Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Авэ, Сяргей Сяргеевіч!

З канца XIX ст. ведалі ў Лунінцы сям'ю чэха Новака — яны выпякалі самы смачны хлеб для гараджан. А салдат Кананчук з'явіўся тут пасля цяжкага ранення ў гады першай сусветнай вайны. Ажаніўся на адной з дачок славутага пекара. У сям'і Раісы Элаізаўны і Сяргея Піліпавіча Кананчукоў нарадзілася двое сыноў.

Ад маці, якая спявала ў хоры Лунінецкай царквы, дзецям перадаліся музычныя здольнасці. Многія лунінчане добра ведалі Рамана Сяргеевіча Кананчука, які быў запявалам у народным хоры Лунінецкага лакаматыўнага дэпо.

Яго брат Сяргей Сяргеевіч Кананчук нарадзіўся ў 1917 г. Вучыўся ў гімназіі і таксама спяваў у хоры. Пасля прыходу Савецкай улады ў 1939 г. сам стварыў хор пры Лунінецкім Доме культуры, акампаніраваў на баяне. Праз год яго прызвалі ў армію. Ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Аб далейшым яго жыцці дае поўнае ўяўленне публікацыя, змешчаная ў 1992 г. ў газеце "Самаркандский вестник", дарэчы, пад рубрыкай "Памяць".

Авэ, Сяргей Сяргеевіч!

Прызнаюся, ішла на гэты канцэрт у Палац творчасці дзяцей і юнацтва з некаторай апаскай. Ці атрымаецца тое, што задумаў калектыў вучылішча мастацтваў? Роўна дваццаць гадоў назад памёр любімы педагог і настаўнік многіх цяперашніх яго выкладчыкаў Сяргей Сяргеевіч Кананчук. Хвала і пашана ім, што не забылі, што вырашылі своеасабліва адзначыць "круглую" памятную дату. Але ж ці збяруцца людзі ў гэтую вялізную залу? Ці пажадаюць падзяліць разам з музычнай грамадскасцю горада няхай нават самыя светлыя пачуцці ўдзячнасці вялікаму майстру харавога мастацтва, наватару і падзвіжніку культуры? I час быццам бы цяпер для гэтага не самы зручны, калі страшна ўключаць тэлевізар ці радыё: вось ужо каторы год перадачы пачынаюцца з ваенных зводак, якія так нагадваюць "саракавыя-ракавыя" Вялікай Айчыннай.

...Зала была перапоўненая. Прычым там былі людзі розных пакаленняў — і калегі С.С. Кананчука, яго шматлікія вучні ўжо са сваімі вучнямі, і тыя, хто спяваў у розныя гады ў розных хорах Самарканда, якімі кіраваў Сяргей Сяргеевіч, і нават тыя, хто проста сутыкнуўся аднойчы з яго надзвычай артыстычнай натурай і спагадлівай душой.

Алімбай Рахманаў, цяперашні дырэктар вучылішча мастацтваў, які адкрыў вечар памяці С.С. Кананчука, сказаў коратка, але так шчыра, што настрой на "разумнае, добрае, вечнае", пасеяны цудоўным педагогам, адчуўся і ў зале. Алмазны россып каштоўнага таленту майстра, Педагога і Чалавека з вялікай літары, казаў ён, і дагэтуль зіхаціць у самых розных кутках Узбекістана. I як дарэчы тут загучала чароўная мелодыя Баха-Гуно "Авэ, Марыя!"

Многія з тых, хто знаходзіўся ў зале, нават незнаёмыя людзі, цяпер быццам бы аб'яднаныя нейкім агульным імкненнем далучэння да чагосьці светлага і высокага, расчулена ўсміхаліся адзін другому.

Авэ, Сяргей Сяргеевіч!

Яго жыццё было звязана з Самаркандам з 1951 г. Нават раней — калі ён, малады чалавек, праходзіў тут воінскую службу. Тады шматлікія прахожыя здзіўлена ўглядаліся ў маршыруючую па гораду роту, стараючыся разгледзець запявалу з прыемным голасам. Так што не выпадкова Сяргей Сяргеевіч трапіў сюды пасля заканчэння Ленінградскай кансерваторыі, тым больш што менавіта там, у Ленінградзе, ён сустрэў сваю любую, і менавіта з Самарканда — будучага дацэнта СамМІ і будучую жонку Алену Архангельскую.

Якая натхнёная атмасфера запанавала ў музвучылішчы з прыездам С.С. Кананчука. Так заўсёды, відавочна, бывае: прывабнасць яркай, выдатнай асобы выяўляецца абавязкова. Ён быў шырока адукаваным чалавекам — ведаў нямецкую і польскую мовы, латынь, цудоўна граў на раялі (як, урэшце, і на акардэоне), а спяваў так, што ля музвучылішча часта збіраліся прахожыя, каб адчуць асалоду ад чысціні і шчырасці спеваў незнаёмага "салавейкі". Урэшце, з часам усё больш самаркандцаў ведала ўжо напэўна, што гэта голас Сяргея Сяргеевіча. Пашыралася кола яго знаёмых, вучняў, ствараемых ім хораў. I сёння можна сказаць: ён быў непераўзыдзеным знаўцам харавога мастацтва. Тыя, хто меў шчасце спяваць у хоры, якім кіраваў Кананчук, ужо ніколі не здрадзяць гэтаму захапленню. Па ўсёй рэспубліцы грымелі ў тыя гады хор музвучылішча, створаныя ім хоры Дома афіцэраў, Дома піянераў, Дома культуры. А калі наладжваліся святы песні — здавалася, спяваў увесь горад. I, зразумела, зводным шматтысячным хорам, што збіраўся звычайна на стадыёне "Спартак", дырыжыраваў прыгожы, статны, вельмі сабраны мужчына ў акулярах. Узмах музычных рук — і шматгалосы хор, улюбёны ў свайго маэстра, гатовы спяваць гадзінамі...

I першы оперны клас арганізаваў у вучылішчы ўсё той жа нястомны С.С. Кананчук. Тады ў Самаркандзе яшчэ і не марылі аб уласным оперным тэатры.

Гэта быў зусім асобны культурны слой — час, у якім жыў і тварыў С.С. Кананчук, яго хоры і агульнагарадскія святы песні, і Самаркандскае музвучылішча таго перыяду, і ўвесь яго калектыў. Вось што значыць магнетызм, свет асобы чалавека, сапраўднага інтэлігента, асветніка па сваёй глыбіннай сутнасці.

У той вечар памяці С.С. Кананчука на сцэне Палаца творчасці дзяцей і юнацтва сабраліся адразу чатыры хоры — хор хлопчыкаў і хор педагогаў самога Палаца, зводны хор педагогаў і навучэнцаў вучылішча мастацтваў і народны хор ветэранаў Дома культуры № 1.

Кантата "Зямная прыгажосць" змяняецца ўзбекскай песняй, "Херувімская" Аляб'ева — таджыкскай народнай песняй "Дзіліман". Менавіта гэтую песню рэпеціраваў Сяргей Сяргеевіч 20 гадоў назад са сваім зводным хорам, калі кампазітар Уміджанаў, у апрацоўцы якога яна гучала, у захапленні заўважыў: "Я і не ўяўляў сабе, што гэта можа гучаць так цудоўна".

I так ужо здарылася, што меладычная, пяшчотная "Дзіліман" стала лебядзінай песняй Сяргея Сяргеевіча: у час рэпетыцыі ён раптоўна схапіўся за сэрца...

I зноў змаўкаюць музы, каб даць слова вучням Кананчука. Кожны прыгадваў аб сваім настаўніку нешта такое, чаго сёння так не хапае ўсім нам... Як Сяргей Сяргеевіч падкормліваў, чым мог, дзетдомаўскіх дзяцей. Як у холад зняў з сябе світар і нацягнуў на худзенькія плечы аднаго са сваіх вучняў. Як усюды, у гарадах і кішлаках, адшукваў музычна здольных дзяцей і настойваў перад педсаветам аб пазаконкурсным залічэнні іх у музвучылішча.

Ен памёр зусім маладым — ну што гэта, 55 гадоў для мужчыны? — а колькі Дабра, Свету і Прыгажосці пакінуў пасля сябе. Вось так бы кожнаму з нас памятаць: жыццё кароткае, і трэба паспець зрабіць як мага больш добрага!

Авэ, Сяргей Сяргеевіч!

Э. Сенатарава