Любімае месца адпачынку лунінчан — вадаём Вір.
50-ыя гг.


Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Культура

Адначасова з аднаўленнем разбураных вайной сельскай гаспадаркі і прамысловасці вялося будаўніцтва аб'ектаў культуры. Ужо ў 1948 г. у раёне дзейнічалі 19 хат-чытальняў, 3 Дамы сацкультуры, 2 клубы са стацыянарнымі кінаўстаноўкамі, раённая і 2 сельскія бібліятэкі, 5 бібліятэк у гарадскіх арганізацыях з агульным фондам 25000 кніг. Ствараліся калектывы мастацкай самадзейнасці, для вяскоўцаў ставіліся канцэрты і чыталіся лекцыі. У 1949 г. у гарадскім скверы быў узведзены помнік У.І. Леніну, які стаіць і цяпер. У 50-ыя гг. пабудаваны сельскія клубы з бібліятэкамі ў вёсках Барсукова, Перунова, Сітніца, Бараўцы, тыпавыя ўстановы культуры ў вёсках Бастынь і Язвінкі. У Лунінцы ў будынку былога касцёла размясціўся раённы Дом культуры. Аматараў кіно абслугоўвалі 2 стацыянарныя і 10 перасоўных установак. Самадзейнасць прадстаўлялі 9 харавых, 16 драматычных і танцавальны калектывы.

У 60-ыя гг. умацоўвалася матэрыяльная база кулыуры. Былі пабудаваны дамы культуры ў вёсках Багданаўка, Велута, Дварэц, Лунін, Кажан-Гарадок, Запроссе, Ракітна, клубы — у вёсках Купаўцы, Моршчынавічы, пры іх адкрываліся бібліятэкі. У культрабоце выкарыстоўваліся насценныя і светлавыя газеты. У Лунінцы на базе краязнаўчага кутка СШ № 2, створанага выкладчыкамі гісторыі. Г. А. Вайндрахам і З. С. Разанавай, у кастрычніку 1959 г. у РДК адкрылася экспазіцыя краязнаўчага музея з 2 раздзелаў: гістарычнага мінулага і сацыялістычнага будаўніцтва (гл. артыкул "Музеі "). Любімым народным гуляннем лунінчан былі "маёўкі" на Дзень чыгуначніка. Па выхадных гараджане выязджалі на Белае возера, але часцей — на Прыпяць (чыгуначнікі мелі для гэтага ўласны матавоз з вагонам). Лунінец тады часцей наведвалі гастрольныя калектывы. Надоўга запомнілася лунінчанам выступленне ў 1958 г. ансамбля песні і пляскі Беларускай ваеннай акругі. Але і самадзейныя артысты імкнуліся да сапраўднага прафесіяналізму ў сваёй творчасці. Калектыў Лахвенскага СДК паставіў оперу Лысенкі "Наталка-Палтаўка".

Культурная работа, зразумела, была ў значнай ступені ідэалагізавана, але "адліга" пасля XX з'езда КПСС адбівалася і тут. 57 культасветустаноў, сярод якіх было 5 СДК і 33 клубы, выкарыстоўвалі самыя сучасныя на той час формы работы — народныя універсітэты. Працавалі 28 кінаўстановак, дзейнічалі 16 бібліятэк з 223 тысячамі кніг. У Лунінецкай музычнай школе, адкрытай у 1953 г. (гл. артыкул "Музычная школа"), займаліся 10 навучэнцаў. За 1965 г. калектывы мастацкай самадзейнасці, якіх налічвалася 105, паставілі амаль 300 канцэртаў і 14 спектакляў. Праводзіліся вечары пытанняў і адказаў, лекцыі і дыспуты, вялася актыўная атэістычная прапаганда. Сярод вечароў-сустрэч нельга не адзначыць прыезд абаронцы Брэсцкай крэпасці Пятра Міхайлавіча Гаўрылава, выступленні ў РДК паэтаў Ніла Гілевіча, Петруся Макаля, Анатоля Вярцінскага. Наведваў раён і вагон-клуб Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Лунінецкія самадзейныя артысты прымалі ўдзел у Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.

У 70-ыя гг. адкрыліся новыя ДК у вёсках Любачын, Вулька 1 і 2, Красная Воля, Дрэбск, Рэдзігерава, Сінкевічы, Цна, у пасёлку Палескім, клуб у в. Сітніцкі Двор. У 1975 г. колькасць культустаноў стала вымярацца лічбай 100. Бібліятэкі налічвалі паўмільёна кніг. Жыхары горада і раёна любілі кіно: штогод адзначалася каля 1,25 мільёна гледачоў. Сярод 215 гурткоў мастацкай самадзейнасці і народнай творчасці былі калектывы харавыя, харэаграфічныя, музычныя, драматычныя, кіна- і фотааматарскія.

80-ыя гг. таксама вызначаліся будаўніцтвам новых культасветустаноў. СДК адкрылі дзверы ў вёсках Дзятлавічы, Лахва, Вялікія Чучавічы, Лобча, Міжлессе, клубы — у вёсках Града, Бродніца, Палац культуры — у р.п. Мікашэвічы. За лепшую пастаноўку работы культурна-асветных устаноў па выніках 1982 г. аддзел культуры райвыканкама на чале з яго загадчыцай Галінай Барысаўнай Мар'інай быў узнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам Савета Міністраў БССР і Белсаўпрофа. У 1981 г. работнікі культуры раёна атрымалі Чырвоны Сцяг аблвыканкама і абласнога камітэта прафсаюзаў, у 1983 г. — Міністэрства культуры і рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, у 1985 г. — ганаровы дыплом гэтых устаноў.

Традыцыйнымі ў культурным жыцці раёна сталі дні народнай творчасці. На раённым свяце працы і песні ў маі 1983 г. выступіў ансамбль Белдзяржфілармоніі "Харошкі" (ён гастраляваў у Лунінцы і ў 1975 г.).

У агульным поспеху вялікі ўклад многіх культработнікаў. Асабліва трэба адзначыць ветэранаў: дырэктара Любанскага ЦСДК Міхаіла Сцяпанавіча Яраховіча, які працуе на гэтай пасадзе з 1959 г., дырэктара Дварэцкага ЦСДК Васіля Барысавіча Коўшыка, загадчыцу Лахвенскай сельскай бібліятэкі Соф'ю Уладзіміраўну Вішнявецкую, якая прыступіла да работы ў 1953 г. і хутка дасягнула прафесіянальных вышынь — на працягу дзесяцігоддзяў гэта бібліятэка з'яўлялася школай перадавога вопыту па распаўсюджванню сельскагаспадарчых ведаў, загадчыцу Лабчанскай сельскай бібліятэкі Еву Васільеўну Якавец — улюбёную ў сваю справу, добразычлівую і прывабную жанчыну, работнікаў Дзятлавіцкай СБ — Таццяну Міхайлаўну Галаўко і Валянціну Сцяпанаўну Чарнавокую. Гэта менавіта яны і іншыя лунінецкія культработнікі запісвалі старажытныя абрады, ставілі іх у фальклорных гуртах, заахвочвалі і падтрымлівалі аматараў народнай творчасці. Многіх прадстаўнікоў самадзейнай творчасці Лунінецкага раёна ведаюць далёка за межамі рэспублікі (гл. артыкул "Стваральнікі прыгожага").

Дастойная змена ветэранам — маладыя здольныя культарганізагары: дырэктары Дзятлавіцкага ЦСДК Алена Дзянісаўна Яскевіч і Вулькаўскага 1 СДК Вольга Фёдараўна Дударга.

Нягледзячы на цяжкасці, культработнікі раёна захавалі амаль на адным узроўні колькасць устаноў культуры. Гурткоў мастацкай самадзейнасці за апошнія гады стала больш — іх колькасць павялічылася з 246 да 259. Практычна ў кожным населеным пункце ёсць свае фальклорныя калектывы — у 1992 г. іх налічвалася 37. Значна пабольшала народных калектываў, што таксама сведчыць аб плённай працы мясцовых культработнікаў-энтузіястаў: у 1985 г. былі 3 такія калектывы, у 1987 г. — 6, у 1992г. — 9, у 1993 г. — 12 (гл. артыкул "Народныя калектывы").

На Лунінеччыне зараз працуюць звыш 300 народных майстроў, якія займаюцца ткацтвам, вышыўкай, вязаннем, разьбой па дрэве, вырабам мэблі і прадметаў побыту, пляценнем з лазы, шмат ёсць самадзейных мастакоў. У 1991 г. створаны клуб "Лунінецкія майстры". Сярод найбольш вядомых — народныя майстрыхі Людміла Аляксандраўна Агафонкіна, Варвара Кузьмінічна Вехава, мастакі Аляксандр Мацвеевіч Стасюк, Таццяна Сцяпанаўна Нікалаевіч, Мікалай Міхайлавіч Кіслоў, Анатоль Фёдаравіч Кільдышаў, Мікалай Іванавіч Яраховіч (ён займаецца пляценнем і вырабам дудак). Лаўрэатам многіх выстаў і фестываляў з'яўляўся разьбяр па дрэве Сцяпан Раманавіч Дунец.

Вялікая роля надаецца музычнаму выхаванню дзяцей. Да Лунінецкай музычнай школы дабавіліся Мікашэвіцкая (у 1969 г.) і Палеская (у 1975 г.), а ў сярэдзіне 80-ых гг. адкрыліся шэраг вясковых музычных школ у Кажан-Гарадку, Дварцы, Луніне, Дзятлавічах, Лобчы, Вульцы 1, Краснай Волі, Вялікіх Чучавічах.

У добрую традыцыю ў раёне ўвайшло адзначаць святы песні і працы. Нельга абмінуць і ўрачыстае правядзенне залатых і сярэбраных вяселляў, рэгістрацыю шлюбаў. Усё больш набываюць папулярнасць святы вёсак, фальклору, ушанаванні працоўных дынастый і працаўнікоў вясковых прафесій (напрыклад, "Першая баразна", "Зажынкі", "Клуб даярак чатырохтысячніц"). У жніўні 1989 г. у Лунінцы адбылося свята ў гонар Дня паветранага флоту, у наступным годзе (пры ўдзеле мінскіх артыстаў) — юбілей Дзяржстраху.

Пачатак складаных 90-ых не адбіўся адмоўна на культуры. Пабудаваны новыя клубы ў вёсках Малыя Чучавічы, Лугі, Чэрабасава. Адкрыты школы народнай творчасці ў Кажан-Гарадку, Вульцы 1 і Міжлессі. Традыцыйнымі сталі правядзенні літаратурных свят у памяць вялікага рускага паэта Аляксандра Блока і яго даследчыка, нашага земляка Міколы Калінковіча, Каласавіны ў гонар Якуба Коласа, дні памінання мірных ахвяр вайны, дабрачынныя вечары на карысць пацярпеўшых ад фашызму (гл. артыкул "Памяць — не толькі кніга").




Фінальная сцэна з оперы "Наталка-Палтаўка" ў пастаноўцы
Лахвенскага СДК. 1960 г.


Мемарыяльная дошка на будынку чыгуначнага вакзкла ў памяць аб людзях, якія наведвалі Лунінеччыну.
Адкрыта ў 1993 г.