Шуляк Афанасій


Драбовіч Сьцепаніда


Сайко Адам


Гардзюк Фёдар


Айцец Віталь


Дырэктар Запольскі-Доўнар Міхал і яго жонка настаўніца Марыя. 1937 г.


Пасведчанне аб заканчэньні польскай школы


Гардзюк Марыя Пятроўна


Юрко Пракоп (Дзед «Раўчук»)


Будынак сярэдняй школы. 1970 год.


Дырэктар Вялуцкай СШ Паўлюкевіч Мікалай Аляксандравіч, жонка Раіса Іосіпаўна і дачка Аня


Калектыў настаўнікаў


У час 120-гадовага юбілею Вялуцкай школы. 29 красавіка 2006 года

  

Велута

Школа ў Велуце

120-годдзю школы прысвячаецца

Дырэктары:

І. Вялуцкай школы адукаванасці: 1886–1907
1. Вячорка Міхаіл В.

ІІ. Вялуцкага народнага вучылішча:
2. Рудакоўскі Мікалай 1907–1912
3. Мелька Піліп 1912–1913
4.Гацько Мікалай 1913–1915

ІІІ. Вялуцкай пачатковай школы
5. Ванда Генакоўна 1925–1929
6. Сверкуш Юзэф 1930–1936
7. Запольскі-Доўнар Міхал 1936–1939

IV. Вялуцкай пачатковай школы
8. Пашкавец Марыя 1939–1941
9. Кісялёў Васілій Юр’евіч 1944–1945
10. Карнаўская Марыя 1945–1946
11. Кірпічэнка Ірына Антонаўна 1946–1947
12. Філіповіч Марыя Маркаўна 1947–1951

V. Вялуцкай сямігадовай школы
13. Сцепчанка Іосіф Апанасавіч 1951–1952
14. Ціханенка Уладзімір Матвеевіч 1952–1953
15. Калеснік Мікалай Рыгоравіч 1953–1954
16. Рай Антон Браніслававіч 1954–1961

VІ. Вялуцкай васьмігадовай школы
17. Гарбылёў Мікалай Якаўлевіч 1961–1967
18. Глухова Наталля Сафронаўна 1967–1968

VІІ. Вялуцкай сярэдняй школы
19. Крысько Аляксандр Сяргеевіч 1968–1977
20. Паўлюкевіч Мікалай Аляксандравіч з 1977 г.
21. Коўшык Уладзімір Андрэевіч

* * *

“... народная школа можа шырока і бесперашкодна развівацца толькі тады, калі аб развіцці яе будзе клапаціцца той самы народ, якому яна патрэбна і чые дзеці ў ёй вучацца”. Гэта выдатная думка выказана вядомым рускім педагогам К.Д. Ушынскім у канцы 60-х гадоў ХІХ стагоддзя, у той час, калі ў Расіі ўзнялася хваля грамадска-настаўніцкага руху. На чале яе былі перадавыя педагогі, сучаснікі Ушынскага. Яны выступалі з патрабаваннем рэформы ўсёй асветніцкай работы. І вось тады Міністэрства асветы зрабіла некаторыя ўступкі патрабаванням грамадскасці. У 1856 годзе ўтварылася спецыяльная камісія, якая павінна была займацца перапрацоўкай Статута. Але яна працавала марудна. І толькі ў 1860 годзе прадставіла праект новага школьнага Статута. Ажыццяўленне яго пачалося толькі праз чатыры гады, ды і то ў цэнтральных раёнах Расіі, а да ўскраін, якой лічылася і цяперашняя Беларусь, гэта дайшло толькі да 90-х гадоў ХІХ стагоддзя.

Забягаючы наперад, скажу, што народная адукацыя ў царскай Расіі, як вядома, так і не стала масавай, агульнадаступнай. Красамоўным сведчаннем гэтаму можа служыць дыяграма развіцця адукацыі ў некаторых еўрапейскіх краінах. Яна была змешчана ў часопісе “Родная нива”, выдадзеным у Санкт-Пецярбургу ў 1915 годзе. Расія ў гэтай дыяграме стаіць на перадапошнім месцы.

Захавалася копія цікавага дакумента, які адносіцца да перыяду, калі пачалі стварацца школы на Лунінеччыне. Гэта выпіска са “Справаздачы аб царкоўнапрыхадскіх школах і школах адукацыі Мінскай епархіі за 1890–1891 гады”, якая выдавалася ў 1894 годзе.

Земская школа ў вёсцы Велута пачала сваё існаванне ў 1886 годзе. Утрымлівалі яе сельскія таварыствы, яны наймалі на свае грошы памяшканне, забяспечвалі школу палівам. У ёй займалася 11 хлопчыкаў, вучыў іх былы вучань духоўнай семінарыі Міхаіл Вячорка.

Пасля ўвядзення на тэрыторыі Беларусі земстваў — органаў мясцовага самакіравання — у Велуце ў 1907 годзе было адкрыта Вялуцкае народнае вучылішча.

У архіўных матэрыялах фонду “Мінская губернская ўправа па справах земскай гаспадаркі” ў ведамасцях аб народных вучылішчах Пінскага павета за 1910 год запісана: “Вялуцкае народнае вучылішча знаходзілася ў наёмным памяшканні, на патрэбы школы земства выдаткоўвала ў год 82 рублі. У школьнай бібліятэцы налічвалася 126 кніг”. Першымі настаўнікамі вучылішча былі Мікалай Рудакоўскі, пазней Піліп Мелька і М. Гацько.

Вучылішча наведвала даволі абмежаваная колькасць сялянскіх дзяцей: ад 13 да 25, ды і то не кожны дзень.

Пасля заканчэння земскай школы і народнага вучылішча выпускнікі ездзілі здаваць экзамены ў горад Пінск і Лунінец. Такіх шчасліўцаў — адзінкі.

Мне давялося сустракацца з трыма былымі вучнямі Вялуцкай земскай школы. Гэта Драбовіч Сцепаніда, Сайка Адам, Гардзюк Фёдар. А ўсіх яшчэ мне пашчасціла бачыць і чуць дзесяць чалавек.

Усе яны адзначаюць, што атрыманых ведаў не хапала. Аднадушна ўспамінаюць строгасць сваіх настаўнікаў, да гэтай пары памятаюць, як яны каралі іх. Вучыліся дзеці толькі зімою, калі былі закончаны сельскагаспадарчыя работы. Традыцыйнай была праграма школы. З 10 прадметаў шэсць — рэлігійнага зместу. Не вывучаліся такія прагрэсіўныя навукі, як фізіка, геаметрыя, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства.

Далей у справаздачы па такой жа форме названы вучні вёскі Лунін, Вулька, Лобча, Язвінкі, Ракітна, Яжаўкі.

Пазнаёміўшыся з гэтымі вельмі скупымі даведкамі, мы адзначаем для сябе, што пераважная большасць тагачасных школ размешчана ў “прыватных, нязручных памяшканнях”, што саміх школ было вельмі мала. Прыцягвае ўвагу прафесійная кваліфікацыя тых, хто вучыў дзяцей. У іх абавязкі ўваходзіла навучанне пісьму, чытанню, лічэнню і абавязкова — закону Божаму. Ва ўсіх дзесяці школах навучалася 200 дзяцей.

Гэта быў пачатак. Якія ж спатрэбіліся магутныя сілы ў грамадстве, каб зрабіць сярэднюю адукацыю агульнай і абавязковай. Пры гэтым ужо не ідзе гаворка аб тым узроўні ведаў, якія атрымлівае ў сярэдняй школе сучасны вучань.

А вучыліся ў народнай школе яшчэ Шуляк Адам Анікеевіч (1898 г.н.), Шуляк Афанасій Анікеевіч (1902 г.н.), Дырман Вольга, Дырман Касьян, які ўспамінаў: “...у 1909 годзе стаў вучнем земскага народнага вучылішча, так тады называлася школа. Асобнага будынка школы не было. Займаліся ў сялянскіх хатах. Першая школа была ў тым месцы, дзе сёння стаіць 2-павярховы магазін, там я закончыў першы клас. Другі год вучыўся ў доме, дзе зараз жыве сям’я Якубовіча Адама, трэцюю “зіму” займаўся ў доме Паўла Мухі. У школе былі такія прадметы, як граматыка, геаграфія, гісторыя, арыфметыка і абавязкова Закон Божы.

Падручнікі для чытання называліся “Добрае насенне”, “Славянская кніжка”. Я хадзіў у школу пяць зім. Заняткі пачыналіся зранку, потым дзяцей адпускалі на абед, а пасля абеду дзеці прыходзілі зноў у школу і заняткі працягваліся. Першага настаўніка звалі Піліп Мілько. Да яго звярталіся “Господин учитель!”. Ён вёў у нас усе прадметы.

У маі 1914 года ў горадзе Лунінцы здаваў экзамен для атрымання пасведчання. Экзамен прымалі інспектары і святар. Экзамен быў у вуснай і пісьмовай форме. Па граматыцы пыталі правілы, вершы; па арыфметыцы рашалі задачы і прыклады. На экзамене адказваў адным з першых, амаль без падрыхтоўкі. Экзаменатары пахвалілі, таму я атрымаў не толькі пасведчанне аб заканчэнні Земскага народнага вучылішча, але і пахвальны ліст. Вельмі шкада, што гэтых дакументаў не засталося. Вельмі хацелася вучыцца далей. Але ўжо пачалася першая сусветная вайна, і заняткі ў школе былі адменены.”

Пасля пачатку першай сусветнай вайны земская школа і народнае вучылішча ў Велуце навучаць дзяцей па-ранейшаму не маглі.

У 1921–1939 гадах у Велуце існавала школа, дзе навучанне вялося на польскай мове, яе таксама наведваць маглі не ўсе дзеці. Нават на перапынку не дазвалялася размаўляць на роднай мове.

Размаўляючы з былымі вучнямі, зразумеў, што палякі надавалі ў школе больш значэння другарадным дысцыплінам. Ім хацелася бачыць будучых вучняў толькі ў ролі рабочай сілы. У школе існавала жорсткая дысцыпліна, прысутнічала фізічнае пакаранне вучняў. Зразумела, што польскі ўрад хацеў бачыць насельніцтва Заходняй Беларусі не высока адукаваным.

Школа знаходзілася, па расказах былых вучняў, у памяшканні, якое было пабудавана яшчэ ў царскія часы, хаця выгляд мела даволі нядрэнны. Дырэктарам з 1930 па 1936 год быў пан Сверкуш.

У верасні 1936 года на пасаду дырэктара Вялуцкай пачатковай школы быў накіраваны Міхал Запольскі-Доўнар. Нечакана з’явілася магчымасць расказаць аб гэтым даволі цікавым чалавеку са слоў яго сына Рычарда, які нарадзіўся ў 1938 годзе ў в. Велута, а ў 2001 годзе яе наведаў.

Міхал нарадзіўся 23 лютага 1902 года ў г. Нясвіжы Навагрудскага павета. Бацька і маці веры праваслаўнай. У 7 год паступіў у Нясвіжскую пачатковую школу з рускай мовай выкладання, у 1913 годзе паступіў у 4-ы клас рускай Нясвіжскай гімназіі, якую закончыў у 1917 годзе, затым у 1921 годзе стаў студэнтам Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, якую закончыў у 1926 годзе. З 1926 па 1927 год вучыўся ў школе падхарунжых у г. Баранавічы. У 1927 годзе быў звольнены ў рэзерв. З 1927 па 1936 год працаваў настаўнікам пачатковай Грычыновічцкай школы Лунінецкага павета. У 1936 годзе ён ажаніўся з Марыяй Мірцвовіч. Шлюб заключылі ў 1936 годзе ў Мікашэвіцкім касцёле. Марыя была настаўніцай Вялуцкай школы, а Міхал Запольскі-Доўнар — дырэктарам. Знаёмячыся з біяграфіяй гэтага чалавека, прыходзім да высновы, што на той час ён быў адукаваным настаўнікам. Калі пачалася вайна 1939 года, сям’я Запольскіх выехала ў Польшчу. Там Міхал працаваў да 1969 года настаўнікам, дырэктарам, там і пайшоў на пенсію. За сваю настаўніцкую працу быў узнагароджаны залатым крыжам, медалём, залатым медалём. Займаў шматлікія грамадскія пасады. Памёр у 1976 годзе.

Пасля вызвалення, у верасні 1939 года, пачала працаваць школа на беларускай мове. Але аднойчы адбыўся пажар і школа згарэла, а вясковыя дзеці пачалі зноў вучыцца ў школе ўжо ў верасні 1944 года, вучыліся “па вясковых хатах”.

Выпіска з кнігі загадаў Лунінецкага РАНА ад студзеня 1945 г.

“Настаўніца Карнаўская Марыя.

Заняткі пачаліся 8 верасня 1944 г. Наведванне ўсё яшчэ застаецца дрэнным. Вучэбная работа знаходзіцца ў добрым стане; маюцца планы ўрокаў, журнал наведвання і ўліку заняткаў. Вырабляюцца наглядныя дапаможнікі для вучняў настаўнікамі.

Заняткі ідуць толькі ў 1, 2, 3 і 4 класах у адным памяшканні, таму што другое памяшканне не адрамантавана.

Роспіс ___________

Мною, школьным інспектарам Лунінецкага РАНА ___

сённяшняю датаю 21/ІІІ/1945 была даследавана НШ у в. Велута, пры гэтым знойдзена, што школьнае памяшканне зусім не адпавядае класнаму памяшканню, у памяшканні недастатковае асвятленне. Туалеты адсутнічаюць. Загадчыцай школы працуе Карнаўская Марыя:

У першым класе на ўроку арыфметыкі з агульнага ліку 67 вучняў прысутнічала 55 вучняў. Урокі праводзяцца сістэматычна. Вучні выконваюць на ўроках заданні ўзорна. На пытанні настаўніцы адказваюць добра. Ваенная падрыхтоўка вядзецца здавальняюча. Ніякіх пазашкольных гурткоў сярод вучняў у школе няма.

Выхаваўчая работа сярод вучняў праводзіцца добра. Планы ўрокаў ёсць. Дрэнна акцэнтуюцца некаторыя беларускія словы, шмат ужываецца польскіх слоў. У класе чыста. Дроў для ацяплення школы няма.

Прыняўшы да ўвагі вышэйсказанае, мною зроблена распараджэнне загадчыцы школы:

шырэй разгарнуць палітычна-масавую работу сярод насельніцтва;
абавязаць тэхработнікаў у трохдзённы тэрмін прыбраць школьны двор ад смецця;
мыць падлогу ў класе не менш 2 разоў на тыдзень;
займацца павышэннем сваёй кваліфікацыі”.

Толькі ў 1949 годзе была на старым месцы пабудавана новая драўляная школа, месца ў якой таксама хутка не стала хапаць.

Успамінае ветэран педагагічнай працы М.П. Гардзюк (Васілеўская):

“1959 год. У гэтым годзе я ўпершыню прыехала ў вёску Велута Лунінецкага раёна. Маладая 19-гадовая настаўніца атрымала чацвёрты клас: 33 вучні.

Клас быў цяжкі, настаўнікаў у ім да мяне змянілася некалькі. Нездарма ж кажуць: “У сямі нянек дзіця без носа”. Школа мела толькі 4 класныя пакоі, затое вельмі вялікія, якія ніколі зімой не награваліся. Чарніла замярзала ў чарнільніцах. Дзеці і настаўнікі былі ў цёплым верхнім адзенні, часам у рукавіцах.

Дырэктарам школы-сямігодкі быў у той час Рай Антон Браніслававіч. На жаль, ужо шмат гадоў, як ён пайшоў з жыцця і жыве толькі ў памяці людзей.

Гэта быў спакойны, вытрыманы, справядлівы чалавек.

Азіраючыся на пройдзены працоўны шлях, дзіву даюся, як можна было працаваць у такіх умовах, ды яшчэ нейкіх поспехаў дабівацца.

Некалькі гадоў нам прыходзілася працаваць у наёмных сялянскіх хатах.

Уявіце такую карціну. Звычайная сялянская хата бабы Сцепы праз дарогу ад школы. З тонкіх дошак зроблена перагародка без дзвярэй. Чуваць, як баба Сцепа ляжыць на печы і часам захрапе. Пачатковыя класы звычайна займаліся ў другую змену. І вось у пачатку трэцяга ўрока (а ўвосень і зімою цямнее рана) гаспадыня пачынае стукаць вёдрамі, чыгунамі, дровы прыносіць. Потым паліць печ і гатуе вячэру. А як запахнуць на ўсю хату бліны ды смажанае сала, тут ужо пра якую навуку дзеткам думаць! Больш прынюхваюцца да смачных пахаў, чым слухаюць тлумачэнне настаўніка.

Ды добра яшчэ, як лямпа не дыміць, а гарыць, трохі асвятляючы клас. Мне ў такіх умовах давялося працаваць не адзін год.

Акрамя работы ў школе, настаўнік у той час праводзіў, многа часу трацячы, ідэйна-палітычнае выхаванне сярод насельніцтва.

Было многа непісьменных, даволі яшчэ маладых людзей. Саставілі спісы работнікі Бастынскага сельсавета, раздалі нам, і мы былі павінны прыходзіць у хату і вучыць людзей грамаце. Вельмі часта правяралі нашу работу. Адзін раз у тыдзень патрэбна было выступаць перад механізатарамі, паляводамі, даяркамі з лекцыямі. А выпуск “Баявых лісткоў”! А выбары! Ні адны выбары не абходзіліся без удзелу настаўнікаў. Падворны абход, удакладненне спіскаў — гэта не поўны пералік абавязкаў агітатараў у час выбарчай кампаніі.

Усю гэтую грамадскую працу трэба было выконваць у вольны ад урокаў час. Колькі часу трацілі дарэмна замест таго, каб больш увагі ўдзяляць вучэбна-выхаваўчай рабоце, самаадукацыі і г.д.

А напаўняльнасць класаў была вялікая. Менш за 30 вучняў рэдка калі было, а ў 1964 г. у мяне было ў класе 42 вучні, а ў 1974 — 40 вучняў (23 хлопчыкі і 17 дзяўчынак).

Працаваць у такім класе вельмі цяжка, але цікава. А ў тыя гады садзіка ў нашай вёсцы не было. Пачынаць трэба было з нуля. А праграма пачатковых класаў для ўсіх школ аднолькавая. Вось тут трэба было настаўніку пакруціцца!

Вельмі многа мне ў рабоце дапамагала Шыйч Ганна Якаўлеўна. Вельмі шкада, што яна рана пайшла з жыцця. Школа многа страціла з яе ўходам.

Калектыў настаўнікаў быў вялікі, пераважная большасць — жанчыны са сваімі сямейнымі клопатамі.

Вельмі радаваліся, калі ў 70-я гады прыбудавалі яшчэ 5 класных пакояў. Але ўсё роўна школа працавала ў 2 змены. Радавала, што не займаемся па сялянскіх хатах. Марылі пра новую тыпавую школу. І вось у 1989 годзе навучальны год пачалі ў новым двухпавярховым будынку.

Да гэтага часа вакол Велуты была праведзена асушка балот, многія вуліцы заасфальтаваны. Не хадзілі ўжо па кладках, не плавалі вясной на лодках, не пераносілі на плячах дзяцей праз нізкія месцы, запоўненыя вадой.

Цяжкая, але і цікавая праца настаўніка пачатковых класаў. Прыйдуць маленькія чалавечкі, няўмелыя, нясмелыя, а праз некаторы час так прыкіпіш душой і сэрцам да іх, што шкада развітвацца. Аддаеш іх у старэйшыя класы і, як родная маці, адпраўляючы сваіх дзяцей у людзі, думае, што ніхто іх так не даглядзіць, не пашкадуе, доўга не можаш супакоіцца, думаючы, сумуючы па іх. Здаецца, што гэты выпуск быў самы лепшы, дзеці самыя разумныя, паслухмяныя.

Так паўтаралася год за годам. Дзесяць выпускаў зрабіла я ў Вялуцкай школе. Працавала не горш за іншых, старалася шукаць у кожнага дзіцяці такую “кнопачку”, на якую можна націснуць, каб дзіця раскрыла ўсе свае магчымасці, здольнасці.

Многа гадоў была старшынёй прафсаюзнага камітэта школы, кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў нашай школы.

Зорак з неба не даставала і Героем працы не стала.

Узнагароджана некалькімі граматамі абласнога і раённага аддзела адукацыі. А ў 1992 г. была ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Беларусі”.

1995/96 г. быў апошнім годам працы ў школе для мяне. Працавала з шасцігодкамі.

Цяпер я на заслужаным адпачынку ўжо дзевяты год. Вольнага часу, як і раней, нямнога. Кожнае лета прыязджаюць 6 унукаў з гарадоў. Клопату, як вядома, з імі многа. Але вечарамі многа чытаю мастацкай літаратуры, праглядваю газеты, слухаю навіны па тэлевізары. Хочацца быць у курсе падзей, што адбываюцца ў Беларусі і ва ўсім свеце”.

Вялуцкая СШ у 1965–1981 гадах

25 жніўня 1965 года. Накропвае дождж. Атрымаў накіраванне на работу настаўнікам фізкультуры і чарчэння ў Вялуцкую васьмігадовую школу. Дабрацца было не так проста. Сённяшніх дарог не было. Аўтобус невялікі, “ПАЗ”, людзей многа. Упершыню еду ў незнаёмую мне мясцовасць, паколькі рос і вучыўся ў Брэсцкім раёне, дзе лес быў далекавата, кіламетраў за 16–19 ад вёскі.

Паабапал дарогі зарослыя хмызнякі і шмат вады, далей, за 15–20 метраў, прыгожы лес, амаль да паварота на Дзятлавічы. Да Бастыня даехалі, можна сказаць, нармальна. А далей дарога пайшла цікавей: праз самы лес і не па прамой. Адчувалася, што ў сонечнае надвор’е дарога тут па калена ў пяску. Што ў будучых паездках і пацвердзілася. Калі-нікалі выходзілі з аўтобуса і дапамагалі яму пераадолець пясок, прычым мокры. Сяк-так даехалі да маста праз р. Цна. Я і некалькі пасажыраў выйшлі з аўтобуса, бо ён павінен быў давезці пасажыраў да вёскі Вялікія Чучавічы, а гэта яшчэ добрых кіламетраў 14–15. Аўтобус адышоў, я запытаўся, як мне дайсці да школы. Праходзячы побач з могілкамі, адзначыў пра сябе вялікую колькасць буслоў на хвоях. Пазней пры ўліку вучні налічылі 49 гнёздаў. Я вельмі гэтаму ўразіўся: такой колькасці ў адным месцы я ніколі не назіраў. Лес, рэчка — усё мне спадабалася: гэта было тое, што я даўно марыў бачыць і жыць сярод такога хараства. Такім чынам, з Лунінца да вёскі Велута мы ехалі амаль две гадзіны, сёння можна даехаць за 45–60 хвілін.

Школу ўбачыў за метраў 50. Яна стаяла злева ад дарогі, драўляная, з мноствам вокан. У школе якраз праходзіла педагагічная нарада. Мне паказалі дырэктара школы, высокага, падцягнутага мужчыну, якога звалі Мікалай Якаўлевіч Гарбылёў. Ён прадставіў мяне настаўнікам, якіх было каля 20–22. У далейшым пацвердзіліся мае прадбачанні: Мікалай Якаўлевіч быў раней афіцэрам. Сам выкладаў рускую мову і літаратуру, у вольныя часы пісаў вершы. Па характары быў вельмі строгі.

Такім чынам, я — настаўнік фізкультуры. Адразу ж пазнаёміўся са спартыўнай базай: яна аказалася яшчэ меншай, чым я мог сабе ўявіць. Мы адразу дамовіліся, што я складу спіс патрэбнага інвентару і паеду яго закупіць. І сапраўды, на другі дзень нам была выдзелена машына калгаса “Шлях Леніна”, на якой я паехаў у г. Лунінец, у магазін “Спартыўныя тавары”, які знаходзіўся па вуліцы Гагарына, цяпер тут размяшчаецца сталовая школы №1. Я не магу сёння сказаць, адкуль браліся фінансавыя сродкі, аднак я выбраў для школы шмат спартыўнага інвентару: гэта 60 пар простых лыж, 10 валейбольных мячоў, 10 футбольных, 5 баскетбольных, мячыкі для кідання, ядры, гранаты, коп’і, канат, валейбольныя сеткі, тэнісны набор і іншую спартыўную дробязь. На тыя часы гэта для васьмігадовай школы было шмат. Да пачатку навучальнага года заставалася яшчэ каля двух тыдняў. Аб такім багацці, якое паступіла ў школу, стала адразу вядома мясцовым “спартсменам”. І ўжо праз дзень у школу з’явілася дэлегацыя юнакоў ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў. Вось тут і адбылося маё першае знаёмства з будучымі сябрамі і памочнікамі. Адразу ж паступіла просьба правесці футбольны матч паміж вясковай моладдзю і моладдзю, якая працавала на асушэнні балот вакол в. Велута.

І з таго часу, амаль кожны дзень, пасля работы вечарам мясцовы стадыён, які знаходзіўся за дзедам “Раўчуком”, станавіўся арэнай футбольных баталій. А моладзі ў тыя гады ў Велуце было шмат. Гулялі па дамоўленасці па 25 хвілін тайм, і праіграўшыя павінны былі саступіць месца чакаючым, і так гульні праходзілі да самай ночы. Хачу сказаць, што ў гэты час у вёсцы Велута электрычнага святла яшчэ не было. Павінен адразу дадаць, што першымі “парламенцёрамі”, якія прыйшлі да мяне ў школу, былі Каховіч Васілій Сідаравіч, Гардзюк Міхаіл, Каліноўскі Павел, Арэхва Слава; потым да маіх добрых сяброў далучыліся Насеня Васілій Аляксеевіч, Гірэнка Васілій Мікалаевіч, Хадатчук Васіль Касьянавіч, Шыйч Міхаіл Несцеравіч. Хай мяне прабачаць тыя, чые прозвішчы я тут не назваў, а іх было б да некалькіх дзесяткаў. Многія з іх сёння працуюць, а лепш сказаць, ужо дапрацоўваюць у роднай вёсцы, некаторыя ўжо на заслужанным адпачынку, а некаторыя адышлі ў свет іншы. Я іх усіх памятаю і часта ўспамінаю. Гэта Хомка Іван Ал., Гірэнка Васіль Н., Шыйч Міхаіл Несцеравіч, Драбовіч Міхаіл К. Другія раз’ехаліся па неабсяжных прасторах былога Савецкага Саюза.

Трэба сказаць, што тое сяброўства, якое было паміж намі, давала добры плён. Мы паспелі яшчэ да пачатку новага навучальнага года распланаваць стадыён. За тыдзень да пачатку моладзь і дарослыя, а таксама школьнікі, з калгаснай тэхнікай і тэхнікай БМУ адрамантавалі бегавую дарожку вакол футбольнага поля — 330 метраў. Зрабілі валейбольную і баскетбольную пляцоўкі, паставілі бервяно — двухметровы бар’ер — і паставілі самае высокае сяміметровае збудаванне, на якім быў спартыўны шэст, бакавая лесвіца, можна было таксама павесіць канат для лазання, а з бакоў — гімнастычныя турнікі трох узростаў. Гэта збудаванне знаходзілася за хатай знакамітага дзеда “Раўчука” (Юрко Пракоп). Калі-нікалі яму такія “алімпійскія гульні” не падабаліся, а чаму? Бо ўвосень у яго невялікім садзе з’яўляліся “дулі”, вельмі смачныя грушы. А гэтыя “майстры футбола” надта часта забівалі футбольны мячык у дзедаў сад. Вось чаму дзед бываў часам злосны. Але ў цэлым па ім відаць было, што ён задаволены дзятвой і дзіцячымі галасамі. Бывала, выносіў кош з яблыкамі і грушамі і частаваў імі спартсменаў. Заўсёды бралі ў дзеда і ваду з калодзежа памыцца. Вось з тых часоў стадыён ў Велуце стаў частым месцам збору не толькі дзятвы і моладзі, але і старэйшага пакалення. Мне ўспамінаюцца таварыскія сустрэчы па футболе і валейболе паміж камандамі вёскі Велута і вёсак Бастынь, Люшча, Вялікія Чучавічы, Дзятлавічы. Часцей за ўсё гэтыя матчы адбываліся ў часы выбараў, рэлігійных і народных святаў, а таксама ў тыя часы, калі ў вёсцы не было аўральных работ. Гэтая старонка жыцця вельмі добра адлюстроўвае цягу велуцян да фізічнай культуры і спорту.

Паважаны чытач, я часова павінен пакінуць тэму “Спорт” і перайсці да пачатку навучальнага года.

Такім чынам, школа была з выгляду не вельмі вялікай, у ёй мелася 4 класы, невялікая настаўніцкая і маленькая піянерская, у якой павінна была працаваць таксама прыехаўшая новая старэйшая піянерважатая. Гэта была маладая дзяўчына Ніна Васільеўна Буневіч, затым у 1966 годзе прыехала яшчэ адна старэйшая важатая Бярозка Вера Адамаўна. А вучняў у вёсцы было шмат, каля 600. І вось я ўпершыню пазнаў, што такое “школа на нагах”. Паколькі дзяцей было многа, а месца ў школе не хапала, то Бастынскі сельскі савет арэндаваў некалькі памяшканняў у асабістых хатах жыхароў вёскі. Я думаю, што вёска Велута была не адзінай такой вёскай. Вось і ўявіце сабе: хата ад хаты знаходзілася ад 300 і да 900 метраў. Настаўніку патрэбна за перыяд перапынку ў 10 хвілін аднесці журнал у асноўнае памяшканне школы і прыйсці на наступны ўрок у другое памяшканне, а здаралася так, што журнал перадаваўся ў дарозе, як эстафета. Усё было б нядрэнна, каб кожны дзень была толькі вясна ці восень, а была яшчэ і зіма, і маразы. Той, хто вучыўся ў гэтыя гады, добра памятае такую школу, а памяшканняў такіх у Велуце было ад пяці да сямі, знаходзіліся яны зачастую на процілеглых баках вёскі.

Фізічная культура — гэта адзін з адказнейшых прадметаў. Ёсць праграма. Лёгкая атлетыка, гімнастыка, гульні і лыжная падрыхтоўка. І праграму патрэбна выконваць. А ў школе гімнастычных снарадаў яшчэ не было, ніякіх спартыўных дываноў. Вось і прыходзілася гімнастыку восенню выконваць на падлозе, якую дзеці засцілалі сваімі паліто і фуфайкамі. Лепш за ўсё выконвалася праграма лёгкай атлетыкі, гульняў і, канечне ж, лыжная падрыхтоўка. У школе не было вучняў, якія бы не любілі зімой катанне на лыжах. Для гэтай мэты ў нас быў выбраны адзіны недалёкі маршрут, гэта ў раёне Зарэчча — гара “Ашчэняха”, якую пазней выбралі на будаўнічы пясок. Дзеці стараліся берагчы лыжы, але ж яны ўсё роўна ламаліся. Мацаванне да лыж мы прыдумалі самі з камер ад аўтамабіляў, а на лыжы прыбівалі старыя галёшы. Забягаючы наперад скажу, што лыж у вясковай дзетвары было мала, таму зімой, кожную нядзелю, у 7–8 гадзін раніцы, ля кватэры, дзе я жыў, стаяла ўжо чарга. Усе хацелі атрымаць хаця б зламаныя лыжы, бацькі іх рамантавалі. У школе ў такія часы не заставалася ніводнай пары. Са старэйшымі дзецьмі я хадзіў на лыжах сам. Гэта былі цудоўныя вылазкі, з кастром і смажаным на “ражне” салам. Хачу сказаць наперад, што лепшага выхаваўчага моманту з вучнямі нідзе і ніколі не можа быць так, як у часы адпачынку, вандроўкі на прыродзе, у часы паходаў і паездак, у часы сумеснай працы. Я гэта адчуваў і цаніў у дзецях. У часы сваіх будучых паходаў і паездак у Крым і Маскву гэта пацвердзілася.

Пачынаючы з 1969 года ў школу пачалі прыязджаць ужо і выпускнікі ВНУ. Дагэтуль вышэйшую адукацыю мелі толькі 25–30% педагагічнага калектыву. У астатніх была сярэднеспецыяльная адукацыя, настаўніцкія інстытуты і сярэдняя. Да чаго я гэта хілю? Яшчэ раз аб наёмных памяшканнях. Дык вось, адно з іх знаходзілася насупраць будынка школы, жыла ў ім бабулька Хадатчук (баба “Сцепа”), было ёй ужо за 80 год. Вось ідзе ўрок матэматыкі, ці геаграфіі, ці літаратуры ў 7 класе. Настаўніца тлумачыць матэрыял, а ў класе ёсць розныя дзеці, у тым ліку недысцыплінаваныя, якія не даюць слухаць другім. Настаўніца робіць ім заўвагу, але ніякай рэакцыі. І ў такі момант раздаецца голас бабкі “Чучаўчыхі” з печы: “...вось ждэгало”, альбо “дыкда ”, альбо там ідзе другое вясковае прозвішча, — я злезу з печы ды дам табе так кавенькаю, што ты будзеш сядзець і слухаць.” Усё. У класе цішыня. Такіх “выхаваўчых” момантаў можна было б прывесці шмат.

Успамінаючы сёння сваю працу “фізруком”, хачу адзначыць, што ў тыя гады дзеці адносіліся больш сур’ёзна да ўсяго. Не заўсёды маглі бацькі купіць нават трыко і кеды ці тапачкі, але каб здаровыя дзеці не хацелі ісці на ўрок, я такога не памятаю. Аднойчы, калі ў пачатку ўрока ў час разміначнага бегу я заўважыў, што вучань сёмага класа Курыловіч Міша сеў на траву, то спытаў у яго, чаму ён не хоча размінацца. Ён мне адказаў, што ён размяўся, ідучы з Навасёлак. Ведаеце, я не знайшоў, што яму адказаць, проста пакінуў яго сядзець. Тады ён устаў і пабег... Прайшлі гады, Міша жыве ў горадзе Лунінцы, мае трох сыноў. Аднойчы пры сустрэчы ён мне шчыра напомніў той даўні эпізод і дадаў: “А вы, Іван Аляксеевіч, былі тады правы, як мне вынослівасць і фізічная падрыхтоўка дапамаглі ў час службы на ваенна-марскім флоце”.

Я ўжо гаварыў, што вучэбны год мы пачалі з неблагім спартыўным інвентаром. Асабліва мяне радавала тое, што ў школе было больш за 30 скураных мячоў. Нават у самымым вялікім 8 класе, дзе было больш за 43 вучні, мне хапала мячоў заняць дзяцей валейболам. Класным кіраўніком была Хлуд Ф.П. Гэта быў мой першы выпуск, дзеці былі 1950–1951 гадоў нараджэння. Я іх амаль усіх і сёння бачу перад сабой, бачу я іх і наяву. Некаторых ужо няма: Сайко Н.К., Драбовіч Міхаіл. А Ніна Кірылаўна працавала настаўніцай роднай мовы на Віцебшчыне; Драбовіч працаваў трактарыстам ў родным калгасе, пісаў вершы, цікавіўся спартыўнымі падзеямі, быў аматарам паэзіі. Сёння жывуць у вёсцы Велута Ніна Сідараўна Наварыч (Каховіч), настаўніца роднай мовы Вялуцкай СШ, Сайко Васіль Ф., Хлуд Васіль Касьянавіч, Гунчык Соф’я А., Каліноўскі Міхаіл А., Хадатчук Уладзімір Уладзіміравіч, Наварыч Міхаіл К. — брыгадзір СВК “Велута”, Клімчук Васіль Д., Шыйч В.Н.

Калі яшчэ расказаць аб спартыўным жыцці ў Велуце ў цэлым, то трэба адзначыць, што моладзь актыўна прымала ўдзел ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах. Гэта асенняя і вясновая школьныя спартакіяды. Гэта гульні паміж камандамі вуліц вёскі Велута па футболе, баскетболе і валейболе. Гэта асеннія і вясновыя кросы. Гэта правядзенне вясёлых спартландый. Гэта лыжныя гонкі. Гэта спаборніцтвы па стральбе. Хачу сказаць, што часам ніхто не дасылаў ніякіх дырэктыў. Моладзь сама была вельмі ў гэтым зацікаўлена. Таму не дзіўна, што многія юнакі і дзяўчаты выступалі пазней ў розных відах спорту ў розных гарадах.

Успамінаючы школьнае жыццё, нельга не сказаць аб актыўнасці моладзі і школьнікаў у грамадска-карыснай працы. Напрыклад: спатрэбілася моладзі пабудаваць добрую танцавальную пляцоўку (летнюю) ля клуба і зноў-такі па суседству з “дзедам Раўчуком”. На суботу і нядзелю было аб’яўлена сабрацца ля клуба. Зранку прыйшло многа моладзі з розным інвентаром: адны вазілі пясок; другія капалі ямы; трэція — рыхтавалі стаўбцы; чацвёртыя — рэзалі дошкі. Вынік такі — амаль праз 3 тыдні танцпляцоўка была гатова, свежапафарбавана; актыўны ўдзел прымалі і футбалісты Вялуцкай каманды, і работнікі БМУ. Усе працавалі зладжана і дружна. Таксама актыўна праходзілі такія акцыі, як пасадка маладых дрэў; прыборкі грамадскіх тэрыторый. Мне ўспамінаецца яшчэ і такая работа, як прыбіранне галля пасля карчоўкі на асушаных палях, дзе ляжалі мільёны карчоў. Школьнікі станавіліся ў шарэнгу на 100–150 метраў і ішлі фронтам, адносячы галінкі ў “валы”. Калі плошча была чыстай, экскаватар капаў траншэю глыбінёй 4–5 метраў, а трактар “С-100” усё гэта засыпаў у траншэю і раўняў. Думаю, многія гэтыя работы памятаюць. Гэта былі 1966–68 гг. У гэтым жа 1968 годзе з’явілася электрычнае святло, а ў 1967 годзе — помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

1968 год. Перад бацькамі вучняў стала пытанне аб пабудове новай сярэдняй школы. Паколькі фінансаў такіх не было, было вырашана дабудоўваць драўляную школу. Гэтыя работы і былі закончаны ў 1969 годзе. Вучні пачалі займацца ўсе ў адным будынку. Школа стала 10-гадовай. І выпуск адбыўся ў 1969/70 навучальным годзе. Вучняў было 14 (10 дзяўчынак і 4 юнакі). Гэта быў мой апошні выпуск, калі я працаваў настаўнікам фізічнай культуры. Гэты пост я перадаў маладой настаўніцы Сайко (Савіч) М.А., якая працуе ў Вялуцкай сярэдняй школе і па сённяшні дзень. З гэтага года Вялуцкую СШ узначальваў Крысько А.С., географ па спецыяльнасці, спартсмен па сваёй натуры, ён раней працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў Язвінскай СШ. Вера Сцяпанаўна Ліпская — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. А.С. Крысько быў вельмі вялікім аматарам спорту. Ён не мог прайсці міма гуляючых у футбол, валейбол ці тэніс, каб не прыняць удзел. У свае 40 гадоў ён круціў добра на турніку “сонца”, быў заядлым шахматыстам, шашыстам. Асабіста прымаў удзел ва ўсіх мерапрыемствах школы, нават калі трэба была фізічная праца. Нельга апусціць і тое, што на працягу больш чым 15 гадоў школа восенню дапамагала ва ўборцы бульбы і цукровых буракоў. І работа гэта доўжылася 3–4 тыдні. Удзел прымалі ў ёй вучні з 4 па 10 клас.

Калгас, канечне ж, дапамагаў таксама школе чым мог. Побач з такой дапамогай у чэрвені месяцы з вучняў 7–9 класаў стваралася вытворчая брыгада. Яна мела больш за 1 га цукровых буракоў. Вучні павінны былі гэта ўсё трымаць не зарослым, а восенню здаць дзяржаве ўраджай. Увосень члены вытворчай брыгады атрымлівалі грошы; праўда, былі яны не вельмі вялікія, але ўсё ж... Аднак гэтыя вытворчыя брыгады праіснавалі нядоўга.

Педагагічны калектыў гэтага часу быў у школе малады. Налічваўся 31 настаўнік. Былі сярод настаўнікаў і свае “маякі”, гэта Шыйч А.Я, Хлуд Е.Я; Гардзюк М.П., Шчур Л.М., Руткоўскі Б.В. І маладыя Сахарук М.П., Царук В.І., Субат, Меньшых В., Корза Л.К.; завуч з вялікім вопытам работы Бужынская Л.Е.; браты Шыкаловічы Ал. і Уладзімір; Трухановіч Е.А., Каховіч С.А. Працавалі важатымі ўжо і свае выпускнікі — Сайко Н.К., Каховіч Н.С., Каховіч С. У школе праводзіліся цікавыя прадметныя вечары, здзяйсняліся паходы па родным краі, паездкі ў Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу (мой 6“Б” клас вазілі я і Л.Е. Бужынская), у Лунінец да Кургана Славы.

У школе дзейнічаў да 1981 года фотагурток. Кіраўнік — Панасюк І. А. Адзін з членаў гэтага гуртка, Еўтух (Соц) Тамара Мікалаеўна, працуе дагэтуль фатографам-прафесіяналам. Каховіч Аляксей быў штатным фатографам на флоце ў час службы. Больш за чатыры дзесяткі былых выпускнікоў школы набылі навыкі фатографа-аматара.

У школе дзейнічаў таксама дзіцячы кінатэатр-кінагурток, дзе таксама дзеці вучыліся паказваць фільмы, ведаць апаратуру: больш за 10 членаў гуртка атрымалі пасведчанні на права дэманстраваць вузкаплёначныя фільмы. Сярод іх ёсць і сённяшнія настаўніцы Вялуцкай СШ Хлуд (Арэхва) С. Арх. Кожную нядзелю дзеці паказвалі фільмы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, беларускаму народу. Праводзіліся ў школе конкурсы мастацкай самадзейнасці, прысвечаныя розным знамянальным датам: 1 і 9 мая, 7 лістапада, 23 лютага, 8 сакавіка і інш. У дні нараджэння піянерскай арганізацыі 21 мая на Зарэччы праводзіўся пад вечар піянерскі касцёр. Роля піянерскай і камсамольскай арганізацый у школе была вялікай. Здзейсніваліся розныя акцыі: збор металалома, збор макулатуры, цімураўскі рух, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы — жыхарамі в. Велута; праводзіліся эстафеты: “Дарогамі вайны, дарогамі памяці”, “Памяці герояў будзем годнымі”, “Ніхто не забыты, нішто не забыта” і шмат другіх.

Ваенна-патрыятычная работа ў школах узмацнілася з увядзеннем прадмета “Пачатковая ваенная падрыхтоўка”.

Школа ў 1973–81 гадах. ПВП

З лістапада 1973 года ў Вялуцкай школе, як і ва ўсіх школах рэспублікі, была адноўлена пачатковая ваенная падрыхтоўка ў 9–11 класах, якая была адменена ў 1962 годзе. Мяне паслалі на ўстаноўчыя курсы ў г. Брэст, пасля якіх я быў назначаны ў лістападзе 1973 года ваенным кіраўніком. Адна справа — выкладанне прадмета, а другая, што з гэтага часу ва ўсіх школах актывізавалася ваенна-патрыятычная работа. Ваенрук у школе стаў намеснікам дырэктара па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Трэба сказаць, што пачынаючы з 50-х гадоў патрыятычны напрамак выхавання школьнікаў быў у Беларусі заўсёды на высокім ўзроўні. Жылі яшчэ сведкі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, партызаны, людзі, вывезеныя на прымусовыя работы ў Германію. З в. Велута пайшло на фронт больш як 160 мужчын, большая частка якіх засталася ляжаць у зямлі. Вярнуліся параненымі і жывымі каля 55–57 чалавек.

Першае, што мы вырашылі ў школе, — гэта ўзяць на ўлік усіх ветэранаў вайны і партызанскага руху. Памочнікамі ў гэтай справе былі, канешне ж, старшая важатая, піянерская і камсамольская арганізацыі. Сёння аб савецкім часе і аб дзіцячай і маладзёжнай арганізацыі гаварыць можна па-рознаму. Аднак яны прымалі актыўны ўдзел у выхаваўчай рабоце школьнікаў. Праводзіліся ў школе сустрэчы з ветэранамі вайны, з дэмабілізаванымі воінамі. Такія сустрэчы былі вельмі цікавымі. Праходзілі яны без ніякага прымусу, таму што гасцямі былі бацькі, дзяды, браты вучняў. Усе вучні 7–11 класаў прынялі ўдзел у пабудаванні стрэльбішча за р. Цна, якое доўгія гады было месцам не толькі вучэбнай стральбы, але і месцам спаборніцтваў у гэтым відзе спорту.

З цягам часу наспела неабходнасць мець “Куток Баявой Славы”. Ён стаў для школьнікаў своеасаблівым штабам, дзе праходзілі розныя сустрэчы, дыспуты і “планёркі”. У пачатку снежня 1977 года мы вырашылі з дзецьмі паехаць у Севастопаль. Ідэя гэтая ўсім спадабалася: мора, горы, музеі. Пытанне стаяла, дзе ўзяць грошы. І тут узнікла добрая ідэя: папрацаваць на зімовых канікулах у лясніцтве. Вырашылі — зрабілі. Усе зімовыя канікулы працавалі на нарыхтоўцы “зялёных хвойных лапак”. І вось на вясновых канікулах група вучняў 10 класа са ст. Люшча адправілася цягніком “Рыга—Сімферопаль” у Крым. Мара школьнікаў здзейснілася. А калі сёння ўзгадаць, што ў тыя гады для вучняў Вялуцкай школы паездкі ў Брэст ці Лунінец былі вялікім святам, то можаце сабе ўявіць, з якім настроем ехалі ўсе ў Севастопаль. Прайшло больш чым 25 гадоў з таго часу, а многія былыя вучні пры сустрэчы са мной успамінаюць наведванні музея абароны Севастопаля ў Крымскую вайну 1854–55 гг. І панарамы штурма Сапун-гары ў 1944 годзе, Прыморскі бульвар і проста бераг мора. Праз год такая ж паездка адбылася ўжо з другой групай. Гэта незабыўныя паездкі, там не патрэбна было ніякіх слоў аб патрыятызме, дастаткова ўбачыць усё вакол — у музеях; паглядзець кіно.

У 1979/80 годзе дырэктар школы Паўлюкевіч М.А. выдзеліў нам памяшканне для “Кутка Баявой Славы”. Было яно, праўда, невялікае, тры на чатыры метры, але ўжо наша. І вось з самых актыўных вучняў 8–10 класаў была ўтворана група “Пошук”. Камандзірам яе была выдатная вучаніца школы Каховіч Кацярына Міхайлаўна, што сёння працуе ў налогавай інспекцыі г. Лунінца. Разам з членамі групы “Пошук” выпрацавалі “Палажэнне аб групе”, “Клятву”, напісалі план работы на год, дзе былі разнастайныя мерапрыемствы, як, напрыклад, “Збор матэрыалаў аб земляках-ветэранах грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны”, сустрэчы з воінамі, дэмабілізаванымі з арміі і флота, збор матэрыялаў: “Велута ўчора — сёння — заўтра”, пошук звестак аб 6 загінуўшых і памёрлых ад ран чырвонаармейцах, пахаваных у в. Велута. Такіх пунктаў было 16. Хачу сказаць, што яны практычна ўсе былі выкананы. Так, да 1 мая мы прымацавалі мемарыяльную дошку на помнік з прозвішчамі 2 чырвонаармейцаў, пахаваных тут, і завялі перапіску з іх жывымі роднымі.

Калі дзеці вялі, нам у рукі трапіў цікавы дакумент жыхара в. Велута Каховіча Адама Раманавіча, дарэчы, аднаго з двух на тыя часы жывых ўдзельнікаў грамадзянскай, аб чым ёсць запіс у чырвонаармейскай кніжцы. Дык вось, гэты дакумент — на маленькай паперцы было напісана:

“Справка дана Коховичу Ад. Романовичу в том, что он являлся связным отряда «Борцы» в/ч №… Ст. лейтенант Распопов Д.М.»
Гэтая паперка адыграла вялікую ролю ў дзейнасці групы “Пошук”. Групай было напісана ў архіў пісьмо. І праз 2 месяцы мы чыталі кароткі адказ, што камандзір групы жыве ў Маскве, і яго адрас. Пачалася актыўная перапіска. Аказалася, што гэта быў не партызанскі атрад, а атрад асобага прызначэння. Ён уваходзіў у склад ОМСБОНа (особой мотострелковой бригады особого назначения), як і яшчэ больш за 40 атрадаў. Атрады фарміраваліся амаль усе з былых вядомых спартсменаў і былых чэкістаў. Яны закідваліся ў глыбокі тыл. Атрад “Барацьбіты” дыслацыраваўся за в. Гоцк. Пазней мы з членамі групы “Пошук” здзейснілі трохдзённы пешы паход, дарэчы, пабывалі ў музеі В.З. Каржа, а таксама на месцы былога партызанскага аэрадрома, дзе стаіць невялікі помнік.

З пачатку знаёмства і на працягу двух гадоў групай было атрымана ад камандзіра больш за 20 пісем (копіі і сёння знаходзяцца ў раённым краязнаўчым музеі). І самае галоўнае, што група атрымала ў 1979 і 1980 гадах запрашэнне на 9 мая ў Маскву.

Абедзве паездкі адбыліся. Гэта былі незабыўныя сустрэчы ў Ізмайлаўскім парку, ля Вялікага тэатра. Групе было даручана ісці ўперадзе калоны ветэранаў ОМСБОна. Мы пабывалі ў многіх мясцінах Масквы. А ў 1980 годзе, перад пачаткам ХХ летніх Алімпійскіх гульняў, наведалі амаль усе алімпійскія аб’екты, здзейснілі паездку на параходзе па Маскве-рацэ, пабывалі ў заапарках, кінатэатрах, на Чырвонай плошчы, у Маўзалеі. Сёння я не магу нават успомніць усе мясціны, дзе мы пабывалі. Але самае галоўнае, што дзеці «ўжывую» размаўлялі з былымі воінамі атрада “Барацьбіты”. А колькі незабыўных фотаздымкаў! Пасля прыбыцця дамоў дзеці кожны раз пісалі ў нашу “раёнку”. Дарэчы, група за ваенна-патрыятычную работу ў Маскве 9 мая 1981 г. была ўзнагароджана юбілейным знакам “Ветэрану ОМСБОНа”, які захоўваўся ў Кутку Баявой Славы. Гэта была мая апошняя паездка з дзецьмі Вялуцкай СШ.

Расказваючы аб усім гэтым, не магу не выказаць удзячнасць маёй жонцы Ларысе Канстанцінаўне і нашай пакойнай дарагой дачцэ Марыне, якія заўсёды з разуменнем ставіліся да маёй работы, якія заўсёды чакалі маё вяртанне. Гэтую кнігу я прысвячаю светлай памяці нашай дарагой дачкі Марыны.

З 1981 года я 10 гадоў працаваў у Лунінецкай школе-інтэрнаце, дзе таксама працягваў патрыятычную работу, але ўжо з групай “Памяць”, дзе быў створаны цудоўны музей, на жаль, не існуючы сёння больш.

Школу нельга было б успомніць і без такой знакамітай асобы, як “Маркавіч”. Гэты чалавек аддаў 35 год жыцця школе. Сяргей Маркавіч Хадатчук — чалавек асаблівага складу. Мяккі па натуры, душэўна добры чалавек ва ўсіх адносінах — як да дарослых, так і да дзяцей. Без яго дапамогі не абыходзілася ні адна справа ў школе. Ён працаваў у школе ў розныя часы на пасадах: загадчык па гаспадарчай частцы, вартаўнік, качагар, дваровы работнік, араты і на многіх другіх. Гэта ён рыхтаваў керасінавыя лямпы ў кожны клас да 1967 года; гэта ён зімой за ноч напальваў грубкі ў класах, каб было цёпла; па вясне араў усім агароды, прывозіў дровы, вазіў ва “ўюны”, прывозіў з Лунінца розныя дапаможнікі. Цяжка сёння ўзгадаць, якую працу “Маркавіч” не выконваў. Колькі было спроб збыць са школы каня. А ён адстойваў неабходнасць “цяглавай сілы” ў школе. Познім вечарам знянацку яго можна было ўбачыць яшчэ за адным “захапленнем”. Уявіце сабе малюнак: гарыць грубка, насупраць сядзіць мужчына і ...вяжа прыгожыя каляровыя цёплыя шкарпэткі, рукавіцы, шаль, світар. Сям’я ў Маркавіча была не малая. Патрэбна было працаваць дзённа і ночна. Я часта здзіўляўся: калі ён адпачывае? Было ў яго і яшчэ адно захапленне — гэта спевы вялуцкіх народных песень, а ведае ён іх шмат і на розныя выпадкі жыцця. Паспаборнічаць ён мог толькі бадай што са знакамітай “бабай Мар’яй”, якая ведала сотні песень, прыказак, прымавак. Шкада, што яна адышла ў небыццё — у вечнасць. “Баба Гімаліха” была сапраўднай вясковай сказальніцай. Шкада, што мала хто запісаў ад яе фальклор. Велуцяне памятаюць яе добра. Відавочна яна змагла перадаць сваю дабрыню сваім нашчадкам — дзецям, унукам і праўнукам. Дарэчы, такіх людзей у Велуце жыло і жыве шмат. Доўгіх ім гадоў жыцця!

Тут зазвініць званок

“Незвычайны малюнак даводзіцца назіраць у гэтыя дні, калі пад’язджаеш да вёскі Велута. Яшчэ здалёку адкрываецца штосьці нехарактэрнае для вясковага наваколля. Імгненне на роздум — і ўсё зразумела. Прычына неспакою — магутны вежавы кран. Такі звыклы ў горадзе і нечаканы тут. У параўнанні з ім, здаецца, зменшыліся, прыціснуліся да зямлі хаты.

Жыхароў Велуты такое суседства ўжо не здзіўляе. Яны прывыклі і цяпер толькі з радасцю адзначаюць, як на вачах расце новая прыгожая школа. Будуюць яе рабочыя МПМК-19. І работа спорыцца. У мінулым годзе ім неабходна было асвоіць 150 тысяч рублёў капіталаўкладанняў. Зроблена ж значна больш. Гэтай новабудоўлі наогул пашанцавала. Будынак узводзіць дружны, зацікаўлены калектыў. Неаднойчы ён называўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва ў арганізацыі. Заслуга ў гэтым як рабочых, так і прараба У.М. Дамашэвіча. Многія школы ў нашым горадзе і раёне пабудаваны пры непасрэдным удзеле Уладзіміра Мікалаевіча.

З надзеяй сочаць за будаўніцтвам настаўнікі і вучні мясцовай школы. Зараз яны займаюцца ў памяшканні, частка якога з’явілася на свет сорак гадоў назад. Заняткі праходзяць у дзве змены. Аднак і гэта не выратоўвае. Ва ўсім адчуваецца цесната. Не хапае месца для класных пакояў. Аб спецыяльна абсталяваных кабінетах, зразумела, і марыць не даводзіцца. А між іншым, вучняў не так мала — больш як трыста чалавек.

Новая двухпавярховая цагляная школа разлічана на 264 месцы. Асобныя элементы будынка ўзнімуцца яшчэ вышэй. Для правядзення розных мерапрыемстваў будзе актавая зала. Не менш радасці прынясе і спартыўная. Роўную ёй па велічыне зараз маюць толькі некалькі школ горада і раёна. Загадзя рыхтуюцца да наваселля настаўнікі і вучні. Побач са сваім новым домам яны мараць бачыць прыгожы малады сад. Зараз падрыхтавана ўжо да пасадкі каля 700 саджанцаў яблынь, груш і іншых садовых дрэў. Можна не сумнявацца, што клопат старанных рук абавязкова акупіцца і праз нейкі час школа будзе патанаць у веснавой квецені.

Рана пачынаецца рабочы дзень у будаўнікоў. З дому яны выязджаюць яшчэ цёмна. А калі не па-зімоваму цёплая раніца пратрэ вочы свежым ручніком хмар, ажывае і будоўля. Надвор’е не перашкаджае рабоце: мокрага снегу, дажджу будаўнікі не баяцца: усё ж лепш, чым мароз. Першы паверх ужо зроблены, кіпіць работа на другім. Нават тое, што яна вядзецца з апераджэннем, спакою нікому не прыносіць. У ліпені неабходна здаць аб’ект. Са жніўня ён будзе перададзены гаспадарам.

У брыгадзе працуе 22 чалавекі. Не першы год узначальвае гэты калектыў І.С. Казун. Ён нявызвалены брыгадзір. Кожны дзень Іван Сямёнавіч завіхаецца разам з усімі, як кажуць, “на сцяне”.

У верасні тут зазвініць, рассыплецца па калідорах і класах вясёлым смехам першы званок. Няхай жа ён не толькі падарыць шчасце тым, хто сядзе за парты, але і раскажа пра людзей, якія маюць да наваселля самае непасрэднае дачыненне. Сярод іх будаўнікі з вялікім стажам — Е.М. Бастынец, М.Ф. Грыневіч, І.С. Казун і многія іншыя”.
А. Таболіч, газета “Ленінскі шлях”

У 1989 годзе было пабудавана новае двухпавярховае памяшканне школы. Размешчана ў добрым месцы, якое раней называлася “Старына”.

2 верасня 1989 г. — свята для вёскі, адкрыццё новай школы ў Велуце.

“Сапраўды, святкавала ўся вёска. На школьны двор сабраліся людзі розных узростаў, што яшчэ раз пацвердзіла: першае верасня — усенародны дзень. Тым больш датычыць гэта жыхароў Велуты. З замілаваннем глядзіць на ўбраныя ў белыя кашулькі і фартушкі першакласнікаў група ветэранаў вайны і працы. Гэта пасля іх звароту ў Міністэрства асветы БССР мара аб новай школе пачала набываць рэальныя рысы.

Зразумелы гонар настаўнікаў за прыгожы сучасны будынак. Яны пачалі рыхтавацца да гэтага дня яшчэ ў маі. Няхай уборцы новай школы, добраўпарадкаванню тэрыторыі навокол яе аддадзены водпуск, затое цяпер як хочацца хутчэй увайсці ў новы кабінет з сучасным абсталяваннем, глянуць на шчаслівыя твары вучняў і незвычайна, на самым высокім узроўні правесці ўрок.

Упэўненым позіркам аглядаюць школьны двор вучні. Якая яшчэ вучэбная ўстанова можа пахваліцца 100-працэнтнай колькасцю выдатнікаў?! А за працоўную чвэрць тут усе вучні атрымалі “пяцёркі”. І акрамя такой патрэбнай на новабудоўлі работы, кожны з іх падрыхтаваў школе асабісты падарунак — вырасціў дома пакаёвую кветку. І цяпер прынёс яе ў клас.

“З узвядзеннем новай школы, — шчыра прызнаецца яе дырэктар Мікалай Аляксандравіч Паўлюкевіч, — мы ўсе быццам станавіліся новымі людзьмі. Агульныя клопаты аб’ядналі настаўнікаў, іх сем’і, вучняў, бацькоў. Шчыра спадзяюся, што на справу сваіх рук не падымецца рука ні забрудзіць, ні разбурыць. І ў прыгожай школе будзе стварацца толькі прыгожае.”

Так і павінны рабіць сапраўдныя гаспадары, якіх у школе многа: 320 толькі вучняў. Сур’ёзнасць іх намераў пацвердзілася ўжо на ўрачыстай лінейцы. Баба Яга, прыляцеўшы на свята з казкі, украла ключ ад новай школы. Аддаць яго яе ўгаварылі першакласнікі ўсімі чароўнымі словамі, што паспелі вывучыць да шасці гадоў. І з букварамі, якія падарыў дырэктар, першымі спыніліся каля чырвонай стужачкі.

Урачысты момант: начальнік МПМК-19, якая будавала новую школу, І.А. Казей разразае сімвалічную перашкоду. Школа адкрыта!

Радуецца старшыня праўлення калгаса “Зара” — базавага прадпрыемства школы — М.А. Ваўрук. Гэта не проста новая школа, гэта першы двухпавярховы будынак у Велуце. Вёска паступова набывае сучаснае аблічча. І нічога не шкада дзецям: затраты толькі калгаса на школу склалі амаль 300 тысяч рублёў.

Не хавае сваіх слёз даглядчыца, маці васьмярых дзяцей Кацярына Сцяпанаўна Каліноўская: “Нашы дзеці зроду такой школы не бачылі. Глядзіце, як разбегліся па паверхах: для іх гэта сапраўдная экскурсія. Мае трое вучняў тут: Саша, Валера і Валя. На будучы год вось Волька пойдзе, — паказвае на баявую дзяўчынку, якая ні на крок не адыходзіць ад першакласнікаў. — У такой школе толькі і вучыцца! А нам наогул пашанцавала — ад хаты блізенька.”

Правільна заўважыла жанчына: дарога да школы пакуль не з лепшых. Думаецца, што першай вуліцай, якая будзе заасфальтавана ў Велуце, павінна быць дарога да школы.
Т. Канапацкая, газета “Ленінскі шлях”.

* * *
Ёсць яшчэ адна асаблівасць. У мясцовым СВК “Велута” не існавала і не існуе праблемы кадраў. Больш за 90% усіх працаўнікоў вышэйшага і сярэдняга звяна — выпускнікі таксама мясцовай школы. Гаворачы пра былых выхаванцаў, неабходна адзначыць, што працуюць яны з гонарам. Шаснаццаць чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Цяпер хочацца сказаць некалькі слоў аб тых, хто выхоўваў і выхоўвае будучых працаўнікоў СВК “Велута”, інжынераў, настаўнікаў, урачоў і другіх спецыялістаў народнай гаспадаркі. Першымі настаўнікамі ў пасляваенны перыяд былі:

У 50-я гады прыехалі Ф.П. Хлуд, Л.М. Шчур, Е.Я. Хлуд, М.П. Гардзюк, С.А. Каховіч. Усе яны сёння на заслужанным адпачынку. Гардзюк М.П. у 1992 годзе была ўзнагароджана знакам “Выдатнік народнай асветы Рэспублікі Беларусь”. Ветэраны школы былі заўсёды сапраўднымі спадзвіжнікамі сваёй настаўніцкай справы. З першых пасляваенных гадоў вадзіла ў краіну ведаў настаўніца пачатковых класаў А.Я. Шыйч, тактоўная, сціплая, душэўная жанчына. Яе вобраз вучні пранясуць праз усё жыццё. Не забудуць яны і настаўніка нямецкай мовы Б.В. Руткоўскага і настаўніка працоўнага навучання П.А. Арэхву — першага мясцовага настаўніка. Гэта быў чалавек, улюблёны ў жыццё, у дзяцей, у працу. Вясёлы і жыццярадасны, ён умеў быць душой любога калектыву. Акрамя таго, ён быў вялікім аматарам-садаводам. У пасляваенныя гады было ўсяго 2 сады ў вёсцы, і дзякуючы яму сёння не засталося амаль ніводнага двара, не ўпрыгожанага садам. Гэта ён навучыў прышчэпліваць дрэвы сваіх вучняў. У будучым многія сталі аграномамі і аграномамі-садаводамі. Гэта добрая памяць аб іх настаўніку.

* * *

Успамінае дырэктар школы Паўлюкевіч Мікалай Аляксандравіч:

“Пачаў работу дырэктарам школы ў ліпені 1977 года. У той час школа, у якой навучалася 450 вучняў, змяшчалася ў 9 класных пакоях, настаўніцкая — пакойчыку 2,5х4 м, там жа быў і “кабінет” дырэктара школы (асобны стол). 10-м пакоем была майстэрня.

Першай праблемай, і не адзінай, была катастрафічная недастатковасць плошчы. Не было спартзалы, актавай залы, нават добрай настаўніцкай, дзе кожны меў бы месца, паколькі не было вучэбных кабінетаў.

Калектыў школы быў малады, працавіты, любую цікавую ідэю, якая ішла на карысць школе, падтрымлімаў адназначна.

Вырашылі перавезці з хутара Княжыстанавішчы будынак, у якім раней размяшчалася хутарская пачатковая школа. Дапамагалі мясцовыя майстры — жыхары в. Велута. Характэрна, што на такія просьбы аб дапамозе перш за ўсё адклікаліся людзі паважанага ўзросту, пенсіянеры. Некаторых з іх ужо зараз няма. Гэта Сайко Фёдар, Шыйч Міхаіл, Кавелька Уладзімір, Хлуд Касьян. Дапамагалі і іншыя: Партус Аляксандр. Працавалі і настаўнікі: Панасюк І.А., Арэхва П.А., Пашкевіч Ф.І., Хлуд К.П., Крышпіновіч У.Л. Перавезены будынак даў школе многа: там размясцілі майстэрні па металу і па дрэву (не ў кожнай школе і зараз ёсць дзве майстэрні, а ў большасці — камбінаваныя), памяшканні для захоўвання зброі і лыж (лыжная база) і маленькая спартыўная зала. Самае галоўнае — спартыўная зала, таму што раней захоўваць спартыўныя снарады не было дзе. Там жа размясцілі і бібліятэку.

У памяшканне асноўнай школы, дзе была майстэрня, перанеслі настаўніцкую. Нарэшце настаўнікі атрымалі кожны сваё рабочае месца, няхай нават і два чалавекі за адным сталом.

Адгарадзілі частку калідора, і атрымаўся невялічкі пакойчык — кабінет дырэктара. Памяшканне, якое раней было настаўніцкай, аддалі пад піянерскі пакой. У дальнейшым там размясцілі музей баявой славы.

Школа займалася ў дзве змены, некаторыя пачатковыя класы хадзілі і ў трэцюю. Стала яшчэ цяжэй, калі адзін з класных пакояў выдзелілі пад буфет.

Сваімі сіламі зрабілі свідравіну для вады, каналізацыю, атрымалі дазвол санстанцыі і пачалі школьнікаў частаваць гарбатай, кавай, какавай, нават калі-нікалі і салаты з’яўляліся. Гэта было для дзяцей тым, чаго чакалі даўно: некаторыя за адзін раз куплялі па некалькі шклянак чаю і выпівалі яго, не баючыся таго, што вельмі часта потым прыходзілася выходзіць на вуліцу.

Цяжкасці цяжкасцямі, але навучальны працэс у школе набываў належны ўзровень. Калі за першыя 7 гадоў дзесяцігодкі паступіла ў ВНУ толькі адна дзяўчына, то на мяжы 70–80-х гадоў іх колькасць значна павялічылася. Так, з выпуску 1977 года паступілі ў ВНУ — 3, у ССНУ — 6 вучняў, 1979 годзе — адпаведна 2 і 12, у 1981 годзе ВНУ — 4 і 7. Тлумачыцца гэта тым, што ў школе больш увагі сталі ўдзяляць прафарыентацыйнай рабоце, больш гутарак весці з бацькамі з мэтай паступлення іх дзяцей у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Былі выпадкі, калі вучань выдатна заканчвае школу, а паступіць далей вучыцца не рашаецца. І пераадолець гэтую роспач яму павінен дапамагчы настаўнік. Так і адбылося. Зараз у школе з 30 настаўнікаў — 16 былых выпускнікоў школы.

І хоць існавалі цяжкасці з памяшканнямі, харчаванне толькі-толькі наладжвалася, але пазашкольнае жыццё школы было цудоўным. Пастаянныя паездкі па гарадах былога Савецкага Саюза, такіх, як Ленінград, Севастопаль, Масква, сувязь з камандзірамі ОМСБОНа, атрадаў, якія ўваходзілі ў гэтую брыгаду, у тым ліку Распопавым, запрашэнне на святкаваннеДня Перамогі ў Маскву — гэта тыя моманты, якія ніколі не сцяруцца з памяці былых выхаванцаў школы. Душой усіх гэтых мерапрыемстваў быў выкладчык пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Панасюк І.А.

А паходы па Беларусі, па месцах баявой славы? Шматдзённы паход быў зроблены з мэтай пабываць на партызанскім аэрадроме каля Хорастава, што ў Салігорскім раёне. Школьная група “Пошук” устанавіла імёны загінуўшых чырвонаармейцаў, якія былі пахаваны ў Велуце, потым перазахаваны ў Бастыні.

Ні адна знамянальная дата не праходзіла ў сельскім клубе без удзелу ў ёй школьнікаў. Канцэрты, вучнёўскія спектаклі, іншыя мерапрыемствы былі істотным дапаўненнем да кожнага свята.

Педагагічны калектыў у той жа час уяўляў сабой спалучэнне маладой энергіі з вопытам старэйшых. Настаўнік працы Арэхва П.А., настаўніца пачатковых класаў Шыйч Г.Я., настаўнік нямецкай мовы Руткоўскі Б.В. (на жаль, іх ужо няма з намі, яны пайшлі з жыцця, як і настаўніца рускай мовы і літаратуры Кузьміных Л.С., якая памерла ў маладым узросце). Хлуд А.Я., асабліва Гардзюк Марыя Пятроўна, выдатнік адукацыі БССР, былі ўзорамі працавітасці і сумленнасці. Не забудуць выхаванцы і настаўнікі, хто працаваў поплеч. Арэхва Павел Аляксеевіч — цудоўнай душы чалавек, дзякуючы якому зацвілі сады не толькі ў Велуце, але і ў навакольных вёсках. Яго выхаванец Клімчук Міхаіл Сцяпанавіч стаў пераможцам Усесаюзнага конкурсу юных садаводаў. А якім здатным аматарам да рыбнай лоўлі быў Павел Аляксеевіч! Я любіў праплыць з ім на лодцы па Цне і паслухаць яго цікавыя споведы.

Гардзюк Марыя Пятроўна аддала школе 36 гадоў. З 1996 года — на пенсіі. Цудоўны чалавек, яна перадавала свой багаты вопыт маладым настаўнікам, такім, як Вольга Іванаўна Коўшык, Валянціна Арсеньеўна Юрко і іншым, якія лічацца зараз лепшымі ў пачатковай адукацыі школы. Нельга не сказаць добрыя словы ў адрас настаўнікаў гісторыі Каховіч Станіславы Адамаўны (зараз таксама на пенсіі), Хадатчук Ганны Антонаўны, якая вяла і вядзе вялікую краязнаўчую работу (дзякуючы ёй у школе ствараецца краязнаўчы музей).

Матэматыку выкладалі Паўлюкевіч Раіса Іосіфаўна і Зылевіч Галіна Міхайлаўна, хімію — Дзяркач Марыя Пятроўна, біялогію, а потым геаграфію — Панасюк Ларыса Канстанцінаўна. А Сайко Марыя Антонаўна, Наварыч Ніна Сідараўна, Шчур Ларыса Мікітаўна, Хлуд Фаіна Пятроўна, Кузьміных Людміла Сяргееўна і ўсе настаўнікі... Дзякуючы ім нашы вучні паступалі ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, сельскагаспадарчыя, педагагічныя, лясной гаспадаркі і іншыя навучальныя ўстановы. Гэтыя настаўнікі і зараз (акрамя Шчур Л.М., Хлуд Ф.П., Дзяркач М.П.) аддаюць усе свае сілы і здароўе на карысць дзецям.

Асобна трэба гаварыць пра завочную школу, дакладней, пра вучэбна-кансультацыйны пункт Лунінецкай раённай вочна-завочнай школы. На той час у Велуце мала хто застаўся без сярэдняй адукацыі, атрымаўшы базавую. Загадчык гэтага пункта Паўлюкевіч Раіса Іосіфаўна разам са сваёй асноўнай работай аддавала шмат увагі завочнай школе, за што і была ўзнагароджана граматай Міністэрства адукацыі БССР. У класах гэтай школы налічвалася па 10–15 чалавек. Зараз выхаванцы школы, адпрацаваўшы пэўны час у калгасе “Зара”, выходзяць на пенсію.

А ў якім цудоўным месцы знаходзілася старая школа! Якая прыгажосць, якое хараство каля школы было вясной, калі зацвітала лотаць на балоце па суседству са школай!

Не забудзецца са старой школы згуртаванасць настаўніцкага калектыву, гатоўнасць у свабодны час папрацаваць на карысць школы.

Помніцца такое: школа абагравалася дровамі, якія трэба было вывезці з лесу, пагрузіць, развезці настаўнікам (тады яшчэ давалі па 7 складаметраў на зіму настаўніку) і ў школу. Усяго каля 300 складаметраў. Лясніцтва звычайна выдзяляла дровы ў адным абходзе, а вось як іх адтуль забраць? Рознае было.

Адзін год выдзелілі дровы ў такім месцы, што даехаць да яго нельга было звычайным транспартам (аўтамабілем, трактарам). А забраць дровы трэба. Рабочыя лясніцтва склалі дровы каля праведзенай на востраў вузкакалейкі, з разлікам вывезці іх на грузавых платформах. Але не ўлічылі, што “вус” (так называлі адвод вузкакалейнай жалезнай дарогі, што прымыкаў да асноўнай) пабудавалі даўно і падгнілі бярвенні, на якіх ляжалі рэйкі, ды і мост праз дамбу ўжо сваё адстаяў. У той час начальнікам Люшчанскага лесапункта, які меў чыгуначную тэхніку, матавозы, платформы, быў Жураўлёў Васіль Фёдаравіч. На просьбу аб выдзяленні тэхнікі адазваўся станоўча, толькі папярэдзіў аб небяспечнай паездцы па такой чыгунцы. Зачапіўшы 4 платформы, пасадзілі ў спецыяльны вагон грузчыкаў (гэта былі работнікі школы разам з настаўнікамі і яшчэ жыхар вёскі Велута Каліноўскі Сцяпан, які па сваёй ахвоце паехаў з намі на работу без усялякай аплаты. Дзякуй вялікае такім людзям!) Машыністам быў Юрко Павел, таксама жыхар вёскі Велута. Менавіта дзякуючы яму атрымалася наша задумка: хто-небудзь іншы не згадзіўся б туды ехаць ні за якія грошы!

Разумеючы тое, што школа можа застацца без дроваў, ён адважыўся на такі рызыкоўны крок.

Трэба было сядзець у кабіне мотавоза, калі ён праходзіў мост праз дамбу. Мост хістаўся з боку на бок, але Бог, як кажуць, быў да нас міласцівы. Некалькі разоў прыйшлося пераязджаць дамбу, але ўсё закончылася добра. Даехалі па чыгунцы да в. Навасёлкі, а тут ізноў перагрузка і з платформ на аўтамабілі, і па канкрэтных адрасах: ці ў школу, ці якому настаўніку дахаты. Без дапамогі начальніка лесапункта, старшыні калгаса Дземянчука Сяргея Андрэевіча (ён ужо пайшоў з жыцця), без разумення з боку мужчын-настаўнікаў (аплата за такую работу была мізэрнай), без дапамогі некаторых жыхароў Велуты такое было б немагчыма.

Былі і другія такія моманты ў жыцці школы і рабоце дырэктара, якіх дырэктар гарадской школы ніколі не спаткае.

Маючы зараз сучасную школу з вадзяным атапленнем, з магутнай кацельнай, па-сапраўднаму разумееш работу чалавека, які ў старой школе быў вартаўіком-апальшчыкам. Трэба было гэтымі сырымі дровамі (яны ніяк не маглі высахнуць за месяц-два пасля вывазкі, распілоўкі, расколкі) спачатку растапіць, а потым натапіць 12 школьных грубак. Не кожны вытрымаў бы працяглы час гэтую работу, а ў нашай школе такі чалавек працаваў аж да пенсіі. Самыя добрыя словы можна гаварыць зараз пра Хадатчука Сяргея Маркавіча, які выконваў гэтую работу. “Наш Маркавіч” — так яго звалі і вучні, і настаўнікі. На жаль, у 2006-ым Сяргей Маркавіч памёр.

За 36 гадоў існавання СШ з яе сценаў выйшла 870 выпускнікоў, 2 вучні закончылі школу з залатым медалём, 41 з сярэбраным. З гэтых выпускнікоў 417 закончылі сярэднія прафесіянальныя вучылішчы, 144 атрымалі сярэдне-спецыяльную адукацыю, а 51 — вышэйшую; больш за 20 закончылі ваенныя вучылішчы. Акрамя таго з сярэдзіны 70-х да сярэдзіны 90-х працавала вочна-завочная школа, сярэднюю адукацыю ў якой атрымалі звыш 200 маладых людзей, што працавалі ў калгасе. Сёння ў школе працуе 31 настаўнік, 25 з іх маюць вышэйшую адукацыю; 15 настаўнікаў (48% ) з’яўляюцца яе выпускнікамі.

Упэўнены: сустракаючы сваё 120-годдзе, Вялуцкая школа будзе і ў далейшым высока несці гонар тых, хто быў першым ва ўсе нялёгкія гістарычныя часы вёскі. Сёння выпускнікоў школы можна сустрэць па ўсёй Беларусі, таксама і былога Савецкага Саюза, а ў апошнія гады нават далёка за межамі СНД. Яны пачэсна нясуць гонар выпускнікоў сваёй школы, гонар сваёй малой Радзімы — в. Велута. Так было заўсёды, так будзе і ў будучым. Корні роднай зямлі будуць іх падтрымліваць вечна — гэта нязменны закон чалавечага жыцця”.

З размовы з Мікалаем Аляксандравічам высветлілася наступнае.

“Нарадзіўся ў 1952 годзе ў в. Лугі Лунінецкага р-на. У тыя гады жылі вельмі цяжка, асабліва ў вёсцы: і як вынік — многія сем’і выязджалі з родных мясцін. Так здарылася і з нашай сям’ёй, якая выехала ў Крымскую вобласць у 1958 годзе, паколькі там былі патрэбны рабочыя рукі.

Сяло Табачнае Джанкойскага р-на. Недалёка Азоўскае мора. Што больш за ўсё мне запала ў памяць, дык гэта бясконцыя сады з усемагчымай садавіной: чарэшні, абрыкосы, персікі; вялізарныя вінаграднікі і шмат другога вельмі смачнага і амаль, амаль бясплатнага. А яшчэ бясконцыя плантацыі кавуноў, доўгія чырвоныя палі дзікага маку.

Там, у Табачным, хадзіў у дзіцячы садок, першы клас, другі, трэці. Вучоба давалася цяжка, асабліва ўкраінская мова, аднак адзін верш памятаю і па сённяшні дзень.

У параўнанні з нашай роднай Беларуссю, Крым падаваўся раем: хлеб і малако атрымлівалі ў саўгасе: бацька з работы прыносіў вялікі, даўжынёю 70–80 см і шырынёю 25–30 см.

Адно было дрэнна, не было вады ўдосталь, не было дзе пакупацца. Пазней, калі наша сям’я вярнулася дамоў, у Беларусь, праз Крым быў пабудаваны Паўночна-Крымскі канал. А да гэтага часу мы з бацькамі на веласіпедах ездзілі да Азоўскага мора альбо прасілі дазволу ў стоража шахты, з якой пампавалі ваду на арыкі, акунуцца ў невялікім вадаёме з вельмі халоднай вадой. Але гэта нас, дзяцей, не пужала. У 1961 годзе мы вярнуліся ў нашу в. Лугі.

У 1969 годзе закончыў Лугскую сярэднюю школу і ў гэтым жа годзе паступіў у Брэсцкі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. За час вучобы ў інстытуце тройчы працаваў у будаўнічых атрадах. Быў камандзірам СБА. Працавалі ў г. Драгічыне, у Казахстане.

Пасля заканчэння педінстытута адпрацаваў 3 гады настаўнікам матэматыкі ў в. Мохра Іванаўскага р-на. Гэта было ў 1976 годзе. У гэтым жа годзе вярнуўся ў свой родны Лунінецкі р-н, дзе быў назначаны намеснікам дырэктара Вялуцкай СШ, а ў 1977годзе — дырэктарам Вялуцкай СШ. І вось на гэтай працы я ўжо 29 год.

Падчас практыкі ў СБА на Століншчыне пазнаёміўся са сваёй жонкай Раісай. Пасля 2 гадоў знаёмства пажаніліся. За час сумеснага жыцця вырасцілі і выхавалі 2 сыноў і дачку Ганну.”

P.S. Паколькі мне давялося працаваць на “зары” дырэктарскай пасады Мікалая Аляксандравіча разам у 1976 – 1981, то хачу сабе дазволіць некалькі слоў. Гэта быў малады, энергічны чалавек, дастойны свайго папярэдніка Аляксандра Сяргеевіча Крысько. Калектыў настаўнікаў быў таксама малады. Як кіраўнік — патрабавальны да сябе і да настаўнікаў. Рабіў усё, каб настаўнікам дапамагчы ва ўсіх іх распачынаннях. У тыя гады я здзейсніў 4 паездкі з вучнямі 8–10 класаў. У часы падрыхтовак да гэтых далёкіх экскурсій Мікалай Аляксандравіч заўсёды дапамагаў “прабіць” дазвол на выезд за межы рэспублікі. У гэтыя ж гады школа пачала атрымоўваць тэхнічныя сродкі, якіх раней ніхто не ведаў. Наогул, усе добрыя намеры настаўнікаў ён заўсёды падтрымліваў. Школьнікі прымалі самы актыўны ўдзел у пасільнай працы, стараліся дзе толькі магчыма, зарабіць грошы. На колькі мне вядома, гэтай традыцыі Вялуцкая школа не змяніла і на сённяшні дзень. А цяпер школа мае яшчэ і свой аўтобус, трактар. Ён быў і застаецца прынцыповым кіраўніком педагагічнага калектыву. Добры сем’янін. З сваёй жонкай Раісай Іосіпаўнай выгадавалі і далі адукацыю двум сынам і дачцэ Ганне, якая, дарэчы, яшчэ наведвае школу. Заўсёды адстойваў інтарэсы членаў свайго калектыву. Самае красамоўнае пасведчанне таму — 30-ы год дырэктарства Мікалая Аляксандравіча, а гэта не так проста.

Сёння педкалектыў Вялуцкай СШ налічвае больш за 30 настаўнікаў. Вучэбна-выхаваўчы працэс праходзіць у прыгожым, светлым будынку школы, дзе выдатна абсталяваны класы, кабінеты, майстэрні, сталовая, спартыўная зала. Усё гэта зроблена рукамі настаўнікаў і вучняў, якія бязмерна любяць сваю школу, якая ў гэтым, 2006 годзе, адзначыць свой 120 гадовы юбілей. Бацькі ў сваю чаргу ганарацца сваімі дзецьмі, якія тут атрымоўваюць сярэднюю адукацыю, якая дае шлях у ВНУ, каледжы, ліцэі, універсітэты. А гэта таксама дзякуючы яму — Мікалаю Аляксандравічу — які добра спраўляецца з абавязкамі сваёй нялёгкай, аднак вельмі пачэснай пасады. Мне застаецца пажадаць Мікалаю Аляксандравічу, усёй яго сям’і здароўя, шчасця, дабрабыту і новых творчых поспехаў.

Заканчваючы свой невялікі ўспамін аб в. Велута, аб школе, не змог не задаць некалькі пытанняў Мікалаю Аляксандравічу:
— Калі б ты быў сёння выпускніком школы, куды б падаўся, што б выбраў сабе за прафесію?
— Нарадзіўся ў вёсцы і працаваць у горадзе не змог бы, не вытрымаў бы. А прафесію паўтарыў бы яшчэ раз настаўніка, яна мне падабаецца, люблю працаваць з дзецьмі, хаця гэта не так проста.
— З вышыні амаль 30-гадовай дырэктарскай пасады, што ты лічыш галоўным у сваёй рабоце?
— Разам з членамі педагагічнага калектыву даваць трывалыя веды кожнаму вучню і правільны напрамак у выбары жыццёвага шляху.
— Ці задаволены ты лёсам, які наканаваў табе працаваць іменна ў в. Велута?
— Лічу, што з месцам працы мне пашанцавала. Я вельмі задаволены педагагічным калектывам, усімі вучнямі , былымі і сёняшнімі, а таксама іх бацькамі і наогул усімі жыхарамі. І калі б мне прапанавалі пасаду дырэктара ў больш перспектыўным месцы, я ніколі не згадзіўся б пераехаць.
— Як складваліся адносіны з членамі педкалектыва?
— Лічу, што ўсе папярэднія гады адносіны мае былі і застаюцца з усімі добрымі. Дырэктар без калектыву — гэта генерал без арміі. На працягу ўсіх гадоў мы разумелі адзін аднаго. Педкалектыў — гэта мая галоўная апора.
— Што б змяніў у заканадаўстве аб адукацыі, у свеце апошніх рэфармаванняў?
— Зрабіў бы так, каб дырэктар займаўся толькі вучэбна-выхаваўчай работай; школа павінна быць на поўным дзяржаўным утрыманні; аставіў бы 5-бальную сістэму, з умовай выстаўлення ўсіх адзнак у дакуменце аб базавай і сярэдняй адукацыі, і яшчэ лічу, што 12-гадовая адукацыя магла застацца 11-гадовай, але гэта мая асабістая думка.
— Якой ты бачыш будучыню Вялуцкай СШ?
— Мы апошнія 5 год утрымліваем стабільна адзін і той жа кантынгент. Хацелася б, каб і яшчэ доўгія гады школа налічвала не менш за 250 вучняў; каб наша школа мела самыя сучасныя тэхнічныя сродкі.
— Што б ты сёння пажадаў тым, хто прыйшоў настаўнікам у школы; хто з выпускнікоў выбірае прафесію настаўніка?
— Цярпення, умення зразумець дзяцей, знаходзіць агульную мову, ладзіць з дзецьмі і членамі педагагічнага калектыву, паважаць асобу вучня, быць для вучняў старэйшым таварышам і дарадцай. Ну а тым, хто думае паступаць, — трывалыя мець веды са школы; быць настаўнікам вучням малодшых класаў, памочнікам, прымаць удзел у грамадскай працы, рыхтаваць сябе да працы з дзецьмі загадзя з 8, 9, 10, 11 класаў.

Усё сказанае Мікалаем Аляксандравічам дае падставу лічыць, што Вялуцкая школа сустракае сваё 120-годдзе з добрымі вынікамі, працаздольным педагагічным калектывам і “чалавекам на сваім месцы”, як сказаў аб Мікалаю Аляксандравічу загадчык Лунінецкага РАА Уладзімір Лук’янавіч Філіновіч.

На такой прыемнай ноце мне і хочацца закончыць. Для мяне гэта быў таксама ўспамін аб маёй працы амаль 15 год у Вялуцкай школе. Гэта было нядаўна, гэта было даўно.

Расказвае Коўшык У.А., намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:

У Вялуцкую сярэднюю школу прыехаў у 1982 годзе па накіраванню Лунінецкага РАА пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута імя Н. К. Крупскай. Выкладаў фізіку, працоўнае навучанне. У гэтым жа годзе прыйшлося пачынаць і прафесійнае навучанне па прафесіі трактарыст-машыніст. Не было матэрыяльна-тэхнічнай базы, трактараў, майстра вытворчага навучання. Але паступова, дзякуючы намаганням дырэктара Паўлюкевіча М.А., набылі гусенічны і колавы трактары, прычэп. Вучэбную літаратуру, табліцы прыйшлося шукаць па ўсім раёне: ПТВ-160, у школах. Дапамог у гэтай справе намеснік дырэктара вучылішча Гарэлік А.І. У гэтым жа годзе старшыня калгаса “Зара” Дземянчук С.А. парэкамендаваў на пасаду майстра вытворчага навучання механізатара Шмата М.П. У канцы навучальнага года дырэктар школы Паўлюкевіч М.А. выдзеліў кабінет. Летам 1983 года мужчыны школы зрабілі гараж для тэхнікі. Паступова афармляўся і кабінет па прафесійным навучанні, а летам вучні нават у час вытворчай практыкі на трактары Т-40М разам з майстрам Шматам М.П. апрацоўвалі бульбу ў калгасе “Зара”. Першы выпуск трактарыстаў адбыўся ў 1984 годзе. Вучыліся тады, атрымлівалі дакументы і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Зараз шмат выпускнікоў працуе механізатарамі ў СВК “Велута”. Давялося крышачку папрацаваць у тыя гады разам з цудоўным настаўнікам Арэхва П.А., які побач працаваў у майстэрні тэхнічнай працы.

Заўсёды з цеплынёй успамінаю настаўнікаў Гардзюк М.П., Хлуд А.Я., Каховіч С.А., Дзяркач М.П., Шыйч Г.Я., Хлуд Ф.П.

У 1987 годзе на агульным сходзе педкалектыву быў выбраны на пасаду намесніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце (цяпер — намеснік па вучэбнай рабоце). Гэтую падзею буду памятаць заўсёды, таму што я ў гэты момант адсутнічаў у школе (быў на курсах у г. Брэсце). Першыя віншаванні атрымаў ад дырэктара Паўлюкевіча М.А. і не паверыў.

У папярэднія гады (80–90-ыя) была высокая “цякучасць” кадраў. Прыязджалі маладыя настаўнікі, але доўга не затрымліваліся, бо не было жылля. У апошнія гады калектыў стабільны. Амаль што палова настаўнікаў — мясцовыя жыхары.

У 1989 годзе перайшлі працаваць у новы будынак школы. Усё лета настаўнікі, бацькі, вучні рыхтавалі школу да новага навучальнага года. Працавалі з натхненнем, былі вельмі рады, што будуць працаваць у новай школе. З першых гадоў пачалі актыўную работу па афармленні кабінетаў. Працавалі пасля ўрокаў, у час летняга адпачынку. Стараліся ўпрыгожыць кабінеты разьбой па дрэве (геаметрычнай, плоскарэльефнай).

Новая школа падала штуршок навучальна-выхаваўчаму працэсу. Педкалектыў як бы ўстрапянуўся, набыў новыя сілы, з галавою акунуўся ў работу. Вельмі часта настаўнікі ўспаміналі будынак старой школы з яго невялічкімі кабінетамі, фізкультурай ў калідоры ў час урокаў.

На працягу апошніх 18 гадоў шмат вучняў скончылі школу з сярэбраным медалём, паступілі ў ВНУ, ССНУ. Некаторыя выпускнікі пасля заканчэння інстытутаў, педвучылішчаў вярнуліся ў родную школу і выкладаюць прадметы, выхоўваюць дзяцей.

Зараз у школе працуе высокаадукаваны педкалектыў:
— 25 настаўнікаў маюць вышэйшую адукацыю;
— 2 настаўнікі сярэднюю спецыяльную адукацыю;
— 1 настаўнік сярэднюю адукацыю;
— 5 настаўнікаў працягваюць вучобу ў ВНУ.
— Чатырнаццаць настаўнікаў маюць І катэгорыю, 7 настаўнікаў — другую, 12 настаўнікаў пакуль без катэгорыі. Пераважная большасць настаўнікаў маладыя.
Пачынаючы з 1999/2000 навучальнага года ў школе быў уведзены філалагічны профіль, а з 2000/2001 навучальнага года — фізіка-матэматычны. Вучні вывучаюць матэматыку, фізіку, беларускую мову, беларускую літаратуру, нямецкую мову на павышаным узроўні. Практычна ўсе вучні пачатковых класаў ахоплены вывучэннем нямецкай мовы.

У школе выкладаюцца спецкурсы “ЗЛЖ”, “Асновы прававых ведаў”, “Уводзіны ў эканоміку”.

Дзякуючы добрасумленнай працы настаўніка Паўлюкевіч Р.І., усе вучні фізіка-матэматычнага профіля 2003–2004 года выпуску паступілі ў ВНУ і ССНУ.

Кожны год вучні школы прымаюць актыўны ўдзел у школьных і раённых алімпіядах па прадметах.

У 2001/2002 навучальным годзе вучань Каховіч Раман заняў ІІІ месца ў раённай алімпіядзе па нямецкай мове, у 2002/2003 навучальным годзе вучаніца заняла ІІ месца ў раённай алімпіядзе па біялогіі, у гэты ж год вучань Хлуд Іван заняў І месца ў алімпіядзе па выяўленчаму мастацтву.

Прымаюць удзел вучні школы ў розных конкурсах. У 2004/2005 гадах вучні школы перамагалі ў раённых конкурсах чытальнікаў, прысвечаных памяці М. Калінковіча.

У школе працуе 12 розных гурткоў. Цудоўныя работы выконваюць вучні гуртка вязання (настаўнік Хлуд І.П.), выяўленчага мастацтва (настаўнік Сайко Н.М.).

Вядзецца работа па добраўпарадкаванню, азеляненню тэрыторыі школы. Шмат кветак вырошчваецца гурткоўцамі пад кіраўніцтвам Сайко Марыі Антонаўны. Марыя Антонаўна — настаўнік, улюбёны ў працу, умелы выхавальнік, добразычлівы чалавек, здольны арганізаваць работу вучняў, развіваць асобу вучня.

Шмат гадоў запар вяла фальклорны гурток настаўніца Наварыч Ніна Сідараўна. Вучні гуртка прымалі ўдзел у розных раённых аглядах, іх выступленні адзначаліся граматамі.

Працягвае гэтую справу маладая настаўніца Клімчук Валянціна Аляксандраўна, выпускніца нашай школы.

Вялікую работу па выразнаму чытанню вучняў праводзяць настаўнікі Наварыч М.С., Наварыч Н.К., Кіслюк Н.І.

У педагагічны калектыў штогод прыходзяць маладыя настаўнікі, выхавальнікі. Расце дастойная змена старэйшаму пакаленню настаўнікаў пачатковых класаў — Коўшык В.І., Юрко В.А., якія больш за 20 гадоў аддалі выхаванню і навучанню самых маленькіх грамадзян.

Спадзяюся, што вышэй пералічаныя дасягненні школы працягне маладое пакаленне настаўнікаў, якое вырасціў педагагічны калектыў школы з яго дырэктарам Паўлюкевічам М.А.

Перакананы, што моладзь падніме нашу справу на больш высокую ступень і будзе дастойна старэйшага пакалення.

На верх старонкі