Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Скарбы малой радзімы

„Чалавек бярэцца за пяро, каб падзяліцца ўласнымі думкамі з вялікай колькасцю чытачоў, спадзеючыся расказаць ім аб, безумоўна, цікавых рэчах, навесці на ўласны роздум. Вядома, гэта — рызыкоўны ўчынак. Адкрыць перад людзьмі сваю душу можа толькі смелы чалавек, бо не выключана, што нярэдка аўтар становіцца мішэнню для крытыкаў. Сёння таксама не без сумнення кладу перад сабою чысты аркуш паперы. Але ж не выкласці на ім свой погляд проста не магу…

Прычынай стала прачытаная кніга. Прыгожае выданне ў шыкоўнай вокладцы. І назва: „Прырода Брэстчыны на рубяжах стагоддзя“. Аўтары працы — В.Т. Дземянчык, Н.В. Міхальчук, У.П. Самусевіч. (Яны неаднойчы бывалі на Луніннеччыне П.І.). Выйшла яна яшчэ ў 2001 годзе зусім невялікім накладам — усяго 400 экземпляраў, — адразу стаўшы рарытэтам. Знамянальна тое, што адзін з аўтараў — наш зямляк Уладзімір Паўлавіч Самусевіч.

Нарадзіўся ён у Лахве. Тыя кароткія звесткі пра гэтага чалавека, што зменшчаны ў выхадных дадзеных, не задаволілі мяне і я патэлефанавала ў Брэст.

У кароткай размове з Уладзімірам Паўлавічам даведалася, што пасля паспяховага заканчэння Лахвенскай дзесяцігодкі мой суразмоўца паступіў у Калініградскі тэхнічны інстытут рыбнай прамысловасці, дзе і набыў спецыяльнасць іхтыёлага-рыбавода. Працаваў на кіруючых пасадах у рыбкамбінаце „Чырвоная Слабада“ рыбгасах „Лахва“ і „Палессе“. Займаў пасаду старшага інспектара рыбводнагляду. З 1995 года ўзначаліў Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Эпіграфам да выдання аўтары ўзялі словы Францыска Скарыны, (першага беларускага кнігадрукара, чый 500-гадовы юбілей выдання яго першай кнігі наша краіна будзе адзначаць у 2017 годзе ў Полацку. Аўтары.):

„…падобна таму, як звяры, блукаючы па пустыні, пазнаюць ямы свае, птушкі, лётаючыя ў паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, плаваючыя па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і ім падобныя, бароняць вуллі свае, — таксама ж і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены па міласці Боскай, да таго ж месца вялікую ласку маюць“. Прысвячэнне ж кнігі ўразіла асабліва: „Землякам — памёршым, сучасным і будучым — прысвячаецца…“

Вось так немудрагеліста ўваходзяць аўтары ў кожную сям’ю, у кожную душу. Гартаючы кнігу, шмат разоў знаходзіла радкі пра нашы з вамі мясціны — пра Бацькаўшчыну. Для кожнага за гэтым словам стаіць сваё, блізкае, дарагое… Магчыма нехта ўспомніць родную хату, бацькоў і той звычны сялянскі ўклад са сваімі традыцыямі і павер’ямі. Ніхто не вёў тады гаворкі пра экалагічныя праблемы, але і малы, і дарослы пэўна ведалі, што ні ў якім выпадку не можна было разбураць бусліныя гнёзды, “бо бусел хату спаліць”, што нельга кранаць птушыныя яйкі, бо “твар пакрые рабацінне”, што забаронена браць у рукі маленькіх птушанят, “бо птушка маці адрачэцца ад гнязда…” наіўныя, але зразумелыя кожнаму пагрозы дзейнічалі беспамылкова і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, несучы з сабой няхай і прымітыўнае, але дзейснае экалагічнае выхаванне.

Вядома, чалавек раней быў бліжэй да прыроды. Дзетвара не дзівілася, калі сустракала ў лесе пугача (філіна), не пужалася, калі босая нага ледзь не наступала на мядзянку. Сёння ж, калі скажаш, што гэта змяя зусім не ядавітая, ставяцца з недаверам. А вужы па ўспамінах не такіх і старых нашых землякоў былі ледзь не хатнімі істотамі! Памятаю, як у пару маёй моладасці ў вёсцы ядавітая гадзюка знайшла сваю ахвяру на градцы з капустай непадалёк ад хаты. Незлічоныя праўдзівыя гісторыіі старых паляўнічых, рыбаловаў, збіральнікаў лясных дароў маглі б стаць не менш цікавымі, чым аповеды Дзярсу Узала.

Між тым, прырода нашага роднага кутка вельмі цікавіць вучоных. Аднагалосна яны адзначаюць унікальнасць і непаўторнасць беларускага Палесся, не стамляюццая пераконваць, што неабходна зберагчы тое, што ўцалела ў век навукова-тэхнічнага прагрэсу. Чаму ж звяры і птушкі, добра вядомыя нашым продкам, сустракаюцца ўсё радзей або знікаюць наогул? Зусім, рэдка пашчасціць убачыць філіна, ён амаль знік. Вельмі рэдка траплюць на вочы чалавеку рысь і барсук.. Для іх — жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, для раслін, якія знікаюць з пэўных біятопаў, ствараюцца прыродаахоўныя тэрыторыі рознага статусу, у тым ліку і ў нашым раёне.

Усё ж, вышэй згаданая кніга дадае экалагічнага аптымізму. Яна складаецца з раздзелаў, прыродазнаўчых і прыродагістарычных нарысаў. Вось нарыс „Лес“. Наш раён згадваецца ў ліку адным з самых лясістых, дзе плошча зялёных насаджэнняў дасягае 46% ад агульнай плошчы раёна, большая толькі ў Ганцавіцкага (56%). Аказваецца наша Лунінеччына знакамітая сваімі пойменнымі лясамі, якія асабліва характэрныя для басейна Прыпяці:

„У Верхнепрыпяцкім раёне выдзяляецца масіў з панаваннем чарнавольхавых лясоў. Плошча яго 3010 гектараў, размешчаны ў міжрэччы Прыпяці, Бобрыка і Цны. У складзе лясоў пераважаюць бярозавыя (58%) і чорнавольхавыя дрэвастоі. Нагадаю, што пойменны лес расце на затапляемых у час паводкі частках рачных далін…

Плошча Мікашэвіцкага лясніцтва складае 9354,8 га, з якіх 22,5 га — дубраў, 1124 га — чорнавольхавыя лясы, размешчаны яны ў міжрэччы Лані, Случы і Прыпяці, а на долю сасны, бярозы, елкі, асіны і граба прыпадае астатняя плошча. Асноўнымі адмоўнымі фактарамі, якія ўздзейнічаюць на пойменныя лясы, выступаюць меліярацыйныя сістэмы, гідратэхнічныя збудаванні, інтэнсіўны выпас жывёлы, дарожнае будаўніцтва і іншае“. Паводле слоў навукоўцаў, у нашым раёне, у заказніку „Лунінскі“, растуць лепшыя на Беларусі грабавыя лясы.

Але ж ці ўмеем мы шанаваць гэтае багацце? Асушылі балоты, выпрамляем рэкі, забіраем з іх у шматлікія каналы ваду… не так многа засталося мясцін з сапраўднымі, не кранутымі адвечнымі лясамі. У кожнай краіне ставяцца да іх асабліва ўважліва і ахайна. Не будзем жа і мы горшымі за іншых!..

Чытаючы нарыс „Дрэвы і хмызнякі“, даведалася, што практычна ўсе дубы, старэйшыя за 300 год, неаднойчы паражаліся маланкай. Устаноўлена, што са 100 ўдараў маланкі ў звычайныя гады ў дуб яна трапляе 54 разы, у елку — 10, у сасну — 6, ліпу — 2. А вось клён і бярозу маланка выбірае вельмі рэдка. У навукоўцаў ёсць нават тлумачэнні феномену, не буду іх сёння прыводзіць, бо, думаю для чытача прыведзеныя факты цікавыя самі па сабе.

Асобным радком пра нарыс „Птушкі“. Называючы Брэстчыну „краем непалоханых арлоў“, аўтары звяртаюць свой погляд і на Лунінеччыну, адзначаючы той факт, што тут гняздуецца чырвонакніжнік змеяед. Ён — адзіная драпежная птушка Еўропы, якая харчуецца выключна паўзунамі. У кнізе прыведзены і такі дзівосны факт. „На Брэстчыне да нядаўняга часу быў вядомы ўнікальны народны сродак ад педыкулёзу. Менавіта адварам мяса змеяеда паспяхова ратаваўся ад нашэсця вошай І. Бушыла — самы знакаміты „рабінзон“ цывілізаванай часткі Еўропы ХХ стагоддзя”.

Апісваюцца ў кнізе добра вядомыя нам белы і чорны буслы, шэрая чапля. У 1992 годзе арнітолагі Э.Г. Самусенка і М.Е. Нікіфараў у Лунінецкім раёне ў вусце Лані выявілі буйнейшую не толькі ў Беларусі, але ва ўсёй сярэдняй паласе Еўропы калонію шэрай чаплі: 609 гнёздаў птушкі ўхітрыліся ўладкаваць усяго на 59 дрэвах…

У ХХ стагоддзі вусце Лані становіцца сапраўднай „Меккай рэдкіх птушак Беларусі“. У 1995 годзе А.І. Альгамец зарэгістрыраваў паблізу вусця Лані першыя ў краіне факты гнездавання кваквы — вельмі рэдкай чаплі. На думку Э.Г. Самусенка, тут упершыню знайшла сабе прыстанішча і вялікая белая чапля (1997 г.). У 4-м выданні Чырвонай кнігі Беларусі 2015, белая чапля вынесена з ліку чырвонакніжнікаў. Гэта абнадзейвае і дае магчымасць спадзявацца, што прыгожая птушка будзе радаваць вока нашых патомкаў...

Цікавыя звесткі пра пугача (філіна) — самую буйную саву свету. Вага яе дасягае больш 3 кілаграмаў. Гэта адзіная птушка, якая можа дазволіць сабе паласавацца вожыкамі.

Сярод надзвычай рэдкіх птушак, што гняздуюцца на Лунінеччыне, называюць аўтары і вяртлявую чаротаўку — вельмі прыгожую, з аліўкава-шэрым апярэннем, пазначаным цёмнымі плямамі з рыжым налётам. Надхвосце жаўтаватае, брушка — рыжае. Горла і грудка — светлыя. На жаль, чалавек асушаючы балоты і мяняючы водны рэжым, стаў ворагам чаротаўцы. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, штогод, у сярэдзіне мая, птушка настойліва вяртаецца з Паўночнай Афрыкі, дзе праводзіць зіму, на малую Радзіму…

Кніга „Прырода Брэстчыны на рубяжы стагоддзяў“ аздоблена гожымі фотаздымкамі, у тым ліку, і зробленымі на тэрыторыі нашага раёна. На адным з іх знакамітая “лабелія Дортмана”. Яшчэ адзін фотаздымак адлюстроўвае звычайную сасну каўнерыкавай формы. (У 2016 годзе, ліпені месяцы, месца, дзе зарэгістраваны гэтыя сосны” абвешчана Батанічным помнікам прыроды „Лунінецкія каўнерыкавыя сосны“. Між тым, на Брэстчыне, вядомы толькі 3 месцы, дзе растуць дрэвы гэтага рэдкага віду.

Яшчэ адна ілюстрацыя, якая мае дачыненне да нашага раёна. І вось наступны каментарый. „Гэтую азёрную губку (глядзіце каляровую укладку) вышынёю 20 см мы паднялі з-пад вады… на прычале Чорнага возера ў Бастынскім лясніцтве. Губкі — самыя прымітыўныя многаклетачныя прадстаўнікі жывёльнага свету не толькі Берасцейшчыны, але і ўсёй сучаснай прыроды планеты. Яе можна назваць „каралам беларускіх азёраў“. Калі такую губку расцерці ў парашок, то праз 7-8 дзён малюсенькія клеткі сплывуцца і зрастуцца ў новыя маленькія губкі. Такой выключна высокай здольнасці да адраджэння не мае ніякі іншы від у сучаснай фаўне”.

На гэтым спыняю экскурсію па роднаму краю, якую наладзілі нам аўтары ўнікальнай кнігі. Спадзяюся, што тыя, каго яна зацікавіла, здолеюць знайсці выданне. Калі ж не, то хаця б яшчэ раз прасякнуцца разуменнем таго, якім неацэнным скарбам валодаем, усведамленнем, што захаваць яго для нашчадкаў — наш абавязак. Пачнем з малога. Бываючы на ўлонні прыроды, давайце не будзем пакідаць гуры смецця, ствараючы невыносныя ўмовы для пражывання „братам нашым меншым“ якія гэтак жа, як і чалавек, хочуць дыхаць і цягнуцца да сонца.

Газета “Лунінецкія навіны” 29.04.2003 года
Настаўніца біялогіі СШ № 2 г. Лунінца,
ветэран педагагічнай працы. Л.К. Панасюк

Назад | Далей