Перад богаслужэньнем


Прасьвіцер М. М. Палякоў і старэйшы вернік А. У. Каховіч

  

Велута

Царква вернікаў Хрысціян Веры Евангельскай

Успомніўшы Свята-Троіцкую царкву ў в. Велута, нельга абысці і царкву верзейннікаў — Евангельскіх Хрысціян. Гэтая абшчына таксама мае сваю 80 гадовую гісторыю. Са слоў старэйшага верніка Каховіча Аляксея Уласавіча слова Божае вернікі царквы Евангельскіх Хрысціян прынялі з вуснаў першага прасвіцера ў в. Велута, прасвіцера з Малькавіч Каховіча Аляксея Піліпавіча. Уладарылі ў тыя гады палякі. Мясцовая ўлада, куды была прапісана веска Велута, знаходзілася ў «гліне» в. Чучавічы, гэта нешта падобнае на наш сельскі савет. Як правіла богаслужэнні ці то нядзельныя, ці то святочныя правыодзіліся ў адной з вясковых хат. З боку ўлад асаблівай забароны не было, паколькі гэта не супярэчыла тагачасным законам мясцовай улады. Польскі ўрад дазваляў гэта яшчэ і па той прычыне, што вясковы люд, які маліўся Богу, не меў намеру ўцягвацца ў палітычную барацьбу. А ў гэтыя часы на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавалі ўжо і партызаны, якіх палякі называлі «бандытамі». А людзі, веруючыя не ўяўлялі сабой польскім уладам небяспекі.

Нараду з богаслужэннямі вялуцкія вернікі працавалі ў полі, ў лесе. Была нават адкрыта пачатковая школа, праіснаваўшая да 1939 года.

1939 – 1941 год. У гэтыя гады ў царкве Евангельскіх Хрысціян прасвіцерам або намеснікам быў Каховіч Аляксей Уласавіч, меўшы на той час 4 класы польскай пачатковай школы. Такіх людзей у весцы было вельмі мала, таму і цанілася грамата вяскоўцаў. Часта прыязджаў Леановіч Карп Іванавіч з в. Малькавічы.

3 ліпеня 1941 года ў в. Велута быў устаноўлены гітлераўцамі жорсткі рыжым. Размаўляючы з вернікамі, даведаўся што ў часы нямецкай акупацыі афіцыйнага дазволу на дзейнасць царквы не існавала. Аднак, калі немцы бачылі гурток людзей з «Святым Пісаннем» у руках, адносіліся абыякава. Пасля вызвалення в. Велута 8 ліпеня 1944 года ад нямецкай акупацыі прасвіцерамі ў царкве Евангельскіх Хрысціян былі Марко Сямен Рыгоравіч, Баўкуновіч Уладзімір Андрэевіч, Марко Павел Сяменавіч.

Для жыхароў вескі, як і для вернікаў наступілі нялегкія пасляваенныя гады. Трэба было будавацца. У 1949 годзе пачалася арганізацыя калгаса «Чырвоная Зорка». (Чытайце раздзел «З гісторыі калгаса»).

Вернікі царквы Евангельскіх Хрысціян прымалі актыўны ўдзел у калгаснай працы. Адныя былі паляводамі, другія механізатарамі, трэція будаўнікамі. Многія жанчыны акрамя таго і гадавалі дзяцей, некаторыя з іх з’яўляліся «Маці-Гераіняй», другія выгадавалі па 7 – 10 дзяцей, былі узнагароджаны медалямі Мацярынства розных ступеняў. Адным словам, вернікі царквы Евангельскіх Хрысціян з’яўляліся заўседы актыўнымі ўдзельнікамі калектыўнай працы. Ад сябе хачу сказаць, што ў сярэдзіне 70-ых калі я прыехаў на работу ў школу, я адрозніваў дзяцей вернікаў свей культурай сціпласцю, акуратнасцю, добрымі адносінамі да працы, выхаванасцю. І не дзіўна, бо іх бацькі адрозніваліся высокай маральнасцю, лаяльным стаўленнем да дзяржаўнай улады. Хаця нельга не ўспомніць тое, што іх погляды на пытанні «вайны і міра» не заўседы супадалі з тагачаснай ідэалогіяй школьнай праграмы. Гэта стварала немалыя праблемы для дзяцей вернікаў і настаўнікаў. Сяняшнія дзяржаўныя адносіны паміж грамадскасцю, дзяржавай і рэлігійнымі канфесіямі зусім другія. дзяржава не толькі дэкларуе свабоду рэлігіі і веравызнання, але і бачыць у выхаванні духоўнасці царкву, як памочніка ў стаўленні грамадзяніна — Чалавека.

Тэма Веры вельмі глыбокая і разважаць аб ёй можна доўга, аднак, мэта майго зборніка трошкі іншая. Закончыць свае досыць кароткія разважанні хацелася б напамінаннем аб тым, што сярод вернікаў царквы Евангельскіх Хрысціян былі і есць шмат людзей самай глыбокай павагі. Рады адзначыць такіх і сярод велуцян. Гэта сёняшні прасвіцер Палякоў Мітрафан і яго жонка, выгадаваўшыя 9 дзяцей, якія з’яўляюцца добрасумленнымі працаўнікамі ў сваіх прафесіях. Амаль усе яны ідуць па стапах сваіх бацькоў, з’яўляюцца вернікамі Евангельскіх Хрысціян. Гэта Каховіч Аляксей Уласавіч, шмат аддаўшый часу службе у Царкве Евангельскіх Хрысціян в. Велута, таксама з жонкай выгадаваўшыя 5 дзяцей. Дарэчы абодва яны працавалі ў будаўнічай брыгадзе калхоза «Зара». Гэта і Арэхва Сц. П. і яго жонка, выгадаваўшыя 12 дзяцей. Екацярына Сяменаўна з’яўлялася Маці-Гераіня, як пазней і яе нявестка — Арэхва Ганна Іванаўна — таксама Маці-Гераіня. Маці-Гераіні былі і Клімчук Вольга Іванаўна; Клімчук Ева Сяменаўна. Ітак з 11 Маці-Гераінь — 4 верніцы Царквы Евангельскіх Хрысціян. Да гэтага спісу можна дабавіць і маці шматдзетных сямей: гэта Палякова Лізавета Сяргееўна, Клімчук Надзея Васільеўна, Арэхва Марыя Якаўлеўна, Клімчук Марыя Іванаўна. Нельга не адзначыць і сенняшніх вернікаў, ветэранаў працы Юрко П. І.; Драбовіч Сц. В. Чалавек вялікай душы, ветэран працы Меланья Аляксееўна Драбовіч, маці шматдзетнай сям’і. Спіс гэты можна працягваць і далей.

Дзеці і ўнукі сеняшніх вернікаў добрасумленна працуюць інжэнерамі, медыцынскімі работнікамі, будаўнікамі, жывелаводамі, паляводамі, фермерамі, прадпрымальнікамі; амаль ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, як і за яе межамі.

Сення царкву Евангельскіх Хрысціян у в. Велута наведваюць больш за 100 жыхароў вескі. Для дзяцей існуе нядзельная школа. Хочацца верыць, што цемныя часы для вернікаў як царквы Евангельскіх Хрысціян так і праваслаўнай, а таксама і для другіх канфесій канулі ў «Лету», паколькі большая частка вернікаў правільна разумее галоўную задачу нашай дзяржавы — выхаванне фізічна і маральна здаровага грамадзяніна, любячага сваю Радзіму — Беларусь.




Пасьля богаслужэньня