| ВелутаСустрэча ў вёсцы ВелутаДа 60 гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне з’явіўся гэты ўспамін.Каціўся сталёвы вал да ЛунінеччыныУ асабістай бібліятэцы А.А. Гопты, як каштоўная рэліквія, беражліва захоўваецца кніжка “Усё жыццё – Айчыне”. Яе аўтар Кацярына Спірыдонаўна — жонка Васіля Захаравіча Каржа — праўдзіва і ярка распавядае аб слаўным баявым шляху партызан Пінскага злучэння.Звернемся да тых баявых дзён, якія маюць дачыненне да сумеснай барацьбы воінаў 55-й Мазырскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі і брыгад, і атрадаў партызан: “У ноч на 21 чэрвеня партызаны злучэння прыступілі да масіраваных удараў па чыгунцы, — успамінае К. С. Корж. — Яны працягваліся і ў наступныя суткі. Ставілася задача цалкам перакрыць усе шляхі, па якіх варожы фронт атрымлівае падмацаванні. А цяпер у штабе рашалі, як дапоўніць удары па дарогах атакамі атрадаў па воінскіх падраздзяленнях праціўніка. Партызаны здагадваліся, што з дня на дзень пачнецца вялікае наступленне савецкіх войскаў, і рыхтаваліся аказаць усялякую дапамогу Чырвонай Арміі ў разгроме ворага... В. З. Корж прапанаваў: — Пры наступленні часцей Чырвонай Арміі на Лунінец з усходу і поўдня перакідваем брыгаду імя Кірава — у Добрую Волю, брыгаду імя Будзённага — у Велуту , брыгаду імя Леніна — у Ліпок, Макава ўшчыльную да чыгункі Лунінец — Баранавічы. Штаб перамяшчаецца ў Навасёлкі... Мы сіламі чатырох брыгад пераразаем чыгунку Лунінец — Баранавічы і Лунінец — Пінск.Узаемадзейнічаючы з часцямі Чырвонай Арміі, садзейнічаем узяццю Лунінца... 23 чэрвеня ў радыёграме паведамлялася аб тым, што войскі І Прыбалтыйскага, ІІІ і ІІ Беларускіх франтоў перайшлі ў рашучае наступленне, зламалі варожую абарону. А праз дзень новая радасная вестка: перайшлі ў наступленне войскі І Беларускага фронту. Па меры набліжэння фронту шырылася баявое ўзаемадзеянне воінскіх часцей з партызанскімі злучэннямі. Партызаны актывізавалі “рэйкавую вайну”. Дзякуючы гэтаму на чыгунцы ўтварылася вялікае скапленне варожых эшалонаў, што дало магчымасць нашай авіяцыі больш прыцэльна і ў масавым парадку граміць жывую сілу і тэхніку адступаючага ворага”. Братэрскія абдымкі і слёзы Заставаліся лічаныя дні да падзеі, якой суджана было стаць гістарычнай для нашага раёна. А. А. Гопта з пачуццём гордасці ўспамінае аб вялікім даверы, які быў аказаны партызанскаму атраду імя Калініна: першаму сустрэць перадавыя часці Чырвонай Арміі. А было гэта так. Будучы ў брыгадзе імя Кірава, генерал-маёр В. З. Корж пацікавіўся, як ваюе атрад імя Калініна, якім камандуе Мешытбай Хасенаў. Яму сказалі, што атрад актыўны, наносіць ворагу вялікія страты. Корж загадаў паклікаць Хасенава. Той прыбыў хутка. — У вёску Велута прыбываюць перадавыя часткі Чырвонай Арміі, — сказаў Корж Хасенаву. — Вам прадастаўляецца права першымі сустрэцца з імі. Атрад імя Калініна паспяхова справіўся з заданнем. Вось што аб гэтым расказваў потым Хасенаў: — 7 ліпеня раніцай разам са сваім атрадам я прабіраўся да вёскі Велута, дзе ўжо знаходзіліся часці Чырвонай Арміі. Хвалюючай і кранаючай была гэта сустрэча. Партызан па-братэрску вітаў камандзір палка палкоўнік Новікаў... Непасрэдны ўдзельнік гэтай падзеі А. А. Гопта ўспамінае: — Сустрэча сапраўды стала трыумфальнай. Чырвонаармейцы кідаліся ў братэрскія абдымкі да партызанаў, на шапках якіх палымелі наўкос прышытыя чырвоныя стужкі, зіхацелі чырвоныя зорачкі, такія ж, як і ў байцоў Чырвонай Арміі. Ніхто не саромеўся слёз, шчырых абдымкаў і пацалункаў. Адзін другога частавалі тытунём. А на потных гімнасцёрках абаронцаў зіхацелі заслужаныя ў баях узнагароды. Мікалай Юсціновіч. |
|