Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Прамысловасць

Актыўна ўключыліся ў аднаўленне народнай гаспадаркі прамысловыя прадпрыемствы горада і раёна. Да 1 лістапада 1947 г. быў выкананы гадавы план па рамонту паравозаў у дэпо. Чыгунцы не хапала кадраў. Жанчыны працавалі машыністамі (як, напрыклад, Ірына Аляксандраўна Азеева) і нават качагарамі на паравозах. Створаная школа фабрычна-заводскага навучання № 37 невыпадкова была з чыгуначным ухілам: праз год вузел атрымаў 36 паравозных качагараў, 58 слесараў, 26 сталяроў. Другая школа ФЗН — № 74 рыхтавала будаўнікоў. У 1948 г. было пабудавана новае паравознае дэпо замест разбуранага ў час вайны. Чыгуначны вузел лічыўся адным з лепшых па Брэст-Літоўскай дарозе. На той час тут працавалі 76 машыністаў-"лунінцаў" і 12 "казанцаў", названых так па імёнах вядомых усёй краіне чыгуначнікаў-стаханаўцаў. Сярод перадавікоў вызначаліся машыністы Сопаў, Рухадзе, токары Рыхцер, Саўрас. Брыгада машыніста Белашэева 3 месяцы запар утрымлівала першынство па ўсёй сетцы чыгунак, каваль Ермантовіч і электразваршчык Паўлюкавец выканалі за год 6 гадавых норм, слесары Рулінскі і Гец, токары Салавей і Жыгала — па 5,5.

У сярэдзіне 50-ых гг. лунінецкія паравознікі прымалі ўдзел у руху за ваджэнне цяжкавагавых саставаў. Яго ініцыятары машыністы Усевалад Лагуценка, Людвіг Хілюкоў, Яўген Рыхцер, Анатоль Пятакоў у 1955 г. былі адзначаны саюзным міністэрствам.

Разам з "вялікай" чыгункай існавала і Люшчанская вузкакалейка, якой належала значная роля ў вывазе нарыхтаванай драўніны.

Стабільна і зладжана працаваў калектыў чыгуначнага вузла і ў 60-ыя гг. На паравозах сталі ставіць апараты з вугле-мазутным палівам. Раней нафтавыя ліхтары асвятлялі стрэлачныя пераводы — цяпер іх замяніла электрычнасць — з пультам-табло і станцыйна-рэлейнай блакіроўкай. Сярэдняя вага поезда павялічылася за пасляваенны час на 504 т, хуткасць узрасла з 40 да 80 — 100 км у гадзіну, колькасць працуючых зменшылася з 950 да 440 чалавек. Калі ў 1944 г. на станцыі не было ніводнага інжынера ці тэхніка, а ў дэпо — усяго 10, то ў 1964 г. іх працавала адпаведна 15 і 31. Усе чыгуначныя масты былі з жалезабетону ці металу (у 1945 г. — толькі 20 працэнтаў). Усё больш паравозаў пераводзілі на вадкае паліва, а па яго эканоміі лунінецкія чыгуначнікі занялі першае месца па чыгунцы. Было перавезена звыш нормы 350 тыс. т грузаў. Узрастала колькасць цеплавозаў, якія замянялі традыцыйныя паравозы.

Стабільнасць характарызавала работу транспарту ў 70 — 80-ыя гг.: у 1977 г. перавезена 1067 тыс. т звышпланавых грузаў, толькі за першую палову 1981-га — столькі ж, праведзена 2250 цяжкавагавых саставаў.

Райаграпрамкамбінат (РПК) заснаваны 20.07.1944 г. У канцы 40-ых гг. тут стварылі 7 новых цэхаў, у тым ліку колавы, хімічны, маслабойны, 4 кавальні, было выраблена тавараў народнага спажывання на суму звыш мільёна рублёў. РПК выпускаў павозкі, гонту, хлебабулачныя вырабы, безалкагольныя напіткі і сокі, арцель "Свабода" — каля 20 відаў вырабаў, у тым ліку хлеб, каўбасы, газіраваную ваду, бочкатару. Працавалі кандытарскі, дрэваапрацоўчы, сталярны і мэблевы цэхі. Шавецкія і кравецкія майстэрні арцелі "Прамень" аказвалі бытавыя паслугі насельніцтву. Калі ў 60-ыя гг. узрасла патрэбнасць у будаўнічых матэрыялах, РПК стварыў шлака-блочны цэх, у Чучавічах пабудавалі невялікі цагельны завод.

Лунінецкі камбінат бытавога абслугоўвання вылучыўся з РПК 20.08.1965 г. Літаральна за некалькі гадоў аб'ём бытавых паслуг павялічыўся амаль у 2 разы. У канцы 50-ых гг. у горадзе і раёне дзейнічалі 23 прадпрыемствы сферы быту, у 60-ыя — амаль 50. Навінкай стаў перасоўны КБА — аўтафургон з шавецкай і кравецкай майстэрнямі, цырульняй.

Цяпер КБА уключае 2 Дамы быту ў Лунінцы з трыкатажным і швейным атэлье, цырульняй, фотамайстэрняй, эксперыментальнымі лабараторыямі, абутковай майстэрняй, пунктам пракату, прадзільным цэхам і Бастынскі лесацэх. Раней на ўсіх цэнтральных сядзібах гаспадарак існавалі комплексныя прыёмныя пункты, але яны паступова зачыняюцца — эканамічны крызіс. У 1991 г. калектыў КБА складаў 412 чалавек, з якіх 359 працавалі ва ўмовах арэнды.

Хлебазавод вылучыўся з РПК 6.08.1966 г.

Дрэваапрацоўчы камбінат стаў самастойнай структурай 10.02.1976 г. У склад ДАКа ўваходзіць Лунінскі лесазавод. Яго прадукцыя вельмі карысная для людзей. Раней выпускаліся льноцерабілкі, дошкі пральныя, раздзелачныя, каромыслы, сані-палазы, брычкі, бочкі заліўныя, граблі, кассё для кос, чаранкі для рыдлёвак, бульбамялкі, вазы параконныя. Функцыяніравалі ў складзе камбіната і два заводы: па вытворчасці льнянога і канаплянага масла (перастаў дзейнічаць, калі спынілі сеяць лён) і мукамольны — яго потым перавялі ў калгас і цяпер выкарыстоўваюць толькі для вытворчасці жывёлагадоўчага корму.

Асноўная сыравіна — сасна, альха, бяроза, дуб, ясень, елка і іншая драўніна. Адходы — кара, абрэзкі, апілкі ідуць на патрэбы кацельнай, якая абагравае сушыльны цэх. Працуюць тут яшчэ бандарны, санны, тарны, піларамны, кавальскі цэхі. Асноўная прадукцыя: сані простыя, тара для харчовых прадуктаў, нарыхтоўка паркету — фрэза, бандарны посуд рознай ёмістасці. Акрамя рэспублікі, вырабы пастаўляюцца на Украіну, у Малдавію, краіны Прыбалтыкі, Кубу. У калектыве працуе 70 чалавек, палова з іх — жанчыны.

Рыбгас "Лахва" створаны ў 1951 г.

Лесгас. Пасля вайны адным з відаў яго дзейнасці быў збор жалудоў для лесаахоўных станцый стэпавых раёнаў. Вясной 1955 г. было высаджана 510 га лесу.

Аўтапрадпрыемства № 10 (АП-10). У сакавіку 1958 г. была створана аўтакалона з аўтобуснага парка (сярод першых былі адкрыты рэйсы на Гаўрыльчыцы і Красную Волю) і грузатаксі. За першую палову 1959 г. аўтакалона перавезла 356 тыс. пасажыраў і 135 тыс. т грузаў. Пазней яна была пераўтворана ў аўтабазу № 10.

ВА "Лунінецлес". У сярэдзіне 50-ых гг. леспрамгас пачаў атрымліваць новыя тралёвачныя трактары і лесавозныя аўтамабілі для нарыхтоўкі лесу. У 60-ыя гг. драўніна з Лунінеччыны паступала на папяровыя фабрыкі Аўстрыі, Венгрыі, Латвіі, шахты Данбаса, Пінскі фанерна-запалкавы камбінат, мэблевыя фабрыкі Рэчыцы і Мастоў.

Райаграпрамтэхніка. Створана ў 1961 г. на базе РТМС.

Завод "Палімер". У в. Сінкевічы існаваў гароднінасушыльны завод, на якім, напрыклад, у 1961 г. штодзённа выраблялі 3500 слоікаў грыбоў, агуркоў, варэння, джэму. На яго базе 5.06.1970 быў створаны цэх па перапрацоўцы пластычных мас ад Явароўскага завода "Металапластмас" Львоўскай вобласці. Калектыў у 25 чалавек выпускаў віна-каньячную пробку, мяшкі-ўкладышы з поліэтыленава-цэлафанавай плёнкі. З мая 1972 г. прадпрыемства перайменавана ў Сінкевіцкі завод пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў "Палімер". Да відаў прадукцыі дабавіўся выпуск каўбаснай абалонкі. У калектыве працуе 108 чалавек.

Завод масла і сухога абястлушчанага малака. Узведзены ў канцы 60-ых на ўскрайку Лунінца.

Завод "Палесэлектрамаш" (былы завод электрарухавікоў). З восені 1972 г. пачалося будаўніцтва Лунінецкага завода электрарухавікоў. У першую чаргу БУ-62 узвяло галоўны вытворчы корпус са зборачным, штамповачным, нарыхтоўча-абмотачным цэхамі і кацельняй. У абсталяванні цэхаў прымалі ўдзел спецыялісты з розных куткоў СССР, Венгрыі і ГДР. 25 снежня 1975 г. была здадзена першая чарга завода магутнасцю 107 тыс. электрарухавікоў у год. У 1976 г. тры мадыфікацыі рухавікоў атрымалі дзяржаўны Знак якасці. У 1975 — 1985 гг. завод выпусціў звыш 3 мільёнаў электрарухавікоў, а да 1990 г. — яшчэ каля 2,5 мільёна. 8 верасня 1978 г. пачаў працаваць чыгуналіцейны цэх, у 1984 г. — цэх каляровага ліцця ў корпусе магнітаправодаў. З 1983 г. завод выпускае тавары народнага ўжытку — электраканфоркі, з 1984 г. — генератары. Існуе тут участак вырабу пластмасавых дэталяў і гальванапакрыццяў. У 1980 г. агульны прыбытак склаў 1986 тыс. руб., у 1990 г. — 4800 тыс. руб.

Адначасова з павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці ўзрастала і колькасць працуючых — з 1965 чалавек у канцы 70-ых да 2635 у канцы 80-ых. Шмат працаўнікоў былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. Рацыяналізатары і вынаходнікі адзначаліся на ўсесаюзных конкурсах.

Адначасова з будаўніцтвам завода былі зроблены першыя крокі па ўзвядзенню жылля і аб'ектаў сацыяльна-бытавой сферы. У выніку за 70 — 80-ыя гг. непазнавальна змяніўся воблік Лунінца, асабліва раён вуліцы Чырвонай, дзе на месцы былой пустэчы вырас мікрараён з сучасных будынкаў. Дамы таксама былі ўзведзены па вуліцах Блока, Заходняй. Да пачатку 90-ых гг. для працоўных завода пабудавана 9 шматкватэрных дамоў, 2 інтэрнаты, 4 дзіцячыя сады, падсобная гаспадарка, база адпачынку на Прыпяці, пачата будаўніцтва Палаца культуры, адкрыты сталовыя, здраўпункт. З 1980 г. працуе СПТВ-146, якое рыхтуе кадры для завода. Для моладзі абсталяваны дыска-зал. Аркестр духавых інструментаў, народны хор "Прыпяць" і ансамбль народных інструментаў, ансамбль народнага танца, іншыя самадзейныя калектывы заваявалі папулярнасць не толькі ў раёне. Існуюць футбольная каманда, многія спартыўныя гурткі.

З канца 80-ых гг. заводу давялося дзейнічаць ва ўсё больш складаных умовах, выкліканых разрывам вытворчых сувязей, недапастаўкамі сыравіны, цяжкасцямі са збытам прадукцыі. У 1988 г. на прадпрыемстве быў створаны савет працоўнага калектыву, у 1990 г. — савет прадпрыемства. У 1991 г. завод атрымаў назву "Палесэлектрамаш".

Вытворчае аб'яднанне "Граніт". У 60-ыя гг. у раёне Мікашэвіцка-Жыткавіцкага крысталічнага выступу Рускай платформы геолагі адкрылі радовішча граніту. Плошча радовішча — 263 га, таўшчыня слою — 8 — 12 м, таўшчыня гранітнага слою, які падлягае распрацоўцы, — 80 — 120 м.

У 1972 г. у Мікашэвічах пачалося будаўніцтва буйнейшага ў СССР і Еўропе драбільна-сартавальнага завода. Ужо ў 1975 г. уступіла ў строй першая чарга, у наступным — другая. У 1978 г. камбінат нярудных матэрыялаў запрацаваў на поўную магутнасць. Цяпер ВА "Граніт" уключае акрамя драбільна-сартавальнага і камнеапрацоўчы завод, будаўніцтва якога пачалося ў 1977 г. У строй дзеючых ён быў уведзены ў 1980 г., на праектную магутнасць (50 тыс. кв. м. абліцовачных пліт) выведзены ў 1984 г. Сыравінай для завода з'яўляецца мікашэвіцкі граніт, які паступае з кар'ера "Глушкавічы" Гомельскай вобласці. Мармур паступаў з кар'ераў "Коелгі" на Урале і "Джам" ва Узбекістане. З Украіны завозілі граніт, мармур, вапняк, ракушачнік. На камнеапрацоўчым заводзе глыбы граніту ці іншага каменю спачатку распілоўваюць на пліты, якія потым шліфуюць, разразаюць па памерах і ўкладваюць у скрыні. Абсталяванне працуе тут у аўтаматычным рэжыме, як і на драбільна-сартавальным заводзе. Аператар назірае за вытворчым працэсам за пультам кіравання, дзе ў 1982 г. устаноўлена прамысловае тэлебачанне. Па ўзроўню аўтаматызацыі і механізацыі прадпрыемства не мае сабе роўных у Еўропе.

У аб'яднанні "Граніт" дзейнічаюць цэхі ўскрышша і буйна-выбуховых работ, пагрузкі, дапаможныя цэхі: аўтатранспартны, трактарны, ЦРМ, РСЦ, аўтаматыкі і КІП, электрацэх, водазабеспячэння, цеплазабеспячэння, каналізацыі, у пачатку 80-ых пабудаваны цэх марганцавістага ліцця.

Прадукцыя ВА "Граніт" — шчэбень і пясок, гранітныя блокі і абліцовачныя пліты з мармуру, граніту, вапняку, ракушачніку. Прадпрыемства праектавалася ленінградскімі спецыялістамі. У яго ўзвядзенні ўдзельнічалі амаль усе саюзныя рэспублікі: драбілкі паставіў завод "Волгацэммаш" з Тальяці, экскаватары прыйшлі са Свярдлоўска, Варонежа, Краматорска, электраабсталяванне — з Арменіі, Украіны, Расіі, многіх гарадоў Беларусі — Мінска, Жодзіна, Бабруйска, Магілёва. На камнеапрацоўчым заводзе ўстаноўлены таксама станкі з Германіі і Італіі. У свой час абліцовачныя пліты выкарыстоўваліся пры будаўніцтве Мінскага метро. Паколькі патрабаванні рэспублікі ў шчэбні не задавальняюцца, плануецца будаўніцтва яшчэ аднаго драбільнасартавальнага завода, магутнасці якога будуць утрая больш за існуючыя.

Рамонтна-механічны завод. Пачаў працаваць у 1980 г. На прадпрыемстве выконваюць рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. Выраблены тут доследны ўзор электракаларыфера трапіў на ВДНГ СССР.

Завод спецжалезабетону створаны ў р.п. Мікашэвічы ў 1984 г.

Электрасеткі. Да 1964 г. у раёне былі электрыфікаваны 13 калгасаў. Поўнасцю раён электрыфікаваны ў 8-ай пяцігодцы. Тады ж у горадзе з'явіліся першыя неонавыя свяцільнікі на вуліцах.

На верх старонкі




Старшы аглядчык вагонаў Лунінецкага вагоннага дэпо В. Молчан праводзіць заняткі ў стаханаўскай школе аглядчыкаў. 1951 г.


Нарыхтоўка лесу калектывам Мікашэвіцкага вытворчага ўчастка Лунінецкага вытворча-лесанарыхтоўчага аб'яднання. 1975 г.