Садавод калгаса "Лахва" Л. М. Талдыніна на ўборцы яблыкаў. 1961 г.

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Станаўленне

У студзені 1961 г. адбыўся трэці з'езд калгаснікаў раёна. Але, канешне, той год запомніўся лунінчанам і падзеяй іншай — палётам Гагарына. Неўзабаве пасля гэтага ў горадзе адбыўся мітынг, на якім прынялі прывітальны ліст касманаўту. Вуліца Пралетарская была названая яго імем, а плошча ў цэнтры Лунінца амаль адначасова атрымала імя Леніна. I яшчэ штрых эпохі — 30 брыгад сямі прадпрыемстваў горада змагаліся за званне "калектыў Камуністычнай працы". Да другога злёту ўдарнікаў Камуністычнай працы (сакавік 1964 г.) толькі ў дэпо гэтае званне мелі 11 брыгад і 77 рабочых...

У 1961 г. у раёне налічвалася 9 бальніц, дзіцячы санаторый, 19 ФАПаў, 2 калгасныя радзільныя дамы, у якіх працавалі 40 урачоў і 150 іншых медработнікаў. У снежні 1962 г. у Лунінцы ўпершыню прымаў пацыентаў гарадок раённай бальніцы з радзільным домам, хірургічным, дзіцячым, тэрапеўтычным і іншымі аддзяленнямі. У пачатку 60-ых адкрылася бальніца ў Сінкевічах. У 1963 г. былі пабудаваны амбулаторыя, 3 ФАПы, у 1965 — 2 ФАПы. У 1964 г. налічвалася ўжо 14 бальніц і 27 ФАПаў, дзе працавалі 46 урачоў і 290 чалавек сярэдняга медперсаналу). За 1963 — 1967 гг. у 2,5 раза зменшылася дзіцячая смяротнасць. У школах, на прадпрыемствах існавалі сандружыны. 47 жанчын мелі званне "Маці-гераіня".

У 1963 г. у Лунінцы пабудавалі паштамт. У сярэдзіне 60-ых тут былі ўзведзены універмаг і халадзільнік на 100 т, у 1965 г. — новыя магазіны ў вёсках Сінкевічы і Крэстунова.

За 1963 г. гандаль рэалізаваў тавараў на 12 млн. рублёў. За наступны год жыхары набылі 2 легкавыя машыны, 150 матацыклаў, 1729 веласіпедаў і мапедаў, 216 пральных машын, 30 халадзільнікаў. Райспажыўсаюз меў 160 гандлёвых кропак, існавалі 23 прадпрыемствы грамадскага харчавання. У райцэнтры адчыніў дзверы рэстаран "Прыпяць".

Актыўна вялося і жыллёвае будаўніцтва. У 1963 г. у Лунінцы пабудавалі 16-кватэрны дом па вул. Чэхава, два 8-кватэрныя — па вул. Міру. Чыгуначнікі ўзвялі жылыя дамы па вул. 17 Верасня, свой КБА. У 1962 г. у Лунінцы быў адкрыты філіял Пінскай канторы па ўстаноўцы на кватэрах газавых пліт. Вялося будаўніцтва і ў вёсках. За 1959 — 1963 гг. у раёне пабудаваны 2593 жылыя дамы, у 1964 г. — 245, у 1965 г. — 227, яшчэ 265 адрамантаваны. Працягвалася ссяленне з хутароў — за 1963 г. у вёскі было пераселена 179 хутарскіх гаспадарак, за 1965 — 79. Вёскі добраўпарадкоўваліся — за 1963 год былі абсталяваны 608 новых калодзежаў, пабудаваны 21 км новых агароджаў, пасаджана 15 465 дрэў, узведзены 6 лазняў. З 372 індывідуальных дамоў 64 пабудаваны з цэглы і шлакаблокаў.

Будаўніцтва ў раёне ў 60-ыя гады актыўна вялі ПМК-7, ПМК-47, Міжкалгасбуд.

У "афіцыйнай" гісторыі восьмай пяцігодкі (1966 — 1970) можна адзначыць вялікую колькасць самых розных ідэалагічных кампаній. Практычна не спынялася эстафета юбілеяў і ганаровых сустрэч той або іншай падзеі (напрыклад, чарговага партыйнага з'езда). Канешне, шмат якія з "гістарычных" рашэнняў сёння забытыя, а ў свой час яны ў пэўнай ступені вызначалі жыццё краіны, у тым ліку і Лунінеччыны. Сумленная і якасная праца ў традыцыях часу абавязкова "падмацоўвалася" — у 1968 г. актыўна вялася падрыхтоўка да 50-годдзя БССР, а ў 1970 г. шырока адзначаўся 100-гадовы юбілей Леніна (22 красавіка адбыўся мітынг на плошчы Леніна; каля 3000 чалавек былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна"). Адзначаліся пераможцы спаборніцтваў, падводзіліся вынікі развіцця раёна за той або іншы перыяд. А людзі працавалі. I працавалі добра. Так, восьмая пяцігодка была выканана на 2 месяцы раней тэрміну, звыш плана выраблена прадукцыі на 2,5 млн. рублёў.

У 1966 г. вырасла каля 240 новых дамоў. 16-кватэрныя дамы сталі ўжо звычайнымі для Лунінца, паступова іх змянялі будынкі з большай колькасцю паверхаў. На вул. Чырвонаармейскай у канцы 60-ых з'явіліся дзіцячы сад і яслі для дзяцей чыгуначнікаў, на Прыпяцкай — лазня, на Савецкай — інтэрнат ПМК-8 і 32-кватэрны дом, а крыху пазней — 5-павярховы дом. За 1968 г. у раёне былі пабудаваны 352 дамы. А за 1969 — 1970 гг. здадзена 87 аб'ектаў, у тым ліку завод САМ у Лунінцы, школы ў Перунове, Любачыне, Бродніцы, свінагадоўчыя комплексы ў калгасах "Расія", "Шлях Леніна", "Сацыялізм", "Запаветы Ільіча", КБА ў Луніне, Бастыні, Дварцы, клуб у Вульцы 2, хлебапякарня ў Чучавічах. У 1968 г. у Лунінцы было ўжо 890 газавых пліт, у калгасах — 561. Штогод сотні іх устанаўліваліся ў дамах гараджан і вяскоўцаў.

Раён, як і раней, трымаўся на "двух кітах" — чыгунцы і сельскай гаспадарцы. I ўсё ж прыярытэт неабходна аддаць працаўнікам вёскі. Аднак расла і ўмацоўвалася прамысловасць Лунінеччыны — у 1968 г. існаваўшыя ў раёне 12 прадпрыемстваў выраблялі 105 відаў прадукцыі. У пачатку 60-ых у раёне Мікашэвічы — Сінкевічы — Жыткавічы былі выяўлены месцазнаходжанні каалінавай гліны, але распрацоўка пачата не была...

З ростам дабрабыту насельніцтва ўсё большым попытам сталі карыстацца тэлевізары. З красавіка 1968 г. раённая газета пачала змяшчаць праграму тэлебачання. Тавараабарот гандлю ў 1959 — 1968 гг. вырас з 10 да 20 млн. рублёў. 10 500 чалавек мелі ўклады ў ашчадкасах, павялічвалася магчымасць набыць патрэбныя рэчы. За 1967 — 1968 гг. лунінчане набылі 840 пральных і 609 швейных машын, 550 халадзільнікаў, 1199 тэлевізараў, 1691 радыёпрыёмнік.

У 1968 г. у 46 медыцынскіх установах працавалі 79 урачоў і 430 іншых медработнікаў. У канцы 60-ых былі пабудаваны 7 ФАПаў, 2 аптэкі. У пачатку 70-ых у медустановах працавалі 100 урачоў і 450 іншых медработнікаў.

Пяцігодка дзевятая (1971 — 1975)... Знешне не вельмі відовішчным было жыццё раёна ў гэты час. Тыя ж чарговыя з'езды ды выбары. Большасць тагачасных ідэалагічных кампаній даўно забытая. А былі ж побач з надуманымі і шчырыя, якія ішлі ад сэрца. Напрыклад, праходзіў у сярэдзіне 70-ых гадоў рух "За сябе і за таго хлопца" — адзін з участкаў БМУ залічыў да сябе В.З. Каржа, а механізаваная брыгада калгаса "Маяк камунізму" — партызана М. Кулакевіча, і працавалі за іх...

Менавіта за гады гэтай пяцігодкі былі пабудаваны на Лунінеччыне буйныя прадпрыемствы, якія змянілі эканамічны воблік раёна. У першай палове 70-ых будаўніцтва завода электрарухавікоў і ВА "Граніт" надало своеасаблівы штуршок узвядзенню і іншых аб'ектаў. Былі сярод іх вытворчыя — напрыклад, станцыя тэхабслугоўвання грузавых аўтамабіляў у Лунінцы, разлічаная на рамонт 400 машын у год. За 1971 — 1974 гг. было ўзведзена 32,3 тыс. кв. метраў жылля, кватэры атрымалі звыш 1000 сем'яў. За гэты ж час было газіфікавана 2500 кватэр. Актыўна працавалі прадпрыемствы сувязі, сярод якіх меліся 37 паштовых аддзяленняў, 12 АТС, 3 радыёвузлы на 16 тысяч радыёкропак. Жыхарам было дастаўлена 1,56 млн. пісьмаў, 90 тыс. пераводаў, звыш 9 млн. газет і часопісаў.

За пасляваенны перыяд да гэтага часу было асушана 54 тыс. га, якія давалі 68 працэнтаў усяго збожжа, 94 працэнты сена шматгадовых траў і 70 працэнтаў усіх кармоў. Зіма 1974/75 гадоў запомнілася вельмі моцнай паводкай, калі былі затоплены многія вёскі, якія забяспечваліся неабходнымі таварамі пры дапамозе верталётаў.

А вось прамысловасць ад надвор'я не залежала. За 1971 — 1972 гг. аб'ём сельскагаспадарчай вытворчасці ўзрос на 11 працэнтаў, а прамысловай — на 19,5. Пакуль яшчэ пераважала прадукцыя старых прадпрыемстваў: чыгуначнікі за 1972 г. правялі звыш 2000 цяжкавагавых паяздоў, лесанарыхтоўшчыкі за 1974 г. нарыхтавалі 511 тыс. кубаметраў драўніны. Усё, як раней. Але набліжаліся змены — змянілася структура эканомікі раёна, ён стаў індустрыяльна-аграрным. На пачатак 70-ых прыпадае ўзнікненне завода "Палімер" у Сінкевічах. У 1972 г. БУ-62 пачало будаўніцтва Лунінецкага завода электрарухавікоў, а пазней — жылога мікрараёна для работнікаў прадпрыемства. Адначасова створанае ў Мікашэвічах БУ-63 займалася будаўніцтвам кар'ера і драбільна-сартавальнага завода, а таксама станцыі Гранітнай. Аб'ект гэты пачалі ўзводзіць пасля геалагічнай разведкі вельмі буйных залежаў граніту (нехарактэрных як быццам для Палесся) у раёне Мікашэвіч. Ужо ў 1973 г. драбільна-сартавальны завод даў першую прадукцыю.

За 1971 — 1974 гг. гандаль рэалізаваў насельніцтву 239 аўтамабіляў, 877 матацыклаў і матаролераў, 8230 веласіпедаў і мапедаў, 2948 халадзільнікаў, 4252 тэлевізары. Былі пабудаваны магазіны ў вёсках Бараўцы, Велута, Дрэбск, Вулька 2, Красная Воля, Галы Бор, Дубаўцы, а ў Лунінцы — каўбасны цэх, склад аптовай базы, гароднінасховішча, 100 са 127 магазінаў былі пераведзены на самаабслугоўванне.

Рознічны тавараабарот у 1965 — 1976 гг. павялічыўся з 15 да 40,5 млн. рублёў.

Пяцігодка дзесятая (1976 — 1980)... Для Лунінеччыны яна пачалася з узвядзення на поўную магутнасць двух буйнейшых прадпрыемстваў — Лунінецкага завода электрарухавікоў і Мікашэвіцкага вытворчага аб'яднання "Граніт". Лічбы сведчаць, як год ад году ўмацоўвалася прамысловасць раёна — за 1960 — 1977 гг. яе аб'ём вырас у 3,5 раза, прычым за 1976 — 1977 гг. — больш чым удвая! За гады пяцігодкі ён павялічыўся ў 2,8 раза, асноўныя фонды прадпрыемстваў — утрая і склалі 104 млн. рублёў.

Створаная ў Мікашэвічах ПМК-22 адбудавала сабе некалькі дамоў і вытворчых будынкаў, а БУ-63 — 260 кватэр і 2 інтэрнаты (на 440 месцаў), потым узвяло першы 9-павярховы дом. Дарэчы, дзевяціпавярхоўкі пачалі будаваць і ў райцэнтры, а 5-павярховыя дамы па вуліцах Савецкай, Краснай, Чэхава сталі ўжо звыклымі для гараджан.

ПМК-47, якая ў 1977 г. адсвяткавала сваё 10-годдзе, пабудавала за гэты час 108 аб'ектаў, значная частка з якіх прыпадала на сельскую мясцовасць. Гэта малочна-таварная ферма на 800 дойных кароў у в. Барсукова, комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы ва ўрочышчы "Хваецкае", у Баравіках — жывёлагадоўчы комплекс, у Вялікіх Чучавічах — раммехдвор. Пад Лунінцом адкрыліся аўтазаправачная станцыя, у Мікашэвічах аўтабаза № 6, новая аўтастанцыя. Немалымі былі і аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва: за 1976 — 1977 гг. узведзена каля 30 тыс. кв. метраў жылля. Адчынілі дзверы тры новыя школы на 1920 месцаў.

У 1978 — 1979 гг. у Лунінцы і Мікашэвічах з'явіліся першыя 8-павярховыя дамы з прыбудовамі аптэкі і ашчадкасы. У райцэнтры адбудавалі новую гасцініцу. У 1978 г. пачалі дзейнічаць АТС у калгасах "Новае Палессе", "Запаветы Ільіча", "Гігант" і "Рассвет". На працягу года вяскоўцы атрымалі 455 новых тэлефонаў (столькі ж, як за пяпярэднія 5 год).

За 1975 — 1978 гг. лунінчане набылі 460 аўтамашын, 990 матацыклаў і матаролераў, 7500 веласіпедаў і мапедаў, 3150 халадзільнікаў, 3850 тэлевізараў, на 3 млн. рублёў мэблі.

У гады наступнай, адзінаццатай пяцігодкі (1981 — 1985) раён трывала заняў месца на прамысловай карце рэспублікі і краіны. За гэты час аб'ём прамысловай вытворчасці ўзрос на 40 працэнтаў. Пазней гэтыя гады ахрысцілі як "застойныя". Але жыццё тады было дастаткова спакойным, размераным і добраўпарадкаваным (у параўнанні з яшчэ нядаўнім мінулым). I наўрад ці нават на амаль штогадовых жалобных мітынгах думалі лунінчане аб хуткіх зменах, якія прынясе перабудова.

У 1981 г. у горадзе ўзвялі тры дамы на 179 кватэр, за 1981 — 1983 гг. — 7 шматпавярховых дамоў. За 1982 г. калгасы паставілі 14 дамоў, індывідуальныя забудоўшчыкі — 146. Было пачата будаўніцтва новага пасёлка Міжлессе. Лунінецкія будаўнікі ўзводзілі і жывёлагадоўчы комплекс Белавежскі пад Брэстам.

У 1981 г. у Лунінцы адчыніў дзверы магазін "Сельгаспрадукты", пазней — "Універсам", "Тэхніка", новыя магазіны з'явіліся ў Кажан-Гарадку, Луніне, Вялікіх Чучавічах.

За гады пяцігодкі было ўзведзена 155 тыс. кв. метраў жылля, умовы палепшылі 2622 сям'і. Населеныя пункты Лунінеччыны набылі сучасную інфраструктуру, у пераважнай большасці вёсак былі створаны добрыя ўмовы для жыцця і працы. Напрыклад, Мікашэвіцкі пассавет у 1985 г. налічваў 3019 дзяржаўных кватэр, 29 магазінаў, КБА, бальніцу на 170 ложкаў, паліклініку, стаматалагічную паліклініку, санаторый-прафілакторый ВА "Граніт", Палац культуры і 3 сельскія клубы, 4 бібліятэкі, кінатэатр, 2 сярэднія і васьмігадовую школу, 6 дзіцячых садоў, АТС, 2 аптэкі, 2 ФАПы.

У маі 1982 г. была прынята Харчовая праграма. Але справа была не ў паперах. Сельскія працаўнікі Лунінеччыны, як і раней, маглі ганарыцца здабыткамі. У 1982 г. за вытворчасць мяса раён атрымаў абласны пераходны Чырвоны сцяг, а за працоўныя поспехі 1984 г. — пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПСС, СМ СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. I гэта толькі некаторыя з узнагарод.

На верх старонкі




Помнік у гонар асваення космасу ў г. Лунінец. Устаноўлены на прывакзальнай плошчы ў 1964 г.


Кінатэатр "Кастрычнік" у г. Лунінец. 60-ыя гг.


Агульны від на г. Лунінец. 1971 г.


Лунінецкія новабудоўлі 80-ыя гг. (з адзінай у пасляваенны час паштоўкі)