённая (Carabus margenalis) Статус: IV катэгорыя (NТ). (Можна бачыць ля берагоў ракі Припяць, ля в. Любажэрдзі, Вулькі ІІ, ля водасховішча “Велута” в. Навасёлкі і ў іншых мясцінах раёна). (З 2016 г.)-8.

30. Чорны апалон або мнемазіна. Мнемозина или Чёрный аполон. (Parnassius mnemosine L) Cтатус: ІІІ катэгорыя (VU). Гэты не вельмі прыкметны матылёк таксама быў на тэрыторыі нашага раёна і раней. Але ўнесены быў толькі у трэцяе выданне Чырвонай кнігі Беларусі ў 2004 годзе. Трымаецца таксама бліжэй рэк і рэчак. У раённай газеце „Лунінецкія навіны“ за 3-е кастрычніка 2012 года быў невялікі нарыс журналіста Таццяны Канапацкай, прысвечаны 4 кастрычніка — Сусветнаму дню жывёл. Называўся нарыс: „А вы бачылі ў палёце мнемазіну?“ Сваімі назіраннямі падзяліўся галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай Ванюк.

31 Чмель мохавы. Моховый шмель. (Bombus muscorum Far.) Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Сярэдніх памераў 23-25 мм, даўжыня хабатка 11 мм. Распаўсюджаны па нізінных лугах, сырых лясных палянах. Рэдкі від на Беларусі: назіраецца ў Жабінкоўскім і Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці. Бывалі выпадкі яго з’яўлення ля пасёлка СГТ, у 3 км ад Лунінца. (Ёсць фотаздымак П.І.).

32. Шашачніца ранняя або Шашачніца вялікая. Шашечница ранняя или шашечница большая. (Suphydryas maturna). Статус ІІІ катэгорыя (VU) Не знаходзіцца пад прамой пагрозай знікнення з нагоды марфафізіялагічных або паводзінскіх акалічнасцей, але робіць від ўразлівым, папуляцыя якога можа знікнуць нават пры нязначных зменах навакольнага асяроддзя.

Расліны

І. Дзеразовыя. Плаўнавідныя:

33. Дзярэзачка заліўная. Ликоподиелла заливаемая, или плауночек заливаемый. (Lycopodiella Jnyndata). Статус: IV катэгорыя (NT). Мае невысокую ступень рызыкі знікнення, аднак церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях, у асобных месцазнаходжаннях іх колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове яны здольныя аднавіцца да ўзроўню, які не выклікае засцярогі.

34. Палушнік азёрны або (шыльнiк азёрны). Полушник озёрный. (Isoёtes lacustris) Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Рэдкi вiд, якi трапляецца ў невялiкай колькасцi на абмежаваных плошчах. Адзначаны ў Белым возеры.

ІІ. Водарасці:

35. Нітэла грацыёзная. Нителла грациозная. (Nitella Gracilis). Статус ІІІ катэгорыя (VU). Уключае таксоны, якія не знаходзяцца пад прамой пагрозай знікнення, але схільны да вымірання ў перспектыве, калі фактары, якія выклікалі скарачэнне іх колькасці, будуць дзейнічаць і далей

ІІІ. Грыбы:

36. Галавач гіганцкі або Порхаўка вялізная. Головач гигантский или кальвация гигантская. [Galvatia gigantean (Batch: pers) Lloid Langermania gigantean (Pers.) Rostk. ] Статус: ІІІ катэгорыя (VU). У нашым раёне яго сустракаюць ужо на працягу больш чым 40 гадоў, хаця ў Чырвоных кнігах Беларусі наш раён не адзначаны. Гэта можна сказаць і аб другіх чырвонакніжніках, якія ёсць у нашых лясах, балотах, палях, рэках. У гэтым невялікім даведніку вы маеце магчымасць з імі пазнаёміцца. Упэўнены, што на тэрыторыі раёна ёсць яшчэ болей чырвонакніжнікаў, проста ў нас даўно не былі экспедыцыі спецыялістаў. Такую недарэчнасць могуць выправіць настаўнікі-біёлагі з вучнямі старэйшых класаў, па месцы іх пражывання, а таксама работнікі лясніцтваў, цяпер яны ўсе маюць добрую адукацыю у гэтай галіне. (Размяшчаю фотаздымак у раённай газеце прыкладна 1990/91 года, верасень месяц. Грыб трымае Юрко Аляксей Іванавіч, былы электрык завода „Палессеэлектрамаш“, які натрапіўна знаходку ва ўрочышчы Хваецкае, які знаходзіцца ў заслужанным адпачынку і пражывае ў г. Лунінцы). Трохі меншы экземпляр „Порхаўкі“ я з Ларысай Канстанцінаўнай бачыў часта на сваім кавалачку поля, некалькімі днямі пасля цёплага дожджыку, ля вёскі Любажэрдзі, побач з горадам Лунінцам. Мы яго, чамусьці, называлі дажджавіком, калі-нікалі, порхаўкай, магчыма памыляліся?.. (З 2016 г.)-9.

37. Грыбная капуста або спарассiс кучаравы. Спарассис курчавый или Грибная капуста. (Sparassis crispa). Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Упершыню знойдзены ў нашым раёне 18.10.2014. Аўтарамі гэтай брашуры Панасюком Іванам Аляксеевічам і Ларысай Канстанцінаўнай у межах г. Лунінца, дзе з кастрычніка 2016 года лясны масіў Сасновы бор атрымаў статус помніка прыроды „Лунінецкія каўнерыкавыя сосны“. Зафатаграфаваў яго. Мы аставілі яго ў лесе. Вагой ён быў кілаграм 1,5-2, у вышыню см 16-18 і ў шырыню каля 35-40 см. Адстаяў ад сасны усяго сантыметраў 60, а сама сасна ў метрах 100 ад дарогі СГТ-Лунінец. Грыб прыгожы на выгляд. Інфармацыю даў у нашу раёнку „Лунінецкія навіны“. Затым фотаздымак і апісанне даслаў у Інстытут Батанікі НАН. Адтуль прыйшло пацверджанне, што гэта рэдкі чырвонакніжнік у Беларусі. Так ён у нас і прапісаўся сярод другіх чырвонакніжнікаў. (З 2016 г.)-10.

38. Грыфала кучаравая (Грыб-баран). Грифола курчавая. (Grifola frondosa) Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі першага выдання 1987 года. На тэрыторыі Лунінецкага раёна гэты грыб быў знойдзены неаднойчы. Я асабіста бачыў яго у памяшканні інспектара па ахове прыроды Міхалевіча А. Ф., прыкладна ў 1988 годзе. Месцам знаходжання яго зарэгістраваны некалькі лясніцтваў Лунінецкага раёна. У Чырвоных кнігах Беларусі наш раён не ўнесены, як i па некаторым другім „чырвонакніжнікам“. Ён мае цудоўны выгляд і да таго ж вялікага памеру.

39. Лепіста брудная. Леписта грязная. (Lepista Sordida (FR) Singer). Статус: ІІІ катэгорыя (VU). Уключае таксама таксоны (віды), якія не знаходзяцца пад прамой пагрозай знікнення, але схільныя да вымірання ў перспектыве, калі фактары, якія выклікалі іх скарачэнне, будуць дзейнічаць і далей.

40. Фістуліна пячоначная або пячоначніца звычайная. Фистулина печёночная. (Fistulina Hepatica FR.) Статус:ІІ катэгорыя (ЕN). Пячоначніца расце на пнях, ствалах жывых або мёртвых ліставых дрэваў, пераважна дубовых і каштанавых. Сустракаецца ў адзінкавых экземплярах. Колькасць паўсюдна невялікая. Фактары пагрозы: усе віды вырубак у лесе, гаспадарчая трансфармацыя зямель.(З 2016 г.-11). Неабходны перыядычны кантроль, пошук новых месцаў, тлумачальная работа сярод насельніцтва.

ІV. Папарацепадобныя:

41.* Cальвінія плаваючая. Сальвиния плавающая. (Salvinia natans) Статус: ІV катэгорыя (NT). Рэдкi вiд, якi трапляецца ў невялiкай колькасцi на абмежаваных тэрыторыях. (Нам давялося бачыць сальвінію ў водах ракі Прыпяць. Л.К. і І.А.)

42.* Граздоўнік многараздзельны. Гроздовник многораздельный. (Botrychium multifidum). Статус (ІІІ) катэгорыя (VU). Папаратнік расце ў сухіх светлых саснова-бярозавых і змешаных лясах невялікімі групамі або адзінкавымі экземплярамі. Фактары пагрозы: вырубка лесу, выпальванне травы, выпас жывёл, вытаптванне. (Заўважаны ў Дварэцкім лясніцтве). (2016 г.).

V. Кветкавыя. (Пакрытанасенныя):

43. Асака балоталюбівая. Осока болотолюбивая. (Careх Heleonastes EHRH.). Статус: І катэгорыя (СR). Від знаходзіцца на мяжы знікнення. У Чырвоную кнігу ўнесена у 2005 годзе. Расце на асаковых балотах. Фактар пагрозы: змяненне гідралагічнага рэжыму месцаў росту, торфараспрацоўкі, зарастанне экатопа хмызняком.

44. Аўсяніца (мурожніца) высокая. Овсяница высокая. (Festuca Altissimma All). Статус (IV катэгорыя) (NT) Мае невысокую ступень рызыкі знікнення, від церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях. У асобных месцах знаходжання колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове здольна аднавіцца да ўзроўню, які не выклікае асцярогі.

45.* Венерын чаравічак. Венерин башмачок. (Cypripedium calceolus). Статус: I катэгорыя. Рэдкi вiд, якi знаходзiцца пад пагрозай знiкнення.

46. Вярба чарнічная. Ива черничная. (Saliх myrtilloides L.) Статус: III катэгорыя (VU). Хмызняк вышынёю 30-80 см. Звычайна ўтварае невялікія групы або расце абасоблена. Расліна любіць асакова-сфагнавыя балоты. Сустракаецца ў многіх раёнах Беларусі. Цвіце на пачатку траўня. Плады з’яўляюцца ў чэрвені месяцы. Фактар пагрозы: асушэнне балот і гападарчая трансфармацыя зямель. (2016 г.)-12.

47. Вярба лапландская або лапарская. Ива лапландская или лапарская. (Saliх lapponum I.) Статус: катэгорыя (LC). Вельмі рэдкі памежны з уразлівымі экатопамі (балотны) від, патрабуючы ўвагі і прафілактычнай аховы. (З 2016 г. Ч.К.)-13.

48. Гарлачык белы. Кувшинка белая. (Nymphata alba). Статус ІІІ катэгорыя. (VU) Схільны да вымірання ў перспектыве, калі фактары, якія выклікалі скарачэнне іх колькасці, будуць дзейнічаць далей. Пакуль на тэрыторыі Лунінецкага раёна можна сустрэць гарлачык белы даволі часта у рэках, затонах, сажалках.

49. Зубніца клубняносная. Зубянка клубненосная. (Dentaria bulbifera) Статус: III катэгорыя (VU). Рэдкi вiд, якi трапляецца ў невялiкай колькасцi на абмежаваных тэрыторыях.

50. Касач Сібірскі. Касатик Сибирский. (Jris Sibirica). Статус (IV катэгорыя) (NT) Мае невысокую ступень рызыкі знікнення, церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях. У асобных месцах знаходжання іх колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове яны здольныя аднавіцца да ўзроўню, які не выклікае асцярогі.

51. Крапіва кіеўская. Крапива киевская. (Urtica kiouiensis rogow). Статус ІІ катэгорыя (EN). Від мае малую колькасць, тэндэнцыю да няўхільнага скарачэння колькасці арэала і ў бліжэйшай будучыні прагназуецца пагаршэнне статуса гэтага віда, аднак пры правільна арганізаванай ахове яшчэ могуць быць захаваны папуляцыі віда ў натуральных месцах пражывання.

52. Купальнік горны. Арника горная. (Аrnica montana). IV катэгорыя (NT). Гэтая цудоўная расліна была ўнесена ў першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі ў 1987 годзе. У 1985-2000 годах яе можна было назіраць нават у межах г. Лунінца (СГТ, ля чыгуначнага прыпынка і ў другіх месцах). Можна сказаць, што яна любіць і патаемныя мясціны. Вядомымі месцамі яе росту былі лясныя масівы Навасёлкаўскага, Бастынскага і Чучавіцкага лясніцтваў. Але гэта было ў 70-80—я гады ХХ стагоддзя. Вядомы сярод жыхароў яе лекавыя свойствы. У народзе яе называлі на Лунінеччыне „станоўнік“. Пасля збору і сушкі яе адвар пілі пры некаторых захворваннях жывата. Цяпер сустрэць гэтую цудоўную расліну праблематычна. У 2 і 3 выданнях (1993, 2004, 2005 гг.) была вынесена са старонак Чырвоных кніг, а ў 4 –е выданне зноў унесена.

53. Лабелія Дортмана. Лобелия Дортмана. (Lobelia dortmana) Статус: І катэгорыя (CR)! Вельмi рэдкi рэлiктавы вiд, якi знаходзiцца пад пагрозай знiкнення. Нам давялося бачыць яе неаднойчы на Белым возеры. Лунінецкі раён трэцяя мясціна, дзе захавалася гэтая даўняя расліна. Кветка Лабеліі ёсць у гербе г. Лунінца. Яна любіць вельмі чыстую ваду. Вада ж на Белым возеры сапраўды крыштальна-чыстая, а можа наадварот — вада чыстая ад Лабеліі і Палушніка азёрнага, які расце на дне возера?.. Наша галоўная задача зберагчы Лабелію на будучыю, каб её маглі любавацца будучыя пакаленні.

54. Лілея кучаравая. Лилия кудреватая. (Lilium martagon) Статус: IV катэгорыя (NT). Рэдкi, недастаткова вывучаны вiд, колькасць i стан якога выклiкаюць трывогу.

55. Плюшч звычайны. Плющ обыкновенный. (Hedera heliх I.). Статус IV катэгорыя (NT). (20.09.2013 г. знойдзены і зафатаграфаваны адным з аўтараў дадзенай брашуры, Панасюком І.А. у Бастынскім лясніцтве). Аб гэтым інфармаваны Інстытут Батанікі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, адкуль было атрымана пісьмовае пацверджанне аб рэгістрацыі яго ў каталогу. Аб гэтым былі праінфармаваны спецыялісты Лунінецкага лясгаса і ляснік Бастынскага лясніцтва Шуляк Іван. Плюшч мае невысокую ступень рызыкі знікнення. Церпіць ад неспрыяльных тэндэнцый на прылеглых тэрыторыях, у асобных раёнах іх колькасць скарачаецца, але пры правільна арганізаванай ахове від здольны аднавіцца да ўзроўня, які не выклікае засцярогі, з 2015 года ўнесены ў лік чырвонакніжніка Лунінецкага раёна. Прыгожая расліна, падобная на хатні. Верагодна плюшч хатні быў некалі перанесены чалавекам у дом менавіта з лесу. Цікава мацуецца на дрэвах, прыгожа „паўзе“ па зямлі. (З 2016 г.)-14.

56.* Прастрэл раскрыты (Сон-трава). Прострел раскрытый (Pulsatilla patens). Cтатуc: IV катэгорыі (NT). Да 70-х гадоў ХХ стагоддзя сон-трава расла на тэрыторыях амаль усіх лясніцтваў Лунінецкага раёна. Сёння арэал яе зменшаны ў некалькі разоў. Гэтаму ёсць тлумачэнні. Ідзе інтэнсіўнае вырэзванне лясоў. За апошнія 7-8 гадоў я назіраў і фатаграфаваў гэтыя прыгожыя дзікія кветкі толькі на тэрыторыі 3 лясніцтваў Лунінецкага раёна. Што самае цікавае, яны маюць тры адценні афарбоўкі.

57. Пылкагалоўнік чырвоны. Пыльцеголовник красный. (Cephalanthera rubra L.) Статус: ІІІ катэгорыя (VU) Шматгадовая кароткакаранёвая расліна вышынёй 25-60 см. Унесена ў Чырвоную кнігу СССР у 1984 годзе. У Чырвонай кнізе Беларусі з’явілася ў першым выданні 1981 года. Сустракаецца ў 10 раёнах Брэсцкай вобласці, у тым ліку і ў нашым Лунінецкім раёне, заказнік „Лунінскі“. Любіць шырокалісцевыя лясы, хмызнякі.

58. Сіела (Бірула) прамая. Бірула (Сіела) прямая. (Birula eresta=Siela eresta) Статус: III Катэгорыя (VU). Уключана ў другое выданне Чырвонай кнігі Беларусі (1993 г.). Была заўважана ў Навасёлкаўскім лясніцтве і на беразе ракі Случ, за горадам Мікашэвічы. Адбывалася гэта ў 80-90 гады ХХ стагоддзя.

59. Тайнік яйцападобны. Тайник яйцевидный. (Listera Ovata (L.) R. BR.) Статус: (IV) катэгорыя (NT). Шматгадовая травяністая расліна, вышынёй 20-70 см. Не шматлікія папуляцыі сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Расце большай часткаю ў сырых хвойных, лісцевых і змешаных лясах, лясных палянах, на нізменных лугах, на акраінах балот. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Фактары пагрозы: высечка лясоў, асушальна-меліяратыўныя работы, гаспадарчая трансфармацыя зямель і празмерны выпас жывёл. (З 2016 г.)-15.

60. Фіялка багнавая. Фиалка топяная. (Viola uliginosa Вess.) Статус: (IV) катэгорыя (NT). У нашым раёне з 80-х гадоў ХХ стагоддзя былі вядомы 4-5 месцаў яе знаходжання. На сённяшні дзень яна ўнесена ў лік асоба ахоўваемых, хаця ўжо знаходзілася сярод „чырвонакніжнікаў“ нашага раёна з пачатку ХХI стагоддзя.

61. Цыбуля мядзвежая або Чарамша. Медвежий лук или черемша. (Allium ursinum) Стутус: IIІ катэгорыя (VU). Рэдкi вiд, колькасць якога хутка скарачаецца. На Лунінеччыне ёсць лічаныя месцы, дзе яе па вясне яшчэ можна ўбачыць. Людзі ведаюць яе жыватворную сілу, нарыхтоўваюць на зіму.

62. Шпажнік (гладыёлус) чарапіцавы. Шпажник черепитчатый. (Gladiolus imbricatus L.) Cтатус: ІІІ катэгорыя (VU). Шматгадовая травяністая расліна вышынёю 20-80 см. Распаўсюджана амаль па усёй тэрыторыі Беларусі. Узята пад ахову ў Чырвоную кнігу СССР, яшчэ да з’яўлення Чырвонай кнігі Беларусі ў 1964 годзе. Падобная зусім на гладыёлус. У нашым раёне ён назіраецца на тэрыторыі некалькіх лясніцтв, пераважна Мікашэвічскага рэгіёну, а таксама у заказніку „Сярэдняя Прыпяць“.

Гэта кароткае апісанне. Больш падрабязна аб кожным чырвонакніжніку вы маеце магчымасць прачытаць у Чырвонай кнізе Беларусі, апошнім 4-м выданні 2015 года і ў інтэрнэце, які сёння даступны кожнаму! А наша выданне мае абмежаванні ў колькасці старонак.

Нагадаю, што гэта колькасць чырвонакніжнікаў ў нашым раёне, згодна дакументам розных гадоў — (60) — афіцыйная, у тым ліку і змяненням у апошнім, чацвёртым выданні Чырвонай кнігі Беларусі 2015 года (2 тамы). Маем думку, што колькасць чырвонакніжнікаў у нашым раёне большая, аднак яны не зарэгістраваны ў трох першых выданнях Чырвонай кнігі. Прычын некалькі. Ніхто не даслаў здымкі ў Інстытут Батанікі Акадэміі Навук Беларусі; у нас даўно не працавалі навуковыя экспедыцыі. Можна назваць і яшчэ некалькі суб’ектыўных прычын, я назаву вам некалькі прадстаўнікоў Чырвонай кнігі, якіх вы маглі сустракаць самі:

1. Шэры журавель — пара якіх жыла некалькі гадоў непадалёку ад Лунінца; ва ўрочышчы Горнава, (водна-балотны заказнік мясцовага значэння „Велута“ з 05.11.2016 г.
2. Пагоніч малы.
3. Соня садовая — прыгожая мышка.
4. Турухтан — па вясне пралётны від ля Прыпяці.
5. Варакушка — птушка.
6. Красацел бронзавы.
7. Жужаль фіялетавы…

…спіс мы мажам прадоўжыць і далей. Гэтыя прадстаўнікі ўжо зарэгістраваны ў 2-х апошніх Чырвоных кнігах 2014, 2015 гадоў, аднак яны не абазначаны на тэрыторыі нашага Лунінецкага раёна. Калі заняцца назіраннем і вызначэннем матылькоў, траў, імхоў, грыбоў, кветкавых — то наш раён будзе ўзгадвацца значна больш на старонках Чырвонай Кнігі. І гэта добра, што мы маем яшчэ такую магчымасць бачыць іх у прыродзе і любавацца імі на тэрыторыі нашага раёна, і нават у прыгарадзе Лунінца… з другога ж боку гэта накладвае на нас вялікую адказнасць за іх будучыню.

Назад | Далей