Трухановіч



Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Трухановіч Аляксандр Іванавіч. Нарадзіўся 30 ліпеня 1965 г. Загінуў 18 жніўня 1984 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна) і медалём "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа". Пахаваны ў роднай вёсцы Сітніца.

Пацеркі для маці

У сям'і Марыі Аляксандраўны і Івана Ціханавіча Трухановічаў нараджаліся адны хлапчукі: Мікалай, Іван, Аляксандр. Маці так хацелася дзяўчынку, але і чацвёртым нарадзіўся сын. На жаль, пражыў ён толькі месяц... Жанчына яшчэ раз паспрабавала дасягнуць жаданага. I зноў багатыр — Віктар... Трэба было гадаваць сыноў.

Сялянскае жыццё не параўнаеш з гарадскім: праца ад раніцы да цямна. Хлопцы бралі прыклад з бацькоў, ад любой работы не адмаўляліся. I хоць кажуць, што для маці і бацькі ўсе дзеці аднолькавыя, усё ж да аднаго асабліва прыкіпае сэрца. Або так здаецца толькі цяпер, калі яго няма? Сумуе Іван Ціханавіч: сынок не паспеў паспытаць жыццё, а я не паспеў і зведаць хлопчыка. I глядзіць вінаватымі, чырвонымі ад нявыплаканых слёз вачыма. А Марыя Аляксандраўна не стрымліваецца, горычна-жалобна галосіць услых. I бягуць ручаі слёз, збіраюцца барозны маршчын на маладжавым твары жанчыны, якой сёлета споўніцца толькі 50 год.

Прабачце мне, што вымусіла вас плакаць. Прабачце мнё, што крупінкамі солі на адкрытую рану сталі ўспаміны тых дробязей, за якія вы больш за ўсіх шкадавалі, як кажаце, Сашу. Я не магла не ўзрушыць ваш боль: трэба, каб яго зведалі і іншыя. Таму што толькі сэрцы, якія могуць суперажываць, здольны і любіць. I так патрэбныя гэтыя абодва пачуцці нашаму грамадству цяпер.

Бацька: Мы назвалі сына Аляксандр — "мужны чалавек, абаронца слабых". А яшчэ далі гэтае імя ў гонар дзеда, партызана і салдата: другога немцы забілі ў пачатку вайны.

Маці: Быццам сурочылі... Толькі і марыў аб подзвігах. Любімым заняткам было насіць дзедаў фрэнч з ордэнамі ды медалямі. Вось і сам заслужыў, але насіць няма каму. А як падрос — кніжкі толькі пра вайну і чытаў. Іншы раз нават прасіла: узяў бы казку, і я прачытала б.

Бацька: Але яго захапленне не адбівалася на характары. Рос добрым, паслухмяным, а ўжо цярплівым... У 7-ым класе "абучыў" Мухтарыка — сабачка ў нас быў — ну, хіба толькі не размаўляць, усё астатняе той умеў рабіць.

Маці: Не кожная дачка такая шчырая з маці, як быў мой Сашык. Усе сябры яго Санькам ды Санькам клічуць, а я так называла. Ласкавы, пяшчотны. I параіць, і пашкадуе. Астатнія сыны мяне так не разумеюць.

Бацька: Нашы хлопцы такія збітыя, прыземістыя, адзін ён — высокі, худзенькі. А ў рабоце — першы заўсёды. Ці гной вывозіць, ці стог сена класці, ці дровы калоць — усё ў яго руках спорылася, яшчэ і мяне падганяў. На забавы часу не хапала. Вось толькі значкі любіў збіраць — увесь дыван быў увешаны.

Маці: А толькі адзін застанецца — спяваць пачынае. Голас не моцны, але быццам да душы даходзіць. I песні любіў збіраць — вялізны сшытак спісаў. Танцаваў толькі дома ці ў суседзяў, у клубе — саромеўся, там жа такое строгае бабскае журы.

Бацька: Пасля 8-га класа пайшоў у СПТВ. Скаргаў ні ад выкладчыкаў, ні ад настаўнікаў не мелі. I там ірваўся да працы — на канікулах ездзіў на ўборку ў Віцебскую вобласць.

Маці: Ведаў кошт кожнай капейкі. Грошай у мяне не прасіў. Здзіўляюся дый годзе. Іншы раз прыстану: Сашык, трэба табе штаны купіць. Ён у адказ: калі ты так лічыш... Пра любую рэч скажа, параіцца. Раз прыходзіць: мама, радыё хачу купіць. Сынок, кажу, грошай жа няма. Усміхнуўся: не турбуйцеся, у мяне ёсць — з'эканоміў на абедах. Ой, як я сварылася! А ён і радыё купіў, і на гадзіннік потым сабе зарабіў.

Бацька: Хацеў яшчэ на шафёра вучыцца. У ДТСААФ паступіў. Але не пашанцавала: апендыцыт схапіў. Больш месяца ляжаў у бальніцы — такая цяжкая аперацыя была. Прыедзем наведаць — плача: забярыце мяне адсюль.

Маці: А потым зноў плакаў — з-за хваробы яму адтэрміноўку ў армію далі. Мама, кажа, усе хлопцы праз два гады восенню вернуцца, а я толькі вясной — пазней за ўсіх... I пачаў ездзіць: то ў ваенкамат, то да ўрача. А потым як дзіця радаваўся павестцы. I цяпер у вачах стаіць: бяжыць, махае паперкай — мама, узялі!

Бацька: На провады ўвесь клас прыйшоў. Гэта традыцыя такая ў Сітніцы: усіх клікаць у госці, у адным пакоі маладыя гуляюць, у другім — старыя.

Маці: Не першага ж праводзілі, старэйшыя сыны ўжо з арміі вярнуліся. А тут проста туманам вочы засцілала. Быццам адчувала, што ў апошні раз Сашыка бачу... На пероне так і кінулася за поездам, а ён крычыць: я ў Афганістан пайду, мама... Толькі паспела прашаптаць: не дай гасподзь...

Бацька: Вучэбку адслужыў у Ашхабадзе. Пісаў часта.

Маці: Пісьмы на мяне адрасаваў...

Бацька: Усё заспакойваў нас. Больш нам добрага жыцця жадаў, чым пра сваё расказваў. А аднойчы напісаў: некалькі салдат пайшлі ў самаволку, і іх у кішлаку зарэзалі. Ну, мы не трывожыліся: наш паслухмяны, без дазволу нічога не зробіць.

Маці: З Афганістана 5 пісьмаў прыйшло. У апошнім напісаў: не адказвайце, пакуль не атрымаеце наступнага ліста, ідзём у даліну, чакайце.

I яны чакалі. А замест канверта з любімым почыркам сына — аддрукаванае на пішучай машынцы афіцыйнае паведамленне: "Наводчык-аператар баявой машыны пяхоты Аляксандр Трухановіч... цяжка захварэў і памёр". У 1984 г. "афганцы" яшчэ паміралі... Гэта потым прыйдуць паведамленні аб баявых узнагародах. А пакуль сухія стандартныя сказы: "дысцыплінаваны, працавіты. Неаднаразова прымаў удзел у баявых аперацыях па знішчэнню банд мяцежнікаў, пры гэтым праяўляў мужнасць і адвагу... Заўсёды быў добрым і чэсным таварышам". I быццам стрэл у сэрца: быў! А далей правал у памяці. I да гэтага часу не дае спакою адзіная думка: чаму не адкрылі труну?

Кожны тыдзень Марыя Аляксандраўна ходзіць на могілкі: прыбірае, чысціць, гладзіць шурпатай рукой помнік. Пастаянна свечкі пакідала, а ў апошні час іх па начах хтосьці спальвае. Мармуровы пастамент завалены бутэлькамі і шклянкамі. Плакала маці: і тут не абараніў ты сябе ад дрэнных людзей. Старэйшы сын растлумачыў: "Хлопцы так памінаюць брата. А я заўсёды дзве цыгарэты кладу". "Дык Сашок жа не курыў", — здзівілася маці. "Але заўсёды насіў пачку ў кармане, памятаеш? Частаваць іншых любіў..."

Памяць розная бывае. Прыемна бацькам, што ніводнае вяселле не забывае пакланіцца магіле сына. А былая аднакласніца, ужо замужняя жанчына, дзеліцца: усе дашлюбныя пісьмы спаліла, а Сашавы — не магу. Многа было ў яго сябровак, а ці паспеў пакахаць? Ніхто не ведае. Але часта вакол магілы Марыя Аляксандраўна заўважае сляды танюткіх абцасаў, а на чорным мармуры — дзве кветкі. I не спрабуе маці высветліць тайну.

У апошнюю вясну перад арміяй Саша навучыўся вырабляць металічныя ланцужкі. Паўвёскі дзяўчат адарыў простым і адмысловым упрыгожваннем. Не носяць цяпер іх. Маці разумее: не таму, што не модна, а проста берагуць як памяць. Ёй таксама зрабіў Сашык падарунак: ружовыя пацеркі. Рэдка-рэдка надзене іх маці. А вось бярэ ў рукі часта. Калі заледзянее душа ад гаротных думак, толькі гэтыя кавалачкі невядомага каменьчыка і адагрэюць. Быццам дакрануцца цёплыя далоні сына...