Карта з першым узгадваньнем вёскі Велута


Вобраз Маці Боскай Уладзімірскай з Святатроіцкай царквы вёскі Велута, пабудаванай у 1803 годзе


Нарубы на могілках. 1926 г.


Родавы герб Друцка-Любецкіх. Друцк


Запрастольны крыж Святатроіцкай царквы вёскі Велута


Хутар Восава. Драбовіч Сьцепаніда з сынам. 1929 г.


Жыхарка вёскі Велута. 1926 г. Фота Машчынскага


У лодцы.
Гравюра ХІХ ст.


Асушанае балота. Гравюра ХІХ ст.


Гаць на балоце.
Гравюра ХІХ ст.
Тыпы мужчынскіх галаўных убораў


Барана плеценая


Сукаватка


Сукаватка-смык


Барана-«рады» для агарода


Сошка-акучнік


На беразе Прыпяці(калодныя вульлі на дрэве)


Стальмашнае рамяство (нацягваньне шыны на кола)


Выраб колаў


Бондар за працай


Тыпы вазоў


Тыпы рабочых саней


Масток-кладка


Саламяныя пляцёнкі: елачка, зубатка, рагожка і вітая пляцёнка


Посуд з саломы і лазы


Сурвэткі. Брэстчына. Сярэдзіна ХХ ст.


Варэнькі


Посцілка


Паясы


Дарожка


Осьці


Рыбалоўныя прылады: крыга, волак, брадан, таптуха, бучы, венцер (жак)


Лодкі


Тыпы чаўноў

  

Велута

440-годдзю Велуты

З гісторыі вёскі Велута

“Мой родны кут...”
Якуб Колас

У кожнага з гарадоў, як і ў людзей, свой лёс. Аднак любы горад пачынаўся з паселішча, хутара, вёскі. І гісторыі нават самых вялікіх гарадоў непарыўна звязаны з гісторыямі першых вясковых пасяленняў.

Свой лёс і ў нашай вёскі Велута. З гісторыі нам вядома, што слова “вёска” паходзіць ад старажытнаславянскага “вьсь” — у вузкім значэнні “земляробчае пасяленне” — асноўны від сельскіх насельніцкіх пунктаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Ва ўсходніх славян вёскі ўзнікалі з пераходам ад падсечнага земляробства да двух- і трохпольнай сістэм. У самым сваім пачатку вёскі складаліся з двух-трох двароў, а з развіццём феадалізму пашыраліся, узбуйняліся і траплялі ў залежнасць ад феадалаў.

Вёскі будаваліся звычайна па берагах рэк і азёр. У розныя гістарычныя эпохі склаліся розныя тыпы планіроўкі вёсак: лінейныя або радковыя (паўтаралі абрысы берагоў рэк і азёр, ля якіх сяліліся першыя пасяленцы), скучаныя, або гняздовыя (звязаныя з абшчынным землекарыстаннем), вулічныя або шматвулічныя.

Ва ўмовах феадальных адносін сялянская гаспадарка мела натуральны характар, што садзейнічала развіццю хатняга рамяства і промыслу, рабіла вёску носьбітам устойлівых традыцый у матэрыальнай і духоўнай культуры народа.

Вёска Велута ўзнікла таксама ў сярэдневякоўі.

Пры апісанні межаў у інвентары Лунінца ў 1588 г. Бастынь адзначана як уласнасць Яна Кішкі — старэйшага сына Станіслава і Ганны Радзівіл.

У тым жа 1588 г. адбыўся паўторны падзел маёнтка Лахва паміж Янам Кішкам і сынам Мікалая Чорнага — Мікалаем Крыштофам Радзівілам па мянушцы Сіротка. Пры гэтым мястэчка Лахва і сёлы на поўнач і ўсход ад яго (Езерніца, Малая Ляхаўка, Сінкевічы і інш.) увайшлі ў частку Радзівіла. Цэнтрам маёнтка Кішкі стаў Гарадзец (Кажан-Гарадок), да якога адышла заходняя частка вобласці абапал р. Цна. На поўначы гэты абшар ахопліваў сяло Кормуж, а таксама Велуту недалёка ад Бастыні (апошняя была затым далучана да гэтага ж маёнтка). З гэтага часу Лахва і Кажан-Гарадок канчаткова адасобіліся як самастойныя маёнткі, лёс якіх у далейшым пайшоў рознымі шляхамі.

Кажан-Гарадок і Бастынь пасля смерці Яна Кішкі ў 1591 г. перайшлі да яго глуханямога брата Станіслава. У 1599 г. Кажан-Гарадок упершыню называецца мястэчкам. У 1603 г. старэйшы сын Станіслава Мікалай Кішка ад імя бацькі аддаў маёнтак у заклад за 11 тыс. коп грошаў Ежы Самсону Падбярэзскаму, а ў 1613 г., не выкупляючы з закладу, навечна прадаў таму ж Падбярэзскаму за агульную суму ў 30 тыс. коп. У гэты момант маёнтак ахопліваў мястэчка Кажан-Гарадок з праваслаўнай царквой, сёлы Бродніцу, Бастынь, Вічын, Волю, Велуту, Дварэц, Дрэпскую Даліну, Кормуж, Ракітну, Цну і Язвінкі. Пазней гэты маёнтак перайшоў ад Падбярэзскага да польскіх магнатаў Тарнаўскіх. Аб гэтым сведчыць запіс у архіўным фондзе Пінскага земскага суда. Тут утрымліваецца запіс гранічнага дэкрэта навагрудскага кашталяна В. Валовіча ад 28 лютага 1612 года па спрэчнай справе віцебскага ваяводы С. Кішкі аб адмежаванні ўрочышча Кіякскі Востраў вёскі Малькавічы ад вёскі Велута Навагрудскага ваяводства. Гэта значыць, што ўжо да пачатку XVII стагоддзя Велута была даволі прыкметным населеным пунктам. (глядзі карту канца XVI ст.).

У 1795 г. Велюта — маёнтак Кажан-Гарадка; 68 двароў, лесапільны завод.

Хочацца сказаць некалькі слоў аб тых, каму належала вёска з 1852 года. Гэта нашчадкі князёў Друцка-Любецкіх.

Друцка-Любецкія — гэта адна з галін старажытнага княжацкага роду Друцкіх. Карысталіся гербам Друцкіх. На чале роду стаяў полацкі князь Барыс Усяслававіч. Друцкам валодаў яго сын Рагвалод. Князямі Друцкімі былі яго нашчадкі — сын Глеб, унук Глеба — Іван. На працягу ХІІ-ХV стагоддзяў з’явіліся Друцка-Сакалінскія, Друцка-Палачынскія, Друцка-Горскія, Друцкія-Азярэцкія. У вытокаў роду Друцка-Любецкіх, уключаючых 13 пакаленняў, стаяў Васіль Міхайлавіч Друцкі, якому ў 1484 годзе былі падараваны прывілеі каралём Казімірам на пажыццёвае валоданне горада Любеч (адсюль Любецкія). А вось Друцк (цяпер вёска ў Талачынскім раёне РБ), горад у Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства на рацэ Друць. Упершыню назва сустракаецца каля 1092 г. З другой паловы ХІІ стагоддзя — цэнтр Друцкага княства, з першай паловы XIV стагоддзя ўвайшоў у ВКЛ — уладанне князёў Друцкіх. Вось такім чынам і атрымалася двайное прозвішча Друцка-Любецкія.

Уладальнікам палескіх маёнткаў у чацвёртым пакаленні стаў сын Багдана Януш (каля 1530–1558). З гэтых часоў ужо ўспамінаецца Лунін Вялікі і Лунінец Малы. У першай палове ХІХ стагоддзя рэзідэнцыя Друцка-Любецкіх пераносіцца ў в. Лунін, які яшчэ з 1724 года належаў разам з в. Бакінічы і Парахонск князю Юзэфу, стольніку арглапскаму, жанатаму з Вікторыяй, дачкой пінскага гараднічага Аляксандра Скірымнута, узнагароджанага шматлікімі польскімі і расейскімі ўзнагародамі. У 1806 годзе палескія ўладанні былі раздзелены паміж 4 нашчадкамі сына Юзэфа і Вікторыі — Юранца. Гэта маёнтак Лунін з вёскам і фальваркамі Вулька, Лобча, Дубаўка, Дубнавічы, Багданаўка. Сярод братоў актыўнай дзейнасцю выдзяляўся Франц Ксаверый (1778–1846), які прымаў удзел у італьянскім паходзе А.С. Суворава і быў узнагароджаны ордэнам св. Анны, пазней быў назначаны членам Дзяржаўнага Савета.

Князі-браты палажылі пачатак новым 4-м лініям роду Друцка-Любецкіх. Нашчадкам Франца Ксаверыя быў сын Аляксандр (1827–1908), а затым унук Уладзіслаў Франц (1864–1914). Па апошніх архіўных дадзеных в. Велута належала Друцка-Любецкім з 1893 па 1915. З 1920 і па 1939 год в. Велута, як і ўся Заходняя Беларусь, была ў складзе Рэчы Паспалітай (аб гэтым чытайце ў раздзеле “Меліярацыя”). Цікавыя звесткі можна прачытаць у газеце “Лунінецкія навіны” за 2 чэрвеня 2001 г. “Спадчынніца Новага Двара” і 21.09.2002 “Геній банкаўскай справы”.

У 1803 г. у в. Велута была пабудавана прыхаджанамі драўляная Святатроіцкая царква. Належала да Бастынскай царквы. Твор народнага дойлідства. Царква была адназрубная, пад гонтавым дахам. Побач, асобна, стаяла слупавая званіца. Знаходзілася яна там, дзе сёння месца завецца “царкоўнішчам” на Булічах, паміж хатамі Драбовіч Меланні Аляксееўны і Арэхва. У вёсцы жылі ў асноўным жыхары праваслаўнай веры. Царква для іх была месцам духоўнага адпачынку, маральнага выхавання дзяцей, прывіцця павагі да старэйшых, месцам выхавання духоўнасці.

Царква ў Велуце існавала да 1929 года. За 126 гадоў стала здрахлелай, і яе проста разабралі, баючыся абрушэння. А збудаваць занава больш не было магчымасці, паколькі Велута, як і Заходняя Беларусь, знаходзілася ў складзе Польшчы. А паколькі Польшча прапаведуе каталіцызм, то праваслаўную царкву будаваць і не мелі намеру. На сённяшні дзень ад былой царквы засталіся толькі дзве рэліквіі — гэта запрастольны крыж і абраз Маці Боскай Уладзімірскай. Хацелася б верыць, што знойдуцца людзі, зацікаўленыя ў збудаванні Святатроіцкай царквы. У нашым раёне гэта адзіная неадбудаваная царква.

Дарэчы, звон са званіцы яшчэ доўга абвяшчаў велуцянам як добрыя весткі, так і ліхія: аб пажарах, аб пахаваннях землякоў, аб пачатку войнаў. А калі ўзнік калгас «Чырвоная зорка», то ён амаль яшчэ да сярэдзіны 60-х гадоў абвяшчаў калгаснікам абедзенны перапынак, зранку клікаў на працу. Далейшы лёс звона невядомы.

Дарэчы, першым настаўнікам Вялуцкай школы адукаванасці ў 1886 годзе быў вучань духоўнай семінарыі Міхаіл Вячорка.

А вось самы апошні дакумент з Нацыянальнага архіва Беларусі. У “Памятнай кнізе Мінскай гіпархіі” на 1887 (л. 437) прыведзены наступныя даведкі:

“... Царква ў імя святой Вялікапакутніцы Варвары ў сяле Бастынь Пінскага ўезда; да яе належыць прыпісная царква ў в. Велута, драўляная, прыход складаецца з сяла Бастынь і в. Велута. Настаяцель Васілій Гейрах, псаломшчык Фёдар Жураноўскі; у сяле Бастынь — 1 класная царкоўная прыходская школа, адкрыта ў 1846 годзе, вучні — 8 хлопчыкаў.”
(Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі” г. Мінск. 13.07. 2005 г. № 4–4/48)
Спяшаюся падзяліцца добрай навіной. Дзякуючы былому вучню Хлуду Валерыю Уладзіміравічу, сёння жыхару г. Брэста, ёсць намер пабудаваць у в. Велута храм.

Велута на шляху да храма

У Брэсцкім аблвыканкаме пад № 682 ад 22.08.2005 г. зарэгістраваны “Прыход храма Святой Жывапачатковай Троіцы ў в. Велута”.

Ініцыятарам работы па аднаўленню праваслаўнай царквы ў вёсцы стала былы выхавальнік мясцовага дзіцячага садка Любоў Фёдараўна Хадатчук, якая выбрана старастай прыходскага савета, і былы вучань — Хлуд Валерый Уладзіміравіч. Абмеркаванню шэрагу арганізацыйных пытанняў быў прысвечаны сельскі сход з удзелам старшыні Бастынскага сельвыканкама Ф. М. Рашэцкага і айца Іаана — настаяцеля Бастынскага храма ў імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы, да якога будзе прыпісана Вялуцкая царква. У бліжэйшы час мясцовая ўлада павінна выбраць зямельны ўчастак пад будаўніцтва храма, а прыходскі савет — пачаць збор сродкаў на яго рэгістрацыю і стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі будучай царквы.

Што значыць слова “Велута”? Тапанімічны слоўнік пад рэдакцыяй В.А. Жучкевіча (Мінск, выдавецтва БДУ, 1974) дае наступнае тлумачэнне: “...вёска Лунінецкага раёна. У аснове назвы ляжыць паўднёвабеларускае і паўночнаўкраінскае ВЕЛЕТ (ВЕЛЕТА, ВЁЛЕТЕНЬ) — асілак, гігант”.

Але не выключаецца магчымасць і іншага тлумачэння. У тым жа слоўніку можна прачытаць: “...тэрмін ЛУТ, ЛУТА — лыка маладой ліпы, рагожа”, — з якой пляліся лапці, розныя кашолкі, кашы і іншы гаспадарчы інвентар.

Такое ж тлумачэнне слову ЛУТА дае і слоўнік Даля.

Побач з вёскай цячэ ціхая лясная рэчка Цна, якая потым упадае ў Прыпяць. Некаторыя даследчыкі лічаць, што назвы рэк Дзясна, Тсна, Цна паходзяць з адной старой славянскай асновы, якая значыць “вузкі”.

Першапачаткова вёска размяшчалася крыху на паўночны ўсход ад таго месца, дзе стаіць сучасная Велута. Яна была невялікім пасяленнем з нізкімі хатамі.

А цяпер некалькі слоў аб жыцці, працы нашых продкаў — велуцян. Цяжка нават сабе ўявіць і род заняткаў і жыллёвыя ўмовы тых далёкіх часоў. Апісання жыхароў нашага Палесся ёсць няшмат. Найбольш падабаецца апісанне з трэцяга тома кнігі “Жывапісная Расія” пад рэдакцыяй П.П. Сямёнава-Цяньшаньскага. Сёмы раздзел, напісаны выдатным даследчыкам Адамам Ганоры Карлавічам Кіркорам, называецца “Даліна Прыпяці”. Вось невялічкі ўрывак:

“...жыллё палешука не складанае і ва ўсіх амаль аднолькавае. Хаціны ў іх курныя, але раздольныя, таму што ў адной хаце месціцца ўся сям’я; тут жа малыя жывёлы: цялё, парасё, авечка; хатняя птушка і ўвесь сялянскі скарб. Выключэнні вельмі рэдкія, толькі бывалыя прагрэсісты будуюць свае хаты з дзвюх палавін і клеці, альбо асаблівай перагародкі. У большасці ж унутры хаты галоўную ролю адыгрывае вялікая печ, да яе ўверсе прыладкаваны драўляны ляжанак; затым полаці; вялікая столь; доўгая на ўсю сцяну лава; пад столлю шырокая паліца, на якой сушаць лучыну; ад печы да самой сцяны ідзе дашчаты памост, які складае для ўсіх пражываючых у хаце агульны ложак. Уверсе прыладжана асаблівая перакладзіна, на якую вешаюць адзенне, бялізну для сушкі і г.д. На паліцах у кутках стаіць розны посуд і начынне.”
Вядома ж, на столі вісела дзіцячая люлька, а ў адным з глухіх куткоў драўляны посуд з вадой, коўш і, канешне ж, вобраз.

А вось успамін жыхаркі в. Велута Драбовіч Меланні Аляксееўны пра сваю хату ў дзіцячыя гады:

“...хата, у якой я нарадзілася і жыла, была драўлянай. Перш чым зайсці ў хату, патрэбна было прайсці лецён. Ён быў перагароджаны на дзве палавіны. У сцепцы была бульба, капуста, агуркі, сала ў квасцы. У адным куце стаялі жарнова, на якіх малолі ячнявыя крупы і муку на хлеб. За жорнавамі стаялі бочкі вялікай ёмкасці з жытам, просам, ячмянём і аўсом. У другім куце стаяла знакамітая ступа з таўкачом, бывала з двума. Была тут жлукта. Гэта пасудзіна з’яўлялася “продкам” сучаснай пральнай машыны. Жлукту ставілі ў цэбэр, накладвалі бялізну ці іншыя “клункі”, закрывалі яе трапкаю, засыпалі попелам, потым ставілі саган вады ў печ. Лажылі 2 вялікія камяні ў печ, вада закіпала, камяні кідалі ў попел, ваду гарачую вылівалі на камяні, пакрывалі чым-небудзь зверху. Яна там кіпіць, але выходзіць нікуды не выходзіла, праходзіла праз усю бялізну, намочваючы яе. Затым бялізну выбіраюць, як астыне, сціраюць у чыстай вадзе. Бялізна робіцца чыста-белай. У лецёне стаяла яшчэ драбіна, па якой лазілі на гару.

З лецёна ўваходзілі ў хату. Злева ў куце стаяла печ. На чарэні часта сядзелі дзеці зімой, злазілі часам і басанож беглі на лёд, хто хутчэй. Пакоўзаюцца і хуценька вяртаюцца назад, на печ. Прабягаючы побач вядра з вадой і лёдам, хапалі сасулькі, залазілі на чарэнь і смакталі іх са смакам. На печы стаяў вялікі кош з печанай бульбай. Сядзелі цэлы дзень і ноч, елі бульбу, нават лупайкі, бо хлеба зімой ніколі не было. А ўсіх дзяцей у нас было 9. Цыбуліны ніхто на печы не трымаў, таму што яе ўсю з’елі бы, таму маці захоўвала, каб вясной была на насенне. Ляжала на печы лучына, з якой будавалі хаткі.

Каля печы стаяў ложак, дзе спалі бацькі і самыя малыя дзеці. Тут жа вісела калыбелька для навароджаных дзяцей. Яна была зроблена бацькам з тоненькіх дашчэчак. Крышку далей стаяў яшчэ адзін ложак, у якім спалі ўдоўж і поперак дзеці старэйшыя. Упоперак хаты стаяў трэці ложак, на якім спалі самыя старэйшыя дзеці.

На покуце стаяў доўгі стол. Паўз сцяну стаяла такая ж доўгая лава — да дзвярэй. У вуглу вісеў вобраз святога Панцялея, на якім вісеў доўгі, натканы знізу з двух бакоў і маленькімі чырвонымі мохрыкамі рушнік. На бальцы вісела калышка, на якой калыхаліся дзеці. Вокны ніколі нічым не закрываліся.

Вада была ў драўляным вядры, у якім замест дужкі з лазы была сплецена осілка.

З позняй восені і да позняй вясны дзяўчаты і маладзіцы пралі кудзелю, навівалі на верстаць і ткалі рознае палатно. Кросны стаялі ў кожнай хаце. Палатно звычайна лажылі ў кубел, які стаяў на гары. Па меры неабходнасці бралі і шылі штаны, сарочкі і посцілкі. У гаспадарцы былі таксама і авечкі. У нас было іх болей 10. Іх стрыглі, часалі ў велуцкіх яўрэяў на шчотках, пралі воўну і ткалі, мялі, затым шылі пінжакі, вязалі світары, шкарпэткі, рукавіцы і многае другое. Быў ў нас акрамя хаты хлеў і маленькі аўчарнік, таму што была дамашняя жывёла: каровы, цяляці, свінні, куры, валы. Валамі аралі зямлю, вазілі сена, дровы, нават бульбу з поля. Дарэчы, прыгатаваць сена на зіму патрэбна было шмат. Вось так і жыла амаль большая частка жыхароў в. Велута.»

Вечарамі ў курных хатах збіралася моладзь. Дзяўчаты пралі кудзелю, вышывалі, шылі няхітрае адзенне; юнакі рабілі няроты, плялі рыбацкія сеткі, кашы. Моладзь за гэтым заняткам спявала песні, у святочныя вечары танцавала. Цікавыя зімовыя забавы адбываліся, калі ўжо выпадаў снег і на рацэ станавіўся лёд. Адбываліся масавыя катанні на санках. У часы святкавання Ражства, Шчадраца, Каляд, Масленіцы моладзь апранала сваю лепшую вопратку і хадзіла адзін да аднаго ў госці.

Месца, дзе было першае пасяленне вёскі, і дагэтуль жыхары называюць “старыной”. Там нярэдка знаходзяць рэшткі глінянага посуду, дробнага гаспадарчага інвентару, старыя манеты. Калі знікла старое пасяленне — ніхто не памятае, аднак захаваліся расказы старажылаў пра тое, што на “старыне” кінулі сяліцца пасля прайшоўшага там пажару і па прычыне вялікай забалочанасці месца. Цяпер, пасля асушэння, на тым месцы пабудаваны дзве вясковыя вуліцы з вялікімі светлымі дамамі, а ў 1989 г. была пабудавана двухпавярховая сучасная школа.

Легенда

“Кажуць, што назву нашай вёсцы даў адзін чалавек-асілак, якога звалі Вялута. У надзвычай даўнія часы ўсё гэта адбывалася, але гісторыя і да нас дайшла. Пераказвалі яе людзі, пераказвалі і захавалі для нашчадкаў. Паслухайце і вы.

Аднекуль на Беларусь у той далёкі час прыйшло цэлае племя велетаў, якое паступова рассялілася па ўсёй нашай зямлі. Не такі тады быў народ, як цяпер. Надта многа было асілкаў, то яны нікога не баяліся. Крыкнуць адзін аднаму сваімі магутнымі галасамі, калі самі не спраўляюцца, і дапамога ўмомант прыспее. Тут і канец ворагам. Але найболей кожны асілак сам са сваімі сапернікамі спраўляўся. Справай уласнага гонару гэта ў іх лічылася, ці што. Толькі з ворагамі яны бязлітасна абыходзіліся, а так надзвычай добразычлівымі былі, нікому зла не чынілі, наадварот, дапамагалі ў цяжкія часы і ад голаду, і ад смерці выратавацца.

Жыў у нашым лесе Вялута. Таксама прыйшоў з чужых краёў, а каб не крыўдзіць мясцовых, то не пайшоў да іх у вёску прасіцца, хоць яму, канешне, не адмовілі б. Пасяліўся ў самай глухамані. Расказвалі, што надта ж ён не любіў на полі жыць, да лесу яго цягнула. Жылля там не было, то ён спачатку пабудаваў сабе зямлянку, але куды такому асілку туды лазіць! Таму, памучыўшыся крыху, вырашыў хаціну ўзвесці. Пайшоў па пушчах бёры падыходзячыя сабе шукаць. Пахадзіў, пахадзіў, выглядзеў, дзе стаяць неабходныя яму лясіны. На наступны дзень вырашыў зносіць іх на пляц, дзе меркаваў узвесці будынку. Месца, здавалася, выбраў Вялута для гэтага ўдалае: пагорак сярод лесу ўздымаўся, а ля ягонай падэшвы невялічкая крынічка цякла, побач, крыху ўбаку, свяцілася вялікая паляна.

Стаў дрэвы нарыхтоўваць. То, думаеце, як ён гэта рабіў? Падыдзе да высачэзнага дуба, абыдзе яго кругом, паляпае далонню па шурпатым ствале, абшчаперыць рукамі і вывалача разам з карнямі. Тут жа карэнне паадкручвае, голле паабломвае, пакладзе ствол на плячо і нясе, нібы жэрдку якую. Ды не дзесятак крокаў, а вёрстаў пару, бо побач з будучай сядзібай не жадаў пушчу псаваць. Так за тыдзень і нацягаў на плячах бёрнаў на хаціну. Потым задумаў камянёў на падмурак назбіраць. Але ў нас іх не надта многа ў наваколлі і тады было, таму Вялута дзеля гэтага не адну сотню вёрстаў прайшоў, пакуль не пазнаходзіў. Што нехта апярэдзіць і забярэ — ён не баяўся. Хто мог узняць такую камянюку, калі яна сабою добры стог нагадвае? Пачаў іх збіраць асілак. Ідзе сабе дахаты і паперадзе нагой падбівае камень, які, нібы мячык, коціцца, толькі на пагорках падскоквае. Па тых сцежках потым людзі дарогі добрыя парабілі, бо і лес церабіць не трэба было.

Волат сам хаціну рабіў. Ніхто яму не дапамагаў. Адыдзе ўбок, палюбуецца і далей шчыруе. Збудаваў сабе такі ладны палац, што здалёк відаць стала: высокі, светлы, прасторны, прыгожы. Чаму б не жыць у такой харамаціне.

Пачуе, што дзесьці людзям есці не хапае, ад голаду пухнуць, то звяроў настраляе ды за ноч у іхнюю вёску наносіць. Прачнуцца тыя, ажно бачаць: столькі ежы ляжыць, што год смела жыць можна. На першых часах нават не ведалі, каму дзякаваць. Потым здагадаліся і, азіраючыся ў бок пушчы, нізка кланяючыся, казалі:
— Дзякуй табе, Вялута! Дзякуй, што выручыў з бяды-гора! Ты не думай, мы адпрацуем. Вось толькі свае справы паправім і адпрацуем. Дзякуй, паклон нізкі, волаце, да зямлі самай прымі!
— Ды чаго там, людзі! Кіньце дурное! Жывіце здаровыя і шчаслівыя! Працаваць на сябе я сам буду! — неслася аднекуль здалёку. Здавалася, што гаварыў гром з паднябесся, гэткі моцны голас чалавек-асілак меў.

Вось так і жылі па-суседску. Аднаго разу прыбеглі да Вялутавага палаца сяляне з далёкай вёскі, упалі на калені перад ім, скардзяцца:
— Выратуй нас, добрая душа. Панаехаў пан злы са сваімі слугамі, б’е-забівае, апошняе адбірае, нікога не шкадуе, што толькі хоча, тое і вырабляе, бо на сваю шкуру ўправы не мае. Дапамажы, Вялута. Да канца жыцця маліцца за цябе будзем.
— Дапамагчы можна, — крэкнуў асілак. — Чаму б не дапамагчы, калі такі злыдзень да вас нарваўся. Дараваць такое, вядома ж, нельга. Зробім так. Вы ідзіце сабе дамоў. Ды ў хаціны не лезьце, перачакайце дзе-небудзь у бліжайшым лесе, а я тым часам што-небудзь прыдумаю. Дагнаць вас я ўсё роўна паспею.
— А ці не падманеш ты нас, Вялута? Няма болей нікому за нас, абяздоленых, заступіцца, — у адзін голас засакаталі спалоханыя сяляне. — Як жа мы да сваіх у вёску з’явімся, калі дапамогі не прывядзём?
— Не бойцеся, не падману! Трэба толькі памеркаваць крыху, як усіх тых рабаўнікоў вылавіць, каб не паразбягаліся, ды і іншым замовілі сюды лезці. Не бойцеся, не падвяду. Нікога я ў жыцці не падводзіў, тым болей, калі бедныя, абяздоленыя за дапамогай звярталіся!
— Ну, то мы пабеглі, волаце! — радасна ўсклікнулі вяскоўцы і паджагалі, толькі лаўжы на іхнім шляху затрашчалі.
— Бяжыце, бяжыце, — загуў у адказ Вялута, — пасміхваючыся аднымі вачыма, гледзячы на тое, як шпарка аддаляліся абнадзееныя людзі. — Я таксама зараз рушу, вось толькі вяроўку сваю вазьму.

* * *
Пан, параготваючы, наглядаў за тым, як ягоныя слугі ганяліся за жывёлай вяскоўцаў, валаклі на вазы ўсё, што маглі. Некаторыя ўжо бегалі за жанчынамі ды за дзяўчатамі, хапалі іх у абярэмак і валаклі куды-небудзь у цёмны кут, адкуль потым несліся адчайныя крыкі і плач.

— Так вам і трэба, хлопы! — паціраў задаволены рабаўнік рукі. — А то параспускаліся, бо даўно я тут не быў! Бачыш ты, яны падатак плоцяць — і хопіць! Ды колькі захачу, столькі і забяру! Голымі вас пакіну, каб ведалі, ад каго залежыце, псяюхі!

Вёска спачатку крычала, хоць крыкам сваім неяк супраціўляючыся, потым пачала паступова заціхаць і нарэшце ціхенька, як і ў даўнейшыя часы, заплакала горкімі слязьмі. Толькі і чуваць было, што крыкі рабаўнікоў, якія ніяк не маглі наталіць свае ненажэрныя пашчы.

Пад вечар цяжкагружаны абоз выправіўся ў дарогу. Наперадзе ў хвацкім фаэтоне ехаў сам пан. За ім цягнуліся шматлікія вазы з дабром, пылілі статкі жывёлы, забранай у вяскоўцаў.

Едуць яны сабе, нават і не здагадваюцца пра небяспеку, а яна тут вось — побач. Загуло нешта, засвістала і цяжка грохнула прама перад галавою абоза. Загігікалі ўспуджаныя коні, кінуліся рвацца ў бакі. Ледзьве іх стрымалі. Ажно зноў загуло-затрашчала і ззаду абоза гопнуўся вялізны, нібы хата, камень і загарадзіў сабой дарогу. І тут такое пачалося! Нейкі магутнага целаскладу мужчына хадзіў уздоўж вазоў і лупасіў кулакамі па галовах панскіх паслугачоў. Сам гаспадар абоза бег наперадзе незнаёмца, і той раз-пораз лупіў яго пад азадак сваім здаравенным лапцем. Тады памешчык ляцеў, не дакранаючыся да зямлі, крокаў сто і зноў кідаўся бегчы, каб не загінуць пад вялізнаю нагою.

Усё вярнуў людзям Вялута, нават панскіх коней і вазы пааддаваў вяскоўцам. Дзякавалі, як маглі, яны, а ён толькі пасміхаўся, закручваючы даўжэзны вус.

— Чаго ўжо там дзякаваць! Жывіце, родныя, вольна ды багата! Чаго ў суседстве не бывае!

Вось такі асілак Вялута тут даўным-даўно жыў. Добры надта быў, таму людзі ягонае імя да гэтых часоў з удзячнасцю згадваюць.

Калі памёр волат, то пахавалі яго на той самай гары, дзе палац стаяў. Пазней лясы сышлі і на тым месцы поле стала, людзі жыць пачалі, але памяць пра Вялуту назаўсёды захавалі. Назвалі так сваю вёску.”

Я змясціў гэтую легенду ў кнігу “Велута”, паколькі яна ёсць у кнізе “Брэстчына”, Мінск, 1995 г. пад рэдакцыяй кандыдата філалагічных навук А.М. Ненадаўца. А вам, паважаныя чытачы, даецца права на роздум: што паслужыла штуршком лічыць назву вёскі “Велута”. Я прытрымліваюся больш версіі, што “Лута” — гэта ліпавае лыка, а “Ве” — гэта “тут”.

А вось яшчэ адзін варыянт з гісторыі в. Велута былога вучня, сёння студэнта БДУ Каховіча Рамана Уладзіміравіча.

Многіх людзей цікавяць пытанні: «Адкуль пайшла назва яго прозвішча, адкуль яго продкі родам, кім былі раней?»

Мне заўсёды цікавіла пытанне: «Адкуль пайшла назва нашай вёскі, чаму менавіта так яна называецца, а не інакш, што паслужыла асновай для гэтай назвы «Велута»? Гэта пытанне мы часта абмяркоўвалі на ўроках гісторыі. Я ведаў аб назве маёй маленькай Радзімы найперш з афіцыйных крыніц, у якіх гаворыцца аб паходжанні назвы вёскі Велута. Вось яна, гэта версія:

Слова «Велута» паходзіць ад слова «вялікі Лут», што азначае «волат». Аднойчы я запытаў у сваёй цёткі ці ведае яна пра паходжанне назвы нашай вёскі. І я расказаў афіцыйную версію.

Яна адказала, што ведае гэту афіцыйную версію, аб якой даведаўся Іван Аляксеевіч Панасюк у навуковых установах і аб гэтым было надрукавана у Лунінецкай раённай газеце «Ленінскі шлях». Пасля чаго я пачуў другую народную версію пра паходжанне нашай вёскі — Вялута. Гэтым цікавілася мая цётка Вера Паўлаўна Каховіч, яна у юнацтве пыталася ў свайго бацькі Паўла Адамавіча Каховіча і ў больш сталым узросце ў старэйшых людзей вёскі, з якімі давялося размаўляць на гэту тэму.

І вось, што ёй расказаў яе бацька, а мой дзядуля. Ён таксама цікавіўся ў старых людздей таго часу, што азначае слова Велута. Яны адказвалі, назва вёскі паходзіць ад назвы дрэва ліпа. У тыя даўнія часы на мясцовым дыялекце ліпу называлі — лут. Калі прыйшлі першыя пасяленцы у нашы мясціны, яны размясціліся каля вялікага лута, але тут каля ліпы рос цэлы ліпнік. Гэта прыкладна знаходзілася ў раёне Балушы, старой школы, магазіна старога і новага, пачатку вуліцы Булічы да Драбовіча Дзям’яна (Восовяка) Боровская. Гэта было самае высокае і спрыяльнае месца для паселішча, таму што вакол былі непраходныя балоты і неабсяжныя лясы. Вакол Вялікага лута раслі маленькія ліпкі. З гэтых ліпак, а дакладней пабегаў, нашы продкі здзіралі кару і рабілі вушкі для лапцяў, якія былі больш носкія чым з лазы і якія ў той час з’яўляліся дэфіцытам. Іх спачатку рыхтавалі зімой, затым варылі потым здзіралі кару, тады і атрымоўвалі патрэбны матэрыял для лапцяў. Як расказваюць людзі, сюды прыйшлі і пасяліліся чатыры сям’і, адкуль яны прыйшлі ніхто не ведае. Аб гэтым расказвалі майму дзядулі Фёдар Якаўлевіч Каховіч і Адам Раманавіч Каховіч. Аб гэтым таксама расказваў маёй цётцы Піліп Сцяпанавіч Арэхва.

І я з гэтай гіпотэзай згодны больш, чым з афіцыйнай гіпотэзай аб волаце, бо гэта можна абгрунтаваць наступным чынам. У тыя далёкія часы, калі людзі шукалі новыя мясціны для жыхарства і не было добрых шляхоў зносін яны перамяшчаліся ў асноўным па вадзе ў пошуку новых месцаў жыхарства, якія павінны былі даць магчымасць абсталявацца і жыць. І гэтыя мясціны павінны адпавядаць некаторым патрабаванням таго часу.

Па-першае. Магчымасць звязвацца з роднымі і другімі людзьмі, мясцінамі, ад якіх адышлі, гэта задавальняла рака. У тыя часы яна магчыма была адзіным шляхам зносін.

Другое. У той час адзіным абуткам былі лапці, якія рабіліся з кары лазы і ліпы. Таму верагодней усяго першыя пасяленцы выбралі гэтыя мясціны для жыхарства, дзе была наяўнасць ліпы і лазы. Пасяліўшыся тут яны падтрымлівалі сувязь з блізкімі, альбо знаёмымі. На пытанне іх, дзе яны жывуць, яны магчыма адказвалі, што трэба плысці па рацэ, хаця можа была і дарога, і калі убачыце Вялікі лут, там мы і жывём. На працягу жыцця назва з цягам часу скарацілася ў Вялуту.

Влсь так магчыма і з’явілася назва вёскі — Велута. Так што Вялікі Лут гэта быў першы адрас, які называлі нашы продкі сваім родным, пасля чаго ён з цягам часу стаў такім, які мы бачым на канверце, калі атрымоўваем пісьмо, або ўказваем яго, дзе нарадзіліся і г.д.

Па-трэцяе Волат — гэта назва, якая даецца другім чалавекам. Гэта азначае, што нехта даведаўся, што там жыве волат і сказаў: «Там жыве ВЯлікі Лут» — што мала верагодна. Часцей людзі самі даюць назвы вуліц і мясцін, на якіх мы жывем, дзе бываем: Заброддзе, Задуб’е, Пашчана, Чорны Брод, Старына, Ляды, Космово, Боровская, Поросля, у Сосінкі, у дуба, Залессе і інш. Некаторымі назвамі мы зараз карыстаемся, хаця гэтых прымет няма.

У розныя часы вёска называлася так:

  • Велута — 1588, 1612 гг.
  • Велюта — 1795 г.
  • Велуто — 1886 г.
  • Волута, Валута — у савецкія часы (1939–1965 гг.)
Але самым правільным напісаннем як на беларускай, так і на рускай мове павінна быць назва “Велута”.

Галоўным заняткам насельніцтва было развядзенне жывёлы, паляванне, рыбная лоўля, дробнае саматужніцтва, бортніцтва, і толькі часткова земляробства, бо адваяваць у балота ці лесу кавалак зямлі было вельмі цяжка. Мясцовасць тут яшчэ параўнальна нядаўна была моцна забалочанай. Жанчыны ў асноўным займаліся хатняй гаспадаркай, летам збіралі і назапашвалі ягады і грыбы, а зімой, як і дагэтуль гавораць, “пралі кудзелю”, ткалі палатно, шылі, вышывалі.

Рыбная лоўля з далёкіх часоў у нашых продкаў была адной з самых даходных крыніц дабывання ежы для сям’і. Тым больш што ў XVI–XVIII стагоддзях прырода наша была шчодрая на свае дары. Улюбёнай справай рыбнай лоўлі была лоўля ўюноў. Прылады былі розныя, але часцей за ўсё гэта былі кашыцы ці няроты. Потым уюноў пасыпаюць соллю, нанізваюць на “мэтцы” з лазы; потым абжарваюць на кастры альбо цвемяць. У нашыя часы могуць сушыць і ў рускай печы.

Земляробствам займацца ў XVI–XVIII стагоддзях было цяжка, паколькі тэрыторыя вакол в. Велута была вельмі забалочаная. Людзі асвойвалі невялікія кавалачкі зямлі на лясных палянах. На гэтых глебах сеяліся збожжавыя, у асноўным жыта, проса, чачавіца. У ХІХ стагоддзі велуцяне пачалі садзіць бульбу і некаторыя віды агародніны. Гэта стала магчыма пасля пабудавання чыгункі ў бок Баранавіч і асабліва ў той час, калі Велута была звязана дарогамі з вёскамі Бастынь, Чучавічы, Багданаўка, і канешне, з Лунінцам і Пінскам. Сталася гэта перад першай сусветнай вайной.

Асноўным заняткам жанчын было летам збіральніцтва дзікарастучых лекавых і пахавых траў. Усё гэта добра высушвалася і выкарыстоўвалася ў асенне-зімовы, вясновы перыяды. Паколькі медыцынскае абслугоўванне ў в. Велута адсутнічала, велуцяне карысталіся сваімі народнымі сродкамі. Сюды ж трэба дадаць дабыццё “калоднага” мёду.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя з “дзяржаўнымі” сялянамі адбыліся змены: з 1852 г. дзяржаўныя сяляне Лунінеччыны былі пераведзены з баршчыны на грашовую рэнту.

У прыгоннай вёсцы панавала адработачная рэнта (паншчына). Так, сяляне Вялюты (сучаснай Велуты) і Ліпска за надзел памерам 14 дзесяцін 1023 сажні, які атрымлівалі ад памешчыка Друцкага-Любецкага, павінны былі адпрацаваць 156 дзён “вупражных”, 52 дні “пешых”, 48 дзён “згону”. Апроч гэтых галоўных павіннасцей, сяляне выконвалі “шарваркі” (будаўнічыя работы), падворную і вартаўнічую павіннасці, мясам і інш. Такая плата намнога перавышала звычайную арэндную цану за падобны зямельны ўчастак. Трэба таксама мець на ўвазе, што памешчык, які меў поўную ўладу над сваім прыгонным, мог без перашкод адабраць у яго зямлю, маёмасць, абмяняць, прадаць, збіць або нават беспакарана забіць яго самаго.

У першай палове ХІХ ст. гаспадарка і дзяржаўных, і памешчыцкіх сялян была вельмі прымітыўнай.

Плошча раёна была ў большасці пакрыта балотамі, лясамі, хмызняком. Глебы былі неўрадлівымі, пераважна глініста-пясчанымі, вільготнымі, патрабавалі ўгнаення.

Так і цягнулася дзень за днём, год за годам, стагоддзе за стагоддзем амаль без ніякіх змен, без ніякіх прасветаў аднастайнае жыццё ў вёсцы. Не даходзілі да яе, агароджанай ад усяго свету густымі лясамі і непраходнымі багнамі, амаль ніякія навіны, амаль не закраналі яе войны, паўстанні. І здавалася, што так будзе давеку.

На верх старонкі



Калода на зямлі.
Гравюра ХІХ ст.


Калодны вулей («калода»)


Падкур з калодамі, бортныя знакі


Косы


Сельскагаспадарчыя прылады беларускіх мігрантаў. Вроцлаўскі этнаграфічны музей


Зжатая збажына ў бабках


Кросны


Матавіла


Жорны


Цэпы


Сярпы


Матыкі


Бандарныя вырабы


Бандарныя інструменты


Карзінка з лубу


Плеценыя каробкі з карэньчыкаў


Кашы


Сявенькі


Тапчан


Архаічная мэбля: зэдлік


Архаічная мэбля: услон


Ганчарны посуд


Ганчарны посуд


Посуд абварны


Посуд