Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Пархута Яраслаў Сільвестравіч

(н. у 1930 г.), беларускі пісьменнік. Аўтар аповесці "Адзінец". У кнізе "Зямля бацькоў нашых" — нарысы аб падарожжах па Беларусі, у тым ліку па Лунінеччыне.

Урыўкі з кнігі "Зямля бацькоў нашых" (Мн.: Полымя, 1988)

Граніт Палесся

Некалькі стагоддзяў таму тут стаяла тваністае балота і непраходны лес. Кажуць, першымі, хто адважыўся пасяліцца ў гэтым краі, былі ўцекачы з тэрыторыі сучаснай Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, якіх сагнала з родных мясцін цяжкая доля. Адваяваць у прыроды палоску зямлі было не так лёгка. Трэба было спляжыць лес, асушыць балота. На гэта траціліся гады. Але вось ужо на высеках выраслі першыя прыземістыя курныя хаты — з глінянай падлогай, чаротавай страхой. Хоць як, а жыць можна было.

Такія хаты з'явіліся і на беразе звілістай рачулкі Валхвы, што бегла ў матухну Прыпяць між Случчу і Ланню. Першым пасяленцам тут, як сцвярджаюць мясцовыя людзі, быў чалавек па прозвішчу Мікаш. Адсюль, відаць, і назва паселішча — Мікашэвічы.

Мікашэвічы, магчыма, і засталіся б глухой вёсачкай, каб не будаўніцтва Палесскай чыгункі. Яе пачалі класці тут у канцы мінулага стагоддзя. На будаўніцтва дарогі з навакольных паселішчаў пацягнуліся сотні, тысячы людзей. Палешукі як бы ўваскрэслі: з'явілася магчымасць зарабіць капейчыну.

А работа была нялёгкая — па пояс у тарфяной жыжцы. Не адзін загінуў тут, так і не ўбачыўшы таго дзіўнага каня, што есць вугаль, дыхае парай і цягне за сабою вунь ажно колькі вялізных вазоў.

Успамінаецца някрасаўскае:

...Видишь, стоит, изможден лихорадкою,
Высокорослый больной белорус...
I далей — як спагада, як вера, як надзея:
...Вынес и эту дорогу железную —
вынесет все, что господь ни пошлет!
У мястэчку Ленін, цэнтры воласці, па суседству з Мікашэвічамі, жыў памешчык Агаркаў. Ён быў увішным дзялком. Паколькі ўсе навакольныя лясы ад Случы да Хорастава, Мілевічаў, Гоцка былі яго ўладаннямі, памешчык пабудаваў у Мікашэвічах (чыгунка ж побач) тартак і фанерны завод. Прадпрыемства здаў у арэнду другому дзялку — Чудневу. У час рэвалюцыі Чуднеў уцёк за мяжу. У 1921 годзе, калі Мікашэвічы адышлі да Польшчы, зноў зъявіўся Агаркаў. На гэты раз, каб перадаць прадпрыемства франка-бельгійскай кампаніі "Ольза". Завод стаў самым буйным у Заходняй Еўропе.

Фірма "Ольза" праклала вузкакалейкі, каб лягчэй было падвозіць лес да завода. Але і гэтага, лічыла, мала. Пачалі капаць каналы. Таксама ўручную. Добраўпарадкаваннем мястэчка кампанія не займалася. На шмат якіх вуліцах стаяла непралазнае балота, па ім можна было прабрацца хіба што на чаўне. Улетку мікашэвіцкая дзетвара там кашамі лавіла ўюноў...

У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці захоўваецца справаздача ўрача Лунінецкага павятовага староства, складзеная 11 красавіка 1927 года. У ёй расказваецца, што амаль увесь павет размяшчаўся ў вялізнай забалочанай нізіне з цеснымі, раскіданымі сярод балот, як астраўкі, населенымі пунктамі. А вакол іх — багна і лісцевы лес. Сельскае насельніцтва займалася выпасам жывёлы, а таксама працавала ў розных дрэваапрацоўчых кампаніях у цяжкіх умовах у лесе. Гарачай ежы не было, адпачывалі людзі ў цёмных бараках, на голых нарах. Гэтае насельніцтва насіла на сабе ўсе рысы фізічнага і інтэлектуальнага выраджэння.

У такіх жа ўмовах знаходзіўся палескі селянін і ў сваёй вёсцы. У сувязі з занадта малой плошчай сухой тэрыторыі, неабходнай людзям пад палі, самі паселішчы звычайна знаходзіліся ў нізінах, дзе жыццё магчыма было толькі ў сухое лета. Хаты будаваліся нізкія, малыя, звычайна з аднаго памяшкання, з невялікімі адтулінамі для акон і дзвярэй, каб не трацілася цяпло. Большасць такіх пабудоў падлогі не мела, яе замяняў пясок. Сцены, вядома, зусім не тынкаваліся. Мэбліроўка такога жылля складалася з дзвюх лавак уздоўж сцен, невялікай дошкі на козлах, якая служыла сталом, і драўляных нар для ўсёй сямъі без якой-небудзь пасцелі, толькі пакрытых саломай.

Чацвёртая частка такой хаты звычайна была занята вялікай печчу. У такіх бедных хатах утрымлівалася зімою і хатняя жывёла. Ежай служылі амаль што выключна хлеб, бульба і невялікая колькасць саланіны як "афарбоўка" да ежы...

...Прыехаў у Мікашэвічы на зазімку. Браўся лёгкі марозік. Сонца хоць і не бачна было, але яно адчувалася — неба неяк нязвыкла свяцілася. Ціха апускаліся на зямлю сняжынкі, нібы выбіралі месца, дзе лепей легчы.

У старым паселішчы можна натрапіць яшчэ на хаціну, што дажыла да нашых дзён з даўніх часоў. Урасла ў зямлю па самыя вокны і побач з новымі дамамі здаецца прывідам. Убачыш там і Пангаласаўскі канал, пракапаны яшчэ некалі, каб сплаўляць па ім лес у Прыпяць. Берагі канала параслі альшынаю, лазою, парэчкамі. Усё гэта перавіў-пераплёў хмель. Вясною тут многа птахаў. Набрыдзеш і на сляды конак — даўжэзных насыпаў, што цягнуліся з лесу да рачных румаў ці на мясцовы тартак. А на вуліцы Партызанскай звернеш увагу на дзіўную прыземістую будыніну ў форме шматкутніка, з каптуром-стрэшкаю наверсе. Гэта — лядоўня, пабудаваная ў тыя часы, калі пракладвалі па тутэйшых балотах Палескую чыгунку. Убачыш і тыповыя паляшуцкія сядзібы, абнесеныя парканам, са стажком сена і балоцейкам у канцы дворышча.

Але не такая "панарама" характэрна для сённяшніх Мікашэвічаў. На тым беразе Пангаласаўскага канала, на былым выгане, вырас у апошнія гады сапраўдны горад. Шырокія асфальтаваныя вуліцы. Светлыя пяціпавярховыя дамы. На ўскрайку — шыкоўны (пазайздросціць і абласны цэнтр!) Палац культуры. Трошкі далей, пры ляску, бальніца, а глыбей у лес — прафілакторый. Афіцыйна гарадку імя яшчэ ніхто не даваў. Ды людзі апярэдзілі ўрачыстасці — назвалі самі: Гранітны. Тут жыве за пяць тысяч чалавек, у асноўным семъі гранітаздабытчыкаў.

А пачалося з таго, што за шэсць кіламетраў ад Мікашэвічаў геолагі адшукалі паклады граніту. Пласт у дзевяноста метраў і на невялікай глыбіні. Здабычу яго адразу пачалі адкрытым спосабам. Нядзеля, 21 кастрычніка 1973 года, увайшла ў гісторыю Палесся: прагучаў першы выбух, у выніку якога быў атрыманы будаўнічы граніт.

Міналі дні, тыдні, месяцы, і на былым балоце, дзе раслі чэзлыя сасонкі, бярэзнікі, а на вышынках заўсёды было безліч грыбоў, дзе між купін асакі вадзіліся крыжанкі, утварыўся глыбокі каръер. Побач вырасла прадпрыемства па перапрацоўцы граніту. Па магутнасці яно самае буйное ў Еўропе. Дае ў год каля сямі мільёнаў кубічных метраў нярудных будаўнічых матэрыялаў.

Да а6'яднання "Граніт" вядзе шасейка. Гадоў пятнаццаць таму тут і дарогі такой не было, і лес быў інакшы, і пералескі, і балоцістыя нізінкі не такімі выглядалі. Неруш ляжала вакол. А цяпер то там, то тут падступаюць да шляху падцярэбленыя вольхі, сосны. Іншы раз стане і дуб. Нізінкі змяняюцца сухімі вышынкамі, з якіх на схілах высвечвае пясок-плывун. А елак не відно, не растуць на гэтай зямлі.

...Успомнілася прыгода, што адбылася з тутэйшым дзедам Панасам, які аднойчы паехаў да кума пагасцяваць.

Пасядзеў за кумавым сталом Панас, а сцямнела — сабраўся дамоў. Усеўся ў сані, ляснуў пугаю, і кабылка пабегла. Бяжыць яна бяжыць, а Панас "Лявоніху" сабе насвіствае. Неяк нечакана агарнула дрымота. Дзед аслабіў ляйчыны, павярнуўся на бок і захроп. Раптам адчуў: зямля пад палазамі — круць! Потым яшчз раз — круць! А тады і кабылка, і сані, і ён разам з палукашкам як паляціць некуды, як паляціць! Ні супыну, ні прыпыну.
Ці доўга імчаў так — нікому невядома. А калі раптам сані спыніліся і Панас расплюшчыў вочы, то ўбачыў: кабылка спакойна стаяла пад... агромністай скалой. Справа да саней таксама падступалі высокія скалы. Яны вострымі пікамі ўпіраліся ў чорнае неба. А зверху лілося незямное святло.
Дзед пацёр вочы, але ўсё гэта і не думала гінуць.
— А куды ж гэта я, людцы мае, трапіў?!
Ад суседняй скалы аддзялілася нейкая істота і засмяялася:
— Вядома, на Месяц!..
У Панаса ажно мову адняло. Пазіраў на істоту ў блішчастым скафандры і не мог уцяміць, што да чаго. А яна прымошчвалася ўжо на сані, побач з ім, і цікавілася:
— Адкуль жа ты ўзяўся тут?
Голас спакойны, спагадлівы. I пачало ў Панаса адлягаць ад сэрца.
— З Сітніцы еду. Ад кума. Істота ажно зарагатала:
— Нямала адмахаў! Ой, нямала!
Панас зірнуў на месяцавы скалы і ўздыхнуў:
— Бачу, што нямала, бачу... Калі на душы трошкі паспакайнела, запытаўся:
— А вы што? I поначы працуеце?
Адказ не пачуў, бо ля падножжа самай высокай скалы загрукатала нейкая аграмадзіна і, пыхкаючы дымам, пачала ўгрызацца ў каменную камлыгу, а тады стала кідайь тыя камяні ў вялізную скрыню. Заварушылася скрыня, папаўзла ўгору, на самы край неба.
Калі грукатня трошкі спала, дзед пачуў:
— Вось такімі "лунаходамі" і вывозім граніт з кар'ера. Наверсе патрушчаць яго, прасеюць і атрымаецца шчабёнка. Пагрузяць у вагоны і павязуць, куды трэба.
— А ў вас і чыгунка е?
— А як жа! I порт у дадатак. Канал ад ракі праклалі...
Каб не выглядаць недасведчаным чалавекам, Панас прамовіў:
— Каналы — любата! У нас на Палессі таксама іх нямала. Яны ваду рудую сцягваюць, балоты асушаюць.
Але той нібы і не слухаў:
— I людзі, скажу, во як працуюць! Многія ў вялікай пашане ходзяць. Экскаватаршчык Мажараў, машыніст Караўка, узрыўнік Чайкоўскі...
— Глянь ты! — ускрыкнуў Панас. — I прозвішчы, як у нас, на Палессі! I раптам стаў прасіцца:
— Браток, а як жа мне дадому вярнуцца?
— А мы цябе зараз назад і адправім! — зноў засмяяўся хлопец у скафандры і ўзяў у рукі лейцы. — Нно-о, Гнядая! Уключай трэцюю касмічную!..
Ад прадчування новай нечаканасці стары Панас заплюшчыў вочы, стаіўся. I зноў адчуў неверагоднае. Сані спачатку паволі крануліся, потым падскочылі і паляцелі ўгору. Раптам — стоп! I чуецца той жа вясёлы голас:
— Вось ты і на сваім Палессі!..
Панас зірнуў туды, сюды і нарэшце зразумеў, у якую канфузію трапіў. Ён сарваў з галавы аблавушку і кінуў вобзем:
— Ах, ядры цябе корань! Хіба ж так жартуюць?! Зірнуў на хлопца і ўжо дабрадушна дадаў:
— I чуў жа не раз пра вашу работу, а, бачыш, і сапраўды быў падумаў, што на Месяц трапіў...
А вось я на тым месцы, дзе гадоў колькі таму адбылася вясёлая прыгодаз дзедам Панасам. Стаю на краечку кар'ера і дзіўлюся: за гэты час ён набыў памеры неверагадныя. Уявіце сабе місу, дыяметр якой каля дзвюх тысяч метраў, а глыбіня — каля сотні. То з кар'ера, то ў кар'ер па спецыяльнай дарозе ідуць самазвалы. Там, глыбока ўнізе, працуюць магутныя экскаватары. З даўжэзнай стралой экскаватар увіхаецца і на тым краі "місы" расшырае яе — адносіць каўшом пясок-сыпун далей ад гранітных выступаў. Процілеглы схіл таго агромністага катлавана парэзаны на тэрасы. На іх таксама ўвіхаюцца экскаватары, самазвалы, якія здаюцца цацачнымі.

Спускаюся па дарозе ўніз. Дзесяць метраў, сто, трыста. Не вытрымліваю, спыняюся, пазіраю ўгору. Над галавою, вунь ажно куды, падымаюцца стромыя скалы, усе ў трэшчынах, стыках, нібы складзеныя з вялізных гранітных камлыг. Відовішча незвычайнае. У сонечных промнях кожная скала па-свойму свеціцца, мае свой колер. Па шчылінах злятаюць да падножжа дзесяткі малых і не вельмі малых вадаспадаў. Гэта там, наверсе, на балоце, пачаў раставаць сняжок.

У адным месцы, на самай кромцы гранітнай скалы, стаяць бярэзнікі, сасонкі. Нібы таксама цікавяцца: а што тут, унізе? Адсюль яны выглядаюць малюсенькімі і танюсенькімі — як запалкі. У сэрцы нараджаецца спачуванне: прыйдзе час, кар'ер пашырыцца, і дрэў гэтых не стане...

А самазвалы ідуць, ідуць. Паражнякі імчаць хутка, а гружоныя падымаюцца цяжка і паволі. Граніт адсюль ідзе ажно ў пяцьсот адрасоў, у асноўным у гарады нашай рэспублікі. Ужо адпраўлена каля шасцідзесяці мільёнаў кубічных метраў гэтага каштоўнага будаўнічага матэрыялу.

Параўноўваю лічбы, аналізую ўбачанае і міжволі ўзнікае думка: як такое пад сілу чалавеку?

Выходзіць, пад сілу.

Вяртаўся дадому, і з найвялікшай павагай успаміналіся імёны першапраходцаў гэтага краю, тых, хто ў ліхую часіну не скараўся, хто жыццём, працай краю свайму маладосць вяртаў. Згадаўся верш паэта, якога дала нам палеская зямля, — Віктара Гардзея. Сімвалічна гучаць сціплыя радкі:

Тут, у лясах, быў вораг часта біты,
I не было людзей за нас цвярдзей.
Цяпер не дзіўна:
Гэта ад граніту
Такая моц і мужнасць у людзей.

Знайшлі паклады выкапняў карысных:
Руда і соль, і цвердзь падземных скал...
Стаяць майму Паллессю непахісна,
Калі такі трывалы п'едэстал!

Сталіца Валявах

Рашыў наведаць самы унікальны куток Палесся, дзе Лань упадае ў Прыпяць, на левым беразе якой знаходзіцца буйнейшая не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй сярэдняй паласе Еўропы калонія шэрых чапляў. Было ўжо сабраўся ў дарогу, ды спахапіўся: я ж не ведаю, як трапіць туды! Там — глухамань, непраходны забалочаны зараснік, адным словам, палескія джунглі. Дабрацца да іх, чуў, лягчэй за ўсё водным шляхам. Аднак зноў жа: адкуль пачынаць той шлях, на чым? I тут успомніў, што ў Інстытуце заалогіі Акадэміі навук працуе даўні сябар Эдуард Самусенка, які шмат гадоў аддаў вывучэнню жывёльнага свету Палесся. Званю яму і прашу:

— Эдуард! Падкажы, як лепш дабрацца да сталіцы валявах?

— Братка! — пачулася ў адказ. — Ты нібы ў ваду глядзеў! Заўтра з экспедыцыяй еду туды, у вусце Лані, будзем працягваць вывучэнне экалогіі звера, птушкі і земнаводных. Зараз бягу па білеты. Магу і табе прыхапіць.

— Зрабі ласку! — я ледзь не закрычаў ад радасці. — Буду вельмі ўдзячны.

...Вечарам ужо Эдуард пазваніў мне. Сказаў, што з білетамі ўсё ў парадку, і каб я заўтра быў на вакзале за паўгадзіны да адыходу цягніка, які ідзе на Брэст праз Лунінец...

У Лунінец прыехалі сярод ночы. Выйшлі з вагона, і кожны адчуў, што, сапраўды, трапіў на поўдзень. Паветра было надзвычай цёплае. Пахла сенам.

Усе пайшлі ў гасцініцу. Раніцой перакусілі ў буфеце і адправіліся на пошукі лясгаса. Там "выкраілі" нам невялікі аўтобус, і мы паехалі ажно ў Сінкевічы, за сорак кіламетраў ад райцэнтра. У Сінкевічах адшукалі егера Андрэевіча, з якім і даехалі берагам Лані да яе вусця. Далей аўтобус прайсці не мог — дарога абрывалася.

Выгрузіліся на нізкім беразе і спахапіліся. Колькі паклажы! (Андрэевіч прыхапіў яшчэ і пасцель). Развіталіся з лясгасаўцамі, падзякавалі за дапамогу і, калі аўтобус знік з вачэй, пачалі навальваць на сябе прывезенае. Праз колькі хвілін паволі, нібы караван вярблюдаў, пасунуліся ў густыя зарасці. Наперадзе, з тапорыкам у руках, ішоў егер...

Стаяла духата, нясцерпна смаліла сонца, не было чым дыхаць. Аднак ішлі, упарта прадзіраліся Да мэты. Андрэевіч сям-там ссякаў на хаду лазіны, якія вельмі ўжо заміналі, і не пераставаў падбадзёрваць:

— Нічога, рабінзоны мае харошыя, скора прывалачомся. Засталося нямнога.

Але гэтае "нямнога" цягнулася і цягнулася. Канца-краю не было чаратам, лазавінню, куп'ю, асацэ, зарасніку крапівы, ажыны. Не пераставалі чапляцца за ногі і палескія ліяны — хмель і ліснік. У іншых месцах хмель так абкручваў алешыну, так спавіваў яе, што дрэва не вытрымлівала — памірала. Такія, мёртвыя, алешыны стаялі то там, то тут — на ўсім шляху... Здзіўляў сваёй незвычайнасцю ліснік. "Ляйчыны" ён меў не такія шурпатыя, як хмель, не такія моцныя, але ўсё ж доўгія — па некалькі метраў. Ліснік таксама стараўся аплесці якое дрэва, але яму не заўсёды ўдавалася. I тады ён "ішоў" паверх кустоў парэчак, лазы ці зарасніку ажыны, утвараючы на іх суцэльныя зялёныя лапіны. Варта ўбіцца ў тое мудрагелістае перапляценне — абрыдне вызваляцца. Уразіла яшчэ адно — кветкі лісніка. У іншых месцах яны звісалі гронкамі, свяцілі фіялетавым агнём і нагадвалі цвіценне бульбы-варшаўкі. Сам я з Палесся, у дзяцінстве аблазіў сваю Косаўшчыну ўздоўж і ўпоперак, але такога лісніку не сустракаў. А тут... Дарэчы, у вусці Лані і чараты незвычайнай вышыні — на тры-чатыры метры падымаліся яны суцэльнай сцяною і нагадвалі бамбукавы зараснік.

— Не згубіцеся! — гукаў аднекуль здалёк егер. — Чаго адсталі?

Ледзь прыкметна сцежка нарэшце павярнула налева, спусцілася з кручы і вывела на бераг Прыпяці. Нават дзіўным здалося: колькі ішлі, а не адчувалася, што побач рака. Цяпер дыхаць стала лягчэй. Ад Прыпяці плыла прыемная прахалода. Ледзь улоўны ветрык абдаваў твар. Мае спадарожнікі ішлі каля самай кромкі вады, абыходзячы кучы плаўніку, што прыгнала да берага, дзюны, якія ажно сляпілі вочы бялюткім пяском. З-за павароткі паказаўся буксір. Ён цягнуў за сабою парожні даўжэзны рудавоз. На буксіры, відаць, заўважылі нас — павіталі кароткім гудком.

Як велічна, магутна выглядала Прыпяць! Што ў параўнанні з ёю Лань! Некалі прыгажэйшая рака Палесся, яна ператворана чалавекам у звычанную сцёкавую канаву. Лета сёлета сухое, рака ў многіх мясцінах і курыцы па калена не будзе. Па Лані нельга нават прайсці на лодцы. "Зглумілі!" — успаміналіся словы егера, якія ён сказаў, калі дабіраліся сюды на аўтобусе. — "Дарваліся! Каб на іх ліха..." Ён быў у крыўдзе на тых, хто зрабіў такое, хто дазволіў гэтак абыходзіцца з прыродай. Такой думкі былі ўсе тубыльцы — кіраўнікі лясгаса, лясніцтва, мясцовага калгаса, з якімі пры сустрэчы паспелі перакінуцца словам-другім. "Не столькі карысці з гэтага асушэння, колькі шкоды, — казалі яны. — Рака памерла".

А Прыпяць яшчэ жыла, працавала на чалавека, хоць, праўда, таксама паменела ў ёй вады ў выніку таго ж асушэння. На яе левым беразе, тут, у цэнтры Палесся, цудам захаваўся некранутым ні экскаватарам, ні сякераю дзівосны куточак. Вучоныя рэспублікі ў свой час падрыхтавалі абгрунтаванне неабходнасці арганізацыі там дзяржаўнага біялагічнага заказніка. Асновай сталі даследаванні Інстытута заалогіі Акадэміі навук. Вось радкі з таго дакумента:

"Мэта стварэння заказніка — захаванне ў натуральным стане унікальнага — ландшафтна-біялагічнага прыроднага комплексу Прыпяцкага Палесся, дзе знаходзіцца буйнейшая ў Еўропе калонія шэрых чапляў, рэдкія і знікаючыя віды птушак, рэптылій, рыб, што занесены ў Чырвоныя кнігі СССР і БССР, рэдкія, гаспадарча-карысныя, а таксама тыповыя віды палескай флоры. Гэты прыродны комплекс мае вялікае навуковае і практычнае значэнне, уяўляе цікавасць культурна-пазнавальных і асветных мэт, іграе важную ролю для падтрымання экалагічнага балансу, які склаўся ў пойме ракі Прыпяць ніжэй упадзення ў яе ракі Лань".

29 мая 1985 года Савет Міністраў рэспублікі прыняў пастанову, у першым пункце якой было запісана: "Прыняць прапанову Акадэміі навук БССР і Дзяржаўнага камітэта БССР па ахове прыроды аб стварэнні Дзяржаўнага біялагічнага заказніка "Вусце Лані"...

Заказнік невялікі — 228 гектараў. Знаходзіцца на землях калгаса "40 год Кастрычніка" і дзяржаўнага ляснога фонду Сінкевіцкага лясніцтва. Сама ж "сталіца" шэрых чапляў (гэтую птушку ў народзе яшчэ называюць валяваха) — у недаступным месцы, у рэдкастойнай пойменнай дуброве, далёка ад людскіх вачэй. Акрамя шэрай чаплі жывуць там сокал-сапсан, чорны бусел, зімародак, кулік-сарока, вялікі бугай, сустракаецца белая вялікая чапля, балотная чарапаха. Усе яны занесены ў Чырвоныя кнігі краіны і рэспублікі. Гняздзяцца таксама асаеды, курапаткі, перапёлкі, качкі, кулікі — усяго каля шасцідзесяці відаў птушак. Трапляюцца выдра, еўрапейская норка, гарнастай, ласка, янот-паласкун і іншыя. А які багаты раслінны свет! Здаецца, з усяго Палесся сабраліся тут кветкі, травы, кусты, дрэвы, каб даказаць людзям, які гэта цудоўны кут на зямлі. Сотні відаў! Сустракаюцца і даволі рэдкія расліны — дуброўнік часночны, старасцень татарскі, буйміна дробнакветкавая, малачайнік бліскучы, і лекавыя — ландыш майскі, крапіва двухдомная, піжма, крываўнік, вятроўнік... Адным словам, трэба добрым батанікам быць, каб пералічыць усё, што расце тут.

Ішоў свежым следам, каля самай кромкі вады, думаў пра ўсё гэта, а ў сэрцы, прызнацца, закладвалася няпэўнасць. Сярэдзіна ліпеня! Многія з насельнікаў заказніка пачалі самастойнае жыццё: падняліся на крыло ці разбегліся, асобныя віды сталі мігрыраваць — не вельмі каго цяпер і ўбачыш у гняздзе. Аднак валявахі, відаць, будуць на месцы. Вунь як лятуць з-за Прыпяці. Адна за адной. Часам, следам за імі, толькі значна ніжэй і спакайней, пераляталі раку белыя буслы. Яны заўсёды нешта ды неслі ў дзюбе: ці пучок сухой травы, ці галінку, ці рыбіну. Іншая рыбіна трапяталася, перашкаджала лёту, і бусел з усіх сіл стараўся хутчэй дасягнуць гнязда. Пэўна, дзеці яшчэ не сталі на крыло і трэба было карміць іх...

Сядзім пад разгалістым дубам і адпачываем. На ганку цаглянага дамка, які нядаўна яшчэ насіў даволі гучную назву "Дом паляўнічага" і дзе давядзецца пражыць усе гэтыя дні, грувасцяцца нашы рэчы.

— А прывалаклі! — радаваўся егер. — За адну ходку, рабінзоны мае харошыя. Прысадзісты, шырокі ў плячах, загарэлы, егер неяк па-дзіцячы даверліва паглядзеў на нас:

— А куток гэты, лічы, некрануты.

Ён зняў кепачку, выцер ёю твар, шыю і стаў расказваць.

— Тут Прыпэць луку робіць, абдымае і балатэ, і ліс, і пратокі і азэрыны. Самая вялыкая пратока — Касы Роў. Яна цягнецца ад вусця Лані, выхляе сюды-туды і ажно на тым краі ўпадае ў Прыпэць. Вясною ў пратоцы поўна вады, па ёй можна прайсці на якой хочаш лодцы. Тэпер яна пэрэсохла, але ў асобных мейсцах мае "катлы" да шасці метраў глыбынёю. Многа азэрын: Вабчына, Зграбнае, Падасінычы, Слэпяцін, Вослэбнэ, Жалезніца... У азэрынах, як і ў пратоках, нэмала рыбы. Алэ галоўнае: частка Касога Рова і пратока Лучка — гэто "столыца" валявах, буськоў і баброў. Там стояць старыя дубы. А хатак бабрыных — не мэнэй дэсяці будэ. На азэрынах здаўна водыцца бэзліч качок. Да вайны, "за польскім часам", спэкулянты арандавалы тыя азэрыны, трымалы пры іх вартаўнікоў, а колы адкрываўся паляўнічы сезон — з Варшавы, Вільны, Беластока, Брэста, іншых гарадоў запрашалы паноў. Одного разу одын такы пан наняў майго бацьку підыматы забітую дычыну. Пасля трохсот стрэлаў він підняў ажно дзвесце крыжанак... Варварство... Ды і ў нашы дны, рабінзоны мае харошыя, таксама бувае. Пяць гадоў таму наша Палэссе залыло було. Бабёр мусіў на хатках мостытыса. А тут мороз вдарыў. Голымы рукамы, казалы, бралы бабра тоды. А ці то па-людску?

Андрэевіч падняўся:

— То бувайце, хлопцы! Удачы вам у дзялах вашых. А я дадому, у Сынкевычы. За пару годын доберуся. Я — бы той лось малады, лёгкы шчэ на ногы.

I пайшоў сцяжынкай між траў і кветак.

...Вячэралі, а на зямлі гаспадарыла ноч. Неяк знянацку ўстала над намі шчарбатая поўня, а з ракі на сушу папоўз бялесы туман. Ён клубіўся, перавальваўся праз дзюны, чапляўся за кусты, камлі дрэў, траву, але поўз і поўз. I вось ужо ўсе "па пояс" у белых клубах — трапяткіх і зіхатлівых ад святла месяца...

Даўняя звычка ўставаць рана і на гэты раз не здрадзіла: падхапіўся на досвітку. Асцярожна пакінуў пакой, выйшаў на ганак і прысеў на прыступкі.

Сонца яшчэ не ўзышло, неба на ўсходзе палыхала ад чырвані. Недзе туды, у тую чырвань, з-за Прыпяці пасля начной жыроўкі праляцела чарада качак — спачатку цяжкіх крыжанак, а потым і быстрых чыркоў-свістункоў. Праз нейкі час следам за імі праплыў чорны каршун. I тады засвяцілася ў промнях узыходзячага сонца верхавіна дуба, недзе за дамком стала па-заліхвацку высвістваць івалга. Пачаў рассейвацца туман. Ён ужо толькі месцамі трымаўся за траву і кусты. А калі згінуў канчаткова і сонца асвяціла падвышаны бераг Прыпяці, на траве заіскрыліся павуковыя "гамачкі", у якіх пералівалася жывым золатам безліч расін. А праз паўгадзіны ўсё некуды знікла — і расіны, і "гамачкі", нібы іх і не было там, Гэта сонца іх высушыла!

...Праз гадзіну ўсе былі ў дарозе. Лезлі то напралом, скрозь гушчэзнае лазавінне, то брылі ў абход нейкіх азярын і колішніх праток, то прабіраліся праз неймаверны зараснік, дзе падабралі пад сябе амаль увесь падлесак разгалістыя векавыя дрэвы, то выбіваліся на невялікія вышынкі, усеяныя мноствам кветак, то траплялі ў балаціны, парослыя двухмятровай асакой ці хвашчом, то мясілі ботамі чорную, як гуталін, гразь ля бабрыных запыняў, то апыналіся перад сцяной з суцэльнага хмелю і лісніку.

Нарэшце мы выбраліся на невялікі прагал. Ля самых ног ляжала ўкрытае раскаю невялікае азярцо, а па той бераг яго стаяла некалькі мёртвых дубоў. Голле дрэў густа ўсыпана вялікімі гнёздамі. На іх і на суках стаялі чаплі. Яны цяпер не крычалі, а як бы з цікавасцю пазіралі на нас. Маўляў, чаго з'явіліся, парушылі наш спакой? Няўзброеным вокам цяжка было разгледзець загадкавых птушак, і я папрасіў на хвіліну бінокль.

Які цудоўны свет адкрыўся перада мной! I мёртвыя дубы, і гнёзды, і чаплі — усё было як на далоні. Валявахі ў асноўным маладыя. Ад старых адрозніваліся хіба тым, што мелі не зусім чорную дзюбу — з жаўтаватай акантоўкай. Але яны спраўна лёталі, спраўна і стаялі на голлі ці хадзілі па ім. Нават дзіўным было, што такая вялікая птушка, да метра вышынёю і з размахам крылаў звыш метра, гэтак лёгка перабіраецца па нахіленым вецці або стаіць як стаўбунок, на самай верхавінцы дрэва. Здзіўляла і тое, што яна зусім не шэрая, хоць афіцыйна і называецца шэрай чапляй. Крылы шызыя з пераходам у чорны колер, шыза-белыя пёры на шыі, падбрушша — таксама белаватае з шызым, чубок трошкі цямнейшы, але не шэры. Валявахі абляпілі голае дрэва і падняўшы альбо апусціўшы дзюбы, стаялі нерухома, як нежывыя. Прыгожыя птушкі! Аднак у іхніх паставах бачылася нешта трагічнае.

Трошкі ў баку, на камлі зламанага дуба, чарнела гняздо буслоў. У ім тапталіся тры маладыя птушкі з чорнымі яшчэ нагамі і дзюбамі. Буські былі болей даверлівыя, чым валявахі. Пасталі на ўскрайку гнязда і, спусціўшы галовы, разглядалі мяне. А задаволілі сваю цікаўнасць — прыселі ў гняздзе, паклалі дзюбы на крылы і нібы паснулі. Толькі як прыляталі бацькі, у гняздзе пачынаўся вэрхал. Дагэтуль спакойныя буські мітусіліся, вырывалі адзін у аднаго спажыву, білі крыламі, шыпелі. Потым у гняздзе зноў усталёўвалася цішыня,

Прыкмеціў я такое: гняздо буслоў змайстравана вельмі надзейна, трывала. Яно ляжыць на камлі дуба, як вялікая шэрая шапка. А гнёзды валявах — адна назва! Прасвечваюцца і нагадваюць абярэмкі бязладна кінутых галінак і дубцоў. Некаторыя ледзь-ледзь ліпяць. Дзіва што валяваха амаль кожны год робіць сабе новае гняздо! Уздумаў палічыць, колькі іх на адным дубе будзе. Пяць, дзесяць, пятнаццаць, дваццаць, дваццаць пяць і... збіўся. Пярэднія гнёзды засланяюць тыя, што за імі, з таго боку кроны.

Ішлі на сваю "базу" акружным шляхам — колішняй пратокай, а тады сцежкаю, што праклаў нам учора егер уздоўж ракі.

Самусенка Эдуард дарогаю казаў:

— Чапля вельмі пасабляе вучоным вызначыць магчымыя ачагі інфекцыйных захворванняў. Пры дапамозе пагадак, — паказаў ён на папяровы кулёк. — Справа ў тым, што яна палюе і на вадзяных пацукоў. А гэта пераносчыкі многіх хвароб, у тым ліку і тулярэміі. Аднак поўнасцю пераварыць здабычу птушка не можа і выплёўвае каля гнязда рэшткі — галушкі з касцей і поўсці. Яны пагадкамі называюцца. Вучоныя даследуюць іх мікрабіялагічны састаў і на падставе аналізаў робяць вывады: ёсць у дадзенай мясцовасці інфекцынная небяспека ці няма.

Наступны дзень быў не такім тлумным. Спусціўся да ракі.

Напорыста гнала свае воды Прыпяць. Часам па ёй праходзілі гружаныя рудою або гранітным шчэбнем баржы. Праляцела імклівая ракета, на борце якой ледзь паспеў прачытаць: "Якуб Колас". У сонечных промнях паблісквалі белым крыллем чайкі. За Прыпяць і туды, у калонію, няспынна снавалі чаплі.

Прайшоў трошкі ўніз па цячэнню і адразу натрапіў на дзюны. Яны мелі паверхню то хвалістую, нібы гафрыраваную, то раўнюткую, утыканую дзе-нідзе стралою чароту, дубцом лазы ці кволай грыўкай шчаўя. Праз дзюны ў зарасці вяло ад вады безліч вялікіх і малых слядоў. Звяры і птушкі пакінулі іх, відаць, ноччу ці на світанку, бо іх не паспела яшчэ "папсаваць" сонца.

Вось ласіха з цялём пратупала. Каля кромкі вады, дзе пясок мокры, сляды відны добра, а на дзюнах толькі ўмяціны значацца. Тое ж і ад дзічых з парасятамі засталося. Ведама ж, вага не малая, а капыткі... А там вунь, вядома, праставаў бабёр. Чаго яму ўздумалася на Прыпяць хадзіць? Пэўна, купацца. Назад нібы вясло за сабою цягнуў — так хвастом правёў па пяску, што прысыпаў у многіх мясцінах свае сляды. Выдра, наадварот, не прысыпала іх — толькі рыску правяла між слядоў. I то не ўсюды. Янот кружыў па дзюнах, нібы чагось шукаючы, рабіў петлі, вяртаўся назад, зноў кружыў і, нарэшце, каля курцінкі невысокага чароту ўзяў напрасткі, у кусты лазавіння. Пакінула свае слядочкі і яшчарка. Яна друкавала іх наўсцяж, пад выварацень дуба, які Бог ведае калі, прынесла сюды паводкаю. Яшчарка, як і выдра, між слядочкаў таксама нібы рыску правяла — дзе-нідзе і яна чыркнула хвастом па пяску. Затое мыш лясная прастрачыла белае поле вельмі паспешліва. Аказваецца, наперарэз ёй ласка імчала! Ласка сігала рыўкамі, ад таго і сляды невыразныя — толькі там-сям адбіткі відны... А тут і асцярожна чапля хадзіла. Крыжы ад ног на доле вялікія — не прыкрыць і далоняй. Толькі дзе падымалася — парушыла пясок і ад крылаў меціны пакінула. Кулікі болей мітусіліся на водмелі; то заходзілі ў ваду, то зноў беглі ўздоўж, то выбіраліся на сушэйшае. Палявы верабей не хадзіў, не набліжаўся да ракі, адразу ўпаў у пясок і стаў купацца. Ладную "ванначку" выпырхаў. Ён, пэўна, зусім нядаўна тут цешыўся. Вакол вераб'я няспынна танцавала пліска, перабягала з аднаго боку на другі, нібы ўпрошвала старога хітруна не псаваць такой прыгожай дзюны, а потым некуды паляцела.

Вяртаўся на нашу "базу" і думаў: сапраўды, тут надзвычай багаты жывёльны свет. На дзюнах і то вунь колькі "аўтографаў" пакінута птушкамі і звярамі. А што ў глыбі "джунгляў"?

З дзённіка Іры: "Як ні дзіўна, у калоніі панавала цішыня. 18 ліпеня, а чаплі амаль усе за Прыпяццю, на жыроўцы. Відаць, учора патрывожылі птушак. Было, праўда, нямала такіх, што не ўмелі яшчэ лётаць. Яны сядзелі каторыя дзе, а пры нашым набліжэнні спрабавалі падняцца. Праз пару дзён і гэтыя пакінуць калонію, будуць самастойна здабываць ежу".

З дзённіка Сяргея Зуёнка: "Упершыню трапіў сюды тры гады таму, у сярэдзіне красавіка, калі яшчэ быў студэнтам. Уразіла незлічоная колькасць вадаплаўных. Якраз быў іх масавы пералёт да месцаў гнездавання. Чародамі, па дзвесце-трыста птушак, ляцелі на поўнач гусі шэрыя і гуменнікі. Не менш было і качак-крыжанак, чыркоў, свіязяў. Разлілася Прыпяць не вельмі, затапіла не болей двух кіламетраў поймы, але і гэта аблегчыла нашы даследаванні. Мы днямі плавалі на лодках па незлічоных пратоках і старыцах. Зрэдку рабілі высадкі на астраўкі: бачылі там гарнастаяў, турухтанаў, белую блакітніцу — рэдкую прыгожую сінічку, іншых звяркоў і птушак. Назіралі, як палюе балотны мышалоў. У калоніі чапляў тады толькі пачынаўся гнездавы перыяд, птушкі былі вельмі асцярожнымі — чалавека не падпускалі нават і блізка".

З дзённіка Эдуарда Самусенкі: "Правялі ўлік гнёздаў у калоніі чапляў. Налічылі 331 гняздо. Гэта амаль удвая менш, чым у 1982 годзе, калі тут гнездавалася 608 пар. Прычына, мне здаецца, у тым, што ўжо мінуў перыяд росквіту калоніі. На асобных дрэвах, што на ўскрайку, чаплі перасталі гнездавацца ўвогуле. Аднак калонія працягвае заставацца буйнейшай у сярэдняй паласе ад Атлантыкі да Прыўралля".

З дзённіка Тані: "Не магу яшчэ асэнсаваць убачанае. Я нібы апынулася ў іншым свеце. Для мяне тут што ні крок, то адкрыццё. Не ўяўляла нават, што на Палессі існуе такая прыгажосць. Трапілі на незвычайную паляну. Там было столькі кветак! А як яны духмянілі! Здавалася, мы ўвайшлі ў найлепшы магазін парфумерыі..."

Праз дзень у кожнага запісаў пабольшала.

З дзённіка Іры: "Зноў наведалі калонію чапляў. Зрабілі унікальныя здымкі. Паднялі яшчэ некалькі пагадак. Будзе над чым "варажыць" вучоным у лабараторыях!".

З дзённіка Сяргея Зуёнка: "У хмызах Прыпяцкай поймы сустрэў шмат птушак. Многія крылатыя насельнікі Палесся яшчэ пяюць. Гэта: зелянушка, івалга, туркаўка, садовая слаўка, пеначка-цінькаўка. А візуальна ўдалося выявіць каля сарака відаў птушак!"

З дзённіка Эдуарда Самусенкі: "У 1963 годзе, калі ўпершыню трапіў сюды, не змог адшукаць уваход у Лань з Прыпяці — ён губляўся сярод шматлікіх рукавоў і затокаў абедзвюх рэк. Толькі праз некалькі гадзін блуканняў выбраўся да рэчышча Лані. Уразілі гонкія вольхі, што падступалі да самай вады. На кожным павароце амаль з-пад самай лодкі ўздымаліся чароды крыжанак, лысух, іншых птушак. Цяпер усяго гэтага і не ўбачыш. Вынік бяздумнага асушэння!"

З дзённіка Сяргея Зуёнка: "Меліярацыя ў поймах рэк... Стварэнне польдэраў, з аднаго боку, дае магчымасць расшырыць пасяўныя плошчы, з другога — знішчае месца гнездавання многіх птушак, у тым ліку і паляўніча-прамысловых, а таксама і тых, што занесены ў Чырвоную кнігу. У выніку асушэння поймы Прыпяці ў многіх месцах звяліся лясы, сталі вельмі рэдкімі такія птушкі, як скапа, арлан-белахвост, чорны бусел. Знікаюць шматлікія віды хмызнякова-чаротавага комплексу, а з'яўляюцца ў вялікай колькасці — палявога."

З дзённіка Іры: "20 ліпеня. Сёння назіралі "трэніроўку" маладых буслоў. Звычайна за старой птушкай ляцелі дзве-тры маладыя. Іх можна было адрозніць па больш свежаму апярэннюі не такіх чырвоных нагах і дзюбах. Буслы мо з гадзіну кружылі над дубровай, а потым паляцелі на правы бераг Прыпяці, відаць, на лугавіну".

З дзённіка Тані: "Дапамагала Іры рабіць улік бусліных гнёздаў. Толькі ў "сталіцы" валявах налічылі іх ажно пятнаццаць. I гэта на такой невялічкай плошчы!".

Заказнік, лічы, не мае ніякай аховы. Некалькі шыльдачак, якія вызначаюць межы і папярэджваюць, што на яго тэрыторыі ўсялякае паляванне забаронена, для браканьераў нічога не значаць. Наадварот, іх, як магнітам, цягне сюды. Лунінецкі ж раён займае ці не першае месца на Брэстчыне па колькасці выдры, бабра, ліса, тхара, куніцы, ласкі, а таксама рысі, якой тут удвая больш, чым у сярэднім на Палессі. Браканьеры гэта ведаюць і ўсялякімі спосабамі імкнуцца пажывіцца.

Назаўтра ранютка і я развітаўся з членамі экспедыцыі. Ішоў берагам Прыпяці, сцяжынаю, якую праторыў сюды ад вусця Лані егер, і зайздросціў усім: яны ж заставаліся тут, сам-насам з прыродай!

Праводзіць мяне ўвязалася чайка. Яна то залятала далёка наперад, то кружыла трошкі ззаду, то павісла над маёй галавой і ўсё ўскрыквала і ўскрыквала. Нібы хацела "ўгаварыць", каб я пабыў тут яшчэ які дзянёчак.

На верх старонкі