Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

"Не парываецца зямная сувязь..."

Такую назву мае адна з кніг Міколы Калінковіча (Мікалая Мікалаевіча Калянковіча) — краязнаўцы, гісторыка, пісьменніка, чэкіста, жыццё якога, на жаль, абарвалася ў росквіце творчых сіл... Як і раней, захоўваецца сувязь паміж аўтарам і яго чытачамі — праз яго кнігі, артыкулы. Праз памяць...

Няхай пра сябе раскажа ён сам, напісаўшы па просьбе краязнаўчага музея "Кароткі погляд на пражытае, ці штрыхі да аўтабіяграфіі" 21 кастрычніка 1985 г.

"З гадамі ўсё больш пераконваешся ў мудрасці Аляксандра Блока, што палова жыцця — самая цяжкая. Відавочна, так яно і ёсць, было і будзе. Таму што пачатак — заўсёды прасцей (захад, напэўна, таксама), больш узнёсла-ўсхваляваны, азартна-роўны. Без асаблівых глыбінных роздумаў. А калі з роздумамі — так пра тое, што цябе наперадзе чакае несумненная радасць, надзеі, ажыццяўленне тваіх мар. Ты заспакойваеш сябе, калі яшчэ не зрабіў выбар, што гэты выбар абавязкова адбудзецца. Шмат табе належыць спасцігнуць, а спасцігнуўшы, зацвярдзіцца ў асабістых вачах і, зразумела, у акружаючых.

А калі да сярэдзіны жыцця нічога гэтага няма? Калі гады дарэмна прайшлі ў сумненнях, у безвыніковым пошуку, у барацьбе з жыццёвымі бурамі і г.д.? Калі ты дасягнуў толькі маленькую частку таго, да чаго імкнуўся, або нічога не дасягнуў — у адпаведнасці са сваімі душэўнымі намерамі, схільнасцямі, здольнасцямі?! Калі ты ўвяз у чымсьці дробным, бытавым, наносным, шточасным, павярхоўным? I выправіць ужо нічога нельга: гады, час згублены беспаваротна — што тады?

Адным словам, палова жыцця — прамежак даволі складаны і сур'ёзны. Яна падобна на стаерскую дыстанцыю: у цябе быццам бы ёсць яшчэ шанцы на перамогу ў забегу і быццам бы ты іх ужо не маеш. Паскорыш бег, вытрымаеш тэмп — прыйдзеш у ліку пераможцаў, не зможаш (а, дарэчы, чаму?) — таксама не вельмі крыўдна. Галоўнае, каб дыстанцыя была пройдзена. I пройдзена сумленна, каб ты не зышоў з яе, а, пераадолеўшы, змог сказаць: так, я зрабіў усё, што змог, рэалізаваў у сабе тое, што мне ніспаслана ўжо не мною, ад мяне не залежачае...

Чалавек, які думае і хвалюецца, заўсёды падводзіць вынік свайго жыцця. А пасля 30-ці, упэўнены, робіць гэта ўсё часцей і часцей. I каб вынік у нейкай меры яго задавальняў, ён імкнецца працаваць, прад'яўляць да жыцця бязмерныя патрабаванні: усё ці нічога, зноў жа па Блоку. Праца — адзіная святая мелодыя жыцця, якая вечная, найвышэйшы жыццёвы акорд.

Які ж вынік у мяне? Відавочна, як і ва ўсіх. Са сваімі радасцямі і цяжкасцямі. Нарадзіўся ў вёсачцы Цна, якая раскідала свае хаткі ўздоўж правага берагу цудоўнай, ласкавай, прыцягальна-серабрыстай рачулкі з аднайменнай назвай, у 15 км на ўсход ад Лунінца. Нарадзіўся ў мяцеліцу і траскучы мароз — 18 снежня 1950 г. Запісалі ў метрыку: 15 студзеня 1951 г. I зусім не таму, што вырашылі "амаладзіць", а па той простай прычыне, што сельсавет знаходзіўся ў суседняй вёсцы — за добрыя тры вярсты. Паспрабуй у разгул зімовай сцюжы па шматпавярховых снежных замётах дабярыся! Да таго ж — цяжкія роды, страта зроку на адно вока ў маці — заражэнне — назаўсёды. Роды абыходзіліся без удзелу медыка, дзе яго тады было ўзяць? Кажуць, потым у Кажан-Гарадоцкай амбулаторыі і Лунінецкай райбальніцы на маці і нованароджанага амаль махнулі рукой. Выжывалі з дапамогай вёскі. З цягам часу ўзмацнелі, зацвердзіліся, зачапіліся за жыццё.

Са службы з Балтыйскага флоту вярнуўся бацька. Яго энергія і жыццёвыя патрабаванні жадалі прасторы. Яе вёска не магла даць у той час. Падаўся ў г. Вусць-Каменагорск Казахскай ССР, забраў нас з маці. Жылі там гадоў 5. Памятаю гэты перыяд нядрэнна. Асабліва моцную паводку бурлявай рэчкі Вульбы, двор, школу, суседзяў. Там жа нарадзілася сястра Валянціна, у 1958 г.

У школе правучыўся толькі некалькі тыдняў. Восенню вярнуліся ў родныя мясціны. Выйшлі ноччу на станцыі Лахва. Да Цны — 8 км. Маці застаецца з 8-месячнай сястрой у цесненькім будынку станцыі. Мы з бацькам пяшком у Цну, за канём. Мужыкі ж! Памятаю гэты шлях — доўга-ўтомна-цікавы!

Вучоба ў Цнянскай пачатковай, а потым 8-гадовай школе. Вясковае дзяцінства са штодзённай працай — ці то на асабістым агародзе, ці то на калгасных палетках. Але любілі абганяць бульбу, скакаць на конях. Жыццё няпростае, але цікавае, карыснае. I радасць дзяцінства — яна нязменная ў любых умовах. Першая настаўніца — Аляксандра Рыгораўна Майсак. Першы дырэктар школы — Мікалай Васільевіч Ачапоўскі. Любоў да літаратуры (Лермантаў, Някрасаў, Пушкін, Цютчаў, Багдановіч, Купала, пазней — Твардоўскі, Маякоўскі, Блок, Ясенін, Смелякоў...), гісторыі, мовы, спорту. Нешта пісаў, актыўнічаў у школьным жыцці. П'еску "Самагонка — пляска дружыны" нават паставілі ў сельскім клубе, а я граў галоўную ролю. Пад моцныя апладысменты вёскі.

Летам 1964 г. нарадзілася другая сястра — Мілка. Праз год пераехалі ў Лунінец. 8-ы, 9-ы і 10-ы класы вучыўся ў Лунінецкай СШ № 2. Вельмі чулы і добры класны кіраўнік Валянціна Іванаўна Міхайлоўская. Урокі літаратуры Нелі Майсееўны Рэзнік (рускай) і Марыі Емяльянаўны Каліва (беларускай), гісторыі — Любові Іосіфаўны Сіманавай.

Усе гады вучыўся без троек за чвэрць. Асаблівы націск рабіў на любімыя прадметы, шмат чытаў, у спецыяльны блакноцік запісваў прачытанае: герояў, аўтара, памятнае.

Дарэчы, у 6-ым класе ў Цне сачыненне "Кім я хачу стаць?" напісаў — ніколі не забыць — ваенным журналістам. Час паказаў, што выбар можна зрабіць і ў 13 гадоў. Дзеці, падлеткі, не заўсёды памыляюцца ў гэтых пытаннях. Калі яшчэ, як не ў гэты перыяд, шчырасць ёсць шчырасць, а прадчуванне — прадчуванне? Рэальнасць, якая здаецца нерэальнай, потым становіцца рэальнасцю.

З 10-га класа стаў актыўна супрацоўнічаць у лунінецкай раённай газеце "Ленінскі шлях". Блаславіў малады карэспандэнт Уладзімір Бацкалевіч, падтрымаў, даў пуцёўку на газетную паласу. У лютым 1968 г. была апублікавана першая заметка ў "раёнцы" аб нейкім мерапрыемстве ў нашай школе. Прозвішча сваё ставіць пасаромеўся, падпісаўся "М. Мікалаеў". У тым жа годзе закончыў школу. Куды ж далей?

Журфак Белдзяржуніверсітэта. Не дарэмна ж пісаў у 6-ым класе пра прызванне. Вялікі конкурс. Здаю, на першы погляд, нядрэнна: дзве "чацвёркі" — сачыненне, гісторыя, дзве "пяцёркі" — літаратура, замежная мова. 18-ці балаў аказалася мала.

Што рабіць, чым заняцца? Вяртаюся ў Лунінец, армія чакае амаль праз год. Па рэкамендацыі Л.І. Сіманавай звяртаюся, да нябожчыка ўжо, загадчыка райана П.Т. Баравіка. Прапаноўваюць вакансію настаўніка нямецкай мовы ў Гаўрыльчыцах.

Гаўрыльчыцы — лясная, бездарожная глыбінка раёна, амаль 80 вёрстаў ад Лунінца. (Гэта цяпер яна "сталічная" — адышла да Мінскай вобласці Салігорскага раёна, пакрылася асфальтам і дабірацца да яе — адна асалода, гадзіна язды.)

Дабіраюся з поштай у адкрытым кузаве грузавіка. Неймаверная траска, 5 гадзін. Дарога — непралазныя багны, вязкі грунт. Дзіўна, але буксавалі ўсяго некалькі разоў. Гацілі галінамі, спецыяльна для гэтага нарыхтаванымі дошкамі.

Гаўрыльчыцкая школа. Пастаялец мілых, ветлівых людзей — дзеда Мікалая і бабкі Алены. "Кватэра са сталом" — 30 рублёў у месяц. Асвоіўся хутка. Усё па душы, быццам так і трэба. Дырэктар і асобныя настаўнікі аднесліся спачатку з недаверам, пасля некалькіх адкрытых урокаў далі добрыя адозвы.

Пішу ў "раёнку". Пра вяскоўцаў, Гаўрыльчыцы, клопаты і справы. Арганізаваў секцыю валейбола. У дзяцей вялікі інтарэс як да спорту, так і да мовы нямецкай.

Амаль праз месяц з паштовай машынай зноў выбіраюся ў горад "на пабыўку". Сустракаюся на вуліцы з адказным сакратаром раённай газеты Эдуардам Уладзіміравічам Мацкевічам, які гаворыць:

— Зайдзі да рэдактара.

Рэдактар — Васіль Андрэевіч Літвінчук. Размова, заданні. Шчыра, мяняць "прафесію" ўжо не хацелася. Вярнуўся ў Гаўрыльчыцы, выконваю заданні газеты, пішу. Запрашаюць у штат з месячным выпрабавальным тэрмінам. Праводзіць амаль уся школа, дзеці бягуць за паштовай машынай. Ім сумна, мне таксама. Бывайце, добрыя, ласкавыя Гаўрыльчыцы і іх цудоўны народ!

Літаратурны супрацоўнік газеты. Амаль год захапляльнай, няпростай карэспандэнцкай справы. Спачатку правілі мяне шмат, моцна, вычышчалі "лірыку", неардынарнасць, падганялі пад газетны штамп, нават сумняваліся: ці будзе з яго журналіст. Але я не здаваўся. Працягваў пісаць так, як мне падабалася, а не так, як нехта хацеў.

12 мая 1969 г. — двор РДК, маршрут на Брэст, армія. Звольніўся 11 чэрвеня 1971 г. Ракетчык. Ленінградская ваенная акруга. У арміі першапачаткова вучэбка 6 месяцаў, закончыў з адзнакай. Суровая школа. Потым — сяржанцкія нашыўкі і армейская спецыяльнасць — механік па пнеўмаабсталяванні. Камандзір аддзялення, потым — старшына роты. Старшы сяржант запасу. Увесь тэрмін службы — супрацоўніцтва з акруговай газетай "На страже Родины". Заахвочванне ад рэдакцыі — электрабрытва, уручылі ў рэдакцыі.

Зноў Мінск. Але да паступлення яшчэ 2 месяцы: працую ў "раёнцы" адказным сакратаром. У жніўні 1971 г. паступіў на журфак Белдзяржуніверсітэта. Тыя ж ацэнкі па тых жа прадметах, што і тры гады назад. Але цяпер іншая справа: стаж, кандыдат у члены партыі, маса публікацый. Прайшоў трэцім нумарам, у парадку чарговасці, па субяседаванню. Быў дапытлівым, цікаўным, няўрымслівым. Па рэкамендацыі цудоўнага чалавека, доктара навук, прафесара, журналіста і пісьменніка, загадчыка кафедры тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі Барыса Васільевіча Стральцова актыўна супрацоўнічаў у "Сельской газете". У студзені 1973 г. залічылі ў штат — аддзел навін, малодшы літаратурны супрацоўнік. Вучоба і работа. Першы — па сур'ёзнаму рахунку — настаўнік у журналістыцы Сцяпан Васільевіч Барадоўскі, загадчык аддзела. Але калі наспела пытанне аб пераводзе на завочнае аддзяленне, дэканат не дазволіў. Працягваў супрацоўніцтва пазаштатна. Цудоўныя, незабыўныя студэнцкія гады.

У 1976 г. — размеркаванне. Па выніках вучобы ўвайшоў у "дзесятку" мацнейшых. Зноў жа, як у школе, вучыўся без троек, хаця шмат ездзіў па рэспубліцы, працаваў у архівах. З 1-га курса ўсур'ёз узяўся за даследаванне "палескага перыяду" Аляксандра Блока. Па гэтай жа тэме абараніў дыпломную: старшыня камісіі Георгій Лаўрэнцьевіч Напрэеў ацаніў на "пяцёрку".

Было запытанне — пасля практыкі ў Брэсце — з абласной газеты "Заря". Паехаў. Аддзел ідэалогіі, працую некалькі тыдняў, усё добра, рэдактар — цудоўны чалавек і журналіст Пётр Пятровіч Суцько. Але ўсё ж цягне ў Лунінец. Рашаюся. Намеснік рэдактара раённай газеты".

Маладога журналіста цягнула да розных аспектаў жыцця — акрамя штатнай партыйнай тэматыкі, аднавіў літаратурнае аб'яднанне, даў яму назву "Палессе", пад якой яно і цяпер працуе, шмат пісаў на спартыўныя тэмы. Але ўсё больш выразна адчувалася жаданне даследаваць родную гісторыю. У выніку на старонках "Ленінскага шляху" і шэрага іншых выданняў з'явіліся нарысы і артыкулы пра гісторыю Лунінеччыны. Ен абапіраўся ў пэўнай ступені на даследаванні сваіх папярэднікаў-краязнаўцаў (напрыклад, Г.А. Вайндраха і інш.), але і сам шмат зрабіў для ўзняцця краязнаўчай справы ў раёне на больш якасны ўзровень, актыўна прапагандаваў гісторыю тутэйшых мясцін у друку, сустракаўся і перапісваўся са сведкамі падзей. Працягваў ён і даследаванне "блокаўскага перыяду" на Палессі.

У жніўні 1976 г. Мікалай Калянковіч накіраваны на вучобу ў школу КДБ. Як сам адзначае, "пэўная барацьба матываў, але... Як снег на галаву — Туркменістан, верасень 1979 г. Ашхабад. Цяжка. А калі, скажыце, чалавеку, які ідзе няходжаным шляхам, бывае лёгка? Служу, не здаюся. Працую шмат, нават вельмі. На два франты — чэкісцкі і літаратурны, архіўна-даследчы".

Паэт і рэдактар абласной газеты "Ташаузская правда" Міхаіл Фядотавіч Карпенка, які не аднойчы бываў на Лунінеччыне і нават прысвячаў ёй вершы, пісаў пра свайго новага сябра: "Што асабліва падабалася мне ў Мікалаю — гэта незнішчальныя пошукі новых тэм аб гераічным мінулым туркменскага народа. Ён заўжды быў сярод людзей, умеў слухаць іх, вывучаў звычаі і рытуалы мясцовага насельніцтва, вывучаў яго мову, любіў туркменскую літаратуру і пісьменнікаў... Зайздросная творчая энергія была ў Мікалая. Здзіўляюся, як ён мог так шмат пісаць, выконваць свае чэкісцкія абавязкі, вучыцца".

Беларусь і Туркменія стаяць побач у творчасці Міколы Калінковіча. У 1981 г. выйшла яго першая (у сааўтарстве з В.А. Літвінчуком) кніга "Лунінец" — невялікі гістарычны нарыс пра раён. У Ашхабадзе ў 1984 г. выдадзена кніга "Не парываецца зямная сувязь", а праз 2 гады — "Імя маё — Свабода", якія распавядаюць пра часы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Туркменіі, аб беларусах, што прымалі ўдзел у гэтых падзеях. У 1985 г. убачылі свет яшчэ 2 кнігі: у Мінску — "Палескія дні Аляксандра Блока", у Ашхабадзе — "Вяртанне світанкавага золаку" (аб туркменах, якія вызвалялі Беларусь ад фашыстаў). У 1990 г. у Мінску выйшаў зборнік гісторыка-краязнаўчых нарысаў аб палескім краі ў серыі "Гарады Беларусі", зразумела, пад назвай "Лунінец". У далёкай Туркменіі не парывалася духоўная сувязь пісьменніка з радзімай, свае кнігі ён прысвячаў родным і блізкім людзям — напрыклад, кніга "Не парываецца зямная сувязь" прысвечана памяці бабулі, партызанскай маці, вязніцы канцлагераў А.Ф. Івашкевіч-Луд.

"1983 г. — паступленне ў аспірантуру, экзамены, кандыдацкія экзамены, паспяхова, 1984 г. — Масква. Тады ж быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў СССР, член Саюза журналістаў СССР — з 1977-га.

Жонка — Святлана Паўлаўна, педыятр. Вяселле было ў Лунінцы, у кастрычніку 1973-га. Дочкі Вольга (1974) і Ксенія (1984).

Адносна напісання майго прозвішча. У дакументах яно значыцца "Калянковіч", у літаратурных дакументах — "Калінковіч". Па архіўных матэрыялах устанавіў, што прозвішча маіх продкаў пісалася менавіта па другому ўзору, нават легенда гэта расшыфроўвае "нарадзіўся калісьці на Міколу чалавек — Калініковіч".

Пасля заканчэння Акадэміі ў Маскве Мікалай Калянковіч быў накіраваны на службу ў КДБ Грузіі. Абараніў дысертацыю, стаў кандыдатам гістарычных навук, меў званне падпалкоўніка. Па-ранейшаму заставаўся шчырым і сумленным чалавекам, ад сустрэчы з якім рабілася лепш на душы... 24 ліпеня 1990 г. трагічна загінуў у Тбілісі.

Памяць пра Міколу Калінковіча засталася на старонках яго кніг, у назвах вуліц, у літаратурных помніках людзям, пра якіх ён пісаў, у матэрыялах краязнаўчага музея, ля вытокаў якога ён стаяў...

I самому пісьменніку ўдзячныя лунінчане паставілі помнік работы мінскага скульптара М.І. Кандрацьева — у 1991-ым, на могілках у Лунінцы, дзе пахаваны пісьменнік.

Традыцыйнымі сталі літаратурныя святы памяці Міколы Калінковіча, якія адбываюцца ў розных населеных пунктах Лунінеччыны. У дзень яго нараджэння мацнейшыя шахматысты раёна праводзяць свой турнір — мемарыял Міколы Калінковіча, а народныя калектывы прысвячаюць памяці земляка літаратурна-мастацкія праграмы. У 1993 г. адна з вуліц горада названа яго імем.

Таццяна Капапацкая

На верх старонкі