Велута

Пачатак меліярацыі (канец ХIХ ст.), перапынак і заканчэнне ў 70 гадах ХХ ст.

Вокруг — болото без границы,
Пни, камни, кочек бугорки,
И между них седой пушницы
Торчат, качаясь, колоски.
Н.А. Холодковский
Палессе з даўніх часоў лічылася краем непраходных балот і лясоў. Большая частка сучаснай тэрыторыі раёна была занята балотамі. Мясцовыя жыхары спрадвеку змагаліся з дрыгвой, адваёўваючы невялікія кавалкі для хлебаробства. Самай вялікай справай палешукоў было асушэнне балот. Капалі канавы ўручную, але гэтыя спробы не заўсёды супрацьстаялі наступствам балот. І толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на Палессі пачаліся значныя работы па асушэнню балот. Відавочна, гэта было звязана ў першую чаргу з пабудовай у 1884 годзе праз тэрыторыю Палесся чыгункі.
“Барацьба чалавека з прыродай пачалася на Палессі ў 1873 годзе. Гэтым барацьбітом з’явіўся вучоны геадэзіст, ураджэнец Віленскай губерніі генерал-маёр І.І. Жылінскі. Ініцыятыва належала яму. Ён першы склаў план асушэння Пінскіх (Палескіх) балот. Гэтае асушэнне балот доўжылася да 1903 года”
А.К. Кіркор. VII раздзел, ІІІ том выдання “Жывапісная Расія”
* * *

У гэтыя часы на Лунінеччыне буйнымі землеўладальнікамі з’яўляліся князі Друцкія-Любецкія, К.Х. Шчытт. З 1894 па 1897 год у балотах вакол в. Велута (валоданні Шчытта) было пракладзена 100 вёрст каналаў. Да 1910 года было пракладзена яшчэ 60 вёрст. Самымі вялікімі землеўладальнікамі ў 1906 – 1907 гг. былі генерал А.П. Струкаў з 2200 дзесяцінамі, з якіх палова балоты і мокрыя лясы. Тут жа, у Велуце, знаходзіўся маёнтак генерала. Акрамя гэтага, ў в. Велута мелася ўладанне А.Л. Беранговіча — 18169 дзесяцін (з іх 14000 дзесяцін мокрых лясоў і балот).

У 1911 годзе ў Мінску пад кіраўніцтвам мінскага губернатара Я.Е. Эрдзелі была праведзена нарада па пытанню ўзнаўлення меліярацыйных работ на Палессі і падтрымцы існуючых збудаванняў. Ад Пінскага павета прысутнічалі павятовы прадвадзіцель дваранства І.А. Папа-Афамасонула і лунінецкі памешчык К.Х. Шчытт, які яшчэ ў 1903 годзе з нагоды 50-годдзя службовай дзейнасці генерала І.І. Жылінскага пісаў аб неабходнасці папярэдняга рэгуляравання рэк Палесся. Гідраўзбудаванні на рэках — вадзяныя млыны з запрудамі — падтапліваюць сотні дзесяцін суседніх балот і робяць немагчымым іх асушэнне. Таму неабходна пракладваць новыя асушальныя каналы і аднавіць комплексную меліярацыю.

Нязручнасці з-за балот адчувалі і сяляне. Меліярацыйныя работы з пачатку ХХ стагоддзя да 1915 года праводзіліся пастаянна, але з-за малых аб’ёмаў не давалі значных вынікаў. Таму абодва землеўладальнікі былі гатовы ўкласці свае грошы ў меліярацыйныя работы, аднак лічылі, што ўрад павінен дапамагчы ў будаўніцтве каналаў і што балотныя рэкі Цна і Смердзь павінны быць урэгуляваны. Па землях Беранговіча ў Велуце было пракладзена 20 вёрст каналаў, злучыўшы іх з каналамі маёнтка Малькавічы графа Патоцкага, а яшчэ 10 вёрст збіраліся пракласці па землях маёнтка Бастынь. Выкананне работ дазволіла б таксама асушыць землі сялян вёсак Велута, Ліпск, Езерніца, маёнтка Лахва Сялянскага банка і маёнтка Велута ўладальніка Давыдава, дзе ўжо раней было пракладзена каля 60 вёрст каналаў і асушаны 4000 дзесяцін з затратай на 12 тысяч рублёў.

Такім чынам з пачатку ХХ стагоддзя да 1915 г. землеўладальнікамі балот, зямель, лясоў у прылягаючай да в. Велута тэрыторый былі:

  1. генерал Струкаў А.П.;
  2. памешчык Шчытт К.Х.;
  3. Беранговіч А.Л.;
  4. землеўладальнік Давыдаў Г.Л.
Для асушэння Грычынскіх балот меркавалася ачысціць Грычынскі канал даўжынёю 15 вёрст... упусціць у р. Смердзь Баравікоўскі канал. У маёнтку Навасёлкі і Баравікі (уладальнік Беранговіч) і Вулька ІІ (уладальнік Давыдаў) пабудаваць 42 вярсты каналаў.

Гэта былі грандыёзныя па тым часе планы. Некаторыя з іх пачалі выконвацца ў 1912 – 14 гг., але пачалася першая сусветная вайна, былі разбураны нават многія з раней існуючых гідратэхнічных збудаванняў. Планы глабальнага асушэння былі здзейснены амаль праз 50 год. Але аб гэтым перыядзе пазней.

З 1915 па 1927 гады меліярацыйныя работы не праводзіліся. У гэты час толькі рамантаваліся існуючыя каналы. Але ў канцы 20-х гадоў на тэрыторыю раёна, на якой ужо ўладарыла Польшча, прыязджала спецыяльная камісія Лігі нацый, якая хацела на месцы азнаёміцца з вядомымі ў Еўропе Грычынскімі балотамі. Вялася гаворка аб асушэнні 15000 км2 балот. Аднак гаворка так і засталася гаворкай. Адзінае, што было зроблена за “польскім часам”, гэта завершана падрыхтоўка тапаграфічнай карты балот Палесся. З 1930 па 1939 гады ніякіх асушальных работ не праводзілася. Што яшчэ больш-менш значнага было зроблена пры Польшчы, дык гэта шырокая сістэма метэастанцый і гідралагічных пастоў, на тэрыторыі раёна іх было 20.

У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая зноў адкінула амаль на 25 год асушэнне балот Палесся. Толькі ў канцы 60-х гадоў на тэрыторыі раёна пачалася шырокамаштабная меліярацыя, якая працягвалася да канца 80-х. Больш чым за 20 год актыўнай меліярацыі на тэрыторыі нашага раёна было меліяравана 78200 тысяч гектараў балот; балот на сённяшні дзень у нас засталося 40000 гектараў. З пачатку 70-х і да сённяшняга часу ў раёне дзейнічае некалькі буйнейшых меліяраваных сістэм: “Валчанская”, “Ракітнянская”, “Хваецкае”, Чарабасава І, ІІ, ІІІ”, “Сваха”.

Меліярацыя ў Велуце ўзнавілася ў 1963 годзе і працягвалася аж да 1977 года. А з 1978 па 1982 гг. у Навасёлках было пабудавана вадасховішча “Велута”.

Са школьнага падручніка вядома, што рэкі і азёры ў вельмі нязначнай ступені выкарыстоўваюцца чалавекам у яго гаспадарчай дзейнасці. А для рэгулявання ўвільгатнення палёў, захавання воднага балансу ствараюцца штучныя басейны вады — вадасховішчы. У нашым раёне яны ёсць таксама. Адно з самых буйных вадасховішчаў — “Велута”, плошча якога 760,2 га; максімальны аб’ём вады можа быць роўны 30,9 млн. м3.

Тып вадасховішча — наліўны. Ёсць помпавая станцыя. Вадасховішча выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах, для ўвільгатнення 20,5 тысячы гектараў зямель Валчанскай сістэмы, а таксама для накаплення паводкавай вады ракі Цна, для папярэджвання затаплення сельскагаспадарчых угоддзяў. Вось ужо на працягу 20 год вадасховішча “Велута” добрасумленна выконвае сваю пачэсную місію. Акрамя таго, яно з’яўляецца як бы адным з “філіялаў” рыбгаса “Лахва”.

Размешчана вадасховішча ў вельмі прыгожым месцы непадалёку ад в. Навасёлкі. Амаль на працягу ўсяго года сюды прыязджаюць аматары-рыбаловы і не толькі з Лунінеччыны, а нават з Пінскага, Салігорскага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў. Летам вадасховішча “Велута” — месца прыемнага адпачынку, купання, плавання. Вакол гэтага штучнага возера расце шмат розных ягад і грыбоў. На вадзе плаваюць сотні дзікіх качак. Вадасховішча акальцавана дамбай-плацінай, даўжыня якой 10,4 км. У прылягаючых лясах водзяцца дзікі, лісіцы, зайцы, касулі, куніцы, ёсць гнездаванні рэдкіх птушак. Ранняй вясной чуваць такаванне цецерукоў, часамі вадасховішча наведваюць лебедзі, пралётныя гусі і жураўлі. Цікава тут пабываць з фотаапаратам, заўсёды можна знайсці непаўторны кадр. У супрацоўнікаў экалагічнай інспекцыі, а таксама таварыства “Ахова прыроды” ёсць планы на недалёкае будучае — стварыць вакол вадасховішча заказнік па ахове нізіннага балота, расліннага і жывёльнага свету. Гэты малакрануты куточак прыроды нашага раёна павінен быць захаваны нашчадкам.

Змяніўся час, дзяржава, няма больш калгаса “Зара”, ёсць СВК “Велута”. Сёння існуюць праблемы з вадасховішчам, але я мяркую, што яны вырашальныя.

Вялуцкім участкам Валчанскай сістэмы доўгія гады кіраваў Павел Фёдаравіч Максімчык, на жаль, цяпер ужо нябожчык. Гэта быў граматны спецыяліст. Даглядаліся ўсе гідратэхнічныя збудаванні, абкапваліся канавы, рамантаваліся масты і шлюзы. У нашы дні ёсць праблемы з утрыманнем усёй гаспадаркі асушальнай сістэмы, у тым ліку і на асушаных землях СВК “Велута”.

Ужо мінула амаль 30 гадоў з заканчэння апошніх меліярацыйных работ. Ураджайнасць пачала падаць. З’яўляюцца пылавыя буры, пераносіцца і выветрываецца ўрадлівая глеба. Пачаліся частыя засухі, і не толькі ў Беларусі. Глеба лішылася вялікай колькасці вады. На балотах пачалі ўзнікаць часта пажары. Не ў лепшы бок пачынае змяняцца клімат: у снежні могуць пайсці дажджы, ужо некалькі гадоў запар у маі і чэрвені бываюць замаразкі. Паменшылася колькасць птушак, жывёл, загінулі многія віды раслін, найбольш адчувальных да пагаршэння навакольнага асяроддзя. І ўжо сёння Экалагічны фонд ААН намераны перавесці ў Беларусь мільёны долараў, мэтай прызначэння якіх будуць частковае забалочванне раней асушаных балот Палесся, у тым ліку нашага Лунінецкага раёна. Па колькасці асушаных балот мы займаем адно з першых месц у Беларусі. Не патрэбна было асушаць такую плошчу балот (78200 га у цэлым па раёну), гэта амаль 76% плошчаў зямель агракомплексу раёна. Сапраўды, чалавек вучыцца на памылках. Але ўсяго добрага таксама патрэбна ў меру. Асушэнне балот Палесся паўплывала на ўтварэнне дажджавых воблакаў, паменшыла колькасць ападкаў нават у суседняй Украіне. Ёсць і яшчэ адзін аргумент на карысць “амністыі” балотам...

“Балотныя расліны актыўна выдзяляюць кісларод, паглынаюць вуглякіслы газ, пераўтвараючы яго ў торф. Як лічыць акадэмік Н. Бамбалаў, балотны гектар амаль у 10 разоў больш інтэнсіўна ачышчае паветра, чым 1 га лесу. Не выпадкова спецыялісты назвалі Палессе “лёгкімі” Еўропы”.

Як было напісана ў “Народнай газеце” ад 7 снежня 2002 года, у Беларусі плануецца вярнуць “балотам” 11000 гектараў асушаных раней зямель. Значыць, і нам, і Еўропе стане жыць і дыхаць лягчэй.

Вось як бывае ў жыцці. У кароткім нарысе мы з вамі даведаліся, як пачыналася меліярацыя ў канцы XIX стагоддзя, як закончылася ў канцы XX стагоддзя і што ў пачатку XXI стагоддзя мы будзем сведкамі адваротнага працэсу — забалочвання. Як тут не прыпомніць словы:

... ты — человек!
Ты царь Природы! Так!
Поскольку в ней всё сущее подвластно тебе.
Живи — сверяя каждый шаг с природою.
И будет всё прекрасно!
Но царские замашки не лелей в душе!
И не желай себе свободы.
Ты царь Природы! Так!
Но знай — трудней почувствовать себя —
Венцом природы!
Асушэнне балот вакол в. Велута, ды і ў самой вёсцы, канечне ж, дало свой плён. Адзінае, што кожны з нас павінен ведаць: усё, што даравала нам прырода: паветра, ваду, глебу, лес, балота, расліны і жывёлы, — мы павінны зберагчы для будучых пакаленняў. Гэта павінна быць запаветам кожнаму з нас. Будзе існаваць прырода — будзе жыць чалавек. А іншага чалавецтву не дадзена! Беражыце і абараняйце Прыроду. Чалавек на зямлі — імгненне, а Прырода — вечна!

На верх старонкі