Велута

У Дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці многія працуюць сем’ямі. Сярод сямейных пар — Каховічы: Вячаслаў Георгіевіч — намеснік дырэктара па вытворчаму навучанню, і Людміла Пятроўна — выкладчык беларускай мовы і літаратуры. З кожным паасобку службовыя справы звязалі мяне на працягу некалькіх год, а разам з мужам і жонкай размаўляла ўпершыню. І высветлілася: яны так шчыра і ахвотна дапаўнялі адзін аднаго ўспамінамі ці развагамі, што мае пытанні былі амаль не патрэбны, хіба толькі ўдакладняла ці канкрэтызавала асобныя моманты.

Нарадзіўшыся на Палессі — Людміла ў вёсцы Чухава Пінскага раёна, Вячаслаў у нашай Велуце, — і потым далёка не ад’язджалі ад родных мясцін. Праўда, да ВНУ юнак паспеў адслужыць тэрміновую службу на Паўночным флоце, у Запаляр’і. «Залатая» медалістка стала студэнткай адразу са школьнай парты. Іх жыццёвыя сцяжынкі перакрыжаваліся ў Мазырскім педагагічным інстытуце.

Студэнцкае каханне

Вячаслаў Георгіевіч:
— Вучыўся на факультэце агульна-тэхнічных дысцыплін і фізікі. Відавочна, напрамак вызначыў бацька, Георгій Конанавіч, калгасны механізатар. Дзякуючы яму, я палюбіў тэхніку, літаральна вырас на мехдвары. Зразумела, без гуманітарных ведаў не дазваляла заставацца мама, Станіслава Адамаўна, настаўнік гісторыі. А ў інстытуце заваяваў папулярнасць сваім захапленнем фотасправай. Якая падзея магла абысціся без фотаадлюстравання?! У студэнцкім інтэрнаце мяне пастаянна запрашалі на імяніны і іншыя святы. Неяк сядзеў у пакоі са знаёмай дзяўчынай, нешта абмяркоўвалі. Раптам ціхенька пастукалі ў дзверы, і ўвайшла яшчэ адна. Як высветлілася, суседка. Гэта зрабіла на мяне ўражанне: такая сціплая, такая тактоўная, у свой пакой без стуку не ўваходзіць!

Людміла Пятроўна:
— Мае бацькі працавалі ў калгасе: мама, Соф’я Андрэеўна, бухгалтарам, ды яшчэ гадоў 20 прафкам узначальвала, тата, Пётр Пятровіч, — слесар. Вельмі любіла сваіх дзядуль — яны абодва ваявалі на фронце ў Вялікую Айчынную, адзін нават выратаваў другога пры цяжкім раненні. І бабулі ў мяне цудоўныя. Пэўна, захапленне сваім радаводам, расповядамі старэйшых пра абрады, традыцыі, роднай мовай і літаратурай прывяло мяне на філалагічны факультэт. Вучылася выдатна, пасля першых курсавых работ выкладчыкі сталі прадказваць навуковую будучыню, але на другім курсе мы сустрэліся…

Вячаслаў Георгіевіч:
— Пазнаёміліся зімой. Кветкава-цукеркавы перыяд працягваўся тры месяцы. У красавіку наведалі маіх бацькоў, у маі паехалі да будучай цешчы. Я гатовы быў ладзіць вяселле адразу пасля сесіі, але на варце спрадвечных жыццёых правіл была жончына бабуля. Прымусіла вытрымаць пост, і пасля яго 13 ліпеня 1991 года мы распісаліся. Дарэчы, гэта яе настойлівасць садзейнічала таму, што перад нараджэннем нашага першага дзіцяці я здзейсніў абрад хрышчэння ў царкве. У свой час мае партыйна-свядомыя бацькі не звярталі ўвагі на асаблівасці веравызнання, больш таго, адзін з іх праваслаўны, другая — каталічка, і гэта не перашкаджала іх моцнай сям’і. Але прыйшлі іншыя часы, і я з павагай адношуся да парад сваякоў з боку маёй палавіны — цяпер гэта таксама мая сям’я.

Людміла Пятроўна:
— Нашы вёскі знаходзяцца на адлегласці кіламетраў у 70, але ў прыродным плане — гэта вельмі розныя мясціны. Упершыню трапіла ў Велуту вясной — і зачаравалася гэтай прыгажосцю. Наша мясцовасць больш асушана, суцэльныя меліяраваныя палеткі, а тут — разліў рэчкі, хмызняк, лясы. Доўгі час была пераканана, што менавіта тут здымаўся кінафільм «Людзі на балоце».

Праз год муж закончыў вучобу. У Лунінцы ў аддзеле адукацыі месца не прапанавалі. Выпадкова сустрэўся яго зямляк: у ПТВ-160 ёсць вакансія дырэктара падлеткавага клуба. Калі згадзіўся, і мне на паўстаўкі месца выкладчыка знайшлося. А інстытут дазволілі заканчваць па індывідуальным графіку навучання — разы два ў месяц ездзіла за заданнямі, а сесію здавала разам са сваёй групай. Як ні складана давялося, закончыла з «чырвоным» дыпломам, атрымала ступень бакалаўра.

Сям’я пачынаецца з дома

Вячаслаў Георгіевіч:
— Як смяяліся потым у вучылішчы, на маёй першай пасадзе галоўным было добра настроіць мікрафон на сцэне. Але заўсёды быў упэўнены: усё залежыць ад жадання чалавека. Захочаш: любы непрыстыжны занятак пераўтворыш у самую запатрабаваную прафесію. Яшчэ ў інстытуце захапіўся выпальваннем па дрэве і выпільваннем лобзікам. Спачатку вырабляў самыя простыя рэчы — тыя ж рамачкі пад фотаздымкі. З цягам часу захапіўся, шукаў малюнкі, інструменты, прылады — дастаць гэта было не так проста. З першых дзён працы таксама пачаў весці гурток. Нават не чакаў, што заняткі так зацікавяць навучэнцаў. Нашы работы сталі вывозіць на выставы мастацкай творчасці. А з якой радасцю рыхтавалі мы падарункі сваім калегам! Перад 8-ым Сакавіка дзеці самі, без прымусу, сядзелі да паўночы, каб паспець да вызначанага тэрміну.

Людміла Пятроўна:
— Збоку здаецца, што гэта — вельмі лёгкі занятак. Я ж, блізка назіраючы за дзеяннямі мужа, зразумела, што мне гэта не пад сілу. Якое трэба мець цярпенне, каб так пільна пераводзіць малюнак на фанеру, потым акуратна прабіць адтуліны, весці па іх разцом, дакладна паўтараючы абрысы! А яшчэ ж неабходна зачысціць, адшліфаваць, палакіраваць…

Самы просты ўзор патрабуе гадзін уседлівасці, а вырабы мужа ўражваюць складанымі сюжэтнымі выявамі!

Хутка Вячаслаў Георгіевіч стаў выкладаць чарчэнне і электраабсталяванне трактараў і аўтамабіляў. Захапленне самадзейнай творчасцю выхавала ў яго такія неабходныя для педагога якасці, як цярпенне, уменне тлумачыць вучэбны матэрыял самымі даступнымі словамі, здольнасць прыцягнуць увагу навучэнца любымі сродкамі. Ледзь у групе паявяцца прыкметы няўважлівасці, пажартуе ці загаворыць па-беларуску. Тут жа галовы ўздымуцца ад партаў: нешта новае, значыць, цікавае…

Вячаслаў Георгіевіч:
— Назваў бы гэту адметнасць не цярпеннем, а настойлівасцю. Зыходзячы з невялікага жыццёвага вопыту, пераканаўся: без яе не абысціся ў нашай суровай рэчаіснасці. Адзін толькі прыклад. У пачатку працоўнай дзейнасці мы жылі ў інтэрнаце. У 1993 годзе нарадзілася наша дачушка. У краіне панавалі разбурэнне і безгаспадарчасць, ніякіх жыллёвых перспектыў. Вырашылі будавацца. Участак нам выдзелілі ў раёне індывідуальнай забудовы насупраць ліцэя. Агульнымі намаганнямі, пры дапамозе бацькоў, узвялі дом. Праз тры гады перасяліліся. Але яшчэ 14 месяцаў і 14 дзён жылі без электрычнасці. Такую экзотыку ў канцы ХХ стагоддзя выпрабавалі яшчэ тры сям’і. Ад іх імя я і пачаў хадзіць па інстанцыях. Уявіце: летам 1997 года кожны дзень (!!!) пачынаў з наведвання афіцыйных асоб нашага «Белага дома». І дасягнуў мэты: 30 жніўня пачалася ўстаноўка электраабсталявання на нашай вуліцы Гарадзецкага.

Людміла Пятроўна:
— Цяпер гэты перыяд здаецца рамантычным. Гарэла газавая лямпа, лашчыла полымя дровы ў печы, а мы з асалодай чыталі. Са столькімі літаратурнымі навінамі азнаёміліся, быццам паўтарыўшы студэнцкае юнацтва! Кнігі абодва любілі, з магазіна не выходзілі без купленага стосіка новай літаратуры. Сабралі цудоўную бібліятэку, якая восенню «перасяляецца» ў вучылішча, а на канікулы зноў «вяртаецца» пад дах роднага дома. У нас ёсць рэдкія выданні, якія выклікаюць інтарэс і ў дзяцей, хаця, зразумела, яны і аддаюць перавагу камп’ютару.

Маленькая Настачка засынала пад чытанне казак. Дарэчы, дачцэ мы далі імя маёй прабабулі, якая літаральна выгадавала нас, дзяцей. А восенню 1997 года нарадзіўся сын, названы Андрэйкам, — у гонар майго дзядулі — франтавіка.

Вячаслаў Георгіевіч:
— Зразумела, уласны дом патрабуе пастаяннай працы. Але з задавальненнем выконваю любыя рамонтныя работы. Трымаем невялікую прысядзібную гаспадарку. Агародныя клопаты, у асноўным, ускладзены на маю гаспадыню: вясной высаджвае градкі, летам займаецца закаткамі, нарыхтоўкамі на зіму. Мая важнейшая задача — арганізаваць копку бульбы. Ад продажу лішкаў «другога хлеба» істотна папаўняецца сямейны прыбытак.

На ранейшае захапленне часу не маю. Гэтыя дзесяткі вырабаў, што іншы раз прапануюцца на выставы, — тое, што засталося ці не ад сотняў ваз для кветак і садавіны, куфэркаў, палічак, свяцільнікаў, якія падораны сябрам. У нашым доме стараўся ўпрыгожыць элементамі аздаблення звычайную мэблю: шкафы, карнізы, канцылярскія прылады для дзяцей. Шмат рэчаў вырабіў на заказ: юныя лунінчане ехалі за мяжу на аздараўленне, з сувенірамі тады была «напружанка», вось бацькі і звярталіся да мяне. Многія сем’і ў Італіі ці Германіі маюць творы, як кажуць «невядомага мастака».

Жыццё прысвечана рабоце

Вячаслаў Георгіевіч:
— У 1999 годзе прызначылі намеснікам дырэктара па вытворчаму навучанню. Работа захапіла з галавой! Выкладчык, як бы ні імкнуўся разнастаіць свае ўрокі, усё ж недзе ідзе па пратаптанай сцяжынцы, з году ў год у нечым паўтараецца. Значна цікавейшы арганізатарскі працэс, хаця страчваеш былы вольны час пасля адведзенага ўрока. Цяпер часта першым прыходзіш у каледж, апошнім пакідаеш яго сцены, асабліва ў адміністратыўны дзень. І тут немагчыма сядзець на адным месцы: то на полі, то на палігоне, то ў майстэрнях. Вядома, што практыка мяняецца значна хутчэй, чым тэорыя. Навучаючы спецыяльнасці, сам удасканальваеш свае навыкі. З гонарам выпускаеш у жыццё не наіўнага шкаляра, а прафесіянальна падрыхтаванага чалавека, які, маючы спецыяльнасць, здолее зарабіць сабе на кавалак хлеба.

Людміла Пятроўна:
— У нашым грамадстве, скажам так, склаліся не самыя лепшыя адносіны да роднай мовы. Памятаю, у студэнцкай маладосці неяк дамовілася са Славай адзін дзень у тыдзень размаўляць па-беларуску. Дык у транспарце нас так і ўпікалі: вы што, бэнээфаўцы? Крыўдна, што большасць беларусаў так лёгка адмовілася і ад мовы, і ад гістарычных сімвалаў…

Спадзяюся, ранейшая крайнасць адыходзіць у нябыт. Канешне, даводзіцца працаваць з выпускнікамі пераважна рускіх школ, якія ўсё горш і горш ведаюць беларускую мову. Усведамляю, што за 3 гады не навучу іх дакладнай граматыцы ці арфаграфіі. Канцэнтрую увагу навучэнцаў на творах паэтаў і пісьменнікаў. Імкнуся так раскрыць мастацкія вобразы, каб дзеці захапіліся літаратурнымі героямі, каб праз тыпажы і сюжэты данесці падрастаючаму пакаленню самыя лепшыя нацыянальныя якасці, увасобленыя марамі класічных творцаў.

Вячаслаў Георгіевіч:
— Можна толькі ўявіць, якіх гэта варта настаўніцкіх намаганняў! У каледж прыходзяць складаныя дзеці, многія — з няпоўных, яшчэ больш — з нядобрабытных сем’яў, дастаткова ў нас і сацыяльных сірот. На якіх маральных ідэалах можна выхоўваць навучэнцаў, калі некаторыя не маюць элементарных чалавечых навыкаў?! Даводзіцца спачатку навучыць дзяцей карыстацца зубной шчоткай, расчоскай, насоўкай, дабіцца, каб сшытак насілі не за пазухай ці ў кішэні, а хаця б у поліэтыленавым пакеце. І каб толькі яны такімі былі! Дзеці — люстэрка сям’і. Іншыя дарослыя проста рады зваліць адказнасць за ўласных сыноў і дачок на навучальную ўстанову.

Дзяўчына з горада прапускае заняткі. Тэлефануем дамоў. У адказ чуем прэтэнзіі маці: «Гэта я ў вас павінна спытаць, дзе бадзяецца мая дачка? Яна цяпер — ваша навучэнка». А колькі разоў, адпускаючы дзяцей на канікулы, праз дзень-два чуеш іх просьбы: «Бацькі дома стварылі сапраўдны прытон. Заставацца немагчыма. Можна вярнуцца ў інтэрнат?»

Людміла Пятроўна:
— Каледжу пашчасціла на добрых майстроў. Сёлета будзе адзначаць 60-годдзе Мікалай Іванавіч Казун. Ён замяняе бацьку сваім выхаванцам. Не дапусціць да заняткаў, пакуль не праверыць, ці кожны мае насоўку, ці ўсе ўзялі канспекты.

Вячаслаў Георгіевіч: — Так, гэта Педагог з вялікай літары. Наогул людзі, адданыя навучэнцам, пераважаюць сярод нашых майстроў — гэта мае падначаленыя, 33 мужчыны і 10 жанчын.

Людміла Пятроўна:
— І я асабіста абавязана Мікалаю Іванавічу Казуну сваім прафесіянальным станаўленнем. У першы год работы ён быў майстрам групы, дзе я вяла класнае кіраўніцтва. Шчыра прызнаюся: толькі дзякуючы яго падтрымцы, хутка пераадолела ўласцівую любому маладому спецыялісту першапачатковую разгубленасць, адчула сябе настаўніцай, здолела авалодаць увагай навучэнцаў.

Беларуская мова — не англійская, яе ўсе ведаюць і ўсе могуць размаўляць пры жаданні. Радуюся і таму, што слухаюць. Чытаю іншы раз вершы, хвалююся, — бачу, і ў іх слёзы на вачах. Зразумела, як раскрыеш тэму — такі і водгук атрымаеш. Мой любімы аўтар — Уладзімір Караткевіч, бясконца магу перачытваць яго вершы і гістарычныя раманы. Люблю даносіць да дзяцей творчасць Максіма Танка. Адчуваю, што маё захапленне ваеннай прозай Васіля Быкава перадалося навучэнцам. Цяперашнюю моладзь больш прыцягваюць сюжэтныя творы. Як кажуць, «новае пакаленне выбірае»…

Вячаслаў Георгіевіч:
— Іншы раз задаюся пытаннем: штогод моладзь становіцца лепшай ці горшай? І не магу адназначна адказаць. Кожныя тры гады ў каледж прыходяць новыя юнакі і дзяўчаты. Хапае станоўчых рыс, ёсць адмоўныя. У кожнага пакалення яны мяняюцца, зноў жа пад уплывам сям’і. Цяпер навучэнцы хочуць выглядаць разумнейшымі за выкладчыкаў і майстроў, нават сказаў бы: хітрэйшымі. Але ж і мы не стаім на месцы, вучымся папярэджваць хітрыкі. Горш са скажонай псіхалогіяй маладых — цяжка супрацьстаяць фільмам ці трывалым думкам, дзе героем прызнаецца той, хто больш крадзе, больш рабуе, больш гвалтуе. Але не здаемся. Удалося ж перамагчы ранейшае перакананне, што адукацыя не патрэбна — гандаль пракорміць. Дастаткова канкрэтнага прыкладу. У каледжы займаюцца сыны аднаго вядомага прадпрымальніка. Бацька стаіць за прылаўкам на рынку, але хоча, каб дзеці набылі канкрэтную спецыяльнасць.

Людміла Пятроўна:
— Для дзяцей вельмі важна думка равеснікаў. Прыемна адчуваць, што праца педагогаў прыносіць свой плён. Меркаваць аб гэтым можна па геаграфіі месца жыхарства нашых навучэнцаў. Вучылася дзяўчына з Салігорска, падабалася, расказала пра каледж у сваім горадзе. Цяпер у нас некалькі дзяцей з гэтага раёна. Такі ж прыклад можна прывесці з Кобрына. Паступіў адзін хлопец — на наступны год ужо вучацца некалькі кабрынчан. Многа навучэнцаў з іншых раёнаў Брэстчыны, з Гомельскай вобласці, былі нават з Магілёва.

Вячаслаў Георгіевіч:
— Мы таксама не абмяжоўваемся Лунінеччынай, хочацца не толькі сябе паказаць, але і людзей паглядзець. Ездзім у госці да сяброў-аднакурснікаў у іншыя гарады і вобласці. Падрастаюць дзеці — дачка ў шостым класе, сын — у другім, марым іх захапіць падарожжамі. Летась ездзілі ў Брэсцкую крэпасць. Уражанняў — на год наперад! Не ставім на мэце пазнаёміць з замежжам — трэба спачатку зведаць сваю радзіму. Маем з жонкай жаданне — разам з дзецьмі адпачыць на Нарачы ці на Браслаўскіх азёрах. А калі хочам — абавязкова здзейснім. Гэта прынцып нашай сям’і.

Людміла Пятроўна Каховіч праводзіць Тыдні беларускай мовы і літаратуры з удзелам пісьменнікаў і паэтаў з Мінска, прымаць якіх так рады навучэнцы, што нават спрачаюцца: каму выпадзе гонар уручыць каравай гасцям. А вось калі тыя звяртаюцца з пытаннем, на якой мове весці гаворку, у адказ аднадушнае: “На беларускай!”. Якія яшчэ больш шчырыя словы прызнання так ацэняць працу педагога?! З-за адлегласці месцанаходжання каледжа не ўсе гараджане ведаюць пра цікавае і разнастайнае тамтэйшае жыццё. Пажадаю сёлета, каб падзеі цудоўнай навучальнай установы на Залессі сталі бліжэйшымі для лунінчан. І каб большасць жыхароў горада абавязкова ўбачыла выставу твораў Вячаслава Георгіевіча Каховіча і падзяліла маё захапленне залатымі рукамі майстра.

Т. Канапацкая (“Лунінецкія навіны”, 21.01.2005)

На верх старонкі