Велута

Юрко Павел Iванавіч

Нарадзіўся 12 ліпеня 1929 года ў в. Велута ў сям’і сялян. Бацька ў дзіцячыя гады быў вучем Вялуцкага народнага вучылішча, любіў музыку, але больш за усё яму падабалася ігра на скрыпцы. У свае маладыя гады ён быў амаль што адзіны, хто прыгожа іграў на гэтакім інструменце. Маці не стала ў 1938 годзе. Вось так пачынаўся жыццёвы шлях простага сялянскага хлопчыка, якога сёння ведаюць не толькі ў Велуце.

Да 1939 года паспеў закончыць тры класы пачатковай Вялуцкай школы, а з верасня заняткі не працягваліся, паколькі у вёсцы, як ва ўсёй Заходняй Беларусі, пачалося новае жыццё. Але час гэты быў не працяглым — пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вёска знаходзілася ў лясной зоне. Вакол дзейнічалі партызанскія атрады. Немцы лютавалі. Колькі нявінных ахвяр загінула ад іх рук, колькі моладзі было вывезена ў Германію! Толькі цудам пазбег Павел Іванавіч фашысцкай няволі. А пасля вайны пачаўся для яго новы перыяд — працоўны.

З 15 снежня 1944 года і да 1950 года Павел Іванавіч працуе паштальёнам. 3 разы ў нядзелю ён забірае ў в. Бастынь пошту на некалькі вёсак: Чучавічы, Баравікі, Лугі, Навасёлкі, Кормуж. Затым гэтую пошту забіраюць у яго паштальёны вышэйназваных вёсак. Транспарту ніякага не было, а пошту патрэбна было дастаўляць у любую пару года і пагоду.

З 1950 па 25 снежня 1953 года Павел Іванавіч праходзіць ваенную службу на Украіне і ў Расіі. Пасля дэмабілізацыі кароткі час працуе радыстам у Малым Бару, затым на поште ст. Люшча. А ў 1955 годзе, пасля пачатку трансляцыі радыёперадач з Лунінца, пачаў працаваць да 1956 года касірам у калгасе «Чырвоная Зорка» сваёй роднай Велуты. Затым як вельмі дысцыплінаваны і адказны работнік быў брыгадзірам калгаса «Чырвоная зорка» з 1956 па 1961 год, а з 1961 па 1962 — намеснікам старшыні калгаса «Шлях Леніна» в. Бастынь (старшыня Сырвачаў Міхаіл Сямёнавіч). З 1962 па 1965 год старшынёю выканкама Бастынскага сельсавета, у 1965 – 1967 — шафёрам Люшчанскага ВЖД. З 1967 па 1991 г. працаваў на пасадах загадчыка Вялуцкім клубам, начальнікам супроцьпажарнай аховы калгаса «Зара», інжынерам па ахове працы і тэхнікі бяспекі. І толькі ў 1991 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.

Жаніўся 28 лютага 1949 года. Жонка працавала звеннявой у мясцовым калгасе. У сям’і чацвёра дзяцей — 2 сыны, 2 дачкі. Аляксандр і Ніна закончылі Горкаўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Сын ужо 20 гадоў працуе заатэхнікам у Салігорскім раёне, у калгасе імя Кірава, Ніна — бухгалтарам у Пінску. Другі сын Іван атрымаў спецыяльнасць пчалавода, кім і працуе па сённяшні дзень у роднай вёсцы. Сцепаніда таксама жыве ў в.Велута. Працавала ў калгасе «Зара» бухгалтарам, у 2004 годзе пайшла на пенсію. Жыве адна, трое дзяцей жывуць асобна. Мае чатырох унукаў.

Павел Іванавіч — энергічны і актыўны чалавек. Ён паважаны жыхар вёскі. На сённяшні дзень ён адзін з нямногіх ведае добра гісторыю сваёй вёскі, калгаса, біяграфіі многіх землякоў. Я яму шчыра ўдзячны за шматлікія кансультацыі ў час майго збірання матэрыалаў для гэтай кнігі. Здароў’я, шчасця, доўгіх гадоў Вам, паважаны Павел Іванавіч, і сем’ям вашых дзяцей!