Велута

На клопатнай пасадзе

Лабарантка, памочніца загадчыка, загадчыца малочна-таварнай фермы №1 — на такіх пасадах у адным калектыве адпрацавала з 1975 года, пасля заканчэння Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума, Вольга Паўлаўна Зылевіч. З кожным новым прызначэннем дабаўлялася адказнасці і клопатаў, ды ўсё менш заставалася часу на ўласныя справы, сям’ю. У выхадныя дні і святы Вольга Паўлаўна лічыць абавязкам прыйсці на работу, каб асабіста пераканацца, што ўсё ў парадку.

Працуе на ферме 52 чалавекі — даяркі, даглядчыкі, кармачы, слесары па халадзільнаму абсталяванню... Работай кожнага з падначаленых кіраўнік задаволена: не засталося сярод іх тых, хто не хацеў ці не змог працаваць, парушэнні дысцыпліны — з’ява рэдкая. Адна з першых памочніц загадчыцы — лабарантка Вера Касьянаўна Арэхва, якая раней працавала даяркай, з’яўляецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яе парады і падтрымка сапраўды неацэнныя. Сярод двух дзесяткаў даярак касцяк складаюць вопытнейшыя, маючыя больш як па 20 гадоў стажу, жанчыны — Кацярына Палікарпаўна Максімчык, Марыя Сцяпанаўна Хадатчук, Юся Паўлаўна Хлуд, Вольга Ігнатаўна Клімчук, Вера Аляксандраўна Шуляк. Нягледзячы на неспрыяльны год, за 11 месяцаў многія атрымалі надоі па 2700 і больш літраў малака ад каровы.

Стараецца і моладзь. На раённую Дошку гонару сёлета занесена імя Наталлі Хлуд — аператара машыннага даення. Адразу пасля школы прыйшлі на ферму і добрасумленна працуюць Валянціна Наумік, Таццяна Каховіч, Таццяна Гардзюк.

З шасцісоценнага пагалоўя жывёлы на ферме налічваецца 478 дойных кароў. За 11 месяцаў дзяржаве рэалізавана 1050 тон малака. Чакаецца, што надой ад каровы за год складзе ў сярэднім не менш, чым 2,5 тысячы літраў. Паказчыкі не горш ыя за мінулагоднія, аднак менавіта гэта не задавальняе жывёлаводаў — можна і трэба дабівацца большага. Цяжкавата сёлета з кармамі, але пры ашчадным іх выкарыстанні на зімоўку хопіць, рацыёны вытрымліваюцца. Ёсць ўпэўненасць у добрых выніках, бо старання і вопыту людзям не пазычаць.