Велута

Вялуцкі СДК

Быў пабудаваны ў 1964 годзе. Ён адразу ж стаў цэнтрам культурна-масавай работы ў вёсцы, месцам правядзення свабоднага часу, правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, народных і дзяржаўных святаў. Усе загадчыкі, якія працавалі ў розныя часы, адзначаюць неацанімую ролю СДК у культурным жыцці велуцян. Гэта месца, дзе збіраліся самыя таленавітыя жыхары вёскі. Тут знаходзіцца і вясковая бібліятэка. У былыя гады ў СДК прыходзілі сотні юнакоў і дзяўчат для адпачынку. Тут арганізоўваліся розныя мерапрыемствы. Рыхтаваліся да правядзення розных абрадаў, святаў, рыхтаваліся канцэртныя праграмы для аглядаў, для паказу жыхарам навакольных вёсак. Досыць успомніць такі факт, што ў клубе існаваў хор — 103 чалавекі (загадчык Юрко П.І.). Праводзіліся суботнікі і нядзельнікі з моладдзю з мэтай пабудовы танцпляцоўкі, вясковага стадыёна. Хор Вялуцкага СДК быў вядомы далёка за межамі вёскі. Цікава праводзіліся тут і школьныя мерапрыемствы. Тут працаваў вядомы на ўсю рэспубліку кінамеханік Максімчык Уладзімір Іванавіч, дзейнічаў дзіцячы кінатэатр, які паказваў вучням фільмы ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Тут праводзіліся розныя спаборніцтвы: “А ну-ка, дзяўчаты, хлопцы”, спартландыі. Праходзілі вечары-сустрэчы з цікавымі людзьмі, праводзіліся выбары на розных узроўнях. Былі выстаўкі народнага адзення, карцін, малюнкаў, работ народных умельцаў. Без СДК Велуту і сёння нельга сабе ўявіць.

Даю слова сённяшняму кіраўніку Дома культуры — загадчыцы Галіне Аляксандраўне Зылевіч, якая працуе ў СДК з 1990 года, закончыўшы Гродненскае вучылішча мастацтваў. Да яе працавалі 5 загадчыкаў, больш за ўсіх — Сайко (Каховіч) Вольга Аляксееўна, з 1976 па 1989 гады.

“У нашай вёсцы жывуць працалюбівыя людзі. Шмат часу аддаюць працы, аднак умеюць і добра адпачыць. У клубе арганізуецца і праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў і для дзяцей, і для дарослых. Традыцыйнымі сталі святы “Купалле”, “Вялікдзень”, “Міс Прыгажосць”, “Міс Малютка”, і шмат другіх. Асабліва цікава праводзяцца святы вуліц, на якіх жанчыны паказваюць свае рознабаковыя таленты. Вуліца ў такія дні блішчыць сваёй чысцінёй, вывешваюцца даматканыя дываны, прыгожыя вышыванкі; жанчыны прапануюць адведаць свае кулінарныя прысмакі. Свята праходзіць на адной вуліцы, аднак на ёй збіраецца ўся вёска. Свята доўжыцца ўвесь дзень.

У кожнай вёсцы ёсць свае асабліва таленавітыя людзі. Ёсць яны таксама і ў нашай вёсцы Велуце. У кожнай хаце ёсць свае таленты.

Мікалай Апанасавіч Клімчук — душа любой кампаніі, аматар ігры на акардэоне, гармоніку, сам сачыняе мелодыі. Любоў Аляксееўна Еўтух валодае унікальным голасам і выконвае даўно забытыя песні нашых продкаў. У СДК створана фальклорная група “Велуцянка”, якая прымае самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Мінскім тэлебачаннем быў зняты відэафільм “Вялуцкія папрадухі” з удзелам нашага калектыву. Самымі актыўнымі ўдзельніцамі з’яўляюцца Марыя Бяляк, Хрысціна Хлуд. У рэпертуары гэтай групы ў асноўным фальклорныя песні : “Ой там, на горэ”, “Там, каля жыта”, “Два галубы”, і шмат іншых старадаўніх песень. Гарманісты нашы — Каховіч Мікалай Касьянавіч, Васіль Дзмітрыевіч. Вялікую дапамогу і падтрымку аказваюць нам аддзел культуры Лунінецкага райвыканкама, старшыня Бастынскага сельскага савета Рашэцкі Фёдар Міхайлавіч. Але самымі галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў з’яўляюцца велуцяне. Гэта яны захоўваюць даўнія традыцыі, абрады, песні, фальклор роднай вёскі Велута, яны берагуць памяць”.