Велута

Знаёмыя незнаёмцы

Першы настаўнік з вёскі Велута

Арэхва Павел Аляксеевіч нарадзіўся ў в. Велута ў 1925 годзе, калі ўладарамі палескага краю былі палякі. У сям’і было яшчэ 8 дзяцей. У тыя часы на Лунінеччыне такіх сем’яў было шмат. Канешне ж бацькам было нялёгка ставіць дзяцей на ногі. Аднак бацькі ў такіх сем’ях глядзелі далёка наперад, забяспечваючы сваю будучую старасць. Хлопчык хутка рос, пазнаваў прыгажосць акаляючай яго прыроды. У 6 год пайшоў у школу, дзе скончыў 5 класаў. Калі ў 1939 годзе ў вёсцы ўсталявалася савецкая ўлада, была адкрыта таксама школа. Павел Аляксеевіч наведваў яшчэ 2 гады школу.

У 1941 годзе пачалася вайна з фашысцкай Германіяй. У вёсцы зноў усталяваўся акупацыйны парадак. І ў 1942 годзе Паўла Аляксеевіча, як і больш за 40 яго аднавяскоўцаў, вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вяртання з чужбіны ён, будучы здольным да ўсялякага роду працы, усталяваўся на работу ў школу, дзе працаваў рахункаводам, пазней настаўнікам працоўнага навучання.

Мая першая сустрэча з Паўлам Аляксеевічам адбылася ў маленькай майстэрні, прыстасаванай у невялічкім будынку ля школы. Гэта быў невысокага росту чалавек з жывымі вясёлымі вачыма, з нізкім прыемным голасам, кароткай прычоскай з сівізною на скронях.

Пазней я пазнаёміўся з Паўлам Аляксеевічам бліжэй. Гэта быў чалавек, які прыцягваў да сябе, як магніт. Дзеці яго слухалі, як зачараваныя. Умеў працаваць з дрэвам: вырэзваць, выпільваць, выточваць, маляваў. Ён даваў грунтоўныя навыкі апрацоўкі драўляных вырабаў, навучыў дзесяткі юнакоў прышчэпліваць пладовыя дрэвы. Гэта ён Велуту зрабіў вёскай-садам. Ён быў вялікім аматарам-рыбаловам, грыбніком. Дома займаўся прыгатаваннем саленняў, розных кампотаў. Павел Аляксеевіч першы развёў ў в. Велута вінаград, з якога рыхтаваў смачныя віны і сокі, вельмі любіў кампанію і гасцей, хаця яго праследвалі цяжкія захворванні. У кампаніі быў заўсёды завадатарам. Вельмі тактоўны быў з дзецьмі і калегамі. Бываючы з дзецьмі ў паходах і вандроўках , часта імітаваў галасы птушак. Заўсёды захоўваў бадзёрасць духу. Ніколі не лічыўся з асабістым часам, калі патрэбна было некаму дапамагчы. Жыццярадасны, энергічны, запальваючы чалавек. Павел Аляксеевіч адчуваў неадваротнасць сваёй хваробы, аднак не здаваўся да свайго апошняга глытка паветра.

Хочацца ўспомніць аб зусім, здавалася б, нязначнай падзеі ў яго жыцці. Неяк, пасля цяжкай аперацыі, калі выздараўленне наступала не так хутка, Павел Аляксеевіч папрасіў сваю жонку прывезці вады яму з вялуцкай студні ў Мінск. Спробы схітрыць, даўшы яму напіцца іншай вады, ніяк не атрымліваліся. І Ларыса Мікітаўна прывезла яму вады з Велуты. Ён не памыліўся, адчуўшы яе смак. І, мабыць, яна дапамагла яму адчуць сябе больш здаровым пасля чарговай аперацыі (а іх у яго было больш за 20). Гэта, безумоўна, сведчыць аб незвычайнай здольнасці любіць Радзіму, адчуваць яе і чэрпаць з яе сілы. Толькі такі чалавек змог вытрымаць усе выпрабаванні, якія выпалі на яго лёс.

Сёння, сустракаючы сваіх вучняў Вялуцкай школы, мы адным з першых успамінаем Паўла Аляксеевіча. Няхай жа нашыя ўспаміны будуць яму добрай памяццю.