Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Музычная школа

Лунінецкая дзіцячая музычная школа адкрылася ў 1953 г. Навучанне вялося па класу баяна, акардэона, фартэпіяна. Прафесійны ўзровень выкладання значна вырас пры кіраўніцтве ДМШ Аляксандрам Іванавічам Варапаевым. 10 гадоў працаваў ён дырэктарам, вось ужо 32 гады з'яўляецца выкладчыкам па класу баяна.

16 гадоў дырэктарстваваў Міхаіл Іванавіч Манцэвіч. Ен значна пашырыў класы струнных інструментаў: домры, балалайкі, цымбалаў, скрыпкі, стварыў вучнёўскі і педагагічны ансамблі народных інструментаў, сам ужо 22 гады працуе выкладчыкам па класу баяна. Па 30 гадоў аддалі школе яго калега Яўген Якаўлевіч Куфайкін, самадзейны кампазітар, чые музычныя творы пастаянна знаходзяцца ў праграмным рэпертуары, і завуч школы Барыс Іванавіч Шчур, якому належыць вялікая роля ва ўдасканаленні ўзроўню выкладання сальфеджыо, музычнай літаратуры, харавога класа.

За 40 гадоў музычную школу закончылі 683 вучні, 172 з іх атрымалі вышэйшую і сярэднюю музычную адукацыю, 19 — вучацца ў музычных вышэйшых установах. Сярод выкладчыкаў 22 чалавекі атрымалі пуцёўку ў жыццё са сцен роднай музычнай школы. 32 гады працуе тут Людміла Васільеўна Трухановіч — першая вучаніца школы па класу фартэпіяна. Выпускніца Мінскай кансерваторыі Валянціна Іванаўна Савінкіна 17 гадоў прафесіянальна кіруе фартэпіянным аддзяленнем, творча падыходзіць да канцэртных выступленняў, з'яўляецца дыпламантам Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці і рэспубліканскага агляду-конкурсу метадычнай і творчай работы выкладчыкаў музычных школ.

Больш чым па 20 гадоў працуюць у роднай школе Людміла Васільеўна Кіслянкова, Таццяна Георгіеўна Канапацкая (іх выпускнікі Анжэла Барысаўна Іванова, Галіна Іванаўна Яскевіч, Таццяна Анатольеўна Куляшова таксама сталі выкладчыкамі Лунінецкай ДМШ), Ірына Аляксандраўна Барысава, Людміла Мікалаеўна Арашкевіч — цяперашні дырэктар школы, высокапрафесійны выкладчык тэарэтычных дысцыплін, дыпламант рэспубліканскіх музычных алімпіяд, здольны арганізатар і захоплены чалавек. Крыху менш стаж у Алены Георгіеўны Кавалевіч, загадчыцы струннага аддзялення, выкладчыка-канцэртмайстра Наталлі Іванаўны Мурко — гонару школы і раёна, сапраўднага лунінецкага "салаўя", лаўрэата Усесаюзнага конкурсу самадзейнай мастацкай творчасці.