Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Шануем гісторыю

Музеі

Доўгі час на Лунінеччыне існавалі грамадскія музеі пры школах. У кастрычніку 1959 г. на базе краязнаўчых гурткоў, якімі кіравалі настаўнікі Г.А. Вайндрах і З.С. Разанава, у раённым Доме культуры была адкрыта часовая экспазіцыя раённага музея.

У 1978 г. была прынята пастанова ЦК КПБ і СМ БССР аб адкрыцці ў Лунінцы краязнаўчага музея. Яму перадалі 2-павярховы асабняк у цэнтры горада. У 1978 — 1985 гг. супрацоўнікі музея займаліся зборам экспанатаў, праводзілі выставы і лекцыі, наладжвалі супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і гаспадаркамі. У школах праводзілася аперацыя па збору экспанатаў "Мастацтва належыць народу". Значную дапамогу ў гэтай справе аказаў пісьменнік, гісторык і краязнаўца М. Калінковіч. Адначасова вялося афармленне экспазіцыі мастакамі Мінскага мастацкага камбіната на чале з А.Л. Чысцяковым. Вельмі вялікі ўклад у стварэнне музея ўнесла яго тагачасны дырэктар Н.I. Казанкова.

17 лютага 1986 г. адбылося адкрыццё экспазіцыі, якая размясцілася ў пяці залах агульнай плошчай 170 кв. метраў і ахоплівае гісторыю края ад старажытнасці да нашых часоў. У 1993 г. фонды музея налічвалі каля 5 тысяч экспанатаў. За гэты час музей наведалі тысячы людзей — ад школьнікаў да ветэранаў, неаднойчы завітвалі замежныя дэлегацыі. На будынку музея ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі аб знаходжанні ў горадзе А. Блока і Я. Коласа. Сярод форм музейнай працы — сустрэчы з народнымі майстрамі, калекцыянерамі, экскурсіі "Расказ вядзе ветэран", "Ажыўшыя экспанаты" (з удзелам мастацкай самадзейнасці) і інш.

У раёне існуюць некалькі музеяў, створаных на грамадскіх пачатках. Так з 1979 г. у Доме дзіцяча-юнацкай творчасці быў адкрыты музей баявой славы (каля 150 экспанатаў, прысвечаны вызваленню горада ў 1944 г.), у Дварэцкай СШ у 1982 г. — этнаграфічны музей (каля 100 экспанатаў). У 1984 г. з'явіліся музей партызанскай славы ў СШ № 2 г. Лунінца, музей імя Гастэлы ў гарадской СШ № 3 (адпаведна каля 100 і 250 экспанатаў), музей народнай творчасці ў Дзятлавіцкай СШ (звыш 400 экспанатаў). У 1988 г. у сярэдняй школе пры актыўнай дапамозе культработнікаў в. Любань быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей плошчай звыш 300 кв. метраў (каля 350 экспанатаў, якім кіруюць В. Янцэвіч і І. Шэўчык). Музей гэты стаў значным культурным цэнтрам вёскі. З 1990 г. у Міжлескай СШ існуе музей народнай творчасці (каля 200 экспанатаў). У тым жа годзе ў школе в. Бастынь пачаў дзейнічаць музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. Настаўніца Н.С. Мацкевіч сабрала разам з вучнямі каля 350 экспанатаў, звязаных з воінамі-"афганцамі" — ураджэнцамі раёна. 2 лістапада 1992 г., у час другіх лунінецкіх "Каласавін", быў адкрыты музей Якуба Коласа ў сярэдняй школе в. Сінкевічы (кіруе ім С. Урублеўская). Ганаровым госцем на адкрыцці быў сваяк народнага песняра Г.М. Міцкевіч. Праводзіцца работа па стварэнню музеяў у школах р.п. Мікашэвічы і в. Любачын. У Бастынскай бібліятэцы створаны музей побыту і культуры, якім на грамадскіх пачатках загадваюць бібліятэкары Н.В. Зылевіч і Н.Д. Рашэцкая.

Вадзім Жылко