Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

У гады Вялікай Айчыннай

Дзевятнаццаць дзён вайны...

У гісторыі супадзенні адбываюцца значна часцей, чым нам гэта здаецца. Вось і адзіная дата — 10 ліпеня — з розніцай у 3 гады акрэслена для жыхароў Лунінеччыны адначасова чорнай і чырвонай датамі. 10.07.1941 — дзень акупацыі горада нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 10.07.1944 — дзень вызвалення раёна войскамі Чырвонай Арміі і партызанамі.

Вайна... Яна па-рознаму ўварвалася ў жыццё кожнага чалавека. Ужо сцякала крывёю Брэсцкая крэпасць, а на Лунінеччыне яшчэ працягвалася мірная ноч, і толькі раніца прымусіла ўздрыгнуць ад чорнай весткі.

З успамінаў Марыі Іванаўны Шэўчык, жыхаркі в. Любань:

— 22 чэрвеня, як заўсёды, прачнулася рана — трэба было гнаць на пашу кароў. Чую бацькаў ціхі голас да маці: "Збяры гэтыя паперкі і спалі, каб дзеці не бачылі". Я нават не зразумела, аб чым гаворка. Толькі калі выгнала жывёлу на луг, здагадалася: уся трава была накрыта белымі лістоўкамі. Падняла адну, чытаю прыкладна наступнае: Брэст і Мінск знішчаны, Чырвоная Армія разбіта, салдатам прапаноўваюць здацца ў палон і абяцаюць райскае жыццё, а насельніцтву — выдаваць савецкіх актывістаў.

Колькі бачыла гэтых папер — пазбірала. Потым з іх касцёр распаліла зварыла сбе яйкі на снеданне. А калі дамоў вярнулася, то ўсе вяскоўцы ўжо ад радыё не адыходзілі: слухалі паведамленне Масквы.

З успамінаў Ганны Кірылаўны Аляшкевіч, жыхаркі г. Лунінец:

— У тую ноч я з дачкой начавала ў бацькаўскай хаце, таму што маці ляжала ў бальніцы. У пачатку пятага прячнулася: нейкі незвычайны самалётны гул доўга не даваў заснуць, быццам толькі над нашай хатай кружыўся. Раніцай пайшла наведаць маці, а ўсіх хворых выпісваюць з бальніцы. Урачы аб'яўляюць: "На нас напалі немцы. Баі ў Брэсце. Трэба вызваляць бальніцу для параненых, тут будзе шпіталь". Што вайна пачалася — даведалася, але не асэнсавала да канца. Толькі глянула на жахлівыя твары медыкаў — сярод іх шмат яўрэяў было, якія збеглі з Варшавы ў пачатку другой сусветнай вайны. Яны ўжо сутыкаліся з фашыстамі і толькі паўтаралі: "I тут нам не будзе жыцця". Паступова да мяне пачало даходзіць, чым можа абярнуцца вайна.

Праз пару дзён у горадзе загаварылі пра той самалёт, што пужаў у першую ваенную ноч. Чулі, што пілотам на ім была немка. Збілі яе над Жабінкай...

Магчыма, не самыя красамоўныя сведчанні старажылаў аб пачатку вайны. Але да сустрэчы з ёю, як кажуць, твар у твар было яшчэ 18 дзён. Адносная ж арганізаванасць у нашых мясцінах эвакуацыі, якая ў заходніх абласцях была практычна немагчымай з-за хуткага наступлення немцаў, адзначаецца ў дакладной запісцы ЦК КП (б) Беларусі і СНК БССР сакратару ЦК ВКП (б) і старшыні СНК СССР Сталіну ад 22 ліпеня 1941 г. з грыфам "Сакрэтна": "З Пінскай вобласці эвакуіраваны 2 каштоўныя прэсы і ўся дэльтадраўніна з Мікашэвіцкага фанернага завода". (Известия ЦК КПСС. № 8. 1990).

Наступленне немцаў на поўдні Беларусі адбывалася вельмі павольна. Нямецкія генералы баяліся прыпяцкіх балот з іх бездарожжам, дзе магла не прайсці цяжкая тэхніка. Таму ў сваіх планах яны выключылі пойму Прыпяці з ліку напрамкаў актыўнага наступлення. Гэта добра бачна з нямецкіх ваенных карт — галоўныя ўдары накіраваны на поўнач і поўдзень ад так званай "Прыпяцкай вобласці". У свой час і Напалеон не адважыўся рухацца праз Палессе.

Аб тым, што прыпяцкія балоты прыносілі шмат клопатаў і непрыемнасцей нямецкаму камандаванню, сведчаць заўвагі начальніка генеральнага штаба сухапутных войск праціўніка генерал-палкоўніка Ф. Гальдэра. Так, 5 снежня 1940 г. ён запісаў: "Праціўнік павінен быць рассечаны ўдарамі моцных флангавых груповак на поўнач і на поўдзень ад прыпяцкіх балот..." Запіс у лютым 1941 г.: "Прыпяць!", у сакавіку: "Праблемы, што звязаны з прыпяцкімі балотамі..." (Ваенны дзённік. т. 2. М.: Ваенвыдат. 1969). Як бачым, гэты раён непакоіў немцаў.

План нападу на СССР пад кодавай назвай "Дырэктыва № 21. План "Барбароса" быў зацверджаны Гітлерам у снежні 1940 г. Групы армій "Поўнач", "Цэнтр" і "Поўдзень" павінны былі моцнымі танкавымі ўдарамі рассекчы галоўныя сілы Чырвонай Арміі і знішчыць іх у заходніх абласцях. Група армій "Цэнтр" пад камандаваннем фельдмаршала Ф. фон Бока наносіла галоўны ўдар уздоўж шашы Брэст — Мінск, група армій "Поўдзень" — уздоўж шашы Роўна — Кіеў. З'яднаць свае намаганні яны павінны былі на ўсход поймы Прыпяці. Аб шырыні "палескага калідора" паміж дзвюма групамі ў нашай ваеннай літаратуры звестак не знойдзена. Англійскі гісторык Б. Ліддзел Гарт у кнізе "Другая сусветная вайна" зазначае што шырыня гэтай паласы была каля 100 кіламетраў, і "гэты раён застаўся ўбаку ад асноўных напрамкаў нямецкіх войск". Таму і населеныя пункты ў ім былі акупіраваны адносна позна.

Непасрэдна на Брэсцкім напрамку нямецкае камандаванне ўвяло ў дзеянне 4-ую палявую армію фельдмаршала Г. фон Клюге, якой супрацьстаяла 4-ая армія (камандарм генерал-маёр А.А. Карабкоў, начальнік штаба палкоўнік Л.М. Сандалаў), створаная ў жніўні 1939 г. з Бабруйскай армейскай групы. Арміі Клюге была прыдана 2-ая танкавая група генерал-палкоўніка Г. Гудэрыяна. У склад групоўкі ўваходзілі 12 пяхотных, адна кавалерыйская дывізія і тры механізаваныя корпусы — немцы ўтрая пераўзыходзілі нашу 4-ую армію.

У мемуарах генерал-палкоўніка Л.М. Сандалава "Перажытае" (М.: Ваенвыдат, 1961) і "Баявыя дзеянні войск 4-ай арміі Заходняга фронту ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны" (М.: Ваенвыдат, 1961) падрабязна апісаны першыя дні вайны, гераічныя і трагічныя падзеі чэрвеня 1941 г. У пачатку вайны армія складалася са стралковага корпуса, што стаяў ля Брэста, механізаванага корпуса ля Кобрына і асобных часцей і злучэнняў. 22 чэрвеня вораг нанёс па арміі масіраваныя артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары. Ужо ў першы дзень ён захапіў Брэст (акрамя крэпасці і вакзала). Супраць чатырох нашых дывізій першага эшалона немцы кінулі дзесяць. 23 чэрвеня вораг захапіў Кобрын, дзе да вайны знаходзіўся штаб арміі. Контрудар нашых войскаў на Брэст быў няўдалы, 25 чэрвеня немцы ўвайшлі ў Драгічын, 26 — у Ляхавічы, 27 — ў Баранавічы і Слуцк, а 30 — захапілі Ганцавічы. У Пінску ў пачатку вайны сухапутных часцей было няшмат, тут стаялі Пінская ваенная флатытія і авіядывізія. Немцы ўжо ў першыя дні знішчылі большую частку самалётаў дывізіі. У горад адыходзілі асобныя групы байцоў з разбітых злучэнняў... 5 ліпеня вораг захапіў Пінск.

Цяпер спынімся на дзеяннях часцей, што змагаліся на тэрыторыі Пінскай вобласці і маюць дачыненне да Лунінца.

75-ая стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра С.І. Нядзвігіна яшчэ ў 1940 г. была пераведзена з Мазыра ў раён Маларыты (у тым жа годзе адна з часцей дывізіі размяшчалася ў Лунінцы). На поўдзень ад Брэста дывізія ўступіла ў бой з 255-ай і 267-ай пяхотнымі і 1-ай кавалерыйскай дывізіямі 53-га нямецкага армейскага корпуса. У баявым данясенні 4-ай арміі Заходняй асобай ваеннай акругі № 05 ад 22.06.1941 (11.45) сказана, што да 10 гадзін дывізія выйшла ў раён абароны і стрымлівае немцаў на поўдні ад Брэста. Пасля вайны з нямецкіх дакументаў стала вядома, што дывізія не толькі стрымлівала немцаў каля Маларыты, але і неаднаразова контратакавала. Сам Гудэрыян (Успаміны салдата. М.: Ваенвыдат, 1961) прызнаецца ў мемуарах, што немцы не маглі тут рухацца наперад. Вечарам 25 чэрвеня байцы 75-ай і 6-ай стралковых дывізій пры падтрымцы невялікай колькасці артылерыі зноў пачалі контратаку, але з-за няроўнасці сіл поспеху не мелі. У баявым данясенні ад 23 чэрвеня гаворыцца, што "75 с.д. адыходзіла, прыкрываючы Пінскі напрамак". Існуе баявы загад камандуючага арміяй дывізіі, у якім на яе ўскладаецца забеспячэнне Пінскага напрамку і ўказваецца крайні рубеж адыходу — раён Драгічына. Але ўтрымацца на ім гэтая дывізія не здолела. Амаль поўнасцю былі выкарыстаны боепрыпасы, паліва, многія часці трапілі ў акружэнне. Знясіленыя бясконцымі баямі, яны не маглі ўжо біць ворага, як раней. Адчуўшы гэта, немцы да 2 ліпеня перакінулі амаль усе свае войскі з гэтага напрамку на лінію Кобрын — Баранавічы. У гэты ж час у штабе Нядзвігіна стала вядома, што войскі нашага Паўднёва-Заходняга фронту адышлі за раку Стыр. Такім чынам, стык паміж франтамі перамясціўся да Пінска. Таму генерал Нядзвігін адвёў дывізію па лясных дарогах да горада.

У Пінску ён убачыў поўнасцю знясіленыя часці 6-ай стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Папсуй-Шапко і розныя паспешліва створаныя з адыходзячых асобных байцоў і груп атрады. У горадзе панавала паніка. Штаб 10-ай змешанай авіядывізіі з рэшткамі сваіх палкоў па чыгунцы ад'ехалі ў Гомель. Заўчасна былі ўзарваны нафтасховішчы, склады боепрыпасаў, абкам пераехаў у Лунінец. У такой абстаноўцы знясіленыя і не маючыя адзінага камандавання вайсковыя часці толькі нейкім цудам утрымлівалі горад, адбіваючыся ад 53-га армейскага корпуса немцаў. З падыходам нядзвігінскай дывізіі супраціўленне ўзмацнілася, але не на доўгі час. Праз тры дні генерал Нядзвігін данёс камандуючаму: "3 ліпеня аб'яднаў пад сваім камандаваннем усе часці, якія былі ў раёне Пінска, але з-за адсутнасці боепрыпасаў быў вымушаны 5 ліпеня пакінуць горад. Пінская рачная флатылія дайшла да Мазыра". 75-ая дывізія адыходзіла да Лунінца. Туды ж на некалькі дзён выйшла з-пад Бярозы знясіленая і згубіўшая шмат тэхнікі 205-ая матарызаваная дывізія палкоўніка Ф.Ф. Кудзюрава (загінуў у снежні 1941 г.). З баямі адыходзілі да нашага горада і рэшткі 22-ой танкавай дывізіі палкоўніка І.В. Конанава (у канцы вайны — генерал-лейтэнант), які ўзначаліў дывізію пасля гераічнай гібелі яе камандзіра генерал-маёра В.В. Пуганава (23 чэрвеня ля вёскі Імянін, што на паўночны ўсход ад Антопаля, генерал на танку тараніў варожую машыну).

Свой баявы шлях танкісты пачалі 22 чэрвеня з ваеннага гарадка на поўнач ад брэсцкага артпалігона. У першыя тыдні вайны дывізія вяла жорсткія баі ля Жабінкі, Ружан, Кобрына, Слоніма. У 2 кіламетрах ад Ружан, ля шашы на Ваўкавыск, зараз стаіць побач з Курганом Славы танк — тут пахавана 127 чырвонаармейцаў 22-ой і 25-ай танкавых дывізій. Панёсшыя вялікія страты, танкісты ў самым пачатку ліпеня апынуліся побач з Лунінцом. У яго наваколлі давялося кінуць некалькі танкаў.

Да Лунінца адышлі атрад генерал-маёра Дзмітрыева, зводная група намесніка камандзіра 6-ай стралковай дывізіі палкоўніка Ф.А. Асташэнкі (пасля вайны — генерал-лейтэнант Герой Савецкага Саюза), якая абаранялася на ўчастку Кобрын — Пінск стрымліваючы націск кавалерыйскай дывізіі і часцей 12-га армейскага корпуса праціўніка. Да горада выйшла некалькі неарганізаваных груп байцоў з боку Пінска і Баранавіч. Нямецкія танкавыя злучэнні, што рухаліся на Сіняўку, збілі з рубяжа Шчары 55-ую стралковую дывізію, але атака немцаў захлынулася ля чыгункі Баранавічы — Лунінец. Праўда, часці 55-ай с.д., налічваючы ўсяго каля 2 дзесяткаў танкаў і не маючы боепрыпасаў, не змаглі доўга ўтрымліваць гэты рубеж. Частка дывізіі адышла да Лунінца.

Атрымалася, што паміж Лунінцом і Баранавічамі не засталося нашых войск, аб чым было паведамлена ў Маскву:

"Положение на Пинском направлении
Сообщение секретаря Лунинецкого райкома партии Пинской области В.И. Анисимова

Не позднее 30 июня 1941 г.
Лунинец. Брест-Литовской (железной дороги).
У аппарата секретарь райкома партии, член правительства БССР Анисимов.

Докладываю некоторые данные о положении у нас для доклада правительству Союза о положении дел на Пинском направлении.

Сейчас от Дрогнчнна до Лунинца и далее на восток до Житковичей сопротивление противнику оказывают отдельные части, а не какая-то организованная армия. Штаб 4-й армии после бомбардировки его в Кобрине до сих пор не собран, и отдельные части штаба ищут друг друга. Место пребывания командующего армией генерал-майора Коробкова до сих пор неизвестно, никто не руководит расстановкой сил, в результате чего на участке железной дорога Барановичн — Лунинец наших войск нет, Лунинец с севера не прикрыт, и немцы сейчас, проходящие по шоссе от Барановичей на Слуцк, могут беспрепятственно пройти в Лунинец, что может создать мешок для всего Пинского направления. В самом Лунинце гарнизона почти нет. Проведенная в нашем районе мобилизация людей и коней эффекта не дала. Люди скитаются без цели, нет вооружения и снарядов (очевидно, нарядов) на отправку людей. В городе полно командиров и красноармейцев из Бреста, Кобрина, не знающих что им делать, беспрерывно продвигающихся на машинах на восток без всякой команды, так как никакого старшего войскового командира, который мог бы координировать действия войск, нет.

Прибывший вчера в Лунинец генерал-майор артиллерии Дмитриев, находившийся до этого в отпуске, сам, видимо, не зная обстановки и не зная о существовании штаба армии, никаких указаий не дал. Сегодня отправился в Пинск в поисках штаба.

В Пинске сами в панике подорвали артсклады и нефтебазы и объявили, что их бомбами (очевидно, подорвали), а начальник гарнизона и обком партии сбежали к нам в Лунинец, а потом, разобравшись, что это была просто паника, вернулись в Пинск, но боеприпасы, горючее пропали, — и дискредитировали себя в глазах населения.

Шлют самолеты в разобранном виде, а собрать их негде. Их будем возвращать обратно.

Эти факты подрывают доверие населения. Нам показывают какую-то необъяснимую расхлябанность. Все требуют немедленных мер, назначения командующего, создания штаба, значительного усиления вооруженных сил, усиления истребительной авиации, т.к. сейчас бомбардировщики немцев чувствуют себя безнаказанно.

Обращаюсь к вам, потому что и я, и Пинский обком партии с ЦК КПБ...

(Известия ЦК КПСС. № 6. 1990.)

Тут запіс абрываецца. Далей, відаць, былі словы: "связи не имеем".

На дакуменце маецца наступная рэзалюцыя: "Т. Маленкову. Прошу срочно ознакомиться с этой передачей по железнодорожному прямому проводу. Л. Каганович".

Пад Лунінцом апынуўся і 33-і інжынерны полк, які яшчэ 24 чэрвеня штаб Заходняга фронту падначаліў 4-ай арміі, дадаўшы, што "месцазнаходжанне палка невядома". Полк адшукаўся толькі 6 ліпеня. Л.М. Сандалаў зазначае, што войскі захавалі баявы дух. Але іншыя звесткі ў запісцы сакратара Брэсцкага абкама М.Н. Тупіцынаў ЦК ВКП (6) і ЦК КП (б)Б ад 25.06.1941 г. :

"...з першых дзён баявых дзеянняў у часцях 4-ай арміі пачалася паніка. Захопленыя раптоўна камандзіры разгубіліся. Можна было бачыць, як тысячы камандзіраў (ад маёраў і палкоўнікаў да малодшых камандзіраў) і байцоў ратаваліся уцёкамі. Небяспечна тое, што гэта паніка і дэзерцірства не скончыліся да апошняй хвіліны, ваеннае кіраўніцтва не прымае рашучых мер. Работнікі абкама партыі разам з групай пагранічнікаў спрабавалі затрымаць уцекачоў з фронту. На шашы каля Івацэвічаў мы часова спынілі ганебныя ўцёкі... Такім чынам, шмат якія камандзіры і палітработнікі замест арганізацыі эвакуацыі ў паніцы беглі з горада, у першую чаргу ратуючы свае сем'і, а чырвонаармейскія часці таксама ўцякалі".

(Известия ЦК КПСС. № 6. 1990)

У 2-ім томе мемуараў Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава " Успаміны і разважанні..." (М.: в-ва АПН, 1975) адзначаецца, што ў першыя дні вайны камандаванне Заходняга фронту, не кажучы ўжо аб Стаўцы Галоўнага Камандавання ў Маскве, мела няшмат звестак пра падзеі ў прыгранічных раёнах. Тым не менш яно ўвесь час імкнулася навесці парадак у кіраванні вайсковымі злучэннямі, аб'яднаць іх. 26 чэрвеня 1941 г. немцы падышлі да Мінска і пачалі баі за горад. 27 чэрвеня раніцай начальнік Генеральнага штаба Г.К. Жукаў звязаўся з начальнікам штаба Заходняга фронту В.Е. Клімоўскіх і прадыктаваў яму загад Стаўкі. Трэба было тэрмінова наладзіць сувязь з усімі часцямі і злучэннямі, паставіць перад імі дакладныя баявыя задачы. Войскам фронту даручалася з баямі адыходзіць на Полацк і Бабруйск. Адзін з пунктаў загада быў такі: "Конніцу адвесці ў пінскія лясы, абапіраючыся на Пінск і Лунінец, пачаць самыя смелыя і шырокія нападзенні на тылы часцей і самі часці ворага. Асобныя невялікія групы конніцы пад камандаваннем адданых і мужных камандзіраў пастаўце на ўсіх дарогах".

Такім чынам, наша камандаванне разлічвала з Прыпяцкага Палесся нанесці ўдары ў фланг немцаў, якія наступалі паўночней. Як гэта магло быць магчыма? Перад вайной у Беларусі ў складзе 10-ай арміі знаходзіўся 6-ы кавалерыйскі корпус. Месцам яго дыслакацыі была Беласточчына. У самыя першыя дні вайны кавалерысты разам з танкавымі злучэннямі вялі цяжкія баі ў раёне Гродна і панеслі вялікія страты. Загінуў і камандзір корпуса генерал-маёр І.С. Нікіцін.

Падзеі склаліся так, што стварыць абарону на Палессі нашы часці не здолелі. Фактычна гэты пункт загада быў нерэальным, што само па сабе дакладна характаразуе складаную і жорсткую абстаноўку, якая ўтварылася у раёне.

Адыходзячы ад Лунінца, байцы мелі асабістую зброю, кулямёты, але не мелі боепрыпасаў. З-за адсутнасці паліва ўздоўж дарог было пакінута шмат тэхнікі: гарматаў, трактароў, браневікоў.

Харчаваліся байцы за кошт насельніцтва, харчовых запасаў розных прадуктовых баз, часткова ўжо разрабаваных або спаленых. У Лунінцы ў кастрычніку 1939 г. былі створаны аптовая база Белкаапсаюза і некалькі складоў з соллю, газай, запалкамі, тытунём і харчовымі таварамі. База знаходзілася побач з чыгункай каля Баханова. Прыкладна 26 — 28 чэрвеня гэтая вялізная драўляная пабудова барачнага тыпу на сваях была падпалена. Амаль усе прадукты былі знішчаны, толькі нязначная частка іх трапіла да насельніцтва і байцоў. Уласна ж армейскіх складоў у Лунінцы не было.

Л.М. Сандалаў піша: "Заданне штаба фронту па тылу аб падачы для 4-ай арміі паліва, боепрыпасаў і прадуктаў харчавання на станцыі Лунінец засталося невыкананым. Калі б нават фронт і выканаў яго, забеспячэнне арміі не палепшылася б, таму што армія не здолела падвезці гэтыя матэрыялы войскам: аўтатранспарту не было ні ў стралковых дывізіях, ні ў армейскіх тылах, а машыны, якія былі перад вайной, спаліла нямецкая авіяцыя. Параненых трэба было эвакуіраваць праз звычайныя бальніцы ці пакідаць пад наглядам мясцовых жыхароў".

Адзінае, чаго хапала ў адыходзячых часцях, — гэта жывой сілы. Часці папаўняліся за кошт далучэння невялікіх груп і асобных байцоў. Дывізія Кудзюрава на падыходзе да Лунінца налічвала звыш 5000 чалавек, зводны атрад Конанава меў каля 1000 чалавек, а атрады Асташэнкі і Дзмітрыева — па 700 — 800. Колькасць жа байцоў у асобных групах ніхто не падлічваў. Да гэтага часу ў самім горадзе сабралася шмат вайскоўцаў, што адсталі, не даехалі да сваіх часцей, збеглі з фронту і т.д., аб чым і паведамляў у Маскву сакратар райкама партыі.

Камандуючы артылерыяй 4-ай арміі генерал-маёр Дзмітрыеў трапіў у Лунінец у пошуках штаба арміі. Вось што аб гэтым піша Сандалаў: "У Бабруйску да нас далучыўся (гэта адбылося пасля 27 чэрвеня, таму што камандны пункт арміі размясціўся ў гэтым горадзе ў другой палове дня) камандуючы артылерыяй генерал-маёр М.П. Дзмітрыеў. Вайна сустрэла яго ў Маскве. Ен выехаў адтуль у ноч на 23 чэрвеня і ўвесь гэты час блукаў у пошуках кіраўніцтва арміі, пераязджаючы з аднаго месца ў другое то па чыгунцы, то на аўтамашынах, то на вазах. Дзмітрыеў адразу ж уключыўся ў работы па арганізацыі абароны. Вялікую яго ролю і ў падрыхтоўцы артылерыйскіх пазіцый і забеспячэнні войскаў боепрыпасамі цяжка перабольшыць".

Такім чынам, Сандалаў і Анісімаў па-рознаму ацэньваюць дзеянні Дзмітрыева. Відавочна, генерал, трапіўшы з адпачынку ў сумятню першых дзён вайны, наўрад ці мог даць нейкія загады лунінецкім партыйным уладам. Дарэчы, Міхаіл Пятровіч Дзмітрыеў (1898 — 1984) пачаў службу яшчэ ў царскай арміі, дзе атрымаў чын унтэр-афіцэра і Георгіеўскі крыж. У пяці войнах удзельнічаў ён і пяць ран атрымаў. У Вялікую Айчынную камандаваў артылерыяй шэрага франтоў, стаў генерал-палкоўнікам...

Адыходзячыя з Лунінца войскі вялікімі і малымі групамі рухаліся па лахвенскай дарозе на Мікашэвічы і далей на ўсход. У сярэдзіне ліпеня яны ўжо прымалі ўдзел у баях пад Рагачовам, Прапойскам (сучасны Слаўгарад), Мсціславам. Дывізія Нядзвігіна перамясцілася да Мазыра, дзе стаяла да 1940 г. У пачатку ліпеня Заходні фронт узначаліў маршал С.К. Цімашэнка. Ён загадаў генералу Карабкову перадаць частку злучэнняў у склад 21-ай арміі. Камандуючы 4-ай арміяй генерал-маёр Аляксандр Андрэевіч Карабкоў (1897 — 1941) 9 ліпеня 1941 г. быў арыштаваны (як і камандуючы Заходнім фронтам Паўлаў і іншыя генералы) і неўзабаве расстраляны. У 1957 г. рэабілітаваны.

У пачатку ліпеня 41-га Лунінец быў апошняй буйной чыгуначнай станцыяй, куды яшчэ даходзілі цягнікі з Гомеля, апошнім буйным населеным пунктам на шляху адыходзячых з Пінска і Баранавіч часцей, апошняй надзеяй для параненых быць адпраўленымі па чыгунцы ў тыл, для бежанцаў, што сабраліся на станцыі, для асобных байцоў і камандзіраў, што імкнуліся па розных прычынах хутчэй паехаць далей ад надыходзячага фронту. Няма дакладных звестак, колькі эшалонаў дайшло да Лунінца ў тыя неспакойныя дні, вывозячы параненых, эвакуіраваных, вайсковую тэхніку. Няма звестак, ці ўсе эшалоны здолелі дасягнуць канчатковага пункта ў тыле.

...Першыя бамбардзіроўкі і першыя забітыя, паніка, няўпэўненасць, пажары, доўгія чэргі і натоўпы ля магазінаў, эвакуацыя (уцёкі) гарадскіх улад з сем'ямі, рух праз горад адыходзячых, эшалоны з тэхнікай і параненымі, што ішлі на ўсход, разгубленасць, няведанне таго, што будзе заўтра, плёткі (адна за другую змрачнейшыя і неверагоднейшыя!), праўда і хлусня аб становішчы на фронце...

Адыходзілі апошнія цягнікі, праязджалі праз Лунінец апошнія аўтамашыны. I настаў дзень, калі ўвесь рух спыніўся, калі горад апусцеў, зніклі ваенныя і грамадзянскія ўлады і настала безуладдзе. Людзі не выходзілі з дамоў, але знайшліся і тыя, хто праявіў значную актыўнасць — пачаліся рабаванні магазінаў і складоў. Часам з боку Вулькі-1 на Чырвоную вуліцу прыходзілі групы па 4 — 6 байцоў, сярод іх былі і параненыя. Аблепленыя пылам, стомленыя доўгім шляхам пад спякотным сонцам, яны прасілі піць і есці. Потым ішлі да сваіх, на ўсход. Не заўсёды гэтыя групы мелі зброю.

А потым настаў дзень — 10 ліпеня, калі ў горад заехала група немцаў у трусах на веласіпедах. Не зрабіўшы ніводнага выстралу, яны размясціліся на траўцы каля калодзежа на перакрыжаванні вуліц Чырвонай, 17 Верасня і Старасельскай, накіраваўшы на Старасельскую кулямёт. Натоўп хлапчукоў назіраў за рагочучымі немцамі, якія абліваліся халоднаю вадою. I толькі на наступны дзень раніцаю з боку Пінска на Чырвоную вуліцу шэрай пыльнай стужкай запаўзла калона танкаў, машын, матацыклаў, пешых і конных салдат, фурманак. Частка яе, абцякаючы горад, рушыла на Лахву, частка ўвайшла ў Лунінец па сучаснай вуліцы Гагарына. З адчыненых танкавых люкаў выглядалі танкісты без шлемаў. Афіцэры ехалі ў адкрытых лімузінах і невялікіх ваенных машынах, накрытых сцяГамі са свастыкай (апазнавальны знак для сваей авіяцыі). Паклаўшы рукі на аўтаматы, з закасанымі рукавамі крочылі па лунінецкаму бруку салдаты вермахта. Калі калона спынілася, салдаты пабеглі па дварах у пошуках здабычы. Некалькі дзён рухаліся немцы праз горад пад позіркамі жыхароў з вокнаў і з-за варотаў.

...Ішоў дзевятнаццаты дзень вайны, якую назвалі Вялікай Айчыннай. I хаця ў канцы ліпеня, як сведчыць Я.С. Паўлаў у кнізе "У суровым сорак першым" (Мн.: Беларусь, 1985), "у Мікашэвічах савецкі самалёт у час бамбардзіроўкі скапленняў варожых войскаў адначасова скінуў і лістоўкі" якія пачалі падбіраць насельніцтва і нават нямецкія салдаты, нягледзячы на катэгарычную забарону афіцэраў, гэта не магло паўплываць на развіццё падзей. Людзей чакалі тры жудасныя гады — 1095 дзён акуііацыі.

Вадзім Жылко, Леў Коласаў

На верх старонкі