Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Працаваць сумленна

Такі жыццёвы прынцып лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 1988 г. Лідзіі Рыгораўны Канановіч.

Напярэдадні 1989 г., у Мінску, у Вялікім тэатры оперы і балета адбывалася ўрачыстае пасяджэнне. На яго была запрошана і дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі Л.Р. Канановіч — цялятніца калгаса імя Калініна. Ёй вельмі хацелася прысутнічаць на святочным канцэрце — сама ж у маладосці была актыўнай артысткай мастацкай самадзейнасці. Але абставіны прымусілі адразу ж пасля афіцыйнай часткі збірацца ў дарогу.

Машына прыехала ў Дзятлавічы за поўнач. На цёмнай вуліцы ярка свяціліся вокны толькі яе хаты. Прыемна было, што не кладуцца спаць блізкія, чакаюць, пакуль маці вернецца. Але ў тую ноч даведалася яшчэ адну навіну. Не паспела распрануцца, муж кажа: "Табе тэлеграма, ляжыць на тэлевізары". Лідзія Рыгораўна ўзяла бланк: Аграпрамысловы камітэт віншаваў яе з прысуджэннем Дзяржаўнай прэміі рэспублікі.

Яна нават не ведала, як аднесціся да навіны. Працоўныя поспехі жывёлавода Канановіч былі вядомы ў раёне. Але гэты час яна нават не цікавілася імі. Год быў вельмі неспрыяльны, кармы паступалі дрэнныя: сянаж нізкай якасці, адгону вельмі мала. Узнімала праблему на розных узроўнях, але нічога не змянілася, не паўплывала на паляпшэнне становішча і яе прадстаўніцтва ў вышэйшым органе ўлады Беларусі.

Згадаўшы пра сваё дэпутацтва, зноў сумна ўздыхнула. Адзін з галоўных абавязкаў — выкананне наказаў выбаршчыкаў. Да яе часта звярталіся, многім дапамагала. З дэпутацкага запытання Л.Р. Канановіч пачалося і будаўніцтва гандлёвага цэнтра ў Дзятлавічах. Аднак як ні спрабавала даказаць неабходнасць уключэння ў праект сталовай — такая ж вялікая вёска, — прапанову з месца не ўлічылі, хаця на ёй настойвалі таксама і сельсавет, і праўленне калгаса. Адключыўшыся ў думках ад паўсядзённых турбот, Лідзія Рыгораўна правяла позіркам па пакоі. I ўсміхнулася: вось яе жаночая радасць, мацярынскі гонар — дзеці. Вучацца добра, па дому дапамагаюць — і нагатуюць, і прыбяруць, і памыюць. Не, цяпер яна дакладна ведае, што такое палітыка: ездзіш, просіш, абіваеш ганкі высокага начальства — і так рэдка атрымліваеш станоўчы вынік. Вельмі цяжка нешта прабіць, змяніць, дасягнуць. Шчыра прызналася сабе: ніякага жадання, каб зноў аказалі давер. I толькі спадзяванне: каб перамены, што адбываюцца ў грамадстве, узнялі народных выбраннікаў на тую вышыню, на якой сапраўды яны павінны быць.

Лідзія Рыгораўна Канановіч зрабіла свой выбар: сям'я і праца. I дагэтуль сумленна працуе цялятніцай на той жа жывёлагадоўчай ферме, дзе і дасягнула свайго лаўрэацтва.

Таццяна Канапацкая