Велута

Максімчык Уладзімір Iванавіч

Хто з прадстаўнікоў старэйшага пакалення не памятае Уладзіміра Іванавіча? У перыяд росквіту «кіношнай справы» ён быў даволі прыкметнаю асобаю ў вёсцы.

Невялікага росту, неказісты з выгляду, але вельмі энергічны, ён кожную раніцу расклейваў свае афішы ля магазіна, на ферме, ля школы. Весела, з гумарам вёў ён заўсёды гаворкі з аднавяскоўцамі, шчодра надзяляючы кампліментамі жанчын, даючы парады маладым, і як бы паміж іншым, абавязкова ўстаўляў сваё любімае: “А які сёння фільм вечарам!..” Размова адразу пераходзіла ў другое рэчышча. Кіно ў вёсцы любілі. Калі фільм знаёмы, усе ўспаміналі моманты, якія спадабаліся, знакамітых акцёраў, песні... Калі фільм новы, прасілі коратка расказаць змест. Ён так умеў заінтрыгаваць людзей, што вечарам абавязкова ў кіно прыходзілі не толькі маладыя людзі, але і сталыя. А калі ўжо фільм індыйскі, ды яшчэ “Валодзька” заехаў на ферму або ў школу, амаль што ні кожнага запрасіў асабіста: “Дзяўчаты, сустракаемся ў клубе — сёння “Індыя”... Сцены клуба не заўсёды маглі змясціць жадаючых, не хапала месцаў, неслі з дому лавачкі. Зала бывала набіта “бітком”. Яго любімымі фільмамі былі “Шчыт і меч”, “Два байцы”, “Волга-Волга”, “Лёс чалавека”.

Здавалася, усю душу гэты чалавек укладваў у сваю працу. Ездзіў сам у “пракат”, выбіваў для вяскоўцаў кіналенты, якія ім палюбіліся (у тыя часы гэта было складана).

2 – 3 разы ў нядзелю былі дзіцячыя сеансы. У нядзелю абавязкова ў 3 гадзіны дня кожны хацеў папасці ў кіно за 5 капеек. Ён жа быў і касірам, і матарыстам. Колькі заядлых “кінааматараў” з самых бедных сем’яў прапускаў бясплатна. А вось хуліганаў не любіў. Усіх у зале ведаў на памяць. Бывала, ўключыць электрычнасць і ўсіх “зайцаў” вылавіць. Вясёлы, добры і справядлівы быў чалавек. За гэта і па сённяшні дзень памятаюць яго ў вёсцы. Аддавала належнае яго працы і кіраўніцтва кінапракату. Кінамеханік І катэгорыі; меў высокае званне “Ударнік камуністычнай працы”, званне “Выдатнік кінематаграфіі СССР”. Яго імя занесена ў “Кнігу народнай славы Дзяржаўнага камітэта БССР па кінематаграфіі”.

Узнагароджаны медалём “Ветэран працы”, нагруднымі знакамі “Пераможца сацспаборніцтва” 1973, 1977, 1978, 1979 і 1981 гадоў, граматамі Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў па кінематаграфіі, Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, граматамі і падзякай Брэсцкага аблвыканкама ўпраўлення кінафікацыі, граматамі Лунінецкага РК КПБ і выканкама Савета народных дэпутатаў, сям’ю граматамі Упраўлення кінасеткі. У цэлым за сваю працоўную кар’еру ён меў 40 узнагарод розных узроўняў, якія беражліва захоўваюцца ў сям’і Уладзіміра Іванавіча.

Калі быў пашыраны штат кінакропкі, памочнікам кінамеханіка стаў Мікалай Мікалаевіч Дзедзін. За часы сумеснай працы іх калектыў быў узнагароджаны 23-ма ўзнагародамі. Кіно ў тыя часы было сапраўды носьбітам высокай культуры, духоўнасці. Гэта неад’емная частка ўжо гісторыі вёскі Велута.

Уладзімір Іванавіч пражыў нядоўгае, але яркае жыццё. Нарадзіўся ў в. Велута 9 кастрычніка 1935 года ў вялікай сялянскай сям’і. Двое старэйшых братоў загінулі ў партызанскім атрадзе. Сястра Хрысціна была вывезена ў Германію, бацьку забілі фашысты. Маці гадавала пяцярых дзяцей адна. Усе пазналі цяжкую сялянскую працу. Кінамеханікам стаў у арміі, працу працягваў пасля арміі ў роднай вёсцы, ажаніўся, выгадавалі з жонкай дзве дачкі. У 52 гады захварэў і пайшоў з жыцця.

Зараз ў клубе кіно не паказваюць, кінабудка зачынена, а шкада... У цяперашні час тэлевізар у кожным доме, усе ў адзіночку глядзяць серыялы, часта не лепшай якасці. А яшчэ не так даўно людзі прыходзілі ў кіно, часцей сустракаліся, часцей гутарылі разам, былі больш добрымі і адкрытымі адзін да аднаго. Пасля кіно мелі добры звычай паспяваць песні, асабліва ў часы святаў, на беразе нашай Цны... Як шкада, што гэта ўжо ў былым...

Г. В. Некрашэвіч.