Юрко


Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Юрко Сяргей Паўлавіч. Нарадзіўся 9 жніўня 1965 г. Загінуў 9 студзеня 1986 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна) і медалём "Ад удзячнага афганскага народа". Пахаваны ў роднай вёсцы Велута.

Як шмат хацелася паспець...

Назва вёскі Велута паходзіць ад стараславянскага слова "велет", што азначае волат, сілач. Многія вясковыя хлопцы адпавядаюць сэнсу назвы іх малой радзімы. Вось і дзеці Веры Рыгораўны і Паўла Васільевіча Юрко вылучаюцца асаблівай постаццю: высокія, прыгожыя, падцягнутыя. Васьмёра іх нарадзілася ў сям'і: старэйшая і малодшая — дочкі, а паміж імі — браты. Заўсёды жылі дружна, паважаючы маці, бацьку ды адзін аднаго. Добрыя роднасныя пачуцці падтрымліваюць і цяпер у адзінай бядзе, што яшчэ больш згуртавала сям'ю, калі загінуў іх сын і брат Сярожа. Толькі той, хто не перажыў смерць блізкага чалавека, не зможа зразумець гора старэйшай сястры Вольгі Паўлаўны Зылевіч (па мужу). Вось яе расказ, напоўнены слязьмі, болем, адчаем.

— Гэта толькі здаецца, што ў вялікай сям'і рана ад страты каго-небудзь хутчэй зажывае. Наадварот, бачу любога з братоў і тут жа ўздрыгануся: а Сярожкі няма, збяромся да бацькоў са сваімі сем'ямі, і душа разрываецца на часткі, а Сярожкавых ніколі дзяцей не будзе. I дня не праходзіць, каб не звярнулася да свайго браціка з нейкімі словамі, не падзялілася буднямі ці ўспамінамі.

У нас бацькі — людзі рэдкай працавітасці. Але ж ты, Сярожка, перабольшваў іх. Ні разу не бачылі цябе без справы. Ты заўсёды так спяшаўся, так імкнуўся ўсяму навучыцца і ўсё зрабіць. Няўжо сапраўды адчуваў, што прыпала на долю зусім кароткае жыццё?.. У школе любімым урокам была праца — настаўнік нахваліцца не мог тваёй здольнасцю да сталярнага рамяства. А твой клопат аб зямлі быў, напэўна, прыроджаны. На летніх канікулах ні дня не адпачываў: тры змены запар працаваў на сельскагаспадарчай практыцы. Мы сварыліся: навошта такая нагрузка? Ты не адказваў, з задавальненнем выконваючы ўжо нешта на сядзібе. Затое 1 верасня на школьнай лінейцы распраўляліся плечы бацькі: цябе ж заўсёды адзначалі як самага працавітага вучня ці граматамі, ці падарункамі.

А ведаеш, Сярожка, як крыўдзіліся іншы раз браты, калі бацька не давяраў ім нейкую работу, а чакаў цябе? З табой — на балота сена касіць, з табой — кароў пасвіць, на цябе ў яго заўсёды поўная надзея. У цябе да ўсіх спраў была цікавасць і ахвота. Сядзе маці за ткацкі станок радзюжкі вырабляць, а ты тут як тут і нада мною пасмейваешся: мама, не хоча Воля дапамагаць, не зробім ёй пасаг, а я жаніцца буду — дасце мне прыгожую радзюжку. Далі, брацік, у труну табе паклалі яе...

Памятаеш, Сярожка, маё бурчанне, калі мыла падлогу ў хаце і вымушана была ўвесь ваш спортінвентар перацягваць з месца на месца: баксёрскія пальчаткі, гіры, гантэлі. Усе браты спортам захапляліся, але ты — больш за ўсіх. Бачу, як цяпер іншыя падлеткі ранішні крос па вёсцы бягуць, не магу стрымаць слёз: і ты з прабежкі дзень пачынаў. А вось турнік на двары, брацік, мы абавязкова выкапаем: для маці з бацькам ужо небяспечныя ўспаміны, як ты на ім "сонейка" круціў...

Вось думаю, ці быў у цябе калі-небудзь вольны час у звычайным уяўленні? Пасля 8 класаў пайшоў у СПТВ. I там, у горадзе, пасля заняткаў бег дапамагаць нашаму сваяку, мэблю разам з ім рабіў — не адрозніш ад фабрычнай. А дамоў вяртаўся, на выхадныя, дык на трактары імкнуўся падрабіць. Па вечарах прыязджаў на ім дамоў і ўсіх малодшых катаў. Так яны чакалі гэтай забавы.

I нават тваё захапленне мастацтвам было, як кажуць, працаёмкім. Ты добра маляваў, а потым пачаў выпальваць па дрэве карціны. Пасля ўсіх турбот ішоў вечарам у летнюю кухню, і далёка за поўнач гарэла там святло. Усім дарыў свае творы, у многіх вясковых хатах дагэтуль вісяць прыгожыя дошчачкі з выпаленымі дзяўчынамі ці закаханымі. А адну карціну ты пакінуў незакончанай, так і сказаў: пасля арміі закончу...

Ні ад каго не чула, Сярожа, каб рыхтаваліся ў армію. I ты першы год навучання быццам бы ні аб чым не задумваўся, заўсёды я табе гатавала сумку з нечым хатнім, смачным: тушонку, сала, кампоты. Аднойчы ты аб'явіў: пачынаю гартавацца. А то цяпер аб'ядаюся, а раптам у арміі цяжка будзе? Трэба быць гатовым да ўсяго. I ні разу больш прадуктаў з дому не браў.

Павестку прынеслі табе неяк нечакана, амаль адразу ж пасля загаду аб восеньскім прызыве. 27 верасня 1983 г. Мы нават провады на скорую руку збіралі. I спадзяваліся потым: вось ужо сустрэчу адзначым лепш, загадзя падрыхтуемся.

Хутка атрымалі тваё пісьмо з Усць-Каменагорска: прайшоў курс маладога байца, накіроўваюся ў Афганістан. Хіба ж дакладна ведалі мы, што там сапраўды адбываецца: ні радка ў газетах, ні слова па тэлебачанні. Маці тым не менш хвалявалася. А ты быццам адчуваў гэта і ў пісьмах заспакойваў: у мяне ўсё добра. Пісьмы пісаў усім, толькі братам больш шчыра: спім, не здымаючы з пляча аўтамат і не выпускаючы з рукі гранату. А нам, сёстрам, хваліўся: "Ваджу баявую машыну. Першы раз сеў і як глянуў на горы навокал — аж вочы заплюшчыў з непрывычкі. Цяпер асвоіўся. Адслужу, вярнуся — першым шафёрам буду".

Відаць, мала было такіх прыемных навін, таму ты ў пісьмах больш нас распытваў: як і што. Толькі потым твае баявыя сябры расказалі, як цябе любілі таварышы.

Уяві, Сярожка, ведаем тваю армейскую мянушку: "Пабягунчык". Ты і там не сядзеў на месцы, рабіў і за сябе, і за іншых. У каго што забарахліць у машыне, ты першым кідаўся на дапамогу. I выратаваў ад смерці маладога лейтэнанта, які толькі прыбыў у часць і разгубіўся ад нечаканага абстрэлу. Ты скочыў да яго і прыгнуў да зямлі. Куля трапіла табе ў плячо. З раненнем ты ляжаў у шпіталі, а нам напісаў: "Я крыху адлучыўся і некаторы час не быў у часці". I мы доўга гадалі, што гэта азначае і ў якую камандзіроўку цябе накіравалі.

Мінула два гады, а цябе ўсё не было. Малодшая сястрычка Ірынка ўпікнула неяк у пісьме: няўжо дамоў не хочаш? I быццам увесь сум па Радзіме выліўся ў тваім адказе: "Здаецца, пешшу пайшоў бы з далёкага краю да роднай хаты... Але пакуль няма замены, павінен служыць".

...Труну з тваім целам прывёз лейтэнант, які лічыць цябе сваім выратавальнікам. Ад яго мы даведаліся аб тваім апошнім баявым рэйдзе, Сярожка.

Загад быў весці бронетранспарцёр другому салдату, але той адмаўляўся: не ведаю дарогі. Тут ты сказаў: "Я павяду, я ведаю". Камандзір імкнуўся адмовіць: "Табе нельга, ты ж на "дзембель" ідзеш". "Дык я апошні раз..." Так і адбылося.

Снарад быў нацэлены дакладна: у машыну. Яна загарэлася. Салдаты, што ехалі наверсе, саскочылі на зямлю і пачалі адстрэльвацца, потым выцягнулі цябе і камандзіра. Ён быў мёртвы, а ты — у непрытомнасці. Пакуль цябе везлі ў часць, ты толькі адзін раз адкрыў вочы і прашаптаў: "Як там рабяты?" Гэта былі твае апошнія словы, брацік. I ў гэты дзень тыя, хто быў разам з табой на баявой аперацыі, адмовіліся і абедаць, і вячэраць...

Амаль кожны з тваіх, Сярожка, таварышаў па арміі даслаў нам спачуванне: такія шчырыя, такія чалавечыя. I потым яшчэ прыязджалі твае баявыя сябры: пашкадаваць сям'ю, пакланіцца магіле.

Ведаеш, брацік, на памінках наш бацька сказаў: "Дай Бог яму першым у Велуце і апошнім загінуць". Добра, што больш ніхто не зведаў такой бяды. Толькі вось маці ад гэтага не лягчэй: павесіла твае партрэты ў кожным пакоі і, толькі супакоіцца ў адным, тут жа пачне галасіць у другім. Мы знялі іх, толькі ў зале і пакінулі. Гэта мала суцяшае, але што яшчэ мы можам зрабіць? Самі таксама ж слёзы выціраем.

А ў нашых бацькоў, Сярожка, толькі ўнучкі нараджаюцца. Кажуць, гэта добрая прыкмета, дзяўчынкі, значыць — вайны не будзе.

Па матэрыялах газеты "Ленінскі шлях" ("Лунінецкія навіны" ) за 1989 — 1990 гг.
Аўтар нарысаў Таццяна Канапацкая

На верх старонкі