Зылевіч



Мемарыяльная дошка І. У. Зылевічу ў в. Бастынь

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Зылевіч Іван Уладзіміравіч. Нарадзіўся 17 жніўня 1964 г. Загінуў 23 верасня 1984 г. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна) і медалём "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа". Пахаваны ў роднай вёсцы Бастынь.

Мы не верым, што яго няма!

З успамінаў малодшай сястры загінуўшага Алены Зылевіч.

Нас было трое ў сям'і: старэйшая Вера, потым Іван, затым я. Розніца з братам — чатыры гады. Калі браць школьнае жыццё, то гэта вельмі адчуваецца. Але брат ніколі не падкрэсліваў свой узрост. Наадварот, у нас склаліся такія адносіны, што маё слова было апошнім. I не Іван мяне тузаў за косы, а я яго калаціла, калі нечым была незадаволена.

Ён мог бы мяне папросту закінуць, ну, хоць на шафу. Высокі, дужы, моцны. А яго захапленне спортам проста прыемна здзіўляла. У нас у двары расце вялікая прыгожая бяроза. Дык ён на ёй канат павесіў і лазіў штодзённа. I не толькі сам займаўся, але і суседскага хлопчыка прыцягваў: вучыся, маўляў, у жыцці спатрэбіцца.

А Іван паўсюдна знаходзіў магчымасць для фізічнага развіцця. Восенню капаем бульбу за тры кіламетры ад вёскі — дык ён дахаты бяжыць. Вось такі крос. А зімой не адарваць ад хакея. Не сказала б, што шмат часу ўдзяляў вучобе. За сябрамі, за кампаніяй не было калі ўрокі рыхтаваць. Дома падручнікаў амаль не адкрываў. Але вучыўся нармальна, без "двоек", відаць, здольнасці былі. I мне ўсе задачкі па матэматыцы рашаў.

Лес у нас блізка. Напэўна, уплываў на звычкі. Іван вельмі любіў збіраць ягады і грыбы. Аднак самае вялікае захапленне — рыбалка. Рыбай проста завальваў нас, не было куды яе дзяваць. Звычайна лавіў паблізу, у навакольных канавах, а некалькі разоў ездзіў на Чорнае возера. Вось тады мама вельмі перажывала...

А наогул брат не дастаўляў клопату, як часам іншыя падлеткі. Вынік мацярынскага выхавання — бацька больш займаўся працай. А мама, можна сказаць, па сучасных мерках трымала Івана ў "яжовых рукавіцах". Лупцавала да 10-га класа, калі што ўтворыць. Ніякіх страшных "злачынстваў", зразумела, за ім не вадзілася. Вось, напрыклад, пачаў курыць — дзе ж адстаць ад сяброў? Дык мама купіла пачак цыгарэт і ледзь не накарміла яго імі. Больш не сваволіў.

Я, хаця і малая была, але зразумела лагоднасць і роўнасць яго характару. I не раз гаварыла: вось будзе камусьці муж зайздросны. Спакойны, працавіты, мяккі... Бацька ж не ведаў ні кароў пасвіць, ні сена назапашваць. Іван ні ад якой работы не адмаўляўся, быццам на ўсё жыццё хацеў нарабіцца...

А як ганарылася сваім братам, калі да яго прыходзілі аднагодкі! Іван добра іграў на гітары, спяваў. Адну гітару бацькі купілі, а другую — электрычную — з першай стыпендыі ў вучылішчы набыў. Суседскія дзяўчаты прыводзілі ў госці гарадскіх сябровак, і я бачыла, якімі закаханымі вачыма глядзелі ўсе на брата. А ён такі сарамлівы быў, нават дзіўна: высокі, прыгожы, умелы...

Восенню праводзілі ў армію. У вучэбцы служыў ва Узбекістане. Маці пачала аб нечым здагадвацца. Мне доўга ўдавалася яе падманваць, нават калі Іван стаў пісаць з Афганістана. Галоўнае — своечасова ўбачыць і прапусціць небяспечны радок. Аднойчы не заўважыла, яна прачытала. Як цяжка стала чакаць пісьмаў! А яны, бывала, на 1 — 2 месяцы знікалі. Тады я хавала стары ліст, сцерагла паштальёнку, ішла да яе, а потым бегла да маці: пісьмо! I чытала, нешта на хаду прыдумваючы. Але мацярынскае сэрца — вяшчун, хутка яна разгадала мае хітрыкі і перастала верыць...

У пісьмах ён мала пісаў пра службу. Ведалі, што служыць у разведроце, ходзіць на "зялёнку". Аднойчы спытала: ці іграеш на гітары? Адказаў коратка: вельмі рэдка, часу не хапае. I дадаў, што бачыў земляка Віцю Канапацкага з Дзятлавіч, рады вельмі.

Іван і ў салдатах заставаўся такім жа ласкавым і ўважлівым. У кожным канверце мы нешта цікавае знаходзілі: бацьку лязо пасылаў, мне — малюнкі-адбіванкі. Вось толькі для маці не мог нічога прыдумаць, абяцаў: я табе прывязу, мама. Відаць, дамоў рыхтаваўся... Калі пахавалі, на наступны дзень атрымалі пісьмо: сустракайце мяне з падарункамі, пра ўсіх паклапаціўся...

У магілу маці палажыла ўсе яго рэчы: і цывільныя, і з таго рукзака, што прывезлі з труной, нават абедзве гітары. Толькі фотаздымкі пакінулі. Маці патрабавала: няхай усё сыну будзе, нам нічога не трэба. I сапраўды, ёй не трэба быў нават белы свет. Ад слёз яна аслепла. Цяпер, праўда, зрабілі аперацыю, адно вока бачыць. А бацька белым-белым стаў у адначассе. I пазбягае цяпер кампаній. Раней любіў ганарыцца сынам перад іншымі мужыкамі, а цяпер што...

Маці літаральна на наступны дзень пасля пахавання заявіла: Іван жывы. Можа, у палон трапіў. Я бачыла яго ў сне, ён прасіў: не плач, мама, гэта не мяне пахавалі, я бокам прайшоў. Спачатку мы спрабавалі ўгаворваць яе, але ў апошні час усё часцей мне сніцца мой брат: то хлеба просіць, то расказвае аб нечым. Розум адмаўляе ў надзеі, а сэрца патрабуе: чакайце мяне, і я вярнуся...

Цяпер пасля ЗАГСа маладыя ідуць да магілы загінуўшых воінаў. Калі ажаніўся наш дваюрадны брат — таксама "афганец", усклалі з нявестай кветкі на магілу. А калі адбылося і маё вяселле, мы хадзілі да Івана...