Газета паведамляла...
Па старонках газеты "Лунінецкія Навіны" за 1991 — 1993 гг.28 студзеня 1991 г.
Шчаслівы выпадак — камп'ютэр
Да мінулага тыдня у школе № 1 р. п. Мікашэвічы не было камп'ютэрнай сістэмы. Пачатак паклалі брат і сястра Дзмітрый і Людміла Мінюковічы, Іван Волчэк, Васіль Лабуцін і Наталля Фіцнер. Яны ўдзельнічалі у гульні "Шчаслівы выпадак", якая праводзілася ў Палацы культуры і выйгралі камп'ютэр. Спаборніцтвы праходзілі па шасці галінах ведаў. Фінансаваў конкурс эрудытаў Мікашэвіцкі пасялковы Савет, за яго сродкі набыты камп'ютэр "Байт".
29 кастрычніка 1992 г.
Кубак Беларусі — у чэмпіёнаў
Удала прайшоў сёлетні сезон для мотабалістаў "Нівы" з Луніна. З чэмпіёнскімі тытуламі выехала каманда ў Бабруйск на розыгрыш Кубка Беларусі. Абыграўшы пінскую" Дружбу" з лікам 7:3 (а за яе выступалі мацнейшыя мотабалісты "Аўтамабіліста"), нашы затым нанеслі паражэнне гаспадарам поля — мясцоваму "Будаўніку": 2:1.
Чатыры мячы у вароты сапернікаў правёў Аляксандр Бабіч, тры — Віктар Кацуба і два — Аляксандр Лазько.
Віншуем "Ніву" з чэмпіёнскім званнем і заваяваным у Бабруйску Кубкам Беларусі.
Р. Жук
31 снежня 1993 г.
Ідзе ў гісторыю 1993 год. Па-рознаму мы будзем успамінаць аб ім. Адным ён прынёс поспехі, другім расчараванні, няўдачы.
Для народнай гаспадаркі Лунінеччыны мінулы год быў адным з самых складаных і цяжкіх. Летнія ліўневыя дажджы, вастрэйшы энергетычны крызіс, неразбярыха з узаемнымі плацяжамі паставілі эканоміку раёна ў цяжкае становішча. Аднак у цэлым удалося ўтрымаць эканоміку ад абвальных працэсаў, не дапусціць рэзкага зніжэння вытворчасці як прамысловай, так і сельскагаспадарчай прадукцыі.
Асабліва добрых слоў заслугоўваюць працаўнікі вёскі. У складанейшым, у адносінах надвор'я, годзе яны вырасцілі па 36,3 цэнтнера з гектара зерня, прадалі дзяржаве 11,5 тысячы тон мяса, амаль 42 тысячы тон малака.
Не спынілася і сацыяльнае развіццё раёна. Пабудаваны сярэдняя школа ў в. Сітніца, дзіцячыя сады ў вёсках Вулька 2, Дзятлавічы, амбулаторыі — у Язвінках, Чырвонай Волі, Вульцы 2, Дзятлавічах, 7 кіламетраў дарог з цвёрдым пакрыццём, працягвалася будаўніцтва жылля, пачата будаўніцтва сярэдніх школ у вёсках Язвінкі, Вулька 1. Шырока вядзецца індывідуальнае будаўніцтва.
Набірае тэмпы зямельная рэформа. Усе новыя рыначныя механізмы ўкараняюцца ў эканоміку раёна.
Праведзена значная работа па сацыяльнай абароне насельніцтва.
Наперадзе нас чакаюць нялёгкія дні: эканамічная стабільнасць наступіць не хутка. Будуць і далей працягвацца працэсы інфляцыі, рост цэн, энергетычны крызіс. Утрымацца ў гэтай зканамічнай стабільнасці мы можам толькі разам, працуючы арганізавана і мэтанакіравана, творча і дысцыплінавана.
П. Скарабагацька, старшыня раённага Савета народных дэпутатаў,
народны депутат Рэспублікі Беларусь.