А. У. Зайчанка

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Зайчанка Аляксандр Уладзіміравіч. Нарадзіўся 12 сакавіка 1966 г. Загінуў 28 мая 1985 г. Узнагароджаны медалямі "За адвагу" і "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа". Пахаваны ў р.п. Мікашэвічы.

Альбом аб сыне

Аляксандра Барысаўна Зайчанка выкладае англійскую мову ў СШ № 1 р.п. Мікашэвічы. Калегі-настаўнікі характарызуюць яе не толькі як выдатнага педагога, але і як добрага чалавека і цудоўнага арганізатара.

На жаль, знаёміліся мы з Аляксандрай Барысаўнай зусім не з нагоды яе настаўніцкіх і чалавечых здольнасцей. Прывяло ў дом іх сямейнае гора — гібель старэйшага сына. Як кожная маці, Аляксандра Барысаўна да гэтага часу не верыць, што Сашы няма. Для яе хлопчык — заўсёды жывы. Вера гэта падмацоўваецца фотаздымкамі, што сабраны ў спецыяльным альбоме. Дарэчы, шмат іх зрабіла яна сама, рэдка развітваючыся са старэнькай "Зменай". I мы адгортваем першую старонку...

Маладая прывабная жанчына з выразнымі рысамі твару трымае на руках беласнежны пакет з немаўляткам. Па здымку нам не здагадацца, хто ў ім, а маці дакладна ведае: Сашаньку тры месяцы. Гэта яшчэ казахстанская зямля, куды маладыя спецыялісты Зайчанкі трапілі па размеркаванню і дзе пражылі больш як 10 гадоў, дзе нарадзіліся іх дзеці.

Стос фотаздымкаў з розных святаў у дзіцячым садзе. Трохгадовы Саша — на пярэднім плане. Ён ужо набыў славу "артыста" — танцуе, спявае, але літаральна выбух апладысментаў атрымлівае пасля чытання верша:

Я один у мамы сын,
Нет у мамы дочки...
У гэтым жа ўзросце хлопчык вывучае ўсе лічбы і літары.

З наступнага здымка так прывабна ўсміхаецца ў аб'ектыў першакласнік, што нельга не ўсміхнуцца ў адказ. "Вундэркіндства" закончылася. Вучань з Сашы атрымаўся станоўчы — без яскравых поспехаў, але і без відавочных няўдач. Вынікі яго школьнай працы адлюстраваны ў атэстаце сталасці — па ўсіх прадметах толькі "добра".

Вучоба адзначана адной ацэнкай. Больш разнастайнымі, напэўна, яны былі б зашматлікія захапленні Сашы. Цікавасць да розных сфер жыцця ў яго была бязмежнай.

Змалку прывык да сцэны і працягваў выступаць у школьнай мастацкай самадзейнасці. Пачаў вучыцца іграць на баяне. Любоў да паэзіі ўвасобілася ў хлапчуковае пакланенне перад трагічнай творчасцю і гераічным жыццём татарскага паэта Мусы Джаліля.

Мы на хвілінку адрываемся ад альбома, Аляксандра Барысаўна паказвае некалькі вымпелаў з дзесяткамі значкоў:

— Вось з відамі гарадоў... А гэта — дзіцячая серыя... У Сашы не было адной вызначанай тэмы, яму падабаліся ўсе значкі, а двайныя — дарыў сябрам.

— А вось гэта, — мы пераходзім у другі пакой, — лімон. Саша даўно пасадзіў семачка. Ішоў у армію — травінка была. А цяпер вунь якое дрэўца вырасла — ледзь не да столі. I так мы яго беражом...

Вяртаемся да альбома. Цікавая асаблівасць: на фотаздымках сярэдніх класаў Сашавы сябры значна вышэйшыя ростам, а ён ім рукі на плечы ўсклаў і быццам падцягнуцца хоча. I ў 10-ым даганяе аднагодкаў. На вачах хударлявы, нязграбны хлопчык ператвараецца ў высокага, фізічна развітага падлетка. Дапамагае стаць здаровым спорт.

Бацькі радаваліся фізічнаму развіццю сына, заахвочвалі яго шторанішнія кросы да Случы, віншавалі з перамогамі на раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.

У старэйшых класах захапленні Сашы набылі мэтанакіраваны характар — ён вырашыў стаць ваенным лётчыкам. Прыкметы яго мары захаваліся паўсюдна: шэраг сканструяваных пластмасавых самалётаў, стосы ваенных часопісаў — за імі бегаў па ўсіх кіёсках. Цяпер ён кожную нядзелю прачынаўся рана, каб паглядзець сваю любімую перадачу "Служу Савецкаму Саюзу!"

А бацькі ціха перажывалі, хаваючы ад сына тайну жудаснай хваробы — менінгіту, які хлопчык перанёс у дзяцінстве. I як усе добрыя людзі, спадзяваліся на шчаслівы выпадак, што дапаможа ажыццявіцца мары Сашы.

Фотаздымкі выпускнога класа адрозніваюцца хуткай зменай настрою: ад развітальна-сумнага (бывай, школа!) да насцярожана-вясёлага (як прымеш нас, доўгачаканае дарослае жыццё?). А Сашу па-ранейшаму знаходзіш па шчырай хлапчуковай усмешцы. Многія юнакі павязалі ўжо модныя гальштукі, расправілі плечы ў новых строгіх касцюмах, а Саша ў любімай форме адзення — свабодна раскрыты варатнік кашулі, спартыўныя кеды.

I раптам... ладны юнак у дэсанцкай форме быццам напамінае аб тым, што хутка здарыцца непапраўнае. Аляксандра Барысаўна ўсміхаецца:

— Прыйшоў з арміі дваюрадны брат, што служыў у дэсанце. Саша выпрасіў у яго форму — яна і цяпер у шафе вісіць. Тыдзень амаль не здымаў,— дэманстраваў аднакласнікам, фатаграфаваўся. I потым ужо не развітваўся з цяльняшкай.

Пасля выпускных экзаменаў горкае расчараванне: не прайшоў медкамісію ў лётнае вучылішча — гланды. Хтосьці падказаў дзецям: паступайце, маўляў, у дэсантнае, адтуль можна перавесціся. Паехалі ў Разань. Пераканаліся ў памылцы, вярнуліся. I тут у ваенкамаце Саша папрасіў: накіруйце мяне ў Афганістан.

А я нічога не ведала, угаворвала ісці ў прафтэхвучылішча. Саша ж звярнуўся да бацькі: уладкуй працаваць. I стаў слясарыць на "Граніце".

Здымак гэтага кароткага перыяду: Саша ў касцы і рабочай спецвопратцы ў ролі "экскурсавода" — знаёміць з аб'яднаннем вучняў сваёй былой школы.

Наогул, на большасці здымкаў Саша акружаны кампаніяй. Ён заўсёды быў у цэнтры ўвагі: таварыскі, гаваркі, добразычлівы. Яго дружбу з малодшым (на 5 гадоў) братам Дзімам з белай зайздрасцю адзначалі суседзі. Яго клапатлівыя адносіны назаўсёды запомнілі суседскія дзяўчынкі: і даглядаў, і вучыў на веласіпедзе катацца, і абараняў ад свавольнікаў. Паважалі яго і аднакласніцы: вунь колькі сваіх вялікавокіх фотатвараў падаравалі!

— У сакавіку прыйшла павестка з ваенкамата,— працягвае Аляксандра Барысаўна. — Як педагог, я супраць урачыстых застолляў. А Саша просіць: мама, зрабі провады. Я: сынок, нам з табой пабыць бы болей разам, а за гэтым вечарам цябе і не ўбачым. Настаяў на сваім. I ўсё адбылося, як казала. А потым... Ледзь дачакалася першага пісьма з Ферганы — Саша там у вучэбцы знаходзіўся. I лета — не паверыце — згубіла на тое, каб дастаць білет на паездку да сына. Толькі 31 жніўня мне пашанцавала. Дырэктар школы зразумеў і адпусціў на тыдзень. А нядаўна адзін "афганец" мне сказаў:

— Ракавая выпадковасць: загінулі менавіта тыя хлопцы, да якіх у Саюзе прыязджалі бацькі...

Ферганскія фотаздымкі займаюць у альбоме ледзь не столькі месца, колькі ўсе астатнія. Не адну плёнку "адшчоўкнула" маці на сына: у вайсковай форме і ў цывільным адзенні, на плацу і на рынку, вясёлым і сур'ёзным. На апошнім здымку экзатычны змест пераважвае над дрэннай якасцю: Саша стаіць на сярэдзіне хісткага вяровачнага мосціка над безданню. Хіба ж не сімвал небяспекі будучай службы? А перадапошні здымак зноў прымушае ўздрыгнуць ад невыпадковай выпадковасці: салдат задрамаў, лежачы пад дрэвам і склаўшы рукі на рамяні...

Таксама беражліва, як фотаздымкі, захоўваюцца лісты салдата. Ён пісаў часта і многім, многа і атрымліваў. Маці ўспамінае радкі: "Прыйшоў з "вайны", — дваццаць пісьмаў ляжыць. Як паспею на ўсе адказаць?" Вось і некалькі ваенных фотаздымкаў — відавочна пасталеў салдат. У апошнім пісьме пісаў: "Я ўжо старшы сапёр. Мяне прадставілі да ўрадавай узнагароды. Вельмі хочацца дамоў". Менш заўважаючы апошні сказ, бацькі ганарыліся: ужо нешта значыць сын. Толькі нядаўна ад аднаго з "афганцаў" яны пачулі: "Сапёры больш трох месяцаў не жывуць". Саша праслужыў амаль восем...

У той дзень Аляксандра Барысаўна асісціравала на адным з экзаменаў. Думкі былі аб малодшым сыне, якога трэба было везці на кансультацыю да ўрача. Калі яе акружыў натоўп настаўнікаў з усхваляванымі тварамі, яна выдыхнула: "Што з Дзімам?" I не адразу зразумела, што гавораць аб старэйшым.

З гэтай чорнай весткай яна прыйшла дамоў. Спыніла насценны гадзіннік. I цяпер ён назаўсёды паказвае без сямі хвілін 13.

Аляксандра Барысаўна аддае мне чорны пакет. Там фотаздымкі з пахавання. Маці ўсё ж патрабавала зняць крышку з багажа "чорнага цюльпана". Непакалечаным ляжаў яе сын у форме дэсантніка: яго смяротна параніла ў жывот. Мацярынскія рукі ласкава гладзілі хлапчуковы твар, якога не кранала лязо брытвы. Ёй не дазволілі апрануць Сашу: блізкія людзі паверх салдацкага адзення абрадзілі яго ў строгі, як патрэбна па народнаму звычаю, жаніхоўскі касцюм.

Родныя Аляксандры Барысаўны здзіўляліся: як дружна дапамагалі пасялкоўцы ў арганізацыі пахавання. А яна магла б расказаць, як зусім незнаёмыя людзі словамі і справамі выказвалі свае спачуванні. Як спыняліся машыны на дарозе і прапаноўвалі падвезці, калі хтосьці з членаў сям'і ішоў па вуліцы. Як прасілі прабачэння нецвярозыя юнакі за лаянку паміж сабою з-за нейкай дробязі, калі заўважалі яе прысутнасць. Як дзеці з яе класа на палітінфармацыях доўга абыходзілі маўчаннем слова "Афганістан", каб лішні раз не напамінаць пра боль.

I толькі адзін раз абразіў мацярынскае сэрца афіцыйны званок: "Што вы там за нецэнзуршчыну на помніку сына напісалі?" Усяго і было "Загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку". Але ў той час так пісаць яшчэ не было прынята...

У гэтым альбоме няма адной серыі здымкаў. Але яны захоўваюццаў кожнага з вучняў цяпер ужо 7 "А" класа, якім кіруе Аляксандра Барысаўна. Настаўніца здымае сваіх школьнікаў у самых розных сітуацыях, таму што большасць часу праводзіць з імі.

— Вельмі баюся за мужа,— ціха прызнаецца яна. — Кажуць: як падкасіў боль... Гэта пра яго... мяне дзеці ратуюць ад адчаю. Маё гора — вечнае і няўцешнае, але разам з вучнямі мне лягчэй яго перанесці.

Мацярынская, настаўніцкая, чалавечая мудрасць Аляксандры Барысаўны быццам падказала заняцца непрыкметнай, але высакароднай справай. Разам з вучнямі даглядаюць магілы салдат Вялікай Айчыннай вайны, якіх многа ў наваколлі. Некалькі разоў на год праводзіцца велапрабег (педагагічна ўлічаны момант: для дзяцей важна гучная назва, цікавая арганізацыя) на могілкі пад Моршчынавічамі. Прыводзяцца ў парадак месцы апошняга прытулку ахвяр фашызму, воінаў-вызваліцеляў. Адначасова вядзецца следапыцкі пошук.

Аляксандра Барысаўна не можа паскардзіцца і на няўвагу да сына. Амаль штодзённа на магілу ходзіць хтосьці з родных і знаёмых, прыязджаюць і ўскладаюць кветкі аднакласнікі. Наведваюць бацькоў і былыя саслужыўцы Сашы — "афганцы". Аляксандра Барысаўна заўсёды чакае і з радасцю прымае ўсіх. Лягчэй у размове з імі біцца набалеламу мацярынскаму сэрцу. Той, хто выпрабаваны адной бядой, зведаў адно гора, — заўсёды зразумее другога. Разам з імі яна зноў можа перагартаць альбом аб Сашу, быццам некалькі гадзін пабыць разам з сынам.

А вось яго лісты яна чытаць не будзе. Не можа. Ні адна, ні з кім-небудзь. Зноў пачуць у гэтых радках любімы голас, ласкавы і жартаўлівы — сэрца не вытрымлівае. Яна яшчэ пачакае. Калі адступіць боль... Але ён не адступае...

На верх старонкі