Велута

Ад бацькі — да сына

Яркімі ўражаннямі дзяцінства засталіся ў Ігара Шыйча “падарожжы” разам з бацькам. Калгасны шафёр Аляксей Сцяпанавіч часта зранку браў нашчадка ў кабіну грузавіка — куды ж дзець малога, калі дзіцячага садзіка яшчэ не было, а летнія дні такія доўгія? Хлопчык дапытліва ўнікаў у вадзіцельскія клопаты, трывала запамінаў маршруты па палях гаспадаркі і дарогах раёна. Быццам прадбачыў, што яны стануць яго жыццёвым шляхам.

Потым, калі юнак вучыўся на шафёра ў ПТВ-160, бацька заставаўся галоўным настаўнікам і часта давяраў руль сыну. А пасля вучобы і службы ў арміі Ігар прыйшоў у калгас ужо ўзмужнелым вадзіцелем. Быў спачатку на падмене, а неўзабаве атрымаў пастаянна замацаваны за ім ГАЗ-53. Аўтамабіль не новы (12 год ужо), але вадзіцель пастараўся, каб і знешне машына выглядала не горш за іншыя, і служыла спраўна. Калі што — ёсць да каго за парадай звярнуцца: працуюць бацька і сын побач.

Сёлета за 10 месяцаў І.А. Шыйч выпрацаваў 56 тысяч тонакіламетраў. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у гаспадарцы. Дастаўляў ад камбайнаў збожжа, перавозіў сянаж, бульбу. Нярэдка накіроўваецца ў рэйсы за межы раёна — у Мінск, Брэст, Гродзенскую вобласць, адкуль прывозіць запчасткі да тэхнікі, іншыя грузы.

Зараз у сям’і маладога вадзіцеля таксама расце маленькі сын. Хто ведае, можа, і ён неўзабаве пацягнецца да руля і стане прадаўжальнікам сямейнай дынастыі.