Велута

Сямейная справа

Раіса Іванаўна Клімчук з 1988 года працавала ў калгасе даяркай, а два гады таму перайшла ў цялятніцы. З жывёлагадоўляй звязана ўсё працоўнае жыццё яе маці — Марыі Ігнатаўны, да выхаду на пенсію была цялятніцай і свякруха — Таццяна Апанасаўна. Абедзве мамы, як ласкава называе іх Раіса Іванаўна, часта падмяняюць яе, калі па розных абставінах яна не можа выйсці на работу. Клопаты аб справах на калгаснай ферме сталі сапраўды сямейнымі.

У жывёлагадоўлі лёгкай работы не бывае. І ўсё ж цялятніцам, напэўна , даводзіцца цяжэй за іншых. Даяркам “кармачы” дапамагаюць, многія працэсы механізаваны, а з цялятамі літаральна ўсё “на руках”: пойла падрыхтаваць, накарміць, напаіць... Толькі старанныя, неабыякавыя да справы людзі могуць добрых вынікаў дабівацца. Сёлета кожнае з 35-ці цялят у групе Раісы Іванаўны прыбаўляла ў вазе амаль на паўкілаграма, а ў летні час прывагі складалі 600 грамаў.

Любое заданне — на выдатна

Спецыяльнасць трактарыста-машыніста Фёдар Маркавіч Шуляк атрымаў у Ганцавіцкім СПТВ-22 (у Лунінцы “кузні механізатарскіх кадраў” тады яшчэ не было) і пасля службы ў арміі вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся ў калгас. Грунтоўная прафесійная падрыхтоўка дазваляла працаваць на трактарах розных марак і бездакорна выконваць любую работу — ворыва, сяўбу, апрацоўку пасеваў і г.д. Зараз у руках механізатара пагрузчык на базе К-701 — тэхніка для гаспадаркі сапраўды незаменная, асабліва ў корманарыхтоўчы сезон ці ў час вывазкі арганікі. З даведзенымі заданнямі Фёдар Маркавіч спраўляецца выдатна. Ды і з напарнікам яму пашанцавала: Уладзімір Нікадзімавіч Партус — адзін са старэйшых і вопытнейшых механізатараў калгаса. Разам, калі што здарыцца, здольны выканаць самы складаны рамонт.

Матэрыялы падрыхтаваў Ю. Юрко, газета “Лунінецкія навіны”