Старшы трактарыст Лунінецкай МТС В. Л. Барысевіч вядзе ворыва пад яравыя культуры ў калгасе імя Сталіна. 1950 г.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

У мірнай працы

Аднаўленне

Папялішчы і нястача, гора ў шматлікіх сем'ях, якія страцілі родных... Але перамога над фашызмам натхняла на стваральную працу. Насельніцтву прадастаўляліся доўгатэрміновыя крэдыты на будаўніцтва, набыццё жывёлы і інвентару. Акрамя гэтага, для будаўніцтва жылля жыхарам горада і раёна былі выдзелены дзесяткі тысяч кубаметраў лесу, з іх каля паловы — бясплатна. У 1945 г. сем'і воінаў атрымалі дапамогі на 2427 тысяч рублёў. За гэты ж год у дамы з зямлянак перасяліліся каля 1300 сем'яў. Аднавіліся раённая бальніца і некалькі ФАПаў. У Лунінцы пачалі працаваць кінатэатр "Камсамолец" і чыгуначны клуб.

Прадпрыемствы сувязі — паштовыя аддзяленні, тэлеграф — узнавілі сваю працу адразу пасля вызвалення горада і раёна.

У 1945 — 1946 гг. удвая павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Па працоўных паказчыках чыгуначнікі Лунінецкага вузла занялі першае месца па Брэст-Літоўскай чыгунцы. У гэтым жа годзе план хлебанарыхтовак быў выкананы на 116,5 працэнтаў, бульбанарыхтовак — на 100,5. Да першай паловы 1947 г. у раёне ў зямлянках заставалася толькі 30 сем'яў. У Чучавічах ужо ўсе жыхары перасяліліся ў хаты. У вёсках было пабудавана 514 новых дамоў і 234 зрубы. У горадзе адноўлена двухпавярховая школа, дзе навучалася 650 вучняў, працавалі 2 клубы, бібліятэкі, сталовыя, чайныя, радыёвузел, райпрамкамбінат, многа майстэрняў, пабудавана 160 дамоў. Да канца 1947 г. апошні паказчык па раёну складаў ужо 2963 дамы.

У 1947 г. у раёне было каля 11000 галоў буйной рагатай жывёлы, 1700 авечак, 1700 свіней. Было вырашана давесці пасяўныя плошчы да 17 тысяч га. План хлебанарыхтовак быў выкананы, але звыш яго сялян прымусілі здаць яшчэ 8 тысяч пудоў. Раённы сялянскі з'езд (красавік 1947 г.) абвясціў курс на стварэнне калгасаў і барацьбу з кулацтвам, у тым ліку прадугледжвалася абразаць зямельныя ўчасткі, што перавышалі вызначаную норму, і перадаваць калгасам і малазямельным сялянам. На кулакоў традыцыйна ўскладвалася адказнасць за сабатаж паставак хлеба, малака, сена. З 1946 г. прымусова праводзілася падпіска на Дзяржаўныя пазыкі аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі СССР, якія таксама цяжарам ляглі на сялянскія гаспадаркі. У ліпені 1948 г. райвыканкам забараніў гандаль хлебам калгасам і сялянам да выканання плана хлебанарыхтовак. Звыш яго ў тым годзе было здадзена 15 000 пудоў (а яшчэ звыш плана — 6 тон малака і 7 тон мяса). Сяляне былі вымушаны працаваць на лесанарыхтоўцы і лесавывазцы, аб'ёмы якіх пашырыліся — толькі за чацвёрты квартал 1948 г. дзяржаве было адпраўлена 3500 вагонаў дзелавой драўніны і крапяжа.

У 1947 г. у раёне пачалася калектывізацыя (гл. артыкул "Сельская гаспадарка"). Зразумела, умовы працы былі вельмі цяжкімі, аб высокай ураджайнасці нельга было і марыць. Матэрыяльная база МТС толькі закладвалася. Гаруча-змазачныя матэрыялы з Пінскай нафтабазы ў 1946 г. яшчэ вазілі на конях.

У 1948 г. пасяўныя плошчы склалі 90 працэнтаў ад даваенных, а пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з 1944 г. узрасло ў чатыры з паловай разы. Вялося аднаўленне дарог, што прыйшлі за час вайны ў заняпад. Напрыклад, за студзень-красавік 1948 г. былі пабудаваны тры масты ў Вялуцкім сельсавеце, будаваліся масты ў Лахве і Вулькаўскім 2 сельсавеце. У Лунінцы метадам народнай будоўлі аднавілі Дом сацкультуры. У Чучавічах пабудавалі новы млын для некалькіх сельсаветаў, а вучні атрымалі ўзамен спаленай новую школу (гл. артыкул "Адукацыя").

Сярод дарослых ліквідацыю непісьменнасці вялі культармейцы, але яшчэ ў 1948 г. вучобай было ахоплена толькі да 30 працэнтаў непісьменных дарослых. Тым не менш у некаторых вёсках з непісьменнасцю было пакончана. Насельніцтва выпісвала сотні экземпляраў газет і часопісаў. Пашырылася колькасць падпісчыкаў: у 1948 г., напрыклад, самы аддалены Чучавіцкі сельсавет атрымліваў 200 экземпляраў газет і часопісаў. Лунінецкія калгаснікі першымі ў Пінскай вобласці вырашылі радыёфікаваць да 1 ліпеня 1951 г. ўсе населеныя пункты, для чаго метадам народнай будоўлі планавалася ўзвесці новыя міжкалгасныя радыёвузлы, а 2 — рэканструяваць і правесці каля 120 км радыёліній і ўстанавіць дадаткова каля 4600 радыёкропак. Для гэтага раён атрымаў крэдыт на 250 тысяч рублёў, неабходныя лесаматэрыялы і абсталяванне.

Перыядычна вёскі наведвалі кінаперасоўкі. Ідэалагічная работа з насельніцтвам вялася праз сетку палітшкол, хат-чытальняў, гурткоў. Была адноўлена піянерская арганізацыя. Перыядычна праходзілі агітацыйныя кампаніі да выбараў. Моцныя прапагандысцкія кампаніі разгортваліся вакол Дзяржаўных пазык. У снежні 1947 г. адначасова з грашовай рэформай былі адменены карткі. Не заставаліся лунінчане ў баку і ад міжнародных падзей — напрыклад, у 1948 г. у горадзе адбыліся мітынгі пратэсту супраць тэрору ўлад у Грэцыі, супраць замаху на жыццё Пальміра Тальяці... У 1948 г. 1450 жанчын у раёне мелі медалі і ордэны мацярынства.

Вайна часам не-не ды і нагадвала пра сябе. Сцюжнай зімой 1948 — 1949 гг. праз Лунінец ішлі эшалоны ў Германію з ваеннапалоннымі немцамі. Канвою амаль не было — і яны выходзілі на базарную плошчу, абменьвалі на хлеб і тытунь самаробныя дудкі, лялькі, цыгарэтніцы, гармонікі...

Першыя пасляваенныя гады яшчэ больш абвастрылі жыццёвыя супярэчнасці — краіна залечвала свае раны, людзі спадзяваліся на лепшую будучыню, але нікуды не зніклі і народжаныя сталіншчынай з'явы. Як і да вайны, працягваліся арышты нявінных людзей, "класавая барацьба" адбівалася на іх лёсах. У раёне хапала банд — і разам з сапраўднымі паліцаямі або бандэраўцамі рэпрэсіі насцігалі простых сялян, абвешчаных "кулакамі" або "бандыцкімі паслугачамі" (гл. артыкул "Рэха вайны"). Вельмі цяжка было ўстаць на ногі пасляваеннай вёсцы, на якую былі ўскладзены шматлікія павіннасці і планы нарыхтовак. Ды і прымусовая калектывізацыя была з'явай супярэчлівай, якая ламала традыцыйны сялянскі лад жыцця.

МТС у 1949 г. мела ўжо 7 трактароў, 2 аўтамашыны, 2 малатарні, за гэты год выпрацавала 2705 га мяккага ворыва. З 1950 г. яна пачала атрымліваць тэхніку ў планавым парадку. Пры МТС у студзені 1950 г. быў створаны палітаддзел, які выдаваў газету "Сталінская праўда".

Да пачатку 1949 г. у раёне было адбудавана 3729 новых дамоў, адноўлены лесазаводы ў Бастыні і Чучавічах, млыны, створаны кола-абозны завод і торфазавод у Луніне, завод садавіна-ягадных він і скурзавод у Лахве, 2 маслазаводы. Паспяхова працавалі райпрамкамбінат і леспрамгас, а на чыгунцы — дэпо, 8-ая дыстанцыя пуці, 4-ая дыстанцыя сігналізацыі і сувязі (гл. нарыс "Прамысловасць").

У 1950 г. калгасы пабудавалі 31 тыпавую канюшню, 4 кароўнікі, 3 птушнікі, 8 гаспадарчых пабудоў. Калгаснікі спрабавалі вырошчваць новую крупяную культуру — чумізу.

Паступова ўзрастаў дабрабыт людзей — у 1950 г. спажывецкая кааперацыя прадала сельскаму насельніцтву ў 1,5 раза больш прамтавараў, а культтавараў — удвая больш, чым у папярэднім годзе. Пашыралася гандлёвая сетка — новыя крамы ў 1953 г. былі адкрытыя, напрыклад, у вёсках Бродніца, Язвінкі, Обруб, у выніку колькасць іх дасягнула 34.

Пасля ўзбуйнення, у 1951 г., у раёне налічваліся 22 калгасы, якія аб'ядноўвалі 90 працэнтаў сялянскіх гаспадарак. За 1951 г. іх недзялімыя фонды павялічыліся ў 2,5 раза. Узрасла тэхнічная аснашчанасць МТС, якая толькі за першую палову 1951 г. атрымала 4 самаходныя камбайны. Пасяўныя плошчы калгасаў да 1953 г. пашырыліся ў 1,5 раза. У шэрагу гаспадарак праводзілася ачыстка зямель ад хмызняку і камянёў. Спрабавалі ў калгасах вырошчваць кок-сагыз (краіне патрабаваўся каўчук).

Напэўна, не трэба перабольшваць уплыў на жыццё палескага райцэнтра падзей у свеце і краіне, але і ў ізаляцыі ад іх Лунінец не быў. У верасні 1951 г. адбыліся мітынгі для збору подпісаў пад Зваротам Сусветнага Савета Міру. Вясной 1953 г. жалобныя мітынгі і сходы былі прысвечаны смерці Сталіна — людзі разумелі, што нейкія змены павінны адбыцца, хоць, магчыма, і не ўяўлялі іх канкрэтна. Афіцыйная прапаганда пасля Пленума ЦК КПСС у верасні 1953 г. шмат разважала аб уздыме сельскай гаспадаркі. А калі была выкрыта "змова Берыі", сходы, якія прайшлі, напрыклад, у вагонным дэпо або Ракітнянскай школе, у сваіх рэзалюцыях патрабавалі для чарговага ворага народа самага суровага пакарання...

Паслясталінская эпоха была ліберальнай, новыя гарызонты паўставалі перад лунінчанамі. Цаліна і новабудоўлі прываблівалі моладзь... Палепшылася становішча калгаснай вёскі, павысіўся дабрабыт людзей. Як сцвярджала прапаганда, краіна ўпэўнена крочыла да камунізму...

8 студзеня 1954 г. была ліквідавана Пінская вобласць, яе раёны ўвайшлі ў склад Брэсцкай. У 1959 г. быў праведзены перапіс насельніцтва, а ўжо ў студзені наступнага года да Лунінецкага раёна былі далучаны Мікашэвічы з навакольнымі вёскамі... Выбары, іншыя прапагандысцкія кампаніі, урадавыя пастановы — частка з іх датычылася кожнага чалавека, частка праходзіла міма. Бадай, цвёрда разумелі людзі адно — без працы на лепшае жыццё спадзявацца нельга. I працавалі.

Умацоўвалася матэрыяльная база сельскай гаспадаркі. Трактарны парк МТС у 1950 - 1954 гг. Павялічыўся ў 2,7 раза і працягваў расці (у 1953 г. налічвалася 42 трактары, у 1958 — 62), колькасць камбайнаў павялічылася ў 6 разоў, прычым, калі ў 1950 г. былі толькі 4 самаходныя камбайны, то ў 1955 г. — ужо 18. У 1955 г. МТС атрымала машыны для квадратна-гнездавой пасадкі бульбы і бульбаўборачныя камбайны, у 1956 г. — яшчэ 12 бульбасаджалак СКГ-4, 14 трактароў МТЗ і ДТ-54. Пабольшала тэхнікі і ў саміх калгасах, якія ў 1954 г. мелі ўжо 22 аўтамашыны. Лунінчане прынялі ўдзел у асваенні цаліны, туды паехалі па камсамольскіх пуцёўках каля 500 чалавек...

Прадукцыя мясцовай вытворчасці была даволі разнастайнай і арыентавалася ў асноўным на мясцовы гандаль. А пакупніцкія магчымасці насельніцтва павялічыліся. Так, у 1956 г. у сярэднім у 1,7 — 3 разы ўзрос у параўнанні з папярэднім продаж хлебабулачных вырабаў, цукру, адзення, мэблі, радыёпрыёмнікаў і матацыклаў. Пашырылася будаўніцтва, як дзяржаўнае, так і індывідуальнае (у 1954 г. у горадзе было пабудавана звыш 300 асабістых дамоў). Дарэчы, сведчаннем павышэння дабрабыту быў і той факт, што за 1954 год сума ўкладаў у 8 ашчадных касах раёна павялічылася ўтрая, а колькасць укладчыкаў узрасла на 340 чалавек. Чыгуначнікі ў 1956 г. пабудавалі дзіцячы сад на Залессі і два 2-павярховыя жылыя дамы па вуліцы Чырвонаармейскай. У 1957 — 1959 гг. быў пабудаваны чыгуначны вакзал, у канцы 50-ых гадоў яшчэ пяць 4-кватэрных і тры 16-кватэрныя. У 1956 г. на Базарнай плошчы быў узведзены 2-павярховы будынак для швейнага і шавецкага цэхаў арцелі "Свабода", які пазней атрымаў назву камбіната бытавога абслугоўвання. У горадзе з'явіліся 20 новых вуліц і завулкаў, у тым ліку Кастрычніцкая, 8 Сакавіка, Новая, Міра, Камсамольская, Матросава. За 1956 г. выраслі 66 новых дамоў, за наступны — 58. У будаўніцтве ўсё шырэй выкарыстоўваліся шлакаблокі. Райцэнтр меў сваю пошту, тэлеграф, радыёвузел, РДК, 5 бібліятэк, друкарню, 29 магазінаў харчовых і прамысловых тавараў, кніжны магазін, 3 прадпрыемствы грамадскага харчавання, 13 ларкоў, 2 закусачныя і 3 буфеты. У 1957 — 1958 гг. быў пабудаваны будынак райкома КПБ. Усяго ў 1946 — 1958 гг. камунгас узвёў у горадзе 22 600 квадратных метраў жылля і іншых пабудоў. Адбудоўваліся і Мікашэвічы, дзе ў канцы 50-ых гадоў выраслі маслазавод, лазня, чайная, вакзал, кінатэатр, бібліятэка, 4-павярховы жылы дом.

Усяго ў Лунінецкім раёне за 1954 — 1957 гг. жыхары 598 дамоў атрымалі кватэры. Шмат новабудоўляў, без якіх сёння цяжка ўявіць горад, з'явіліся ў той час. У канцы 50-ых на Прывакзальнай плошчы адчыніў дзверы чыгуначны клуб. Шэраг вуліц быў пакрыты брукам. Адначасова вялося будаўніцтва СШ № 1, кінатэатра, хлебазавода, 16-кватэрнага дома па вуліцы Савецкай — гэтыя пабудовы ўвайшлі ў дзеянне на мяжы 50-ых і 60-ых гадоў. Па аргнабору лунінецкія будаўнікі працавалі ў Кустанайскай і Архангельскай абласцях, Карэліі, будавалі шахты Пячоры.

З 1956 г. пабольшала скаргаў ад сельскіх жыхароў на старшыняў калгасаў і сельсаветаў на несправядлівую канфіскацыю маёмасці, незаконную абрэзку прысядзібных гаспадарак, неабгрунтаванае абкладанне сельгаспадаткам і г.д. У 1958 г. адбыліся сходы партактыву, дзе выкрывалася дзейнасць "антыпартыйнай групы Молатава—Маленкова—Кагановіча". А неўзабаве было аб'яўлена пра адмену абавязковых паставак сельгаспрадуктаў гаспадаркамі калгаснікаў, рабочых і служачых. З канца 50-ых гадоў узмацнілася антырэлігійная прапаганда. У той жа час пачаўся рух "ударнікаў Камуністычнай працы" — у 1959 г. упершыню адбыўся іх раённы злёт. Першымі званні брыгад Камуністычнай працы атрымалі паравозная брыгада машыніста Пяткова і Кажан-Гарадоцкая малочна-таварная ферма калгаса "Маяк камунізму".

Зразумела, што чалавек жыве не толькі работай, вытворчасцю, 50-ыя гады значна змянілі і сацыяльную сферу. У сярэдзіне 50-ых гадоў медыцынскія ўстановы Лунінеччыны ўключалі раённую і чыгуначную бальніцы ў горадзе, 4 сельскія бальніцы (у Лахве, Бастыні, Чучавічах, Луніне), амбулаторыю, санэпідстанцыю, дзіцячую паліклініку, туберкулёзны і кожна-венералагічны дыспансеры, 5 аптэк, 11 ФАПаў, дзе працавалі 37 урачоў і 155 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу.

З другой паловы 50-ых больш выразна адчувалася імкненне людзей да авалодання перадавымі дасягненнямі навукі і тэхнікі. У 1958 г. у Лунінецкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі была зманціравана ўстаноўка, якая прыняла тэлевізійную перадачу, а ў 1960 г. дэпо набыло для чырвонага кутка тэлевізар. З 1960 г. па ўсім раёне дзейнічала мясцовае радыёвяшчанне.

На верх старонкі



Калгасны рынак на вул. Чырвонай у г. Лунінец. 50-ыя гг.


Першамайская дэманстрацыя ў г. Лунінец. 1953 г.


Вул. Савецкая ў г. Лунінец. 50-ыя гг.


Перакрыжаванне сучасных вуліц Гагарына і Чырвонаармейскай. 50-ыя гг.


Адзін са старых будынкаў у г. Лунінец. 50-ыя гг.