П. І. Кавалевіч


Мемарыяльная дошка П. І. Кавалевічу ў в. Кажан-Гарадок

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Кавалевіч Павел Іванавіч. Нарадзіўся 22 лютага 1965 г. Загінуў 24 мая 1986 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа". Пахаваны ў роднай вёсцы Дрэбск.

Бацькоўская незагойная рана

Напэўна, у кожнай вёсцы ёсць такія паважаныя прозвішчы. Дзе галава сям'і вядомы сваімі залатымі рукамі. Дзе гаспадыня выклікае агульнае захапленне дабрынёй і жаноцкасцю. Дзе дзеці на здзіўленне не ўспрымальныя да шкодных звычак.

У Дрэбску з такой павагай адносяцца да сям'і Івана Паўлавіча Кавалевіча.

I ад кіраўніцтва калгаса "Маяк камунізму", і ад розных людзей чула шмат прыемных слоў асабіста пра яго. I вось знаёмімся ў такарнай майстэрні брыгады № 2. Агульнымі выразамі аб стане спраў спрабуем адцягнуць тую хвіліну, з якой трэба пачаць размову аб самым балючым. Дрыгнуў мой голас, а яго твар застаўся такім жа ветлівым і спакойным. Вось толькі ў глыбіню прыгожых шэрых вачэй з густой чорнай шчотачкай павек зазірнуць не асмелілася...

— Скажыце, а Павел быў на вас падобны?

Стройны, па-мужчынску прывабны чалавек, разгублена ўсміхаецца:

— Не... Цяжка нават вызначыць, на каго ён быў падобны. Усе кажуць, што быў вельмі прыгожы. Высокі — пад метр дзевяноста, здаровы — пад кілаграмаў 90. Прыкметны хлопец. Але ж хіба ім любаваліся бацькі? Калі б ведалі...

— Дзіўна: імя "Павел" у перакладзе з грэчаскага азначае "малы".

— Назвалі мы яго так у гонар дзядоў: і мой бацька, якога не помню (вайна забрала), і жончын насілі імя Павел.

Хто ў вёсцы шмат увагі надае вызначэнню пэўных паняццяў, наогул спецыяльнаму выхаванню дзяцей? З ранку і да вечара занятыя то ў калгасе, то на асабістым падвор'і, бацькі неасэнсавана выхоўваюць сваім прыкладам.

Іван Паўлавіч нарадзіўся ў 1939-ым. Але ён запомніў вайну голадам і холадам пасляваенных гадоў. Маці доўга пакутавала з пяццю сіротамі, пакуль яны сталі на ногі. Ажаніўшыся, Іван стаў будаваць свой дом. Толькі той, хто сам займаўся гэтай справай, можа зразумець, што значыць свету белага не бачыць за работай. Нельга сказаць, што дзяцей выхоўвала маці — ёй таксама хапала клопату па гаспадарцы.

Між тым, пайшлі ў школу Валянціна, потым Паўлік. Цярпліва чакаў іх дома малодшы Косцік. Пасля абеду дзецям наказвалася, чым трэба дапамагчы. Старэйшая — дзяўчынка, на малодшага як можна спадзявацца?

Таму асноўныя даручэнні давалі Паўлу:

— Ён паслухмяны быў?

— Цяпер нават і не верыцца, калі іншыя бацькі на дзяцей скардзяцца. Ад свайго ні разу не пачуў: ой, не хачу, ці: не зраблю, мне нешта баліць. Прыйду дамоў — усё выканана. Здаецца, нічога б не прымушаў яго рабіць, калі б ведаў...

Зорнымі часінамі жыцця засталіся ў памяці бацькі сумесныя з сынамі паходы на сенажаць за Прыпяць. Гледзячы ў далечыню мінулага, Іван Паўлавіч шукаў словы, каб перадаць усю асалоду гэтым старажытным заняткам. Нават не свае асабістыя ўражанні — імкнуўся расказаць аб шчасці сыноў і сваім замілаванні імі ў гэтыя моманты:"

— Аб паездцы скажу загадзя — на тыдзень ім радасці. Плывем — ледзь з лодкі не выскокваюць. Пакуль кашу — яны ўжо зробленым буданам хваляцца. "Малайцы!" — кажу, папраўляючы збудаванне. А потым распальваем касцёр і сядзім запоўнач. I гаворым, гаворым... Праўду кажуць, ад шчасця памяць губляеш. Ні слова не помню, што пыталі, аб чым расказваў. Кожнае славечка Паўла запісваў бы, калі б ведаў...

Кажуць, ад сумных думак можна адцягнуць простым банальным пытаннем. Не находжу нічога іншага:

— А як вучыўся Павел?

— Не скажу, каб з асаблівай ахвотай, але скаргаў на яго не было. Праўда, ніколі сабе не дарую...

I зноў цямнее твар. Зусім не хацела кранаць складанасці адносін бацькоў і дзяцей. Хто з нас не шлёпаў сваіх маленькіх свавольнікаў? Іван Паўлавіч толькі адзін раз узняў руку на сына. Аднойчы Павел паддаўся ўгаворам сябра і замест школы скіраваў з ім у сасоннік. Бацька даведаўся пра ганебны ўчынак і... Да гэтага часу дакарае сябе за тую нястрыманасць.

Наогул, Іван Паўлавіч адрозніваецца спакойным і роўным характарам. Напэўна, садзейнічала гэтаму яго захапленне мастацтвам. Ён па-майстэрску выконвае не толькі аперацыі, звязаныя з апрацоўкай металу. Яшчэ больш любіць разьбу па дрэве Сведчанне таленту — па-мастацку аформленыя дзверы ў хаце, разны столік, карціны. Няма рамяства, якім бы не валодаў гэты працавіты самародак.

— А чым захапляўся Павел?

— Думаеце, па бацькоўскіх слядах пайшоў? Не, яго захапленні вынікалі з яго дабрыні.

— Кажуць, моцныя, дужыя людзі заўсёды добрыя...

— У сярэдніх класах ён не вылучаўся фізічнай загартоўкай. Але вельмі шкадаваў жывёлу. У нас заўсёды раслі трусы — гэта быў галоўны занятак Паўла. I кароў пасвіў з задавальненнем, сена для іх касіў... Вось яшчэ, я не рыбалоў і не паляўнічы. А ён любіў лавіць рыбу, часта прыносіў яе дамоў.

У сёмым класе папрасіў купіць баян. Ледзь не адзіная просьба, не дакучаў звычайна імі, быццам усім задаволены быў... Пачаў вучыцца з ахвотай. Сам падбіраў мелодыі на слых... I цяпер той баян у нас стаіць.

А ў старэйшых класах стаў шмат чытаць. Быццам на ўсё жыццё хацеў начытацца...

Пасля школы Павел, паддаўшыся агітацыі аднаго з сяброў, паступіў у прафтэхвучылішча горада Залатое Днепрапятроўскай вобласці. Паспяхова закончыў, атрымаў пасведчанне шахцёра. Надышоў час ісці ў армію. I тут хлопцы са здзіўленнем даведаліся, што іх прафесія "браніруе" ад ваеннай службы. Іншыя радаваліся б, вунь колькі цяпер даводзіцца чытаць, што адмаўляюцца ад выканання свяшчэннага абавязку па абароне Радзімы. А гэтыя хуценька разлічыліся і прыехалі дамоў: тут прызывацца.

— Павел і на канікулы прыязджаў, дык працаваў, не хадзіў, як некаторыя, рукі ў кішэні, — працягваў Іван Паўлавіч. — Работы ж у вёсцы заўсёды шмат. Іншы раз сталярнічаў у Кажан-Гарадку. I на сяброў час заставаўся. А ён іх вельмі любіў. Не з бацькамі ж яму час бавіць, аднагодкі бліжэй. Тады гэта здавалася натуральным... Калі б ведаў, што так усё адбудзецца, з хаты не выпусціў...

— Прабачце, а пра адносіны Паўла да алкаголю можна... Не сакрэт жа, што гэта вялікая бяда сучаснай моладзі...

— П'яным я яго ніколі не бачыў. Нават выпіўшым. Ды што казаць... Выпадкова даведаўся, што ён курыць. Пры мне ніколі цыгарэты не ўзяў. Саромеўся...

З Украіны Павел вярнуўся яшчэ з адным захапленнем: стаў іграць на гітары. Брат Косця адразу ж пацягнуўся да інструмента: дай і я. I пачаў іграць, быццам курс вучобы прайшоў. (Ну, як не назваць гэта запаветам брата? Малодшы як выступаў у клубе, асвоіў шэраг музычных інструментаў і пасля школы выбраў музычнае вучылішча).

А Паўла чакалі іншыя клопаты. Пасля прызыву ў армію — "вучэбка" ў Мажайску. Сястра Валянціна ў той час якраз замуж выйшла і паехала наведаць брата. Яе своеасаблівае "вясельнае падарожжа" Павел не азмрочыў сваёй навіной: з просьбай аб накіраванні ў Афганістан ён напісаў рапарт, які быў задаволены.

Хутка ў Дрэбск паляцелі лісты з вайны. Аб дэталях службы Павел не пісаў, не хацеў трывожыць бацькоў. Толькі пасля яго смерці школьнікі Кажан-Гарадоцкай СШ, чый клас носіць імя Паўла Кавалевіча, паслалі запытанне ў яго часць. З адказу вынікае: разведчык гвардыі сяржант Кавалевіч прымаў удзел у 13 баявых аперацыях і 19 засадных дзеяннях, неаднаразова знаходзіў групы мяцежнікаў, што хаваліся, знішчаў іх у ходзе перастрэлак.

— Іван Паўлавіч, а як вы даведаліся пра гібель сына?

— У той дзень працаваў, як і заўсёды. Прыходзіць да мяне сваяк: "У вас дома дрэнна". Я пытаю: "З гаспадыняй нешта?" "Не, — адказвае, — пахаронка..."

Далей ён не працягвае. Іншыя людзі расказваюць, што меў рацыю Іван Паўлавіч хвалявацца за жонку. Матчына гора не параўнаеш ні з якім іншым, аднак і тут уплывае загартоўка асобных характараў. Для яе смерць сына перакрэсліла ўсе астатнія праявы жыцця. З гэтага дня яна не выйшла на работу і наогул пазбягае людзей. Толькі пратаптаная сцежка ад дому да могілак падказвае напрамак яе ўчынкаў і думак.

Горка здзіўляецца бацька:

— Прапаршчык, што прывёз хаваць Паўла, родам з Брэстчыны. Расказваў, што імкнуўся берагчы земляка. У той раз, насуперак усім пісаным і няпісаным правілам, фугас разарваўся ў сярэдзіне калоны бэтээраў. Што там ад хлопцаў засталося?!

Кажуць, адно гора не ходзіць — другое за сабой водзіць. Хваляванні, што абрынуліся на сям'ю, не маглі абмінуць і старэйшую сястру. Праз пару месяцаў у яе нарадзіўся хлопчык, які пражыў толькі дзень. Сын, якога ў памяць аб браце яны пакляліся назваць Паўлам...

Наступная падзея — непараўнальная па глыбіні цяжкасці, але таксама пакінула сваю рану на сэрцы бацькі. Прыйшоў час служыць у арміі малодшаму сыну. Канстанціна прызначаюць у марскія пагранічнікі. Абурыўся Іван Паўлавіч: "За што яшчэ тры гады выпрабавання?" У думках пачаў сачыняць ліст міністру абароны. Падзяліўся намерам з сынам. З граніцы прыляцеў катэгарычны адказ: "Ні ў якім разе". Даспадобы, відаць, прыйшлася служба. А яшчэ праз некалькі месяцаў — падзячнае пісьмо ад камандавання бацькам за ўзорнае выхаванне сына. I адлягло ад сэрца. Для бацькоў жа галоўнае, каб дзецям было добра.

— Ніколі не зразумець мне гэтую крыўду: чаму лёс выбраў маладога, дужага, добрага? — З болем гаворыць Іван Паўлавіч. — Ніхто ў гэтым не вінаваты. Людзі імкнуцца неяк асабліва ўважліва ставіцца да мяне. I дапамагаюць, хто чым можа.

Вось толькі жонцы не дапамагчы... Калі як сям'і загінуўшага "афганца" ў маю адсутнасць прывозяць вугаль ці дровы, яна іх праганяе: "Мой сын жывы, нам нічога не трэба". Што ж, труну мы не маглі ўскрыць, ды і што б яна там убачыла. Вось і не верыць...

Якая маці перастане чакаць сына?! Якая маці, нават убачыўшы мёртвага сына, паверыць, што яго няма...

На верх старонкі