Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Любавацца прыгажосцю радзімы

На Лунінеччыне размешчаны 3 заказнікі рэспубліканскага значэння: ландшафтны — „Сярэдняя Прыпяць“, біялагічныя — „Лунінскі“ і „Борскі“. Акрамя таго, ёсць батанічны помнік прыроды “Кажан-Гарадоцкія дубы векавыя“. Сёлета ў рэгіёне паявіліся яшчэ дзьве ўнікальныя тэрыторыі — водна-балотны заказнік мясцовага значэння „Велута“ і батанічны помнік прыроды „Лунінецкія каўнерыкавыя сосны“. Аб „навічках“ гутарым з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Васільевічам Шкутом.

— Водна-балотны заказнік мясцовага значэння “Велута” плошчай 211,38 гектара аб’яўлены рашэннем райвыканкама № 923 ад 07.07.2016 г. на землях ляснога фонду ў кварталах 40, 41, 48-50, 56-59, 63-71, 74, 98, 99 Навасёлкаўскага лясніцтва ДЛГУ „Лунінецкі лясгас“. Стварылі яго з мэтай захавання ў натуральным выглядзе буйнога лесабалотнага комплексу ў даліне ракі Цна. Ён з’яўляецца месцам жыхарства дзікіх жывёлін і дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Вядомае за межамі раёна вадасховішча “Велута” ў склад аднайменнага заказніка не ўвайшло.

— Што трэба ведаць землякам пра асаблівасці знаходжання на ахоўваемай тэрыторыі?

— За выключэннем мерапрыемстваў па прадухіленню і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, тут забараняецца правядзенне работ: па гідраўлічнай меліярацыі; звязаных са змяненнем існуючага гідралагічнага рэжыму (акрамя работ па яго аднаўленню, рамонтна-эксплуатацыйных работ па забеспячэнню функцыянавання меліярацыйных сістэм); па разведцы і распрацоўцы месцанараджэнняў карысных выкапняў; па размяшчэнні адходаў (акрамя іх часовага захоўвання у санкцыянаваных месцах да перавозкі на аб’екты пастаяннага захавання, абясшкоджвання ці далейшага выкарыстання); па адвядзенню сточных вод у навакольнае асяроддзе. Нельга таксама ўзводзіць аб’екты будаўніцтва (праўда, гэта не датычыць інжынерных і транспартных камунікацый), стаянак механічных транспартных сродкаў, збудаванняў для мэтаў вядзення лясной гаспадаркі, дамоў паляўнічых і рыбаловаў, эколага-інфармацыйных цэнтраў, будынкаў для абсталявання зон і месцаў адпачынку, турыстычных стаянак, экалагічных сцяжын. Зразумела, пад забаронай знаходзіцца знішчэнне ці пашкоджанне драўнінна-кустовай расліннасці, жывога надглебавага покрыва і лясной падсцілкі. Але зноў-такі ёсць выключэнні: размяшчэнне асобных палатак, работы лесасечныя і па трэўлёўцы і вывазцы драўніны, уборка небяспечных дрэў уздоўж ліній электраперадачы і інш.

— Ці можна распальваць вогнішча?

— Яго развядзенне дазваляецца толькі ва ўстаноўленых месцах. Зрэшты, як і спальванне парубачных рэшткаў у ачагах шкоднікаў і хвароб лесу, што павінна адпавядаць тэхнічным нарматыўных прававым актам. Нельга з дапамогай агня знішчаць сухую расліннасць.

— А збіраць ягады і грыбы?

— Аматараў лясных прысмакаў не расчарую. А вось юрыдычным асобам забаронена нарыхтоўваць і закупляць дзікарослыя расліны і іх часткі.

— Што важна для аўтамотаўладальнікаў?

— Парушэннем заканадаўства будуць рух і стаянка механічных транспартных сродкаў па-за дарог і спецыяльна абсталяваных месцаў. Не датычыць гэта спецтэхнікі, напрыклад, аддзела па надзвычайных сітуацыях, лясгаса, нашай інспекцыі і калег з Мікашэвіч, вышэйстаячых органаў і падраздзяленняў.

— Раскажыце пра „Лунінецкія каўнерыкавыя сосны“.

— „Дзень нараджэння“ батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння таксама быў у ліпені 2016 года. Размешчаны на ўскраіне райцэнтра — у 150 метрах паўднёва-ўсходней гімназіі, у выдзелах №5 і 6 квартала 9 Дварэцкага лясніцтва, у 10 метрах паўднёвей былога стралковага ціра. Агульная плошча скаладе 2,7313 гектара. Яшчэ ў верасні 2010 года тут выявілі 23 экзэмпляры незвычайнай, унікальнай формы сасны звычайнай. Лускі кары на ствале дрэва ствараюць некалькі правільных адтапыраных кругоў, размешчаных у выглядзе ярусаў. Каўнерыкавая форма, як прыродны ўнікум, служыць сімвалам багацця і разнастайнасці лясоў Белавежскай пушчы і па цяперашні час. Тут забараняецца незаконнае знішчэнне і пашкоджанне дрэў, узвядзенне пабудоў, пракладка новых дарог і падземных камунікацый, распальванне вогнішчаў, устаноўка палатак, забруджванне тэрыторыі, нарыхтоўка ападу хвоі.

Давайце разам прыкладаць намаганні, каб магчымасць любавяцца прыгажосцю роднага краю была не толькі ў нас, але і нашых нашчадкаў!

„ЛН“ лістапад 2016. Гутарыла Наталля Паўлюкевіч.

Перад тым як пачаць размову аб нашых „ахоўваемых тэрыторыях“ не магу не даць слова настаўніцы біялогіі і геаграфіі, ветэрану педагагічнай працы Ларысе Канстанцінаўне. Яна падзеліцца сваімі думкамі наконт нашай роднай прыроды Лунінеччыны, ёй слова (П.І.).

Назад | Далей