Канапацкі


Магіла В. Р. Канапацкага ў в. Дзятлавічы

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Віктар Рыгоравіч Канапацкі. Нарадзіўся 5 снежня 1964 г. Загінуў 19 красавіка 1984 г. Пахаваны ў роднай вёсцы Дзятлавічы.

Вуліца сябра

Іх было чатыры сябры. Разам бегалі па вясковай вуліцы, разам пайшлі ў школу. Разам чыталі кніжкі, уяўляючы сябе "цудоўнай чацвёркай" герояў Дзюма — мужнымі, сумленнымі, высакароднымі. Агульныя заняткі, агульныя інтарэсы... Праўда, адзін з іх вельмі любіў маляваць. I так гэта яму ўдавалася, што незаменным мастаком лічыўся ў рэдкалегіі школьнай газеты. Але любоў да тэхнікі перамагла. I пасля заканчэння школы ўсе разам хлопцы пайшлі вучыцца на вадзіцеляў у школу ДТСААФ. Адтуль іх чацвярых прызвалі ў армію. I тут не разышліся сцяжынкі Віктара Канапацкага, Сяргея Жука, Анатоля Брэзіна і Васіля Кацубы, звялі іх разам на суровай афганскай зямлі.

Адтуль на радзіму вярнуліся жывымі трое. Але няхай лепш гавораць самі хлопцы.

Васіль: Гэта можна лічыць цудам, што і салдатамі мы з Віцем апынуліся разам: у адной роце, у адным узводзе, ложкі побач стаялі. Наогул, там можна было арганізоўваць зямляцтва — восем чалавек з раёна. Калі б гэта ў Саюзе ўсё было — аб лепшым не марылі б. А там пастаянна думалася: што скажу тваім родным, калі, не дай бог...

Сяргей: Мы і ў арміі працягвалі вадзіцельскую справу. Стаялі на перавале Саланг. У баявых дзеяннях амаль не ўдзельнічалі, ахоўвалі дарогу, па якой ішлі караваны грузаў з харчаваннем для Афганістана. Хаця... Баявыя дзеянні там маглі пачацца нават на гарадской вуліцы. Гэта вайна.

Анатоль: Мы добра ўсвядомілі гэта, таму бестурботнасць пакінулі далёка, недзе ў недасягальным адтуль мірным часе. Да любой справы падыходзілі адказна, разумеючы: нядбайнасць караецца смерцю.

Васіль: Я знаходзіўся ў рамбаце (рамонтным батальёне). 17 красавіка ўзрадаваўся: прыехаў Віцька. А тэхнік роты і кажа: пачакай нас тут, праз пару дзён разам паедзем у свой полк. Я згадзіўся. Яны вярнуліся на дарогу. Чакаў тыдзень... 24 красавіка вярнуўся ў полк і даведаўся пра ўсё.

Анатоль: Хлопцы потым расказвалі... Гэта адбылося непадалёку ад пункта аховы. Віця заўважыў тую новую кучку камянёў на дарозе, звярнуў трохі, каб аб'ехаць. I тут — выбух. Фугас накіраванага дзеяння паражае без промаху. На наступны дзень на гэтым жа месцы танк узарваўся, дарэчы... Тэхніка роты забіла напавал. А Віцю яшчэ прывезлі ў шпіталь...

Сяргей: Якраз і я лячыўся ад лёгкага ранення. Што адчуў, калі ўбачыў сябра? Ён жа быў непрытомны. I мне неяк сорамна стала, што хутка выпішуць.

Анатоль: А мы прыехалі ў рамбат 20 красавіка за запчасткамі. Спытаў пра Віцьку. Мне ў адказ: а хто ён табе? Так і здагадаўся пра ўсё. "Учора", — сказалі хлопцы, адбіраючы ў мяне зброю. Адразу знялі з паста. I пастаянна хтосьці побач знаходзіўся. А мяне калаціла толькі адна думка: як гляну ў вочы Віцькавай маці...

Васіль: Неяк увайшло ў прывычку называць Віцю па бацьку — Рыгоравіч ды Рыгоравіч. Ён і сапраўды выглядаў больш сталым за нас. Не, не знешнасцю, хаця і займаўся гіравым спортам, а адносінамі да акружаючага: больш сур'ёзна, больш удумліва, клапатліва.

Анатоль: А 21 красавіка я атрымаў ад яго пісьмо. Віця пісаў: "Рыхтуемся да аперацыі. У майго бэтээра надзейная браня, а ў цябе ўсё ж машына толькі. Беражы сябе". Я хацеў прывезці на Радзіму ўсе Віцькавы пісьмы, тры было. На жаль, у Душанбе загадалі іх знішчыць...

Сяргей: Вось зваротны бок зямляцтва: пайшлі чацвёра — вярнуліся ўтрох. I даводзіцца вінаватымі вачыма глядзець на знаёмых, асабліва — на родных Віці. Твардоўскі пісаў пра гэтае пачуццё ў салдат Вялікай Айчыннай:

Я знаю: никакой моей вины
В том, что другие
не пришли с войны,
В том, что они — кто старше,
кто моложе,
Остались там,
но всё же, всё же, всё же...
Анатоль: Мы кожны год дзень нараджэння Віці адзначаем разам з яго бацькамі.

Васіль: Цяпер мы таксама працуем вадзіцелямі. I калі выпадае работа на адным месцы, напрыклад, у Грычыне, так і ходзім адтуль разам — калонай.

Анатоль: Наведваем школу, дзе разам вучыліся. Піянерскі атрад, дзе выкладае наш былы класны кіраўнік Вера Антонаўна Шэмяцюк, носіць імя Віці.

Васіль: Мне пашанцавала: мяне дачакалася з арміі каханая дзяўчына. Наогул, мы ўсе паспелі ўжо ажаніцца. А вось сын нарадзіўся пакуль толькі ў мяне. Зразумела, завуць яго Віця.