Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Прыродаахоўныя тэрыторыі.

Прадоўжым нашу размову аб нашай прыродзе з апісання тых запаведных куточкаў, якія на працягу многіх гадоў з’яўляюцца заказнікамі і помнікамі прыроды. Іх у нас да 13 ліпеня 1999 года налічвалася 6, з 1999 года да 2016 года 3, паколькі на месцах былых заказнікаў „Нізоў’е Случы“, „Вусце Лані“ і „Ястрабель“ быў утвораны новы заказнік „Сярэдняя Прыпяць“. З кастрычніка 2016 года ў нас заказнікаў стала 4. Чацвёртым стаў водна-балотны заказнік „Велута“, які вярнуў свой статус з 80-х гадоў ХХ стагоддзя. З гэтага ж месяца 2016 года ў Дварэцкім лясніцтве, на тэрыторыі Залескага лесу дабавіўся пасля аднаго помніка прыроды — “Векавыя дубы Кажан-Гарадоцкія”, другі батанічны помнік прыроды — „Лунінецкія каўнерыкавыя сосны“. Дарэчы, што ж такое заказнік?..

Заказнікі — гэта часткі прыродных ландшафтаў, вызначаныя для аховы і ўзнаўлення аднаго альбо некалькіх кампанентаў прыроднага комплексу ў спалучэнні з абмежаваным гаспадарча-рэкрэацыйным выкарыстаннем. Рэжым аховы можа быць працягласцю да 10 год альбо бестэрмінова. Гаспадарчая дзейнасць у межах заказніка дазваляецца ў той меры, якая не шкодзіць ахоўваемым аб’ектам. Заказнікі бываюць рэспубліканскага і мясцовага значэння. У нашай рэспубліцы іх налічваецца больш за 60. Падраздзяляюцца заказнікі на азёрныя, батанічныя, гідралагічныя, ландшафтныя, фаўністычныя, біялагічныя.

Запаведныя тэрыторыі — гэта ахоўваемая прыродная тэрыторыя, землі альбо водныя абшары, на тэрыторыі якіх ёсць комплексы навуковай ці культурнай вартасці. Землі запаведных тэрыторый зусім выключаюцца з гаспадарчай дзейнасці. Маюць вялікае значэнне для аховы і ўзнаўлення ландшафтаў, захавання генафонду жывёл і раслін.

Лунiнецкая раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзя.

Гартаючы падшыўкі старых газет натрапіў на артыкул 5 чэрвеня 1972 года, з гэтых часоў больш чым 100 краін Свету адзначаюць Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. На сённяшні дзень у нашай Рэспубліцы Беларусь надаецца асаблівая ўвага флоры і фаўне нашай краіны. У раёне існуе 3 дзяржаўныя ведамствы. Але толькі адно з іх мае сваю 34 гадовую гісторы.

Да 1983 года ў Лунінцы і Лунінецкім раёне дзяржаўным інспектарам па ахове прыроды працаваў Чарнавокі Мікалай Сямёнавіч. У 1983 годзе ў горад Лунінец прыязджае малады выпускнік Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава факультэта лясной гаспадаркі, спецыяльнасць — інжынер лясной гаспадаркі, Алег Аляксеевіч Шэляпнеў. Лунінецкі выканкам адкрывае новую пасаду — інспектара па ахове прыроды. Працаваць прыходзілася шмат, таму што справа была новая, невядомая. У 1986 годзе “Ахова прыроды” рэарганізуецца ў „Лунінецкую раённую інспекцыю па экалогіі“. З 1987 года начальнікам „Лунінецкай раённай інспекцыі па экалогіі“ прызначаюць Міхалевіча Адама Федаравіча. Павялічываецца штат супрацоўнікаў. Алег Аляксеевіч выконвае абавязкі вядучага спецыяліста па ахове прыроды, а інспектарам па экалогіі назначаюць Івана Дзмітрыевіча Піліпцэвіча. У 1999 годзе начальнікам раённай інспекцыі рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя быў прызначаны Анатоль Барысавіч Кляцко, які працаваў на гэтай нялёгкай пасадзе да 2013 года. У штаце да лютага 2007 года была яшчэ і бухгалтар Тамара Аляксандраўна Ігнатчык. З 2008 года да 2015 года інспекцыю ўзначальваў Іван Дзмітрыевіч Піліпцэвіч. З 2015 года начальнікам дзяржаўнай інспекцыі назначаны Аляксандр Васільевіч Шкут. Памочнікамі ў яго працуюць вядучыя спецыялісты Мікалай Ванюк і Андрэй Каховіч.

Трэба сказаць, што гэта добра зладжаны маленькі калектыў, які праводзіць складаную работу па ахове прыроды. На сеняшні дзень арганізацыя налічвае разам з начальнікам 3 чалавекі. Гэта два галоўныя спецыялісты: Ванюк Мікалай і Каховіч Андрэй. Задачы ў іх няпростыя: кантроль за выкананнем усіх норм паветраннага, воднага басейнаў, кантроль за аховай недраў, за правільным землекарыстаннем у горадзе Лунінцы і раёне. Правядзенне тлумачальнай работы з прадстаўнікамі арганізацый, ведамстваў, прадпрыемстваў, а таксама з насельніцтвам. Супрацоўнікі аказвалі і аказваюць дзейсную дапамогу школам, ліцэям, гімназіям і садкам, прымаюць ўдзел у правядзенні экалагічных дэкад, тыдняў і святаў у школах, а таксама арганізацыі экалагічных мерапрыемстваў. За апошнія 15 год школы атрымалі карысныя кнігі, у тым ліку 3-е выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь (І і ІІ тамы). Вучні школ горада і раёна прымаюць самы актыўны ўдзел ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях, конкурсах, віктарынах.

Наша раённая экалагічная інспекцыя мае шырокія паўнамоцтвы, і гэта на сабе адчуваюць тыя, хто забывае пра тое, што „Прырода — навакольнае асяроддзе — гэта наш агульны Дом, законы якога не дазваляецца парушаць“. Хочацца пажадаць усім супрацоўнікам трох прыродаахоўных ведамстваў мірнага, яснага неба, чыстага паветра, зялёных лясоў і разумных карыстальнікаў усяго нашага прыроднага багацця.

Не так даўно ў нашай раёнцы „Лунінецкія навіны“ з’явілася інтэрвью журналіста Наталлі Паўлюкевіч з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Васільевічам Шкутом. З дазволу Наталлі размяшчаю яго ў даведніку, за што ёй шчыра ўдзячны.

Назад | Далей