Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Навука ствараецца ў Палескім

На матэрыялах доследаў, якія робяцца ў Палескай доследнай меліярацыйнай станцыі, многія яе супрацоўнікі абаранілі дысертацыі, маюць вучоныя ступені.

Акулік Мікалай Вячаслававіч (1941 — 1991), нарадзіўся ў в. Вінцэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, з 1970 па 1975 г. загадваў лабараторыяй аграхіміі.

Аўдзееў Леанід Барысавіч, нарадзіўся ў 1946 у в. Каулі Магілёўскага р-на Магілёўскай вобл. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, з 1972 па 1990 г. працаваў навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела комплекснага рэгулявання фактараў ураджаю.

Аўраменка Мікалай Міхайлавіч, нарадзіўся ў 1950 у в. Чысцікі Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Кандыдат тэхнічных навук (1992), з 1973 працаваў інжынерам, старшым інжынерам, малодшым навуковым супрацоўнікам, сакратаром парткама, з 1990 — загадчыкам лабараторыі эксплуатацыі гідрамеліярацыйных сістэм. Тэма дысертацыі: Арашэнне культурных пашаў падземнымі водамі на тарфяніста-глеевых глебах Палесся. Мае 18 навуковых прац, адзін з аўтараў калектыўнай манаграфіі.

Багданаў Аркадзь Васільевіч, нарадзіўся ў 1912 г. у Віцебскай вобл. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, з 1955 па 1962 г. быў дырэктарам ПДМС.

Барсукоў Анатоль Іванавіч, нарадзіўся ў 1927 у г. Раненбург Разанскай вобл. (Расія). Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1963), загадчык лабараторыі асваення і меліярацыйнага земляробства. Тэма дысертацыі: Параўнальная ацэнка і некаторыя пытанні агратэхнікі цукровых і кармавых буракоў на тарфяных балотных глебах.

Блінаў Іван Іванавіч, нарадзіўся ў 1938 у в. Лазарыха Гарэцкага р-на Калінінскай вобл. (Расія). Кандыдат сельскагаспадарчых навук, з 1970 па 1974 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле лугаводства.

Жыліна Валянціна Сцяпанаўна, нарадзілася ў 1931 у в. Чучэлава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл. (Расія). Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1971), з 1962 па 1975 г. загадвала лабараторыяй аграхіміі. Тэма дысертацыі: Уплыў мінеральных угнаенняў на ўраджай сельскагаспадарчых культур.

Крот Пётр Паўлавіч, нарадзіўся ў 1937 у в. Міхалёўка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1972), працуе загадчыкам лабараторыі тэхналагічнай апрацоўкі сельскагаспадарчых культур. Тэма дысертацыі: Асаблівасці прымянення сімазіна і аміячнай солі ў пасевах кукурузы на тарфяных глебах. Аўтар манаграфіі "Барацьба з пустазеллем на тарфяных глебах" (Мн.: Ураджай, 1982).

Кудрачоў Анатоль Іванавіч, нарадзіўся ў 1939 у п. Барсукі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Кандыдат біялагічных навук, з 1969 па 1980 г. загадваў лабараторыяй лугаводства. Аўтар кнігі "Лугаводства на мелказалежных тарфяніках" (Мн.: Ураджай, 1981).

Кушнір Мікалай Васільевіч, нарадзіўся ў 1929 у в. Ліпнікі Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. Кандыдат тэхнічных навук (1972), з 1957 працаваў галоўным інжынерам, малодшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела меліярацыі, з 1975 па 1981 г. — дырэктарам станцыі, потым зноў узначаліў аддзел. Тэма дысертацыі: "Фарміраванне руслаў асушальных каналаў ва ўмовах часовага падпору на мелказалежных тарфяніках Палесся" (на прыкладзе ПДМС), з 1990 — інвалід I групы, жыве ў п. Палескім. Мае больш за 30 навуковых артыкулаў.

Няміра Уладзімір Аляксандравіч, нарадзіўся ў 1944 на Украіне. Кандыдат тэхнічных навук, з 1971 па 1990 г. працаваў навуковым супрацоўнікам, загадчыкам лабараторыі меліярацыі. Адзін з аўтараў кнігі "Асушэнне зямель вертыкальным дрэнажом" (Мн.: Ураджай, 1980).

Пятніца Дзмітрый Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1951 у в. Азярніца Лунінецкага р-на. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1990), з 1972 працуе на ПДМС, загадчык лабараторыі сенажацяў і пашаў. Тэма дысертацыі: "Асаблівасці вырошчвання двукістачніка трасніковага на тарфяна-балоцістых глебах з рознай інтэнсіўнасцю асушэння".

Філіпаў Уладзімір Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1949 у в. Татаронаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. Кандыдат сельскагаспадарчых навук (1992). З 1975 працуе на ПДМС, з 1988 г. — дырэктар станцыі. Тэма дысертацыі: "Эфектыўнасць гноевых сцёкаў на стараворыўных тарфяных і дзярновападзолістых глебах".

Шпакаў Аляксандр Ціханавіч, нарадзіўся ў 1936 у в. Купніна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Кандыдат тэхнічных навук, з 1971 па 1979 г. кіраваў групай вертыкальнага дрэнажу, з 1981 па 1988 г. быў дырэктарам ПДМС. Адзін з аўтараў кнігі "Асушэнне зямель вертыкальным дрэнажом" (Мн.: Ураджай, 1980).