Дзедзін Афанасій Іванавіч


Ворыва


Сяўба яравых па сьнегу


Малацьба


Капаньне бульбы


Ворыва на валах


Адзін з першых трактарыстаў Каховіч Архіп

  

Велута

З гісторыі калгаса “Чырвоная зорка”

Пасля заканчэння вайны ў Велуце пачаў арганізоўвацца калгас “Чырвоная зорка”, і ўчарашнім салдатам давялося змяніць зброю на працоўныя інструменты. Першым старшынёй калгаса абралі Афанасія Іванавіча Дзедзіна.

Першыя гады станаўлення гаспадаркі былі вельмі цяжкімі. Было мала зямель, ды і вопыту будаўніцтва гаспадаркі не хапала. Праз некалькі гадоў Велута стала брыгадай калгаса “Шлях Леніна” (у красавіку 1959 года). А пасля сакавіка 1966 года калгас стаў называцца “Зара”. Гаспадаркай з гэтага часу кіраваў кавалер многіх ордэнаў і медалёў Сяргей Андрэевіч Дземянчук.

Калгас у в. Велута ўтвораны 5 жніўня 1949 г. пад назвай “Чырвоная зорка”. У 1956 годзе быў аб’яднаны з Бастынскім калгасам “Шлях Леніна”, у складзе якога знаходзіўся да 1962 г. Пасля аддзялення атрымаў новую назву — “Зара”.

У розны час гаспадаркай кіравалі Апанас Іванавіч Дзедзін, Міхаіл Адамавіч Цяльпук (ён з 1952 г. узначальваў “Чырвоную зорку”, а затым і ўзбуйнены калгас “Шлях Леніна” — на працягу ўсяго перыяду сумеснага існавання дзвюх калектыўных гаспадарак), Міхаіл Сямёнавіч Сырвачаў, Сяргей Андрэевіч Дземянчук, Аляксей Мікалаевіч Ваўрук.

Сённяшні старшыня — Мікалай Адамавіч Макоўскі — працаваў тут з 1985 па 1989 год. У 1991 г. быў абраны на гэтую пасаду другі раз.

З успамінаў першага старшыні:

“Колхоз образовался 15 августа 1949 года. Из Лунинца прислали человека полномочного, директора лесхоза Немой… Сразу же собрали собрание, на котором выбрали меня, Дедина Афанасия Ивановича, председателем. Выбрали и бригадира. Через неделю тот уехал в Минск. Так я остался без бригадира. Потом первыми бригадирами стали: Максимчик Фёдор Фёдорович, Сайко Адам Афанасьевич, Хлуд Степан Игнатьевич, Ходотчук Лаврентий Иванович. Колхоз строился тяжело, хлопот было много. Я хоть и был председателем, но работал наравне с другими колхозниками. А как записывались в колхоз? Первыми подписались работники Велутского сельсовета), потом позвали и записали лесников. Таких записалось 42 человека. У людей купил 3 коровы. В колхозе было 140 телят. Сразу же при поступлении в колхоз надо было сдавать зерно, картошку, крупы и другое. С чего начинать? Подходит севба. Поехал я в район к секретарю райкома и докладываю ему, с чего начнём. Решили сделать собрание и решить собранием. Взяли картофель по 50 кг с человека, ярицы по пуду, льносемя, кто сколько может. «Это-то мы соберем, а чем же будем важить?» Поехал в Лунинец к начальству, разрешило, дали мне весы. Давай собирать зерно. Спросил Максимчика Александра, он разрешил, и ссыпали у него в сенях. Я сам сдал в колхоз 12 пудов зерна и 7 мешков картошки, а сдавать надо было по 50 кг.

Собрали семена, а поле уже вспахали под рожь, каждый колхозник имел лошадь у себя. Прихожу в дом и говорю: «Запрягай коня, поедем сеять жито». Овёс брал у лесничего. В Люще, у Пацучейко 5 тонн овса выменяли на жёлуди. У людей было много желудей. Вот так и сеяли овёс».
Записано со слов А.И. Дедина Орехва Сергеем Ивановичем

P.S. Калі амаль што закончыў збор матэрыялаў і ўспамінаў аб вёсцы Велута і яе жыхарах, нечакана атрымаў тэлефонны званок. Пазваніў унук Апанаса Іванавіча Васіль Паўлавіч, які жыве ў горадзе Лунінцы са сваёй сям’ёй. Аказалася, што ў Лунінцы жыве і яго родны дзядзька — Канстанцін Апанасавіч. Але аб усім па парадку.

Дзедзін Апанас Іванавіч нарадзіўся ў в. Велута ў 1903 г. Закончыў 3 класы польскай школы, служыў у “войску польскім”. Пасля звароту са службы ажаніўся. Жонка яго — Елізавета Раманаўна Каховіч, сястра ўдзельніка грамадзянскай вайны Адама Раманавіча Каховіча. У іх сям’і нарадзілася 2 дачкі і 3 сыны, адзін з іх памёр у дзіцячым узросце. Жыла іх сям’я як і ўсе другія, працавалі на зямлі, гаспадарамі якой былі польскія паны. І вось у верасні 1939 года яны займелі свой кавалак зямлі. Аднак пад мірным небам жыць ім доўга не прыйшлося. У чэрвені 1941 г. прыйшлі нямецкія захопнікі. Вельмі хутка вакол вёскі ў лясах з’явіліся першыя партызаны. Сям’я і другія жыхары вёскі дапамагала народным мсціўцам чым маглі. Старэйшы сын Павел (1925) і дачка Марыя былі дарослымі. Канстанцін быў меншым (1934 г.) У 1944 годзе, у студзені месяцы, Апанас Іванавіч пазнаёміўся з байцамі незвычайнага партызанскага атрада, які ў народзе называлі “дэсантнікамі”. Атрад знаходзіўся непадалёк ад в. Гоцк. Камандзірам яго быў старшы лейтэнант Дз.П. Распопаў. Атрад насіў назву “Барацьбіты”. Што гэта быў за атрад, Апанас Іванавіч так і не даведаўся пры сваім жыцці. Але ён стаў актыўным сувязным, паколькі байцы гэтага атрада часта наведваліся ў в. Велута і хутар Княжыстановішчы. Апанас Іванавіч і старэйшы сын Павел дапамагалі атраду чым маглі, таксама як і іх родзіч Адам Раманавіч Каховіч. Вось гэтыя 2 жыхары в. Велута мелі ў пасляваенны час пісьмовыя пасведчанні ад камандзіра атрада. Дарэчы, аб гэтым атрадзе, як яшчэ больш чым пра 40 падобных, ніхто нідзе не ўспамінаў. І толькі мы з вучнямі групы “Пошук” у 1979 г. атрымалі адказ з КДБ/СССР, што атрад “Барацьбіты” ўваходзіў у склад ОМСБОН (отдельная мотострелковая бригада особого назначения), яна складалася ў асноўным са спартсменаў з сусветнымі імёнамі, а таксама з чэкістаў. (Аб гэтым я расказваў у кнізе раней. Аўтар). Гэты дакумент быў напісаны наступным тэкстам.

Справка
Дана тов. Дедину Афанасию Ивановичу в том, что он является связным отряда «Борцы» войсковой части п/почты №64775
Командир отряда: Распопов, ст. лейтенант
4 июля 1944 года
Гэтыя даведкі жыхары в. Велута Каховіч Адам Раманавіч і Дзедзін Апанас Іванавіч атрымалі за 5 дзён да вызвалення в. Велута ад немцаў.

Пасля вызвалення сям’я Апанаса Іванавіча папоўнілася яшчэ адной дачкой Зояй, якая цяпер, дарэчы, жыве ў Крыме. Старэйшага сына Паўла забралі на фронт. Дарэчы, у кнізе “Памяць” — Лунінецкі раён — было напісана, што ён загінуў, дадому прыйшла “пахаронка”. Але ў той дзень, калі родзічы селі за стол памянуць яго, паштальён прынёс другое пісьмо, якое Павел напісаў са шпіталя. Вярнуўшыся дадому, Павел працаваў на розных пасадах, жыў у г. Лунінцы, дзе сёння жыве сын Васіль з жонкай Валянцінай Рыгораўнай з двума дзецьмі. Памёр у 1987 годзе.

Малодшы сын Канстанцін таксама жыве ў г. Лунінцы. Працаваў у калгасе, леспрамгасе, у аўтабазе г. Лунінца, на РМЗ. Мае 2 дачкі, сына. Ужо на пенсіі, і жонка Надзея Ігнацьеўна на пенсіі. Разам жыве старэйшая дачка з сынам. Нядаўна не стала старэйшай дачкі Апанаса Іванавіча Дзедзіна — Марыі. Але жывуць яго ўнукі, праўнукі — жывуць тым шчаслівым жыццём, аб якім марыў іх дзед і прадзед.

З расказа сына Канстанціна я даведаўся, як у гады вайны Апанас Іванавіч прыносіў магнітныя міны на ст. Люшча і ставіў іх на эшалоны з фашысцкай тэхнікай, колькі звестак прыносіў ён у атрад “Барацьбіты”. А гэта быў той час, калі ішла падрыхтоўка да аперацыі па вызваленню нашай роднай Рэспублікі Беларусь “Баграціён”. Адно шкада, што, калі прыйшоў час ісці на адпачынак, ніхто не змог пацвердзіць яго даведку сувязнога атрада “Барацьбіты”. Але ўсе жыхары памятаюць яго як добразычлівага чалавека, чалавека, які стаяў на чале першай кааператыўнай гаспадаркі “Чырвоная Зорка”.

Слова былой настаўніцы гісторыі Вялуцкай СШ Каховіч С.А.: “Калгас “Чырвоная зорка” ўтварыўся ў жніўні 1949 года. Тады пасля вайны выбіралі дэпутатаў у мясцовыя Саветы. Цэнтрам агітацыі і прапаганды была ізба-чытальня, старая хата. Тады ж пачалася і агітацыя за калгасы, якія былі ўжо ў Расіі ўсюды і ва Усходняй Беларусі, акрамя Заходняй Беларусі. Прыязджаў з Лунінца агітатар па прозвішчу Немой, былі і іншыя, угаворвалі, абяцалі “райскае жыццё” ў калгасе. На агітацыю першымі паддаліся беднякі, бо яны нічога не мелі і ім не шкада было сваёй маёмасці. А багацейшыя чакалі, што будзе. Не абыходзілася і без пагроз.

У жніўні 1949 года калгас аформіўся. Першы старшыня калгаса Дзедзін Панас Іванавіч — мясцовы чалавек, слаба граматны, але ў сілу сваіх магчымасцей і здольнасцей стараўся працаваць.

Першымі ўступілі ў калгас Максімчык Фёдар Фёдаравіч, Сайка Кірыл Раманавіч, Гушчэня Міхаіл Іванавіч, Хлуд Панас Цімафеевіч, Сайка Фёдар Якаўлевіч, Каліноўскі Аляксей Іванавіч, Шуляк Алесь Сіманавіч, Прымаковіч Сцяпан Васільевіч, Юрко Іван Міхайлавіч, Каховіч Сідар Савіч (актывіст, дэпутат, ветэран вайны).

Першы кладаўшчык — Сайка Кірыл Раманавіч. Склад — вялікая пуня, потым быў пабудаваны склад на сваях, ён і зараз стаіць. У калгасным амбары было насенне: гарох, ярыца, ячмень, грэчка, ільнасемя. Спачатку ўсе ўступаючыя ў калгас здавалі зерне, потым ужо ўтварыўся калгасны фонд насення.”

Успамінае Сайка К.Р.: “Працаваў я кладаўшчыком доўга, па 1968 год. За гады маёй работы многа што змянілася: будаваліся новыя памяшканні для жывёлы, набывалася тэхніка, калгас рос і ўмацоўваўся. Прыйшлося мне пакінуць работу па інваліднасці. З усіх старшынь калгаса, якіх тут перамянілася нямала, мне асабіста вельмі спадабаўся Цяльпук Міхаіл Адамавіч — старанны, сам працаваў на ізнос і гультаям паблажкі не даваў, за калгасную гаспадарку перажываў, як за сваю асабістую.”

Праўленне калгаса і клуб размяшчаліся ў адным будынку. Першыя канторскія работнікі: Лягкоў Іван Пятровіч, Хлуд Паўліна Васільеўна, Петрушэнка Леанід Уладзіміравіч, затым Каховіч Вольга Адамаўна, Клімчук Раіса Іванаўна.

Першыя даяркі: Каховіч Сцепаніда Маркаўна, Каховіч Аўдоцця Фамінічна з нявесткай Лідай, Каховіч Любоў Ціханаўна. Яны даглядалі кароў і даілі, збіралі смятану з малака, білі масла ў бойках і здавалі яго ў дзяржаву. “Работа была вельмі цяжкай, памяшканне халоднае, у сценах дзіркі, дзьме пранізлівы вецер. Я была блізка, дык малых цялят дамоў забірала, так і гадаваліся дзеці ўперамешку з цялятамі,” — успамінала Каховіч Л. Ц.

Пасвіў кароў Каховіч Аляксей Адамавіч, цяпер гэта адзін са старэйшых механізатараў калгаса.

Першыя конюхі: Каховіч Канстанцін Піліпавіч, Трафімчук Аляксей.

Даглядалі валоў Кашэль Сідар Ануфрыевіч, Хлуд Праскоўя Мінічна.

Успамінае Сайка Еўдакія Іванаўна: “З пачатку існавання калгаса я працавала паляводам да пенсіі ды і на пенсіі яшчэ гадоў 10 працавала. Прыходзілася розныя работы выконваць: праполваць і рваць буракі, чысціць насенне на складзе, садзіць і капаць бульбу ўручную, накідаць і вазіць гной на поле. Старалася працаваць, каб не быць горшай за іншых, каб не сорамна было глядзець людзям у вочы”.

Юрко Павел Іванавіч працаваў брыгадзірам 1-й брыгады з 1956 па 1961 год, намеснікам старшыні калгаса ў 1961 – 63 гадах.

Старшынёй калгаса тады быў Калешка Міхаіл Міхайлавіч. Калешка меў сярэднетэхнічную адукацыю, меў правы трактарыста і шафёра. Людзі ў брыгадзе працавалі вельмі старанна, а атрымлівалі за сваю працу — “кот наплакаў”: калі зусім нічога, калі па адной шклянцы зерня на працадзень. Ворнай зямлі ў брыгадзе было менш за 100 га. Захавалася запісная кніжка брыгадзіра. У ёй для цяперашняга чалавека цікавыя запісы, дробнаконтурныя палі, маленькія ніўкі сярод лесу. Гэта перашкаджала прымяняць тэхніку, якая толькі з’яўлялася. У асноўным тады яшчэ працавалі ўручную, капалі бульбу, выворваючы канём, жыта жалі сярпамі.

З успамінаў Каховіча Георгія Конанавіча, старэйшага механізатара калгаса: “У першыя 10 гадоў пасля ўтварэння калгаса працавалі ўручную, выкарыстоўваючы коней, валоў. Прыблізна ў 1957 – 58 гг. з’явілася першая тэхніка. Яна прыбывала з в. Дварэц, дзе былі гусенічныя трактары: навінка, на якую людзі глядзелі, як на цуд. Першымі трактарыстамі былі Каховіч Аляксей Адамавіч, які вучыўся ў Пінскім вучылішчы механізацыі, Драбовіч Сцяпан Васільевіч, Бычкоўскі Іван, Хлуд Рыгор. Першай калгаснай тэхнікай сталі трактары МТЗ-2, МТЗ-5, ДТ-14.

У 1956 годзе наш калгас “Чырвоная зорка” быў аб’яднаны з бастныскім калгасам “Шлях Леніна”. Старшынёй калгаса быў Цяльпук Міхаіл Адамавіч, родам з в. Бастынь, дарэчы, які з 1952 года ўзначальваў наш калгас “Чырвоная зорка”. У 1966 годзе адбылося раз’яднанне. Велута атрымала за тры гады меліярацыйных работ асушаныя землі на тарфяніках. Старшынёю зноў утворанага калгаса быў назначаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Андрэевіч Дземянчук, які на гэтай пасадзе перавыбіраўся да 1984 года. У гэтыя гады ў калгасе ішло будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу ў другой брыгадзе, жылых дамоў; набывалася сучасная тэхніка для калгаса: трактары, аўтамабілі, прычэпы, плугі, культыватары, камбайны. Калгаснікі мелі добрыя зарплаты, паляпшаўся дабрабыт велуцян.

Асабіста я закончыў таксама Пінскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі ў 1960 годзе. З тых часоў і пачаў працаваць у роднай вёсцы трактарыстам на розных трактарах: МТЗ-2, МТЗ-5, ДТ-54, МТЗ-50, Т-150. У часы жніва працаваў то на камбайнах “Ніва”, то на КСК-100. У час маёй працы старшынямі калгасаў былі Дземянчук С.А., Макоўскі Мікалай Адамавіч, Ваўрук А.М. (не больш за год). Працоўны стаж мой 45 год, з якіх 33 гады працаваў трактарыстам. За шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджваўся знакам “Ударнік пяцігодкі”, каштоўнымі падарункамі, пахвальнымі граматамі, бываў на злётах працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Са старшынь адзначыў бы Дземянчука С.А. і Макоўскага М.А., якія вельмі перажывалі за калгас, за дабрабыт людзей працы, за іх лепшае штодзённае жыццё. На калгаснай рабоце аддаў усё сваё здароўе. Сёння знаходжуся на заслужаным адпачынку”.
З успамінаў да 50-годдзя калгаса “Зара” (газета “Лунінецкія навіны” ад 28 снежня 1999 г.)

P.S. Да вышэйнадрукаванага хачу ўспомніць яшчэ аб адным сумленным чалавеку, які аддаў усё сваё жыццё станаўленню калгаса. Адслужыўшы армію ў 1953 годзе ажаніўся. У тыя часы працаваў стрэлачнікам у Люшчы. Пасля аварыі ляжаў у Баранавіцкай бальніцы. Выпісаўшыся, працаваў вартаўніком у калгасе. Калі была пабудавана малочнатаварная ферма, стаў яе нязменным загадчыкам да ўзросту 62 год. Разам з жонкай выгадавалі 5 дочак і аднаго сына.

Павел Сцяпанавіч Арэхва ў вёсцы быў знакамітым чалавекам. Па рабоце быў вельмі патрабавальным да сябе і падначаленых. Для ўсіх у яго знаходзіліся добрае слова і парада. Аб яго сумленнасці хадзілі легенды. Аднавяскоўцы далі яму вельмі пачэсную мянушку «Касыгін». Старэйшаму пакаленню гэта напамінае аб многім. Удава Софія Фёдараўна жыве ў в. Велута, дзе, дарэчы, жыве іх сын Валодзя, які працуе трактарыстам у СВК «Велута». Дочка Люба жыве ў Велуце, Вера — у Вульцы 1, Ірына — у Луніне, Тамара і Ніна — у Лунінцы.

За сваю сумленную шматгадовую працу Павел Сцяпанавіч быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. На такіх людзях трымалася і трымаецца наша беларуская зямля.

На верх старонкі