Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Вольскі Віталь Фрыдрыхавіч

(н. у 1901 г.). Беларускі пісьменнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кандыдат філалагічных навук. Аўтар шэрага кніг прозы, драматычных твораў, кніг па краязнаўству.

З кнігі В. Ф. Вольскага "Палессе" (Мн.: Мастацкая літаратура, 1974)

Па дарогах Палесся

Лунінец

Палёт з Пінскаў Лунінец, раённы цэнтр Брэс'цкай вобласці, заняў усяго 10 мінут.
Ад аэрапорта, пясчанага поля з маленькім домікам, перад якім спыніўся наш самалёт, падскокваючы і ўзнімаючы густы пыл, трэба ісці каля трох кіламетраў. Пад спякотным сонцам цягнуўся ў горад па сухім і мяккім пяску. Сустрэчныя машыны ўзнімаюць такія хмары пылу, што некалькі хвілін нічога вакол не бачыш.
Цераз перапляценне чыгуначных шляхоў, цераз "пуця", як сказала сустрэчная дзяўчына, я выйшаў да вакзала. Недалёка ад яго — гасцініца.
I вось я апынуўся нарэшце ў светлым, напоўненым сонцам пакоі. Акно шырока раскрыта, а ў нумары душна і горача.
Насупраць гасцініцы — двухпавярховы будынак рэстарана. Шыльда з надпісам "Прыпяць" напамінае наведвальнікам, што яны на Палессі. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. У меню прысутнічаюць беларускія стравы. I як мясцовая кулінарная асаблівасць — "біткі па-прыпяцку".

Гутарка з краязнаўцамі

Праз адчыненае акно ўварваліся ў пакой гукі, даўно забытыя з маленства, немагчымыя ў сучасным горадзе. Па бруку прагрукацелі колы фурманкі. Ранішнімі свежымі галасамі пераклікаюцца на вуліцы жанчыны.
Іду знаёміцца з Лунінцом.
Дзень, як і ўчора, спякотны.
Дажджу не было тут даўно. У бязвоблачным бірузовым небе свеціць яркае сонца.
Лунінец — гарадок невялікі. Вуліцы брукаваныя, добрадагледжаныя, усюды дрэвы, але занадта горача, занадта многа пяску і пылу.
Каларыт яўна не беларускі ў нашым прывычным уяўленні. Хутчэй нейкі паўднёвы, стэпавы.
Мне пачынае нават здавацца, што я недзе на Данбасе.
Заходжу ў школу. Шукаю мясцовага краязнаўцу Георгія Аляксандравіча Вайндраха. У рэдакцыі раённай газеты "Ленінскі шлях" мне раілі з ім пагаварыць.
— Ніхто не ведае лепш за яго гісторыю нашага раёна, — так сказалі мне ў рэдакцыі.
Празвінеў званок, абвясціўшы перапынак, і ў настаўніцкі пакой увайшоў жвавы і рухавы чалавек невялікага росту, у рагавых акулярах. Я сказаў яму аб мэце майго прыходу, і мы дамовіліся аб сустрэчы.
Адбылася сустрэча на кватэры ў Георгія Аляксандравіча. З першых слоў мне зрабілася ясна, што гэта — энтузіяст, добры знаўца гісторыі горада і раёна.
Мы гутарылі даволі доўга пра асаблівасці Лунінца і яго ваколіц.

Пяскі і сосны

Аўтобус ідзе з горада Лунінца ў сяло Лунін.
Абапал шырокай пясчанай і пыльнай дарогі тырчаць толькі рэдкія нізкарослмя сосны. Пясчаная плоская дарога нічым не адрозніваецца ад навакольнай роўнядзі, такой жа плоскай, пясчанай і бясконцай.
Шэры і мяккі, як парахня, пясок.
Пыл, пыл і пыл.
Наперадзе нерухома вісіць шэрая заслона пылу, і ззаду тое ж самае. Няма ратунку ад пылу.
Толькі сосны і могуць расці на гэтых бясплодных пясках. Потым і сосны зніклі. Адзін пясок, гарачы ад сонца пясок. Пясок з рэдкімі, сухімі і пыльнымі сцябламі нейкай невысокай травы.
Гляджу на роўны, аднастайны пейзаж пясчанай паўпустыні. Няўжо мы на Беларусі? Здаецца, толькі вярблюда тут не хапае. I ў памяці ўзнікае другі, такі ж самы пейзаж — прыкаспійскія пяскі Калмыкіі. Па ім давялося мне ў свой час вандраваць. Калі б двухгорбы "карабель пустыні" і тут раптам з'явіўся, мы б не здзівіліся. Гэта было б зусім дарэчы. На фоне пясчанага пейзажу між Лунінцом і Лунінам вярблюд выглядаў бы вельмі натуральна, зусім як у ваколіцах Элісты.
Праязджаем вялікую, доўгую вёску Вульку. Гняздо бусла на старой ліпе каля хаты адразу нагадала нам, што мы не на прыкаспійскіх пясках, а на Палессі.
Тут нямала вёсак з назвай Вулька. У Лунінецкім раёне дзве Вулькі. Таму іх называюць, каб адрозніць, Вулька Першая і Вулька Другая.
Наш аўтобус мінуў бясконцую Вульку, якая з'яўляецца фактычна адной вялікай вуліцай, і спыніўся на некалькі хвілін каля маленькага пасёлка.
На прыдарожным слупе надпіс:
"Палеская вопытная балотная станцыя".
Некалькі двухпавярховых будынкаў з белай сілікатнай цэглы, драўляныя домікі пад вязамі, клёнамі і дубамі. Усё разам выглядае як зялёны, запылены астравок сярод плоскай пясчанай раўніны. Тут знаходзіцца адзін з тых шматлікіх штабоў, якія вядуць цяпер вялікі наступ на балоты і пяскі Палесся.

Сяло Лунін

Неўзабаве перад намі ўзнікае Лунін, вялікае і доўгае сяло. На Палессі вёскі і сёлы заўсёды вялікія. Некаторыя цягнуцца ўздоўж дарогі больш як на тры кіламетры.
Амаль усе хаты агароджаны невысокім частаколам. На падаконніках чырванеюць яркія кветкі ў вазонах. Хаты невысокія, але ўсе добрыя, усе новыя. Старых, пахілых хацін нідзе не відаць.
Даўней жыхары амаль усіх вёсак на Палессі жылі ў нізкіх курных хатах разам з жывёлай. Такая хата была звычайна без фундамента, з земляной падлогай і нагадвала зямлянку. Замест даху яна была пакрыта лубам ці накідана абы-як саломай, што ляжала тонкім пластом і была слаба прымацавана. Невялікі вецер лёгка разносіў салому, а моцныя віхуры часта зусім разбуралі нетрывалую страху. Калі ішоў дождж, у хату набіралася вады, падлога рабілася мокрая і брудная. Печ не мела коміна, і дым выходзіў праз дзверы і вокны. Звонку хата не ацёсвалася, а ўнутры не тынкавалася.
Дзе знойдзеш цяпер такую старую, пахілую, замшэлую, падобную на гнілы грыб хаціну, характэрную для старога Палесся? — пытаюся я ў самога сябе. I сам сабе адказваю: нідзе! Хіба толькі ў музеі, у выглядзе макета, зробленага мастаком па спецыяльнаму заказу. Толькі там, у музеі, можна цяпер убачыць і доўгую зрэбную кашулю, і лыкавыя лапці, і драўляныя саху з бараной, і іншыя неад'емныя атрыбуты старога жабрацкага побыту побач з прымітыўнымі прыладамі цяжкой, няўдзячнай працы дарэвалюцыйнага палешука-земляроба.
Прыемна глядзець на новыя, вялікія, чыстыя, аднаў адну, добра дагледжаныя хаты сяла. Перад кожнай — лаўка, прысады з кветкамі.
Сярод высокіх ліп схавалася, нібы саромеючыся, старая драўляная царква. Над уваходам намаляваны бледнымі, цяпер ужо зусім пабляклымі фарбамі партрэт нейкага самаздаволенага, гладкага, дагледжанага пана ў вялікай футравай шапцы і шырокім футравым каўняры, з мяккімі і пышнымі вусамі на круглым, поўным твары. Побач з панам жанчына, таксама ў футравай шапцы. Відаць, жонка пана.
...Старая кабета гоніць па пыльнай вуліцы авечак.
— Свае? — пытаюся.
— Хазяіў! — нараспеў гаворыць жанчына, робячы моцны націск на "і".
— Багата!.. — Богато! — іранічна паўтарае жанчына. — Па дзве на хату!
Бягуць дзеці, убачыўшы наш аўтобус, крычаць наперабой:
— Прыіхалі!.. Артысты прыіхалі!.. Богато!..
Я сеў на лаўку перад хатай, бліжэйшай да царквы. Сяджу, адпачываю.
З хаты выйшла пажылая жанчына і села побач. Яна сказала мне, што царква не закрыта, але папа няма.
— Стары поп, нэбога, пайшоў на пенсію, — паведаміла яна. — Больш не служыць. Прыехаў аднекуль малады поп у тую нэдзілю, паглядзеў ды паехаў. Нэ сподабалася. То і не трэба, абыдземся і без яго! Нэхай!
У вялікім клубе насупраць царквы толькі што скончылі паказваць кінафільм.
— Трэба ўнучку паклікаць, — сказала жанчына.
Прыглядаючыся да людзей, што выходзілі з клуба, яна гучна крыкнула на ўсю вуліцу:
— Валя, го-о-о!..
Дзяўчынка гадоў васьмі, чысценькая бландзіначка, добра і з густам апранутая, па-гарадскому, вынырнула з натоўпу і падбегла да бабулі.
Сама жанчына, цёмная шатэнка з карымі вачамі, апранута па-вясковаму.
Дзеці, што круцяцца і шчабечуць, нібы птушкі, каля клуба, выглядаюць добра. Усе яны вясёлыя, рухавыя.
Зноў у маю галаву прыходзіць міжвольнае параўнанне з мінулым.
Хіба такія былі дзеці ў тым жа Луніне ці ў якім іншым палескім сяле ў старыя часы? Мурзатыя, нямытыя і нечасаныя, недагледжаныя, бледныя і худыя, яны не ведалі шчаслівага маленства.
Зацірка была для іх радасцю.
Жыццё ў халодных і вільготных хатах-зямлянках без коміна і святла, разам з жывёлай, у антысанітарных умовах, недастатковае харчаванне і непасільная праца выклікалі высокую смяротнасць сярод насельніцтва наогул і асабліва сярод дзяцей.
Дарэвалюцыйны даследчык Палесся, падпалкоўнік Генеральнага штаба Зяленскі прыводзіў у 1864 годзе жудасныя лічбы. У Пінскім павеце, у склад якога ўваходзілі Лунінец, Лунін, Кажан-Гарадок і іншыя сёлы і вёскі сучаснага Лунінецкага раёна, з кожнай тысячы людзей памерла з 1847 па 1860 гады, гэта значыць, за чатырнаццаць гадоў, чатырыста сорак пяць чалавек. У тыя ж гады ў тым жа Пінскім павеце з адной тысячы нованароджаных дзяцей памірала дзевяцьсот сем, выжывала толькі дзевяноста тры. Вельмі красамоўныя звесткі. Яны былі апублікаваны ў афіцыйным выданні.
Пакуль я пра гэта думаў, праглядаючы запісы ў сшытку, з хаты выйшаў гаспадар.
— Пасядзі, пагавары з чоловікам, — лагодна сказала жанчына. Гаспадар засяроджана маўчыць, пакурваючы самакрутку. Сонца заходзіць, і адразу з'явіліся ў вільготным паветры камары.
— Відаць, балота блізка.
— А недалэчко, кіламетра паўтара, — адказвае гаспадар. — Камароў у нас богато, але мы прывыклі.
На суседнім двары зарыпеў калодзежны журавель.
— Сонэлко заходзіць, — гаворыць жанчына, паглядаючы на чырвоны небасхіл. — Бачытэ, якая ўрода? Зараз кароў прыгоняць. Людзі з балота прыйдуць.
Гаспадыня пайшла з унучкай у хату.

Адкуль такая назва — "Лунінец"?

Застаўшыся на лаўцы адны, мы з гаспадаром пагутарылі пра сёе-тое, пра розныя дробязі сельскага жыцця.
Потым я запытаўся:
— Чаму гэта ў вашага сяла і ў горада амаль аднолькавыя назвы? Можа ведаеце? Гаспадар падумаў і адказаў павольна, з пачуццём уласнай годнасці:
— Чаму не? Ведаю. — Ён яшчэ трошкі памаўчаў, выпусціў з-пад вусоў струменьчык дыму і толькі тады растлумачыў: — Наша сяло старэйшае за горад. Ад Луніна і Лунінец паходзіць.
Сказаў і замоўк на некаторы час, папыхкваючы самакруткай.
Паступова выцягваючы з маўклівага "чоловіка" слова за словам, я даведаўся нарэшце пра сувязь, якая існавала між назвамі "Лунін" і "Лунінец".
Пра гэта расказвае мясцовае паданне, якое я тут жа і запісаў. Сяло Лунін з даўніх часоў вялікае. Жыхароў тут заўсёды было "богато", а на месцы горада Лунінца нічога не было. Ніхто там не жыў. Толькі дзікія качкі плёскаліся ў лужыне. Неяк адзін з жыхароў Луніна аддзяліўся ад сваякоў. Пасяліўся ён якраз там, дзе цяпер знаходзіцца горад. Пабудаваў сабе хату, узараў зямлю, пасадзіў сад, наладзіў гаспадарку. Неўзабаве яго сядзібу пачалі называць "Лунінцам", бо там жыў лунінец, чалавек з Луніна.
— Калі ж гэта было?
— Даўно, вельмі даўно. Ніхто не памятае калі. Богато, богато часу мінуло. Нашы прадзеды ад сваіх дзядоў чулі. Вось калі гэта було, добры чоловічу.
Час ішоў, патомства лунінца павялічылася. Унукі і праўнукі будаваліся па-суседству, жылі побач. З хутара вырасла акружаная лясамі вёска, за якой назаўсёды захавалася назва "Лунінец" як памяць аб яе заснавальніку, першым перасяленцу з Луніна. Вёска ператварылася потым у гарадок, які доўга ўваходзіў у склад Лунінскай воласці і па-ранейшаму лічыўся вёскай. Кірмашы адбываліся ў Кажан-Гарадку. Толькі пасля 1917 года валасны цэнтр быў перанесены з сяла Луніна ў Лунінец, які з гэтага часу пачаў называцца горадам.
Я ўважліва і цярпліва слухаў павольную гаворку гаспадара. Пад канец, калі ён змоўк, і прытым на даволі доўгі час, я звярнуўся да яго са звычайным сваім запытаннем:
— А на якой гэта мове вы гаворыце?
"Чоловік" трошкі здзіўлена зірнуў на мяне, патузаў сівы вус і сказаў разважліва:
— Як гэта на якой? На білорускай, вядуома.
— А па нацыянальнасці вы хто? Ён здзівіўся яшчэ больш:
— Білуорус. Гэтым яго адказам і закончылася маё інтэрв'юз жыхаром сяла Лунін: жонка паклікала свайго "чоловіка" ў хату.
Я развітаўся і пайшоў далей па доўгай і пыльнай вуліцы-дарозе.

Кажан-Гарадок

Нялёгка было ўціснуцца ў рэйсавы аўтобус, што ідзе з Лунінца ў Кажан-Гарадок.
Натоўп на вакзальнай плошчы кінуўся на штурм, ледзь толькі аўтобус спыніўся. Пасадка адбылася па старадаўнім прынцыпе "права дужага". Каса прадала білетаў больш, чым было месцаў, і невялікі аўтобус быў перапоўнены звыш усякай меры.
— Глядзі, бо палкі дастанеш! — напорыста крычала нейкая мажная жанчына, уціскаючыся ў вузкія дзверы і пагражаючы шчупленькаму хлопцу, які марна спрабаваў уціснуцца разам з ёю.
Дарога — у ямках і калдобінах. Убачыць што-небудзь з акна праз густыя клубы пылу было немагчыма. Гэты пыл, які хмараю ўзнімаецца над дарогай, тут называюць — "курыво".
Шафёр не звяртае на пасажыраў ніякай увагі. Нас падкідае ледзь не да столі. Цярплівыя, прывычныя пасажыры толькі вохкаюць ці моўчкі сціскаюць зубы.
Пасля сарака кіламетраў пакутлівай язды прыйшло нарэшце збавенне.
Сярод раўніны ўзніклі зялёныя сады, агароды і хаты пад высокімі дрэвамі.
Мы прыехалі ў Кажан-Гарадок.
Маляўніча раскінулася былое мястэчка на зялёных берагах ракі Цны, паўночнага прытока Прыпяці.
Пераходжу цераз адзін мост, потым цераз другі. У Кажан-Гарадку рака Цна падзяляецца на два рукавы.
Бялявыя зрэзы невысокага берага, лаза і аер. Белыя гусі на ярка-зялёнай сакавітай траве, каля старога млына. Вузкія пласкадонныя чаўны, напалову выцягнутыя з цёмнай вады на белы пясок. Над ракой лятаюць чайкі. Маўклівыя буслы ходзяць пад нізкім блакітна-шэрым небам. Гэтыя асобныя дэталі палескага краявіду, здаецца, немажлівы адна без адной. Усе разам яны ствараюць цэльны, гарманічны малюнак.
Па ціхай, амаль бязлюднай вуліцы ісці нялёгка. Ногі грузнуць у мяккім, брудна-шэрым пяску.

Стары бухгалтар

На незабрукаванай пясчанай плошчы стаіць прасторны драўляны дом пад высокімі дубамі. Тут працуе бухгалтар Вайцяхоўскі. Мне раілі звярнуцца да яго як да мясцовага старажыла, які добра ведае і любіць свой край.
За сталом у невялікім пакойчыку я ўбачыў прысадзістага, паўнаватага чалавека з круглай, сівой, коратка астрыжанай галавой, з акулярамі ў алавянай аправе. На стале перад ім лічыльнікі, нейкія ведамасці, акуратна разграфлёныя паперы.
Паўлу Лукічу семдзесят пяць гадоў. Ён ахвотна расказвае пра гісторыю, пра выдатнасці і асаблівасці Кажан-Гарадка, дзе жыве бязвыезна з даўніх часоў.
— Калісьці гэта быў даволі бойкі гарадок з кірмашамі, з добра развітым гандлем і рамёствамі, — пачаў стары бухгалтар. — У гістарычных дакументах Кажан-Гарадок упамінаецца даўно. Нават Магдэбургскім правам карыстаўся. Жыццё ў ім кіпела. У XVII стагоддзі тут была пабудавана кальвінская царква, ці кальвінскі збор, як тады казалі.
Адна з ускраін мястэчка называецца — Майдан. Кажуць, што тут стаяла калісьці татарская конніца. З тых часоў і захавалася гэтая назва, 6о на татарскай мове слова "майдан" азначае і плошчу, і рынак, і месца, дзе стаяць коні.
Узвышша каля Майдана мясцовыя людзі называюць Відушавай гарой. Існуе паданне, быццам менавіта тут быў пахаваны славуты рымскі паэт Авідый. Лічаць, што ён нібыта недзе загінуў на Палессі і пахавалі яго тут. З гэтай прычыны гару і пачалі называць Відушавай. Малаверагоднае паданне ўзнікла вельмі даўно, у часы захаплення антычным светам, але жыхары Кажан-Гарадка па традыцыі трымаюцца яго. Яны ганарацца тым, што нібыта на іх зямлі знаходзіцца магіла вялікага рымскага паэта.
— А назва вашага гарадка адкуль узялася? — пытаюся я. — Можа, тут было шмат кажаноў? Ці звязана яна таксама з нейкім старадаўнім паданнем? Ці з прозвішчам чалавека?
— Што вы? — мякка пярэчыць Павел Лукіч. — Якія кажаны? Проста ў нашым гарадку насельніцтва займалася не толькі рыбнай лоўляй і сплавам лесу, але і вырабам скуры. Адсюль і пайшла яго назва: на польскай мове — "Скужаны грудэк", а па-руску — "Кожевенный городок".
У ваколіцах Кажан-Гарадка маюцца тры доўгія насыпы. Адзін з іх называецца — Бонда, другі — Горкі, ці Загор'е, трэці — Пінчукова гара.
У зямлі каля Пінчуковай гары знаходзяць розныя чарапкі, рэшткі старажытнай керамікі, часам нават крамнёвыя сякеры першабытных людзей.
Па думцы Вайцяхоўскага, насыпы з'яўляюцца рэшткамі колішніх умацаванняў. Але хутчэй за ўсё гэта проста выдмы, характэрныя для Палесся. Такой думкі прытрымліваюцца ў Пінскім гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе мне давялося быць пазней.
Калісьці вялікая вада Прыпяці даходзіла аж да самага Кажан-Гарадка. Старыя людзі кажуць, што тут была нават прыстань. Цяпер месца, дзе знаходзілася прыстань, называецца ўрочышчам Чаўнавішча.
У пакой увайшоў старшыня сельсавета Іван Сямёнавіч Андруш, высокі, ладны мужчыназ цёмнымі вачамі.
— А Гайдамашка? — умяшаўся ён у нашу гутарку. — Раскажыце, Павел Лукіч, адкуль пайшла такая назва.
— Ёсць паданне і пра гэта ўрочышча, — адказвае бухгалтар. — Жыў там у старыя часы яўрэй балагол. У яго была кабыла Машка. Паганяючы сваю кабылу, возчык крычаў звычайна: "Гайда, Машка!" Вось так і ўзнікла назва гэтай мясцовасці — урочышча Гайдамашка.
Асноўныя насельнікі гэтага краю былі, паводле пачатковага летапісу, дрыгавічы, — гаворыць далей бухгалтар. — Але ж пэўных граніц паміж плямёнамі ў тыя старажытныя часы быць не магло. Адзіным натуральным рубяжом, які аддзяляў дрыгавічоў ад драўлян, з'яўлялася Прыпяць, але сярод дрыгавічоў недалёка на поўнач ад Прыпяці, бясспрэчна, сустракаліся і асобныя паселішчы драўлян. Праз два кіламетры ад Кажан-Гарадка знаходзіцца сяло Дрэбск, якое раней называлася Дрэўскам. Ці не гучыць у гэтай простай назве моцная памяць аб колішніх драўлянах?
Вайцяхоўскі лічыць, што драўляне разам з дрыгавічамі з'яўляюцца гістарычнымі продкамі мясцовага насельніцтва, наогул вельмі мяшанага.
— Чаму мяшанага? — пытаюся я.
— Таму, што ў часы сярэднявечча, — тлумачыць Павел Лукіч, — польскія каралеўскія ўлады пасялялі ў нашых мясцінах палонных, забраных у розных войнах. Глухія нашы ваколіцы сярод непраходных балот былі таксама і месцам высылкі для тых, хто ў чым правініўся перад дзяржавай. Пасяленцы абзаводзіліся сем'ямі і заставаліся назаўсёды. Вы можаце тут убачыць твары з рысамі і польскага, і татарскага, і паўднёваеўрапейскага тыпу. Сведчаць аб гэтым і нашы прозвішчы, у якіх прыкметныя сляды і польскага, і венгерскага, і сербскага, і татарскага паходжання. Вазьміце хоць маё — Вайцяхоўскі. Відаць, продкі мае былі з палякаў. Або прозвішча нашага старшыні — Андруш. У ім адчуваецца нешта венгерскае. Ёсць яшчэ і такія прозвішчы — Сеген, Зіміч, Мардухай, Мурзіч. Але ўсе мы беларусы, і роднай мовай для нас з'яўляецца палескі дыялект беларускай мовы.
Старыя людзі кажуць, што ў 1893 годзе ў Кажан-Гарадок прыйшлі паўстанцы. Яны хаваліся ў старым драўляным касцёле. Відаць, то былі людзі Каліноўскага, бо, па ўспамінах старых людзей, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, паўстанцы часта казалі, калі што якое: "Будзем скардзіцца Кастусю!"
Цяпер на тым месцы, дзе быў касцёл, пабудавалі клуб.

Фацэтны пан

— Раскажыце, Павел Лукіч, як чыгунку пракладалі і як Неміровіч у Рым ездзіў, — папрасіў бухгалтара Андруш. Звярнуўшыся да мяне, ён растлумачыў: — Пра гэта вам цікава будзе паслухаць. — Добра, — згадзіўся Вайцяхоўскі з яўным задавальненнем. — Паслухайце, што тут раней адбывалася. — Бухгалтар працёр акуляры, адкінуўся зручней у сваім крэсле і пачаў: — Кажан-Гарадком і яго ваколіцамі з даўніх часоў валодаў магнацкі род Неміровічаў-Шчытоў. У мінулым стагоддзі пры адным з іх царскія ўлады наважылі пракласці тут чыгуначную лінію. Пакаёўкай у інжынера, які кіраваў будаўніцтвам чыгункі, была мясцовая дзяўчына. Яна расказвала потым, што Неміровіч даў інжынеру дзесяць тысяч рублёў, каб той змяніў праект і каб чыгунка была пракладзена не па зямлі Неміровіча. У выніку гэтага хабару камісія дала заключэнне, быццам пракладаць чыгунку праз Кажан-Гарадок немэтазгодна. Чыгунку правялі па другой мясцовасці, менш для гэтага прыдатнай. Вось як тады рабілася! I вось якія фацэтыі былі ў магнатаў!
Усе лічылі пана Неміровіча дзіваком. I сапраўды, быў ён вялікі самадур, і прытым вельмі непрактычны. Пракладка чыгункі магла быць для яго справай выгаднай, прыбытковай. За "отчуждение" зямлі пад чыгунку ён мог атрымаць ад казны вялікія грошы. Апроч таго, наяўнасць чыгункі спрыяла б эканамічнаму развіццю ўсёй гэтай мясцовасці і асабліва Кажан-Гарадка. Чыгунка выклікала б агульнае ажыўленне. Каб хто другі, разумнейшы, то адразу б за гэта ўхапіўся. Але стары пан меркаваў іначай. Ён баяўся, што чыгунка ўсхвалюе, узбунтуе ўсё насельніцтва, парушыць прывычны ўклад жыцця, абудзіць новыя, незнаёмыя сілы, выкліча розныя, непажаданыя для яго змены і ўдасканаленні. Пан хацеў, каб усё засталося па-старому, па-ранейшаму, як пры яго бацьках і дзядах. Не пашкадаваў ён заплаціць вялікія грошы, абы не мець лішняга шуму, клопатаў, мітусні, неспакою.
У добрым гуморы, задаволены тым, што чыгункі на яго зямлі не будзе, пан Неміровіч паехаў у Рым. Там ён быў дапушчаны ў Ватыкане да папскай рукі. Замест таго, каб пацалаваць персцень на руцэ "святога ойца", дзівак укусіў папу за палец. Потым ён казаў, што хацеў праверыць "святасць" папы. Калі папа ўскрыкнуў і замахаў рукою, Неміровіч нібыта пераканаўся, што папа такі самы звычайны чалавек, як і ўсе людзі.
Задаволены тым, што "праверка" ўдалася, Неміровіч вярнуўся ў Кажан-Гарадок. Не вядома, ці было так у сапраўднасці. Можа, гэта толькі фантазія Неміровіча, але стары пан любіў усім расказваць пра сваю прыгоду, сам хваліўся дурным учынкам. Вось які быў фацэтны!
— З тых часоў, — дадаў Андруш, — захавалася ў пойме ракі Цны, да злучэння яе з Прыпяццю, высокая насыпная грэбля цераз балота, з некалькімі мастамі. Яна была пракладзена тут для чыгункі па першаму праекту, адхіленаму з-за хабару Неміровіча. Мы адрамантавалі старую грэблю, прывялі ў парадак і падтрымліваем для нашых мясцовых патрэб.

Старое майстэрства

Пагутарыўшы з бухгалтарам і старшынёю, я выйшаў з будынка сельсавета. Недалёка ад плошчы ўбачыў драўляную царкву, цікавы помнік народнага ўмельства.
Унутры царква багата ўпрыгожана разьбою па дрэве: алтар, постаці апосталаў і анёлаў, карункавыя крыжы.
— Царкве гадоў сто семдзесят, — паведаміў бухгалтар. — Усё з дрэва. Усё зроблена рукамі. Будавалі аднымі сякерамі. Аніводнага жалезнага цвіка!
— Старое майстэрства, — сказаў Андруш з павагай.
Вайцяхоўскі паглядзеў, якое гэта на мяне зрабіла ўражанне, і дадаў не без гонару за сваіх аднасяльчан:
— Майстры, якія ўсё гэта рабілі, былі мясцовыя жыхары.

Вёска Ястрабень

Сяджу на лаўцы перад клубам, чакаю аўтобуса. На саламянай страсе пуні, у бакавой вулачцы каля царквы, стаіць, нібы на варце, сямейства буслоў.
Сярод шэрых драўляных хат жаўцеюць новыя домікі, пабудаваныя з буйной цэглы. I на іх таксама стаяць, нібы на варце, буслы. Па некалькі буслоў на кожным даху. Яны выразна вылучаюцца сваімі нерухомымі бела-чорнымі постацямі на фоне вячэрняга залаціста-чырвонага неба.
Праходзяць міма дзеці.
— Здрасце... Здрасце!..
Тут усюды сустракаешся з гэтым добрым народным звычаем, які не перавёўся на Палессі. Пры сустрэчы на вуліцы ўсе вітаюцца. I старыя, і маладыя, і дзеці. Вітаюцца з незнаёмым чалавекам і калі праходзяць міма яго, і калі ён праходзіць міма іх. Пры ўсіх выпадках мясцовыя людзі абавязкова гавораць:
— Здрасце!..
Да лаўкі падыходзіць смуглявая жанчына ў белай хустачцы:
— Здрасце!..
Вітаецца і сядае побач. Жанчыну гэтую я прыкмеціў у аўтобусе, калі ехаў сюды з Лунінца.
— Чаму ж так хутка ад'язджаеце? — звярнуўся я да суседкі па лаўцы. — Вы ж сюды нядаўна прыехалі.
Жанчына адказала, што жыве за Прыпяццю, у дванаццаці кіламетрах ад Кажан-Гарадка, у вёсцы Ястрабень.
"Цікавая назва", — падумаў я.
— Вёска наша маленькая, сярод балота, — гаворыць жанчьша. — Жыхароў будуць рассяляць. Школа чатырохгодка за чатыры кіламетры ад нас. Дзецям узімку далёка хадзіць! Некаторыя самі высяляюцца, хто куды. Не будзе нашай вёскі. Вось і мы з мужам вырашылі не чакаць. Пераселімся ў Кажан-Гарадок. Тут яго бацькі жывуць. Па гэтай справе сюды і прыехалі, з калгасам дамаўляцца. А ў Лунінец за даведкамі рознымі ездзілі. Муж у бацькоў затрымаўся. Зараз пойдзем дадому, у Ястрабень, па грэблі, цераз балота.
— Па старой грэблі, адрамантаванай, што засталася ад панскіх часоў?
— Па той самай.
У жанчыны з вёскі Ястрабень ёсць у смуглявым твары нешта ястрабінае — карыя праніклівыя вочы, кручкаваты тонкі нос, рэзкія рысы твару, жорсткія, скупыя губы. I гаворыць яна скупымі, кароткімі, рэзкімі сказамі.
Відаць, патрэбна і нават неабходна, што маленькую вёску сярод балота ліквідуюць, а жыхароў пераселяць. Ім, напэўна, будзе лепш на новым месцы.
Шкада толькі назвы. Яна знікне з ужытку, а потым і з памяці людзей.
Каларытная, выразная назва — Ястрабень.

На верх старонкі