Волін Мікалай

  

Велута

Плацдарм

Дакументальны нарыс пра кавалера двух ордэнаў Славы, нашага земляка, радавога Мікалая Воліна.
( “Ленінскі шлях” ад 9 мая 1978 г.).

I. Першае знаёмства

Абсягі Велуты — у завадзі, у рачных і азёрных плёсах. І да сядзібы Мікалая Андрэевіча Воліна не так проста ў Заброддзе дабрацца. Першакласнік Віталік Волін шыбуе шпарка, цікаўна пазіраючы на нас.

— Ці хутка прыйдзем да дзядзькі?

— Хутка, унь за тым хляўком жыве, апошняя кладка засталася, — і Віталік накіроўвае свае жывыя вочы ўсцяг вясковай вуліцы.

Гаспадара дома няма.

— На рабоце бацька, — тлумачаць дзеці Мікалая Андрэевіча — пяцікласнік Сяргей і дзесяцікласніца Вольга. На рабоце — значыць трэба накіроўвацца ў Люшчу. Там працуе Мікалай Андрэевіч — брыгадзірам маставікоў на Люшчанскім участку аб’яднання “Лунінецлес”.

Але адбываецца першае знаёмства з героем нарыса — знаёмства дакументальнае, ці што. Вольга прапаноўвае дакументы, перапіску Мікалая Андрэевіча.

...Пажоўклая чырвонаармейская кніжка. З ёю радавы Волін прайшоў вайну. Кароткія лаканічныя радкі:

“Прысягу прыняў 21.08.1944. Год нараджэння — 1921. Спецыяльнасць да прызыву — цясляр; месца нараджэння і пастаяннага жыхарства. Дамашні адрас... Пінская вобласць, Лунінецкі раён, в. Велута, бацька Андрэй Харытонавіч; праходжанне службы — стралковы полк, чырвонаармеец, старшы кулямётчык — 19.09.1944 г.; Берлінскі полк, 3 стралковы батальён, узвод ПТР, чырвонаармеец, 5.07.1945; удзел у паходах, узнагароды і адзнакі — 1-ы Беларускі фронт, ордэн Славы ІІІ і ІІ ступені, ордэн “Чырвоная зорка”, медаль “За баявыя заслугі”... Паранены і кантужаны..."
Кароценькія радкі. Своеасаблівая франтавая біяграфія радавога вайны, па якой цяжка ўявіць, які складаны шлях пройдзены першым нумарам кулямётнага разліку.

ІІ. Пра славу не думаў, да славы ішоў...

Плацдарм на заходнім беразе Одэра быў невялікім. Яго плошча складала кіламетры з два ў шырыню і прыкладна столькі ж у даўжыню. Захапіць яго, замацавацца на супрацьлеглым беразе ракі выпала на долю і роты Гарбаценкі, той роты, дзе быў радавы Волін.

Вораг імкнуўся скінуць у ваду адважных байцоў. Атака следавала за атакай. Радавы Волін не губляўся, адчуваў сябе спакойна і трапна касіў насядаўшых гітлераўцаў. Кулямётчык разумеў важнасць усёй аперацыі, разумеў, што пашырэнне Одэрскага плацдарма адкрые шлях для наступлення ўдарнай групоўкі 1-га Беларускага фронту на Берлін. Камандуючы 1-га Беларускага фронту маршал Г. К. Жукаў напярэдадні аперацыі звярнуўся да камандзіраў карпусоў і дывізій з тэлеграмай наступнага зместу:

“На 5-ю ўдарную армію ўскладзена асабліва адказная задача ўтрымаць захоплены плацдарм на заходнім беразе ракі Одэр і пашырыць яго хаця б да 20 кіламетраў па фронту і 10–12 кіламетраў у глыбіню.

Я ўсіх вас прашу зразумець гістарычную адказнасць за выкананне даручанай вам задачы і, расказаўшы сваім людзям аб гэтым, патрабаваць ад войск выключнай стойкасці і доблесці.

На жаль, мы вам не можам пакуль што дапамагчы авіяцыяй, таму што аэрадромы раскіслі і ўзляцець самалёты ў паветра не могуць. Праціўнік лятае з берлінскіх аэрадромаў, якія маюць бетонныя палосы. Рэкамендую:

1. Закапацца глыбока ў зямлю.
2. Арганізаваць масавы зенітны агонь.
3. Перайсці да начных дзеянняў, кожны раз атакуючы з абмежаванай мэтай.
4. Днём адбіваць атакі ворага.

Пройдзе 2–3 дні — праціўнік выдыхнецца. Жадаю вам і кіруючым вамі войскам гістарычна важнага поспеху, які вы не толькі можаце, але павінны забяспечыць.
Г. Жукаў”.

...Кулямётчык Волін з таварышамі адбіваў ужо незлічоную атаку. Адчуваў салдат: утрымаемся. І гэтае адчуванне надавала веру ў поспех. А неўзабаве ва ўзнагародным лісце, які зараз захоўваецца ў архіве, з’явіліся радкі аб узнагароджанні ордэнам Чырвоная Зоркі — трэцім па ліку;

“...за захоп і расшырэнне плацдарма на рацэ Одэр першы нумар кулямёта радавы Волін Мікалай Андрэевіч знішчыў гранатамі кулямёт праціўніка. У гэтым баі 13.2.45 г. быў паранены...”

У сваіх успамінах маршал Г. К. Жукаў зазначыць:

“У выніку шматдзённых змаганняў плацдарм быў пашыраны да 44 кіламетраў. З яго і пачалося наступленне фронту на Берлін...”...Мікалай Андрэевіч з выгляду непрыкметны. Просты, сціплы чалавек. Расказвае, узважваючы кожнае слова.

— Пра смерць тады не думаў. Быў малады, рухавы. З Велуты ў нас на фронт пайшло чалавек 200, а можа і больш. Загінуў кожны трэці, — расказвае былы франтавік.

Успаміны. Наплываюць. Часта. З вайны. Вось Мікалай Захаравіч Гарбаценка. Мой камандзір роты. Перапісваемся. Зусім нядаўна адшукалі адзін другога. Ён — Герой Савецкага Саюза. Здароўе — так сабе. Сляды вайны. Сляды плацдармаў, франтавых пакут. Пачытайце, што піша пра майго былога камандзіра роты таксама франтавік, ветэран нашай дывізіі Іван Ільіч Левінцаў.

Чытаю ліст ад І.І. Левінцава. У пісьме расказваецца, што Гарбаценка жыве ў Алма-Аце. Вось толькі здароўе няважнае.

Углядаюся і ў фотаздымак, на якім — Герой Савецкага Саюза. Мужны, суровы позірк, за якім — адчуванне цвёрдага характару, перажытае. Надпіс на фотаздымку:

Салдату сваёй роты, кавалеру ордэнаў Славы Воліну М.А. На памяць аб сумеснай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі за гонар і свабоду нашай Радзімы...”

Яшчэ раз углядаецца ў фотаздымак і Мікалай Андрэевіч. Маўчыць ветэран. Аб чым ён думае?

Аб тым, што чацвёра засталося іх з роты ў баях за Віслай? Што васьмёра байцоў усяго выйшла з баёў на подступах да Берліна — з палка? Альбо ўспамінаюцца баі за г. Пулавы?

...Тады, 12 студзеня 1945 года, у разведку пайшла ўся рота капітана Гарбаценкі. Пайшла, каб з боем узяць “языкоў” — далей без ведання абстаноўкі дзейнічаць было немагчыма. Ты ідзеш, лічы, у адкрытую. Насустрач агню, смерці.

Удала з боем пройдзена першая, другая траншэі. Перад трэцяй прыйшлося залегчы. Другі нумар кулямёта Якаў Грэбень, зямляк Воліна з Яжавок, глядзеў на свайго таварыша. Ён прачытаў яго думкі і зразумеў намер: салдаты раптоўна ўскочылі ў траншэю. Шасцёра немцаў на рашучае “Рукі ўгару” не адважыліся парушыць загад. Трое з палонных былі афіцэрамі. Даставіць у распалажэнне палка немцаў крыху пазней дапамаглі Воліну яго сябры. Уся аперацыя працягвалася каля чатырох гадзін. Разведка боем для Воліна была паспяховай. Якаў Грэбень быў цяжка паранены: мужны воін у тым баі застаўся без нагі.

Амаль праз два тыдні новае суровае выпрабаванне выпала на долю Мікалая Воліна. Баі ішлі на тэрыторыі Германіі. Важны ўчастак утрымлівала падраздзяленне Гарбаценкі. Акапаўся Волін, вёў агонь па насядаючаму ворагу са свайго акопа. Бачыў: пайшлі танкі. Пад гусеніцамі “тыграў” застаўся адзін разлік, другі. “Чарга за мною? — думка-імпульс працяла салдата. — Не, не атрымаецца, гады”. Радавы Волін працягваў бой. Па-сапраўднаму ўзрадаваўся, калі задыміў варожы танк — усяго за некалькі метраў Экіпаж узяты ў палон.

Архіўныя радкі засведчаць адзін з многіх подзвігаў радавога Воліна і, у прыватнасці, гісторыю атрымання ім аднаго з двух ордэнаў Славы.

“...31.01.1945 г. у баях за г. Мезярытц адным з першых уварваўся на ўскраіну горада і са сваёй зброі — ручнога кулямёта — знішчыў разлік 2-х агнявых кропак праціўніка. У г. Мезярытц знішчыў звыш 15 нямецкіх салдат...”

— Канец вайны сустрэў ля рэйхстага, — Мікалай Андрэевіч зноў ва ўспамінах. — Колькі нашых загінула, колькі загінула. І якіх хлопцаў. За ўвесь час толькі ў мяне змянілася шэсць іншых нумароў. Адзін з апошніх — украінец. Паўліяненка. Такі вясёлы хлопец. Храбры. На плацдарме акапаліся, чакаем атаку. А тут куля. Прайшла праз рукаў майго шынеля і прама ў вісок таварышу. Так ён і застаўся там...

Дэмабілізаваўся я 17 мая 1946 года. Пасля ажаніўся. Так і жыву ў Велуце. Працую — як усе. Запросяць у школу — выступлю. Дзецям раскажу. Усё — як было. Без усялякага моўнага ўпрыгожвання. А што да славы, дык яе не шукалі мы, нават не марылі аб ёй. Слава сама знаходзіла нас. Вунь з маіх аднавяскоўцаў з ордэнам Славы вярнуліся Аляксей Драбовіч, Сяргей Дырман, Міхаіл Клімчук, Архіп Гардзюк, Сяргей Дземянчук, Лаўрэнцій Хадатчук меў таксама два ордэны Салдацкай доблесці. Ды няма ўжо яго. Памёр Лаўрэнцій Іванавіч. І ад ран. Каго вайна не забіла, дык жыццё падкараціла. Гэта факт.

ІІІ. Цана перамогі

Дарагія нашы франтавікі. Якія словы ўдзячнасці выказаць вам! Вось яшчэ адзін ліст да Мікалая Андрэевіча — ад былога начальніка штаба стралковага палка Аляксандра Сямёнавіча Дзяраева:

“...Працягваю пошукі ветэранаў. Ужо ў мяне сабрана каля 700 адрасоў. Даводзіцца многа пісаць на пацвярджэнне адрасоў і даваць адказы на цікавыя пытанні. Працуючы ў архіве ў 1977 годзе, я высветліў, што з вашага раёна і Ганцавіцкага многа было прызвана ў нашу дывізію. Прашу вас зрабіць заяву ў раённую газету прыкладна наступнага зместу:

“Мы, ветэраны 370 стралковай дывізіі, вядзём пошукі сваіх аднапалчан. Просьба адгукнуцца па адрасе... (адрас свой укажыце або мой). У Ганцавіцкім раёне я ўстанавіў два адрасы: Занько Рыгора Паўлавіча, які жыве ў вёсцы Люсіна, і Шуляка Васіля Міхайлавіча, які жыве ў вёсцы Ліпск. Напішыце пра сябе, як у вас здароўе, што новага?..”

Ліст прасякнуты клопатам аб людзях, удзельніках вайны. Пішуць Мікалаю Андрэевічу і з г. Асіна Томскай вобласці, у прыватнасці, старшыня савета ветэранаў 370 стралковай Чырванасцяжнай ордэна Кутузава ІІ ступені Брандэнбургскай дывізіі Я. Глухіх. Яна просіць Мікалая Андрэевіча даслаць у мясцовы музей дакументы, фотаздымкі, успаміны ...Сціплы ветэран з Велуты адказвае на пісьмы...

Са свайго боку хацелася б нагадаць піянерам і школьнікам, моладзі калгасаў і саўгасаў, прадпрыемстваў: адшуквайце ветэранаў, радавых вайны, запісвайце іх успаміны, стварайце музеі. Усё гэта трэба жывым. Час няўмольна бяжыць наперад, і своечасова трэба многае паспець зрабіць — пакуль жывыя нашы слаўныя франтавікі.

Рыса мужнасці? У чым яна? Нават вось у такіх людзях — негаваркіх, — з выгляду, крыху замкнёных, непрыкметных, як радавы вайны Мікалай Андрэевіч Волін.

М. Калінковіч

На верх старонкі