Мацкевіч


Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Мацкевіч Міхаіл Пятровіч. Нарадзіўся ў в. Ракітна 2 чэрвеня 1961 г. Загінуў 21 студзеня 1981 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і двума медалямі.

Надзея памірае апошняй

Роды былі доўгія і цяжкія. Але ўсё закончылася добра, і акушэрка, прымаючы хлопчыка вагою пад 5 кілаграмаў, весела адзначыла: "Ну і асілак будзе, сапраўдны мядзведзь, мішка нарадзіўся!" I змучаная маці не раздумвала, адразу ж вырашыла даць сыну імя Міхаіл.

Але асілкам яшчэ трэба было стаць. А праз некалькі месяцаў хлопчык захварэў запаленнем нырак. Колькі бяссонных начэй правяла маці ля калыскі! Хатняе лячэнне дапамагло. Ніводнага з дзяцей не клалі ў бальніцу — усіх дагледзела маці. I, акрамя самаадданасці, прысутнічала тут яшчэ адна жорсткая рэчаіснасць: з адным у бальніцу, а астатніх з кім пакінуць?

У сям'і гадавалася пяцёра дзяцей — два сыны і тры дачкі. Хапала маці клопату па гаспадарцы, так што дзеці сабе занятак знаходзілі самі.

Пашанцавала ім у прыгожым месцы гадавацца. Ёсць такі хутар у Ракітна, дагэтуль Ніўкай называюць: і балотца, і карчы, і лясочак — раздольнае месца для гульняў. I вось зранку да падвячорку гучалі там дзіцячыя галасы, імітуючыя стрэлы, і будаваліся бліндажы і акопы — хлопцы і дзяўчынкі гулялі ў "вайну". Але, калі цямнела, клікала іх маці і былыя "праціўнікі" дружна разбягаліся па хатах. Як мірна канчалася "вайна" ў дзяцінстве!

Падрастаў Мішка, ускладняліся і яго гаспадарчыя абавязкі. Ужо са старэйшымі пасвіў кароў, нарыхтоўваў дровы, касіў сена. Наогул, да ўсякай работы быў ахвотнік, што ні возьме ў рукі — зробіць. Не трэба было і падказваць, як і дзе. Сам ведаў, сам рабіў. Не дзяліў работы на мужчынскую і жаночую, спраўляўся з сякерай і пілой, а калі бачыў падлогу брудную — за венік хапаўся. А такі ўжо акуратны быў — люба-дорага паглядзець. Якім напрасаваным пойдзе надвячоркам з хаты да сяброў, такім і прыйдзе, з канцікамі на штанах. Спачатку правярала маці карманы: ці не хавае тытунь? Пасля адной-дзвюх праверак супакоілася: не паддаецца дрэннаму яе хлопец. Добры характар у Міхаіла: ні з кім у бойку не ўступае, але і яго ніхто не чапае, адчуваюць, што адпор дасць. Калі справіцца з хатнімі абавязкамі, за фотаапарат бярэцца: так любіць здымаць усё навокал.

У школе Міхаіл вучыўся, як большасць равеснікаў, — ні асобных папрокаў настаўнікаў, ні асобных поспехаў. Цягнулі хлопца канкрэтныя справы. I пасля восьмага класа паступіў у ГПТВ-27 у Высокае, каб набыць спецыяльнасць электрыка. Там захоплена пачаў займацца спортам, выканаў нарматывы на залатыя значкі комплексу ГПА.

Улетку 1979 г. прыехаў на практыку ў калгас. Дома юнака чакала звычайная сялянская работа — касавіца. Толькі адзначылі 18-годдзе, як прыйшла павестка з ваенкамата. Сям' я касіла на балоце, а Мішка паехаў у горад. Вярнуўся з весткай, як гром з яснага неба: заўтра забіраюць у армію. Першапачатковая разгубленасць бацькоў змянілася актыўнай дзейнасцю. Кінуліся за дапамогаю да старшыні калгаса — дзякуй В.П. Ленчанку, выпісаў парсюка. Гатавалі стравы ўсю ноч, але паспелі: зрабілі провады, як у людзей. I пачалі чакаць пісьмы з армейскім штэмпелем.

"Вучэбку" Міхаіл праходзіў у Калінінградзе. Канешне, сэрца маці заўсёды не на месцы, калі дзеці не дома, але ўсё ж асаблівыя хваляванні прыйшлі з пачаткам неаб'яўленай афганскай вайны. Сумныя прадчуванні не падманулі: хутка Міхаіл адправіўся ў Афганістан.

Што тады было вядома пра дзеянні "абмежаванага кантынгенту савецкіх войск, які выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак"? Газеты змяшчалі бодрыя рэпартажы аб шматлікіх прыкладах аказання дапамогі савецкімі воінамі афганскаму народу. Аб баявых аперацыях амаль нічога не пісалася, як не паведамлялася аб рэйсах "чорнага цюльпана", які вёз "цынкавых хлопчыкаў" ва ўсе куткі Саюза.

Аптымістычныя лісты прыходзілі і ад Міхаіла: жывы, здаровы, чаго і вам жадаю, служба ідзе нармальна. Аб армейскіх адзнаках асабліва не распаўсюджваўся. Тым больш нечаканым, як снег на галаву, быў яго прыезд у водпуск у канцы 1980 г.

Ну, як было маці не паверыць словам сына, калі стаў ён яшчэ больш дужым, прыгожым, зграбным?! I вясковыя жанчыны, убачыўшы яго каля магазіна, доўга потым гаманілі: відаць, добра служыцца хлопцу, такі ён чырвоны ды плячысты. На ўсе пытанні аб службе ў адказ толькі ўсміхаўся. А аднойчы збіраўся мыцца ў хаце, маці прапанавала сваю дапамогу: распраніся сынок, плечы памыю, ён быццам адрэзаў: салдат усё сам павінен рабіць. Толькі пасля ад'езду даведаліся праўду. Прызнаўся Міхаіл зяцю, што быў паранены ў плячо, за гэта і водпуск заслужыў.

Ад'езд яго, між іншым, памятаюць у дробязях. Перад арміяй не паспеў дыплом з вучылішча забраць, цяпер з'ездзіў — можа, спатрэбіцца. У Лунінцы сфатаграфаваўся, квітанцыю бацькам пакінуў — на жаль, засвечаная плёнка аказалася, не атрымалася здымка. На развітанне доўга глядзеў на маці і бацьку, сваякоў і пляменнікаў, а потым нягучна вымавіў:

— Можа здацца, ні я не ўбачу вас, ні вы — мяне...

Але ў хвіліны радасці не ўспрымаеш небяспечнасць жыцця. Словы гэтыя ўспомніліся, калі праз месяц прыйшло пісьмо ад камандзіра часці. А за ім салдаты прывезлі цынкавую труну — першую на нашай Лунінеччыне...

Здаецца, трэба ўжо забывацца на гора: дзесяць год прайшло, у астатніх сына і трох дачок свае сем'і, трынаццаць унукаў працягваюць жыццё бабулі і дзядулі. Але не загойвалася рана Веры Дзмітрыеўны і Пятра Рыгоравіча Мацкевічаў. Малодшы сын — гэта ж апора і абарона бацькоўскай старасці. I яны спадзяваліся вакол яго застацца, і Міхаіл марыў разам з бацькамі жыць. У час водпуску жартаўліва сварыўся на сястру:

— Па якой прычыне ты тут сядзіш? Гэта ж мая хата!

Апусцела хата. Высцюжваюць яе матчыны слёзы, таму пераважна ўнукаў ходзіць даглядаць. I бацьку цягне прэч ад сваімі рукамі ўзведзенага будынка — няёмка самому знаходзіцца ў чатырох сценах, сам-насам з партрэтамі сына, цяжка ўсвядоміць гэтую жыццёвую несправядлівасць, калі смерць забірае маладых. Такіх маладых, якія яшчэ не паспелі пакінуць свой след на зямлі. Вось і ад Міхаіла нічога не засталося: яго любімыя кніжкі ўнукі расцягнулі, яны ж разабралі на запчасткі яго фотаапарат, і зробленая ім этажэрка даўно зламалася. I толькі дзве фотакарткі сына знайшліся, яшчэ школьныя, да твару і дамаляваў мастак ваенную форму. Не вельмі падобна, але...

Але кастрычніцкім днём мінулага года скінула маці чорныя стужкі з партрэтаў сына. У гэты дзень яны атрымалі газету "Аргументы і факты", дзе на апошняй старонцы сярод фотаздымкаў савецкіх салдат, якія дагэтуль знаходзяцца ў палоне афганскіх муджахедаў, пазналі свайго сына.

Але што гэта за фотаздымкі, дзе яны зроблены, кім, хто на іх адлюстраваны, адказу газета не дае. Толькі прапанова да чытачоў: можа, хто апазнае гэтых хлопцаў? Тады пішыце на ўказаны адрас. Гэтыя людзі жывыя.

I паляцеў ліст з Ракітна ў Маскву. Але адтуль толькі пацвярджэнне: ваша пісьмо атрымана. I больш нічога.

Толькі б вытрымалі сэрцы бацькоў ад гэтай нечаканай надзеі, калі надзея знікне і прыйдзецца змірыцца з існуючым становішчам. Але пакуль пра гэта не хочуць слухаць.

— Хіба ж не было такіх выпадкаў яшчэ ў першую сусветную вайну? — пераконвае мяне Пётр Рыгоравіч. — Многія праз 10 год вярталіся, людзі як на дзіва хадзілі на іх глядзець...

— Маці ў кожным юнаку цяпер сын бачыцца, — заглядвае мне ў вочы Вера Дзмітрыеўна. — Але ж і хлопец, што з Мішкам у вучэбцы быў, прызнаў яго на здымку. Гэта нам людзі з Сітніцкага Двара перадалі. Значыць, не прымаем жаданае за рэчаіснасць?

Але ніхто не ў стане цяпер прымусіць бацькоў Міхаіла Мацкевіча спаць па начах, а не прыслухоўвацца да малейшага шоргату за акном: а можа, гэта сын вярнуўся?.. Надзея памірае апошняй.

На верх старонкі