Коўшык



Помнік А. С. Коўшыку ў в. Дварэц. Узведзены ў 1991 г. на сродкі калгаса "Расія"


Мемарыяльная дошка на вуліцы, якая носіць імя А. Коўшыка ў в. Дварэц.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Коўшык Анатоль Сцяпанавіч. Нарадзіўся 12 кастрычніка 1968 г. Загінуў 14 чэрвеня 1988 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём "Ад удзячнага афганскага народа". Пахаваны ў роднай вёсцы Дварэц.

Звіні, жаўрук

Моўчкі, з глыбокім хваляваннем перабіраю фотакарткі Анатоля — школьныя і армейскія, затым асцярожна адкладваю іх у бок. Міжволі глыбокі камяк падступае да горла, калі слухаю ўсё новыя і новыя, поўныя роздуму, смутку і радасці, такія да болю шчымлівыя падрабязнасці жыцця даўжынёй у няпоўныя дваццаць год. Не могуць стрымаць слёз маці Алена Антонаўна, бацька Сцяпан Дзмітрыевіч, сёстры Надзея і Марыя. Шмат гадоў мінула, як загінуў іх сын і брат, а ім здаецца, што гэта было ўчора — не сціхае боль у сэрцы ад вялікай страты. Цяжка гаварыць Сцяпану Дзмітрыевічу, да таго цяжка, што ён некалькі разоў не вытрымлівае, выходзіць у суседні пакой, каб крыху супакоіцца.

Паступова перада мною паўстае вобраз юнака, які імкнуўся быць карысным людзям, клапаціўся ў першую чаргу аб іншых. Настаўніца і класны кіраўнік Анатоля Варвара Георгіеўна Крышталь успамінае: "Такі непаседлівы быў, цікаўны, сяброўскі. Заўсёды з калектывам. Актыўна ўдзельнічаў у школьным грамадскім жыцці. Імкнуўся заўсёды зрабіць тое, што не маглі іншыя. А пра ветлівасць і гаварыць няма чаго — мы заўсёды ставілі яго ў прыклад. I вельмі старанны быў Толя, тэхнікай захапляўся, любіў майстраваць розныя рэчы".

Нярэдка, прыйшоўшы са школы дамоў, Анатоль прасіў маці: "Мама, раскажы, як ты была ў партызанах?" Нялёгка Алене Антонаўне ўспамінаць свае дзіцячыя гады, як яе бацька партызаніў, а разам з ім была дачка. Але сын павінен ведаць пра ўсе цяжкасці вайны. Анатоль уважліва слухаў расказ маці, і твар яго станавіўся не па-дзіцячаму суровым, на лбе з'яўляліся нітачкі-маршчынкі. Ён заўсёды імкнуўся асэнсаваць гістарычныя падзеі тых далёкіх дзён. Шкадаваў маці: вайна падарвала яе здароўе. А яе бацька, Антон Лукашоў, пасля вызвалення Лунінеччыны працаваў старшынёй сельскага Савета ў вёсцы Дварэц.

З дзіцячых гадоў імкнуўся Толя ва ўсім дапамагчы бацькам па гаспадарцы, браўся нават за работу, якая была яму не пад сілу. Любіла маці самага малодшага сына за яго чуласць, пяшчоту, бачыла, што расце сапраўдны чалавек, за якога не прыйдзецца чырванець перад людзьмі. Сёстры Марыя і Надзея, брат Уладзімір іншы раз крыўдзіліся, што маці ўдзяляе малодшаму больш увагі, чым ім. На гэта Алена Антонаўна жартаўліва адказвала: "Вы ўжо вялікія, а ён самы маленькі: апора пад старасць будзе". Крыўда сясцёр і брата была, вядома, напускной, несур'ёзнай, бо яны таксама вельмі любілі Толю. Дружна жыла па вуліцы Садовай у Дварцы сям'я Коўшыкаў. Па-добраму зайздросцілі ёй суседзі.

Ваенную службу Анатоль пачаў пагранічнікам у Туркменскай ССР. Сумаваў па родных мясцінах. У адным з пісьмаў дамоў пісаў: "Пачуў сёння ўпершыню ў арміі песню "Бярозавы сок", хоць дома яе слухаў шмат разоў. Сэрца так зашчыміла, што, здаецца, птушкай паляцеў бы ў родную вёску, прытуліўся б да бярозы і гэтак стаяў 6ы доўга-доўга, шчаслівы. Вось за гэтыя нашы бярозы, за нашы рэчкі і палі, за бязвоблачнае неба на зямлі не пашкадую нічога на свеце. Тут у нас пяску хоць адбаўляй. Няма ні вішань, ні яблынь. Успамінаю родны край, і даражэй за яго не можа быць нічога. Асабліва востра адчуваецца гэта ў далечыні ад усяго звыклага, знаёмага, што палюбіў з дзяцінства".

Любоў гэтая дапамагла юнаку ўзорна несці воінскую службу. Да арміі ён закончыў сярэднюю школу, атрымаў пасведчанне трактарыста. Тут набыў воінскую прафесію — мінамётчык. У хуткім часе быў узнагароджаны значком "Выдатнік пагранічнай службы II ступені". Неаднаразова Анатолю разам з іншымі салдатамі даводзілася аказваць ваенную дапамогу суседзям — афганскім воінам.

Бой быў цяжкім. Яго разлік мінамётчыкаў заняў пазіцыю за валуном, які моцна ўросся ў зямлю. Загад быў такі: у кішлаку знаходзіцца вялікая банда душманаў, іх трэба адтуль выбіць.

Хлопцы не адну міну паслалі ў бок душманаў. Білі ў цэль, бо ў некалькіх агнявых кропках назаўсёды заціхала страляніна.

Некалькі секунд — і прамое трапленне снарада ў мінамёт. Двух хлопцаў — насмерць, а Анатоля цяжка параніла. Памёр ён у дарозе, да шпіталя не давезлі.

Нашы воіны ў тым баі вымусілі душманаў здацца. Мясцовыя жыхары цёпла дзякавалі за дапамогу.

Салдат паміраў. Не ведаю, аб чым думаў ён у тыя кароткія хвіліны. Ці здагадаўся ён аб магчымасці трагічнага зыходу? Ці меркаваў, што гэта яго апошні бой? Невядома. У адным я цвёрда перакананы: юнак любіў жыццё, шчаслівае і радаснае, любіў людзей, сваю Радзіму.

Вось скупыя радкі характарыстыкі, якую напісаў камандзір-палітработнік Аляксандр Віктаравіч Труфаненка: "За час праходжання воінскай службы радавы Коўшык А.С. зарэкамендаваў сябе як дысцыплінаваны воін. Да сваіх абавязкаў адносіўся добрасумленна. Даручаную тэхніку ведаў добра і правільна яе эксплуатаваў. Меў першы спартыўны разрад па многіх відах спорту. У страявых адносінах падцягнуты. Па характару вытрыманы, спакойны. Карыстаўся аўтарытэтам сярод таварышаў. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці падраздзялення, часці. Быў вельмі працавіты. Загінуў, абараняючы афганскую рэвалюцыю".

З кім ні размаўляў на вуліцы, якая носіць імя воіна-інтэрнацыяналіста, кожны адказваў: "Неспакойнае сэрца было ў гэтага спакойнага, ураўнаважанага юнака. Яго цікавіла літаральна ўсё. Пяшчота, ласкавасць заўсёды свяціліся ў яго вачах, душа была адкрытай для кожнага чалавека. Плячысты, статны, прыгожы. Майстар на ўсе рукі".

I вось яго не стала...

...З нейкім незразумелым цяжарам на сэрцы вярталася ў той дзень дамоў Алена Антонаўна. Адкуль ён, гэты цяжар, чаму з'явіўся так нечакана? I калі адкрыла веснічкі, убачыла людзей, ваенную машыну, сэрца забілася трывожней і мацней. Увайшоўшы ў дом, Алена Антонаўна пачула вестку, ад якой пацямнела ў вачах, нямы крык вырваўся з яе грудзей...

Чым вымераць боль родных Анатоля? Ён застанецца ў іх сэрцах назаўсёды. I цяпер, амаль праз два гады, расказваючы пра юнака, яны бачаць яго жывога, такога простага, адкрытага, вясёлага.

...Схіліўшы галовы, стаім ля магілы Анатоля. Ласкавае сонца сваім шчодрым цяплом грэе і нас, і помнік. Высока ў небе чуецца песня жаўрука. Звіні, птушка, спявай гімн адважнаму воіну, услаўляй яго памяць.

М. Казун