Велута

Калгас — гэта, перш за ўсё, людзі

Ад камандзіра — у войску ці на гаспадарчай рабоце — залежыць асноўная доля агульнага поспеху, тым больш у непрадказальны і зменлівы час. Прадчуваючы выпрабаванні, “падрыхтаваныя” эпохай рыначных пераўтварэнняў, калгаснікі з Велуты дамагліся вяртання ў гаспадарку былога старшыні.

Ураджэнец Лахвы Мікалай Адамавіч Макоўскі пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі пэўны час працаваў ужо ў “Зары” галоўным эканамістам і некалькі год узначальваў гаспадарку. Пабываў затым на гаспадарчым “алімпе” — на пасадзе старшыні раённага аграпрамысловага аб’яднання. Прычым, было гэта ў гады, шчодрыя для Лунінеччыны ва ўсіх адносінах — на ўраджаі, прадукцыю фермаў, а разам і на высокія адзнакі ў выглядзе саюзных і рэспубліканскіх сцягоў.

Сённяшняя калгасная рэчаіснасць больш суровая. І ўсё ж... Быццам і не адрозніваецца “Зара” ад суседзяў памерамі ўгоддзяў, пагалоўем жывёлы, колькасцю тэхнікі, але на працягу апошніх год за ёй трывала замацавалася рэпутацыя эканамічна ўстойлівай гаспадаркі. Сярод агульнага малюнка стану спраў у сельскай гаспадарцы, які зараз не ўсяляе аптымізму, калгас паўстае астраўком надзеі і адноснага дабрабыту: не мае даўгоў, штомесячна выплачвае людзям, няхай і сціплы па нашым часе, заробак, валодае свабоднымі сродкамі на рахунку і пастаянна абнаўляе тэхнічны парк. За кошт чаго гэта ўдаецца? З гэтага пытання і пачалі размову са старшынёй.

— А на чым яшчэ можа трымацца калгас, як не на павелічэнні аб’ёмаў прадукцыі. Іншых “падсобных промыслаў” у нас няма. У папярэднія гады мы не дапусцілі рэзкага падзення вытворчасці мяса, малака, пашырылі плошчы пад бульбу — культуру, якая дае стабільны прыбытак. Праўда, сёлетняя засуха моцна адбілася на ўраджаі ўсіх культур. Тым больш на нашых землях, натуральная ўрадлівасць якіх ацэнена ў 25 балаў (ніжэй у раёне ўжо няма). Збожжавых сабралі 14,9 цэнтнера з гектара, бульбы 99. Дзякуючы кукурузе (344 цэнтнеры з гектара), засталіся на зіму з кармамі, хаця іх назапашана менш леташняга — 16 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Пры ўсім тым выканалі дзяржзаказ па мясу — 300 тон, рэалізавалі 1700 тон малака (з улікам закупленага ў насельніцтва — 1800). Грашовы даход на канец года склаў 130 мільярдаў рублёў (толькі ад продажу малака штомесячна паступае 4 мільярды).

— Але ж можна дабівацца вялікіх аб’ёмаў прадукцыі і ў той жа час працаваць сабе ва ўрон...

— Канешне. Хаця на такія паняцці, як сабекошт, эфектыўнасць гаспадарання, многія ўжо не глядзяць. План любой цаной — гэта не для нас. І дробязей тут не бывае: пад пільнай увагай — эканомія гаручага, электраэнергіі, матэрыяльных рэсурсаў, ашчаднае выкарыстанне кармоў. Удасканальваем тэхналагічныя працэсы. Укараняем новыя аграпрыёмы. Добры эфект дае, напрыклад, прымяненне шыроказахватнага агрэгата РВК-5,4, які за адзін праход выконвае адначасова некалькі аперацый — культывацыю, прыкатванне. Дарэчы, на сучасную высокапрадукцыйную тэхніку не скупімся. Ды і стары парк падтрымліваем у спраўным стане.

— Важна таксама пастаянна павышаць аддачу кожнага гектара, асабліва на такіх бедных ад прыроды землях, як нашы. Штогод уносім прыкладна 30 тысяч тон арганікі. Любую работу імкнемся праводзіць своечасова. У аптымальныя тэрміны на 470 гектарах пасеялі азімыя, практычна ўсё — глеба і тэхніка — падрыхтаваны да веснавых палявых работ. Галоўная зараз задача — без страт правесці зімоўку. Каб папоўніць кармавую базу, узялі ў абмен на бульбу 200 тон збожжа. Частку яго выдзелілі людзям, астатняе — на камбікорм.

— Мяркуючы па сказанаму, няма ніякіх падстаў для прагнозаў тых, хто прадказвае калгасам эканамічны крах у недалёкім будучым?

— “Зара” вытрымае і ў сённяшніх нялёгкіх умовах. А увогуле, у краіне патрэбна нармальная цэнавая палітыка, разумная дзяржаўная падтрымка сельгасвытворцаў, у тым ліку — праз доўгатэрміновыя крэдыты на прымальных, не рабаўніцкіх для калгасаў умовах. Усё астатняе ў нас ёсць, і галоўнае — працавітыя, дысцыплінаваныя людзі.

— Вы пакуль нічога не сказалі аб працаўніках. Каго хацелі б адзначыць і што пажадаць калектыву ў юбілейным годзе?

— Па-першае, мы зыходзім з таго, што калгас існуе для калгаснікаў, а не наадварот. Усе даброты, паслугі, якія толькі можам аказаць — для працаўнікоў (іх у калгасе 360) і пенсіянераў (ветэранаў у нас 470). Не робім выключэння для вясковай інтэлігенцыі — настаўнікаў, медыкаў і г.д. — усе яны нашы. Транспарт — за 50% кошту. Пасадка бульбы, унясенне ўгнаенняў, апрацоўка прысядзібных участкаў і сотак — бясплатна. Цукар, мука і іншая прадукцыя, якую атрымліваем у тым ліку і па бартэру — па льготнай цане.

Не хацеў бы кагосьці пакрыўдзіць, бо дастойных людзей многа. Але па выніках сёлетняга года варта адзначыць калектыў 2-й трактарна-паляводчай брыгады на чале з Міхаілам Касьянавічам Наварычам, сярод жывёлаводаў — працаўнікоў фермы №1, дзе загадчыцай Вольга Паўлаўна Зылевіч.

Мы знарок перанеслі святкаванне юбілею калгаса з гарачай жнівеньскай пары на канец года. Зараз больш яскрава бачны агульны вынік, па якому адразу ж выплацім 13-ю зарплату, выдадзім надбаўкі за стаж, каб кожны адчуў значнасць свайго ўкладу ў вытворчасць.

Хачу падзякаваць за працу ўсім калгаснікам і ветэранам гаспадаркі, пажадаць ім моцнага здароўя і поспехаў у наступным годзе і на ўсё будучае стагоддзе.