Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Воіны-землякі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку ў мірны час

Бастынскі сельсавет

Вёска Бастынь

Арабей Іван Іванавіч, н. у 1965 г., радавы, ваенны будаўнік, загінуў 18.01.1980, пахаваны ў в. Бастынь.
Арэхва Уладзімір Уладзіміравіч, н. у 1964 г., радавы, бетоншчык, загінуў 15.06.1984, пахаваны ў в. Бастынь.
Сайко Васіль Васільевіч, н. у 1958 г., радавы, ваенны будаўнік, загінуў 4.03.1982, пахаваны ў в. Бастынь.

Вулькаўскі сельсавет

Вёска Бродніца

Яраховіч Сямён Васільевіч, н. у 1949 г., радавы, ваенны будаўнік, загінуў 12.12.1969., пахаваны ў в. Бродніца.

Вёска Вулька 2

Макейчык Мікалай Пятровіч, н. у 1966 г., радавы, механік-вадзіцель, загінуў 29.09.1986, пахаваны ў в. Вулька 2.

Вёска Галы Бор

Паўловіч Іван Фёдаравіч, н. у 1968 г., радавы, стралок, загінуў 21.12.1987, пахаваны ў в. Галы Бор.

Вёска Добрая Воля

Грудзько Міхаіл Іванавіч, н. у 1950 г., радавы, загінуў 9.12.1970, пахаваны ў в. Добрая Воля.

Вёска Міжлессе

Максімовіч Мікалай Адамавіч, н. у 1971 г., яфрэйтар, ст. вадзіцель, загінуў 15.09.1991, пахаваны ў в. Міжлессе.

З успамінаў маці загінуўшага Ганны Аляксандраўны Максімовіч, жыхаркі в. Міжлессе:

— Пасля заканчэння школы мой сын паступіў у ПТВ-146. Набыўшы спецыяльнасць токара, ён стаў працаваць у родным саўгасе "XXV з' езд КПСС" (цяпер "Міжлескі"). Тэрміновую службу праходзіў у Групе савецкіх войск у Германіі. У пачатку восені 1991 года паведамілі з часці, што ён моцна абгарэў і памёр. Даслалі ліст пра гэта трагічнае здарэнне:

"2 верасня 1991 г. пры выкананні баявой задачы па вывазу боепрыпасаў і іх знішчэння ад выбуху пораху ў адным з акопаў стварылася пагроза ўзгарання скрынак на аўтамабілі. Яфрэйтар Максімовіч кінуўся да машыны і паспеў вывесці яе на бяспечную адлегласць. Але, нягледзячы на прынятыя меры, пучок пораху, які гарэў, трапіў у кузаў аўтамабіля, у выніку чаго адбылося імгненнае ўзгаранне пораху, які там знаходзіўся. Цаною свайго жыцця яфрэйтар Максімовіч здолеў выратаваць жыццё падрыўной групы.

Камандаванне часці прадставіла яфрэйтара М.А. Максімовіча да пасмяротнага ўзнагароджвання ордэнам Чырвонай Зоркі".

Вёска Красная Воля

Свібовіч Мікалай Іванавіч, н. у 1958 г., яфрэйтар, ст. стралок, загінуў 16.11.1982, пахаваны ў в. Красная Воля.

Гарадоцкі сельсавет

Вёска Дрэбск

Грыневіч Аляксей Фёдарвіч, н. у 1962 г., радавы, загінуў 30.04.1982, пахаваны ў в. Дрэбск.

Вёска Кажан-Гарадок

Гоман Адам Андрэевіч, н. у 1928 г., радавы, стралок 108-га асобнага інжынерна-аэрадромнага б-на, загінуў 9.11.1948, пахаваны ў в. Кажан-Гарадок.

Дзятлавіцкі сельсавет

Вёска Бараўцы

Бусько Мікалай Ціханавіч, н. у 1948 г., радавы, памёр 18.11.1967, пахаваны ў в. Бараўцы.

Вёска Дзятлавічы

Зіновік Васіль Анісімавіч, н. у 1933 г., радавы, загінуў 12.06.1954, пахаваны ў в. Манастырышча Чарнігаўскага р-на Прыморскага краю (Расія).

Лахвенскі сельсавет

Вёска Барсукова

Верамчук Сяргей Аляксеевіч, н. у 1940 г., радавы, памёр 23.07.1960, пахаваны ў в. Барсукова.

Вёска Лахаўка

Меляшкевіч Аляксей Міхайлавіч, н. у 1968 г., радавы, стралок, загінуў 20.05.1987, пахаваны ў в. Лахаўка.

Вёска Лахва

Капліч Фёдар Ігнатавіч, н. у 1928, г., радавы, стралок 13-га асобнага дысцыплінарнага б-на, памёр 18.02.1948, пахаваны ў г. Варонеж (Расія).
Уласевіч Раман Раманавіч, н. у 1969 г., радавы, загінуў 8.09.1988, пахаваны ў в. Лахва.

Вёска Любань

Шчупак Мікалай Дзмітрыевіч, н. у 1962 г., радавы, загінуў 12.03.1982, пахаваны ў в. Любань.

Лунінскі сельсавет

Вёска Лобча

Казлоў Іван Маркавіч, н. у 1928 г., радавы, памёр 2.05.1948, пахаваны ў в. Лобча.
Раманчук Мікалай Іванавіч, н. у 1935 г., старшына 2-ой стацці, загінуў 19.06.1955, пахаваны ў в. Лобча.
Трухноў Аляксандр Міхайлавіч, н. у 1925 г., радавы, загінуў 18.02.1946, пахаваны ў в. Лунін.
Трухноў Анатоль Якаўлевіч, н. у 1926 г., радавы, гарматны нумар, загінуў 15.12.1946, пахаваны ў в. Лунін.
Трухноў Васіль Максімавіч, н. у 1936 г., загінуў 4.11.1956, пахаваны ў г. Кустанай (Казахстан).
Шымко Максім Дзяменцьевіч, н. у 1931 г., гв. яфрэйтар, кладаўшчык 218-га гв. сп., загінуў 6.04.1951, пахаваны ў в. Малыя Азёркі Плясецкага р-на Мурманскай вобл.(Расія).

Мікашэвіцкі пассавет

Пасёлак Мікашэвічы

Белаблоцкі Анатоль Аляксандравіч, н. у 1947 г., радавы, ваенны будаўнік, загінуў 25.05.1969, пахаваны ў р.п. Мікашэвічы.
Скачкоў Сяргей Уладзіміравіч н. у 1961 г., радавы, стралок, загінуў 18.09.1981, пахаваны ў р.п. Мікашэвічы.
Трафімовіч Васіль Адамавіч, н. у 1959 г., радавы, кулямётчык, загінуў 16.11.1982, пахаваны ў р.п. Мікашэвічы.

Вёска Сітніца

Катовіч Пётр Пятровіч, н. у 1931 г., мал. сяржант, загінуў 30.07.1951, пахаваны ў в. Бярэзіна Туруцінскага р-на Ізмайлаўскай вобл. (Украіна).

Рэдзігераўскі сельсавет

Вёска Рэдзігерава

Зух Мікалай Венядзіктавіч, н. у 1927 г., радавы, стралок 12-га сп., загінуў 17.06.1947, пахаваны ў в. Рэдзігерава.

Вёска Чэрабасава

Бабіч Валерый Якаўлевіч, н. у 1968 г., радавы, загінуў 9.10.1989, пахаваны ў в. Чэрабасава.

Сінкевіцкі сельсавет

Вёска Мокрава

Рудзько Іван Піліпавіч, н. у 1930 г., яфрэйтар, стралок, загінуў 6.03.1950, пахаваны ў в. Мокрава.
Шкут Васіль Аляксеевіч, н. у 1929 г., ст. сяржант, памёр 17.04.1956, пахаваны ў п. Гарбуноўка Каманскага р-на Чыцінскай вобл. (Расія).
Шэўчык Міхаіл Васільевіч, н. у 1953 г., вучань турбініста, загінуў 24.02.1972, пахаваны ў в. Мокрава.

Вёска Острава

Шкут Пётр Андрэевіч, н. у 1960 г., радавы, ваенны будаўнік, загінуў 3.03.1981, пахаваны ў в. Острава.

Чучавіцкі сельсавет

Вёска Баравікі

Насеня Васіль Іванавіч, н. у 1934 г., гв. радавы, вадзіцель 327-га гв. сп., загінуў 18.06.1956, пахаваны ў г. Ужгарад Запарожскай вобл. (Украіна).
Соц Леанід Іванавіч, н. у 1926 г., гв. радавы, стралок 255-га гв. сп., загінуў 25.09.1946, пахаваны ў г. Старая Руса Наўгародскай вобл. (Расія).

Вёска Вялікія Чучавічы

Гушчэня Сцяпан Іванавіч, н. у 1926 г., гв. малодшы сяржант, кам. аддзялення 56-га гв. сп., памёр 16.09.1946, пахаваны ў в. Вялікія Чучавічы.
Лужанін Васіль Лявонавіч, н. у 1928г., радавы 215-га асобн. б-на, памёр 8.05.1948, пахаваны ў г. Кобрын Брэсцкай вобл.

Горад Лунінец

Бортнік Дзмітрый Георгіевіч, н. у 1972 г., радавы, загінуў 9.04.1992, пахаваны ў г. Лунінец.
Канапацкі Пётр Васільевіч, н. у 1945 г., загінуў 10.09.1965, пахаваны ў г. Лунінец.
Кацуба Раман Іванавіч, н. у 1951 г., мал. сяржант, камандзір аддзялення, загінуў 14.04.1971, пахаваны ў г. Лунінец.
Кірзнер Рыгор Шэпшэлевіч, н. у 1947 г., радавы, загінуў 4.01.1968, пахаваны ў г. Благавешчанск Амурскай вобл. (Расія).
Леўшыц Адам Рыгоравіч, н. у 1957 г., ваенны будаўнік, загінуў 8.10.1976, пахаваны ў г. Лунінец.
Харытановіч Іван Раманавіч, н. у 1943 г., радавы, кантралёр КПП "Адэса", загінуў 31.01.1964, пахаваны ў г. Адэса (Украіна).

Не ўстаноўлена месца нараджэння яшчэ двух ваеннаслужачых.

Дземяновіч Міхаіл Няфёдавіч, н. у 1917, радавы, загінуў 1.09.1946.
Тонка Аляксей Мікалаевіч, н. у 1928 г., радавы, ваенны будаўнік, загінуў 18.06.1952.

Вернасць абавязку

Гарадзецкі Мікалай Браніслававіч, н. у 1953 г. на Міншчыне, з 1976 — на службе ў органах унутраных спраў, прайшоў шлях ад міліцыянера-вадзіцеля да ўчастковага інспектара міліцыі, загінуў 21.10.1992, пахаваны ў г. Лунінец.

З летапісу Лунінецкага ГРАУС:

"Інспектар знаходзіўся на дзяжурстве ў вёсцы Бараўцы. Ноччу злачынцы ўзламалі дзвярныя замкі з тыльнага боку мясцовага магазіна і спрабавалі абакрасці яго. Мікалай Браніслававіч перашкодзіў ім зрабіць гэта цаной уласнага жыцця".

З успамінаў Валянціны Браніславаўны Прымайчук, сястры загінуўшага:

— Усім лепшым у сабе абавязаны маці... Гэта перакананне кожнага з нашай сям'і — трох сясцёр і... брата. Маці працавала на ферме і гадавала нас адна. Бацьку замяніў Коля — старэйшы брат.

Цяжкім было дзяцінства, паўгалодным і бедным, але нават чужую цацку не маглі да хаты прынесці — так прывучыла маці, так наказваў брат. Няшмат радасці было і ў юнацтве — станавіцца на ногі давялося самім, без асаблівай матэрыяльнай падтрымкі, але ніхто з нас не згубіў любові да людзей.

Маці жыла шчыра і адкрыта, гэта перадала сыну. Коля і ў дарослым жыцці не складваў з сябе адказнасці за нас, сясцёр. А яшчэ ж з'явілася сям'я — жонка Людміла, добразычлівая і ветлівая, якая хутка стала нам роднай. Потым усе радаваліся чацвярым Коліным дочкам. Але для брата з першых гадоў службы ў міліцыі хатнія клопаты адышлі на другі план.

Як уважліва і адказна ставіўся Коля да людзей, так і людзі адносіліся да брата. Ведалі яго рэдкае ўменне выслухаць чыюсьці скаргу ці просьбу або проста споведзь набалелай душы. Хацелася даверліва расказваць Колю аб самым патаемным, таму што верылася: ён зразумее. Так думалі многія. Гэта адчулі ў самыя першыя хвіліны... без брата. Як толькі гаротная вестка дайшла да нас, адразу ж сталі прыходзіць яго таварышы па службе, сябры, суседзі, прадстаўнікі калгаса імя Калініна Дзятлавіцкага сельсавета, проста незнаёмыя жыхары навакольных мясцін. Без лішніх слоў спачування яны проста пачалі выконваць тыя неабходныя жалобныя справы, на якія проста не хапала нашых жаночых сіл...

Што б ні казалі, але асноўныя жыццёвыя прынцыпы чалавек атрымлівае з малаком маці. Напоўненыя велічным сэнсам былі для Колі словы аб гонары, справядлівасці, добрасумленнай працы, службовым абавязку. Таму не меў брат ні паўнацэнных водпускаў, ні выхадных — у любы час яго маглі паклікаць. Не асабліва тлумачылі пры гэтым слова "трэба", але на аператыўныя выклікі Коля імгненна адгукаўся: "Ёсць!" Які там асабісты ці вольны час, калі брата чакалі людзі з упэўненасцю, што навядзе парадак, спыніць неправавыя дзеянні, заспакоіць законапаслухмяных грамадзян, гэта значыць — нармалізуе жыццё на сваім участку.

Я заўсёды буду на баку супрацоўнікаў міліцыі за іх штодзённую карпатлівую і небяспечную службу, нябачны бой, які яны вядуць са злачынцамі. У кожным чалавеку ў міліцэйскім шынялі буду бачыць свайго брата, нашага Колю. Ён нічым не запляміў свой гонар мундзіра, хаця пайшоў з жыцця ў акрываўленай форме... З плямамі сваёй крыві...

У апошнія хвіліны жыцця Коля не думаў пра сябе. Хіба ён, узброены, не мог справіцца з парушальнікамі? Але брат страляў уверх, спадзеючыся, што адумаюцца. Ён даваў злачынцам шанц застацца людзьмі. Не, не магу так называць тых, ад рук каго загінуў брат. Перад вачыма стаіць рука брата, якую гэтыя нелюдзі прагрызлі да касці, каб забраць пісталет. А цела Колі, на якім месца не было ад сінякоў і крывападцёкаў, калі давялося абмываць... Не, людзі не здольны дайсці да такой ступені жорсткасці. Грызці рукі, дабіваць, ужо смяротна параненага, нагамі... Нават прысутнічаць пры гэтым — ужо злачынства...

...У кожнай з сясцёр Колі свае сем'і, у якіх растуць яго пляменніцы. Мы так прывыклі заўсёды спадзявацца на брата, які абараняў і дапамагаў, раіў і падтрымліваў. Колькі ж добрых слоў не паспелі яму сказаць. Усё здавалася: навошта, Коля ж побач. Так, побач. Брат быў як паветра, вада, зямля, якіх не заўважаеш, а без іх жыць немагчыма. Коля нікому не навязваў сваё існаванне, але пасля яго гібелі асірацелі не толькі маці, жонка, дзеці, усе мы. Загінуў вартаўнік правапарадку, а гэта значыць — кожнаму ў грамадстве на нейкую часцінку стала небяспечней жыць. Упэўнена, што таварышы па службе, якія былі з намі ў самыя цяжкія хвіліны вечнага развітання з братам, не даруюць гэту смерць. Я заклікаю не да помсты, а да аднаўлення чалавечай справядлівасці ў памяць аб загінуўшым. Непакаранае зло можа павялічыцца.

А мне застаецца ўсё жыццё шкадаваць аб адным, чаму своечасова не сказала Колю: якая шчаслівая, што маю такога брата...

Запісала Таццяна Канапацкая

На верх старонкі



Шэўчык
М. В. Шэўчык

Соц
Л. І. Соц