Велута

Казачніца бабуля Мар’я

Люлі, люлі, люлі,
Пойдзем да бабулі,
Дасць бабулька малачка
І ў руку яечка,
А як будзе мала,
Дасць кусочак сала.
Бабуля ў штодзённым жыцці беларусаў заўсёды займала досыць важнае месца. Яна дагладала ўнукаў, гаспадарку, займалася лекаваннем аднавяскоўцаў, ёй належала пачэснае месца на хрысцінах ці вяселлі.

Крыху зраблю ўступ пра тое, што бачыла на свае вочы. Могілкі — святое месца для аднавяскоўцаў. Усе культавыя дзеянні на памінальным тыдні прайшлі. А я крыху спазнілася, затрымалася на рабоце.

Падыходжу да могілак сваіх продкаў, а там, недалечка, каля аднаго помніка, стаіць знаёмая постаць. Думаю, у чый гэта фотаздымак так шчыра ўглядаецца.

А гэта была магілка бабы Мар’і.

Прайшло многа часу. У старэйшага ўнука, Васіля Паўлавіча (ён працуе настаўнікам у Вялуцай сярэдняй школе), я спытала, ці ён наведвае магілку бабулі Мар’і, як яго меншы брат Павел. Ён краечкам вуснаў усміхнуўся, адкрыў пашпарт, а там фотаздымак яго любімай бабулі. Я асцярожна ўзяла ў рукі фотаздымак. Божа, мне стала так прыемна ад гэтага погляду з фотаздымка. Перад маімі вычыма ўваскрэс вобраз бабы Марыі.

Ад яе мы з сяброўкамі запісалі больш як восемдзесят песень (кола гадавых абрадаў і святы), шкада, што кантрольныя работы засталіся ў Брэсцкім педінстытуце, а чарнавік не захаваўся.

Якое шчасце мець такую бабульку. Скажыце, калі ласка, хто з Вас носіць штодзённа ў пашпарце фотаздымак бабулі? Калі і ёсць такія асобы, то мы, беларусы, духоўна багаты народ.

Марыя Анікееўна пражыла 94 гады. Сям’я была вялікая, браты закончылі царкоўна-прыходскую школу, а дзяўчынкам навука была адна (ад парога — да печы). Але каля братоў навучылася яна чытаць і пісаць. Выйшла замуж, нараджала дзяцей. Каля самага меншага сына пражыла ўсё жыццё. Муж у гады польскай акупацыі служыў солтысам.

Калі вызвалілі Беларусь ад палякаў, яго ў 1940 асудзілі, вывезлі на поўнач, адтуль не вярнуўся. Пазней ён быў рэабілітаваны. Сама баба Мар’я вяла гаспадарку. Жыццё пражыла вельмі цяжка, але сумленна. У гады В.А. вайны тры сыны вывезлі на работу ў Германію. Пасля заканчэння вайны ўсе жывыя вярнуліся дадому.

1949 годзе ўступіла ў калгас добраахвотна. Аддала каня, рабочага вала, збожжа і шэсць гектараў зямлі. З гэтага часу працавала ў калгасе зусім за дарэмна. Вяла сваю гаспадарку, бо трэба было дзяцей паднімаць на ногі. Сыны былі працалюбівя, здольныя да ўсялякай справы.

Успамінае ўнук, Васіль Паўлавіч:

— У дзяцінстве бабулька нам многа апавядала казак, легенд, чытала Біблію. Многія паданні мне былі вядомы з гутарак бабулькі. Біблію амаль усю ведала на памяць. Помніла ўсе святы без календара. За парадай да яе прыходзілі многія жанчыны вёскі. Шкада, што многа песень, казак яе не захавалася ні ў нашай памяці, ні на паперы... Бабулька, ты для нас як сонейка яснае, мы ніколі не забудзем твой воблік. Маё дзяцінства было шчаслівым, бо яно прайшло поруч з цудоўным чалавекам, як мая любая бабулечка Марыя.

Я толькі частку невялічкую змог перадаць з таго, што гаварылі вочы, вусны, рукі людзей, з якімі жыў і сустракаўся

Наварыч Ніна Сідараўна.